Вучыўся ў Рымскім і Бонскім (Германія) універсітэтах. У 1898 прафесар педагагічнага каледжа ў Рыме.
Дэбютаваў як паэт у 1889 (зборнік «Радасны боль»). Раннія творы напісаны ў традыцыях верызму (зборнікі навел «Каханне без кахання», 1894; «Навелы на год», т. 1-5, 1901-19). У раманах «Адвержаная» (1901), «Нябожчык Матыя Паскаль» (1904) і інш., філасофска-псіхалагічных трагікамедыях «Шэсць персанажаў у пошуках аўтара» (паст. 1921), «Генрых IV» (паст. 1922), «Кожны па-свойму» (паст. 1924), «Сёння мы імправізуем» (паст. 1930) і інш. паказаны вобразы «негераічных» герояў, ілюзорнасць чалавечых ідэалаў, адзінота, няўстойлівасць і недасканаласць грамадскіх адносін, гульня выпадку ў лёсах людзей.