Дачка князя Святаслава Усяславіча. У юнацтве таемна прыняла манаскі пострыг. Пасля пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора, перапісвала кнігі, на думку некаторых даследчыкаў, перакладала іх, а таксама вяла міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала дзве царквы паблізу Полацка, пазней заснавала каля іх жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкамі асветы Полацкай зямлі. На заказ Ефрасінні створаны напрастольны крыж, ахвяраваны ёю свайму жаночаму манастыру. Мужчынскаму манастыру ахвяравала абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская». У 1167 годзе паломнічала па святых мясцінах, памерла і пахавана ў манастыры Св. Феадосія ў Іерусаліме[4].
Звестак пра жыццё і дзейнасць Ефрасінні ў крыніцах няма. Аснова гістарыяграфіі — яе «Жыціе», а іканаграфіі — напісаная да кананізацыі ікона, якая не захавалася да цяперашняга часу і згадваецца ў крыніцы XIX ст. Ефрасіння на іконе апісана як «подобием бледна лицем от пощения, ризы преподобнические, как у преподобномученицы Евдокеи». Найстаражытнейшай захаванай іканапіснай выявай лічыцца гравюрная копія XVI ст., зробленая з даўняга арыгінала[5].
У спісах XVI—XVIII стст. захаваліся царкоўныя спевы, прысвечаныя Ефрасінні; адна сціхіра вядома ў рукапісе канца XII ст. — унікальны помнік музычнай культуры ранняга Сярэднявечча на тэрыторыі Беларусі[5].
Сям’я
Часу нараджэння крыніцы не паведамляюць, даследчыкі даюць вельмі шырокі перыяд — паміж 1100 і 1120 гадамі[6]:52, некаторыя памяншаюць яго да 1101—1104 або 1110—1113 гадоў[7]:11. Аляксей Мельнікаў прапанаваў як магчымую дату нараджэння 5 студзеня 1104 года, яна цяпер лічыцца найбольш імавернай.
Прадслава (магчымае значэнне прадвесніца славы) паходзіла з роду Ізяславічаў Полацкіх, нашчадкаў Ізяслава — сына кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча і полацкай княжны Рагнеды. Дзед Прадславы — полацкі князь Усяслаў Брачыславіч, бацька — малодшы яго сын Георгій. Лічыцца, што Георгій — хроснае імя Святаслава Усяславіча. Некаторыя даследчыкі думаюць, што Георгіем у хрышчэнні быў Расціслаў Усяславіч, але гэта малаімаверна[8]:10.
Паводле Васкрасенскага летапісу, маці Прадславы — адна са старэйшых дачок Уладзіміра Манамаха і, магчыма, звалася Сафіяй. Ёсць і іншыя меркаванні, напрыклад, Леў Гарошка лічыў, што Прадслава па маці была сваячкай візантыйскай імператарскай дынастыі Камнінаў, і яе дзядзькам мог быць Мануіл I Камнін, аднак спасылак і абгрунтавання аўтар не даў, а гісторыкі лічаць сваяцтва з Камнінамі неімаверным[8]:10.
На думку Мельнікава, хроснае імя Прадславы, магчыма, было Еўпра́ксія (Параске́ва)[3]:31—32; даследчык зыходзіў з царкоўнай традыцыі выбіраць інацкае імя на першую літару хроснага, а таксама з устойлівых пар імён у гэтай традыцыі. Аднак такая традыцыя ўзнікла пазней, у XIII—XIV стст., да яе інацкія імёны выбіралі па святцах, хаця і такую практыку ўхвалялі не ўсе архірэі.
Князь Георгій у «Жыціі» названы полацкім князем, але на праўдзе не мог быць ім, як малодшы з братоў. Многія даследчыкі лічаць, што ён трымаў Віцебскі ўдзел, таму Прадслава магла нарадзіцца ў Віцебску[9]:19[3]:29—30.
Што ж зрабілі нашы роды, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула іхняя слава, быццам прах, горай за павуцінне. Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы мужчынскую моц, пайшлі следам за сваім Жаніхом, і целы свае аддалі на мукі, і паклалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мячом духоўным адсеклі цялесныя асалоды, аддаўшы целы пасту, чуйнаванню, і малітоўнаму кленчанню, і зямному ляжанню — тых памятаюць на зямлі, іх імёны напісаны на нябёсах, дзе яны з анёламі Бога ўсхваляюць.
Жыціе Еўфрасінні Полацкай
Прадслава атрымала дамашнюю адукацыю. Князёўна таемна прыняла пострыг у манастыры (на думку розных даследчыкаў, у Полацкім або Ізяслаўльскім[заўв 2][3]:42—48), паводле Аляксея Мельнікава, гэта адбылося 15 лютага 1116 года[3]:42—48. Па дасягненні 12-гадовага ўзросту яе хацелі выдаць замуж, такім чынам пострыг дачкі для бацькоў стаў яўным, спачатку яны былі ў роспачы. Прычыны яе ўчынку невядомыя; на думку Любові Ляўшун, на рашэнне князёўны паўплываў бяспраўны стан жонак арыстакратаў[заўв 3][3]:40—41, але грунтоўныя даследаванні адмаўляюць звычайнасць падобнага.
