На пачатку кнігі Амос сам адзначае, што ён быў не «прафесійным» прарокам, а пасвіў авечкі і збіраў фігі з сікамораў. Гэта першы прарок, чыім імем названая кніга Старога Запавету, нягледзячы на тое, што і да яго ў Танаху сустракаліся жыццяпісанні іншых прарокаў.
Амос быў пакліканы прарочыць у часе валадарання Ераваама бен Ёасава, цара Ізраільскага (793—753 да н. э.), і Асы, цара Іўдзейскага, у перыяд, калі абодва царствы дасягнулі піку росквіту. Амос, хоць паходзіў з Іўдзеі, найперш прарочыў для суседняга Ізраіля. Амос быў сучаснікам іншага прарока, Асіі, але падобна на тое, што пачаў прапаведаваць раней за яго.
Імя Амос азначае «абцяжараны», «той, хто носіць бярэмя». Большасць даследчыкаў сыходзяцца на думцы, што Амос склаў сваё пісанне ўвосень 750 або 749 да н. э.
Змест
Падзеі кнігі адбываюцца ў час, калі народ ізраільскі ў сваёй непавазе да Бога Ізраіля дасягнуў крайняга пункту, перастаўшы слухацца ягоных наказаў.
Бог прамаўляе да Амоса, селяніна-пастуха, і загадвае таму ісці ў Самарыю, сталіцу Паўночнага царства. Прарок абвінавачвае жыхароў Самарыі ў паверхневасці рэлігійнага жыцця, несправядлівасці, недасканаласці грамадства, якое ўзбагачае багатых і знішчае ўбогіх. Сярод грахоў Ізраіля прарок пералічвае прадажнасць судоў, уціск убогіх, сакральную прастытуцыю і хабарніцтва (Ам. 5:6-24).
Праз Амоса Бог прамаўляе да людзей пра тое, што ён збіраецца судзіць Ізраіль за ягоныя правіны, і ягоны суд прыйдзе праз чужаземны народ.
Людзі разумеюць гэты суд як надыход «дня Гасподняга». «Дзень Гасподні» шырока шанавалі і чакалі божыя паслядоўнікі. Аднак Амос прыйшоў папярэдзіць людзей пра прыход Божага пакарання і справядлівай кары за іхнія несправядлівасці. Менавіта ў ягонай кнізе ўпершыню сустракаецца выраз «Дзень Гасподні»[1].
У 722 да н. э., прыкладна праз 30 гадоў пасля прароцтва, Ізраіль і Самарыя былі зруйнаваныя Сарганам II, а большая частка іхняга насельніцтва была захопленая ў палон і вывезеная.
Зноскі
↑Coogan, M. A Brief Introduction to the Old Testament: The Hebrew Bible in its Context. Oxford: Oxford University Press, 2009. Р. 260.
Літаратура
Большой библейский словарь / Под ред. У. Элуэлла, Ф. Камфота. — СПб.: Библия для всех, 2007. — 1504 с.