Нарадзіўся ў сям’і акіянографа Ісігура Сідзуо. У 1960 годзе сям’я Ісігура пераехала ў брытанскі горад Гілфард, адміністрацыйны цэнтр графства Сурэй, куды бацьку Кадзуо запрасілі на даследчую працу ў Нацыянальным інстытуце акіянаграфіі. Кадзуо паступіў у школу першай ступені ў Стафтане, а затым працягнуў навучанне ў граматычнай гімназіі Сурэя. Пасля сканчэння школы ўзяў акадэмічны адпачынак тэрмінам на адзін год і адправіўся ў падарожжа па ЗША і Канадзе. Марыў стаць музыкантам, граў у клубах.
У 1974 годзе Кадзуо паступіў у Кенцкі ўніверсітэт, дзе ў 1978 годзе атрымаў ступень бакалаўра англійскай мовы і філасофіі. Быў сацыяльным работнікам у Лондане. У 1980 годзе атрымаў ступень магістра мастацтваў ва ўніверсітэце Усходняй Англіі. Ва ўніверсітэце адзін з семінараў, якія наведваў Кадзуо, вёў Малькальм Р. Брэдберы. У 1983 годзе Ісігура атрымаў брытанскае грамадзянства.
Творчасць
Кадзуа Ісігура быў ганараваны Букераўскай прэміяй за раман «Рэшта дня», які выйшаў у 1989 годзе. Па матывах твору быў зняты аднайменны фільм, які атрымаў восем намінацыяў прэміі «Оскар».
Раман «Не адпускай мяне» паводле версіі часопіса «Time», увайшоў у лік ста найлепшых англамоўных раманаў за апошняе стагоддзе.
Кадзуа Ісігура сааўтар слоў некалькіх песень альбомаў джазавай спявачкі Стэйсі Кент «Сняданак у ранішнім трамваі» 2007 года («Breakfast On the Morning Tram») і «Зменлівыя агні» 2013 года («The Changing Lights»).