Вучыўся ў Парыжы, Оксфардзе і Кембрыджы. На яго эстэтычнае фарміраванне паўплывалі У. Фолкнер і экзістэнцыялісты (асабліва А. Камю).
Асноўная тэмы яго твораў — мастацтва і вайна, асоба і гісторыя, чалавек сярод людзей. Аўтар раманаў «Вясна свяшчэнная» (1954), «Вецер» (1957), «Трава» (1958), «Дарогі Фландрыі» (1960), «Атэль «Палас» (1962), «Гісторыя» (1967), «Фарсальская бітва» (1969), «Трыпціх» (1973), «Урок рэчаў» (1975), «Георгікі» (1981), «Акацыя» (1989), кніг успамінаў, літаратурных эсэ, у якіх выклаў свае погляды на «новы раман». Творы Клода Сімона адметныя падкрэсленай эксперыментальнасцю, адмаўленнем ад храналогіі, персанажа і сюжэта ў традыцыйным сэнсе, прасторава-часавымі напластаваннямі, знешняй алагічнасцю і кампазіцыйнай фрагментарнасцю, разгорнутымі апісаннямі і перанасычанасцю дэталямі, выкарыстаннем «плыні свядомасці», часам пунктуацыйнай ускладненасцю.