Вучыўся ў Стэнфардскім універсітэце. Шмат падарожнічаў, працаваў журналістам. Пры жыцці быў вельмі папулярны, многія творы выходзілі вялікімі тыражамі і рабіліся бэстсэлерамі.
Творчасць
У ранніх раманах «Залатая чаша» (1929), «Невядомаму богу» (1933), «Квартал Тартылья-Флэт» (1935), цыкле апавяданняў «Райская паша» (1932), зборніку навел «Доўгая даліна» (1938) прасочваюцца рамантычныя тэндэнцыі. Сацыяльная праблематыка выяўлена ў рамане «Бітва з няпэўным зыходам» (1936) і аповесці «Пра мышэй і людзей» (1937). Вяршыня яго творчасці — раман «Гронкі гневу» (1939, экранізаваны ў 1940) пра лёс даведзеных да галечы фермераў, якія вандруюць па краіне ў пошуках працы; праз пакуты і нястачы героі ўсведамляюць сябе часцінкай абяздоленага народа. Ваенная і антыфашысцкая тэматыка адлюстравана ў кнізе нарысаў «Бомбы ўніз» і аповесці «Месяц зайшоў» (абедзве 1942). У пасляваеннай творчасці Дж. Стэйнбека (раманы «Кансервавы рад», 1945; «Аўтобус, які заблудзіў», 1947; «Добры чацвер», 1954; аповесць «Жамчужына», 1947) вылучаецца філасофскі раман «На ўсходзе ад раю» (1952, экранізаваны ў 1955), у якім сцвярджаецца думка пра здольнасць чалавека перамагчы зло ў сабе і дасягнуць любых духоўных вышынь. Аўтар эпахальнага рамана «Зіма трывогі нашай» (1961), які ідэяй маральнага ўзвышэння чалавека спрыяў новаму ўздыму амерыканскай літаратуры. Кніга нарысаў «Падарожжа з Чарлі ў пошуках Амерыкі» (1962) — даследаванне маральна-грамадскага клімату ЗША.