Ігуменняй манастыра была Раманава — удава князя Рамана Усяславіча, Прадславінага дзядзькі. Раманава крытычна паставілася да рашэння князёўны і баялася гневу яе бацькі, адгаворвала пляменніцу. Аднак пасля блаславіла яе. Князь Святаслаў Усяславіч быў у гневе, спрабаваў пераканаць дачку пакінуць манастыр; маці галасіла як па нябожчыцы. Паводле «Жыція», па Прадславе «смуткаваў увесь дом»[6]:58. Даследчыкі звяртаюць увагу, што Прадслава была пастрыжана не епіскапам (як патрабавалі манаскія Правілы), а звычайным святаром. Аляксей Мельнікаў тлумачыць гэта тым, што полацкі епіскап Міна дажываў апошнія дні, і не было магчымасці папрасіць яго блаславення[9]:43.
Кожны дзень павучала сясцёр сваіх: старых вучыла цярплівасці і ўстрыманню; юных жа навучала душэўнай чысціні і цялеснаму супакаенню; хадзе спакойнай, голасу засяроджанаму, слову дабрачыннаму, ядзе і піццю маўкліваму; у адносінах да старэйшых быць пакорлівымі, а мудрых слухаць; да роўных і меншых — любові некрывадушнай; менш казаць, а болей разумець.
Жыціе Еўфрасінні Полацкай
Імаверна, у канцы 1110-х гадоў Ефрасіння прыняла і схіму. Праз пэўны час (паміж 1118—1122 гадамі, магчыма, што пасля ваенных дзеянняў 1119 года), з дапамогай полацкага епіскапа Іллі, пасялілася ў келлі-галубніцы Сафійскага сабора, пачала перапісваць кнігі («нача книгы писати своими руками») у скрыпторыі пры саборнай бібліятэцы. Менавіта перапісванне кніг было, відаць, адным з яе схімных зарокаў.
Працэс пісьма быў складаны і марудны, а таксама цяжкі фізічна, і займаліся гэтым звычайна мужчыны. Перапісчык пісаў не на стале, а на далоні левай рукі, упёртай локцем на калена. Пісалі на пергаменце ўставам — буйным і прамым, без нахілу, почыркам, кожная літара аддзялялася ад суседняй. Часта перапісчыкі не толькі добра ведалі граматыку, а мелі і мастацкія здольнасці, бо пачатковыя літары і загалоўкі раздзелаў звычайна аздаблялі жывёльным або раслінным арнаментам. Часта кнігі ўпрыгожваліся адмыслова выпісанымі загаловачнымі літарамі, буквіцамі або ініцыяламі і мініяцюрамі. За дзень дасведчаны перапісчык мог спісаць не болей за чатыры старонкі[9]:48.
Абапіраючыся на вуснае паданне, некаторыя гісторыкі (Борх і Ластоўскі) прапанавалі гіпотэзу, што Ефрасіння магла пісаць Полацкі летапіс, які знаходзіўся ў Полацкай бібліятэцы і не захаваўся да нашых дзён. Аднак іншыя даследчыкі лічаць, што звесткі пра пісанне Ефрасінняй летапісу напэўна легендарныя, яны нічым не пацверджаны[3]:54—55.
Будаўніцтва храмаў і манастыроў
«Жыціе» апавядае, як аднойчы ў сне анёл павёў Ефрасінню ў Сяльцо, месца за дзве вярсты ад Полацка на беразе Палаты, і сказаў: «Тут належыць табе быць!». Сон паўтарыўся тройчы. Пасля гэтага полацкі епіскап Ілля, узяўшы сведкамі полацкага князя Барыса, Прадславінага бацьку князя Святаслава і полацкіх баяр, перадаў чарніцы Сяльцо[10]:100.
Да 1129 года Ефрасіння, тады яшчэ інакіня, ініцыявала будаўніцтва жаночага Спаскага манастыра. Каля 1133 года[заўв 4][3]:70—72[11]пачалося будаўніцтва Спаскага сабора, якім цяпер некаторыя аўтары ацэньваюць як найбуйнейшую падзею полацкага дойлідства таго перыяду[10]:108[12]:20. На думку Дароты Нікалаюк, заказчыкам будаўніцтва мог быць князь Васілька, які вярнуўся са ссылкі ў Візантыю[9]:58, але гіпотэза мае шэраг супярэчнасцяў, у тым ліку не вядома ці быў Васілька ў ссылцы, магчыма, дзяцей Святалава-Георгія як унукаў Уладзіміра Манамаха не ссылалі разам з бацькам. Паводле «Жыція», царква пабудавана вельмі хутка па тых часах — за 30 тыдняў (адзін будаўнічы сезон). Калі ў будаўнікоў скончыўся будаўнічы матэрыял — плінфа, то пасля малітвы Ефрасінні назаўтра ў печы знайшлася плінфа, і ў той жа дзень быў узнесены крыж[6]:67. Гісторык архітэктуры і археолаг Мікалай Варонін лічыў, што брак цэглы быў выкліканы незвычайнасцю верхніх частак храма, якія патрабавалі шмат будаўнічага матэрыялу[13]:31. Будаваў царкву Святога Спаса дойлід Іаан. Царква ў Сяльцы была трохнефнывым шасціслуповым крыжова-купальным храмам памерам 8x12 метраў[7]:13. Царкву пабудавалі на беразе Палаты, на месцы старой рэзідэнцыі полацкіх епіскапаў (легендарнае з’яўленне анёла і блаславенне епіскапа, магчыма, адносяцца да ночы свята Праабражэння Гасподняга 6 жніўня 1126 года[3]:61—62), а Ефрасіння тады ж была ўзведзена ў сан ігуменні гэтага манастыра. Пазней Спаскі сабор два з паловай стагоддзі належаў ордэну езуітаў і быў касцёлам. Цяпер гэта адзіны ў Беларусі храм, дзе захаваліся роспісы XII стагоддзя[11][10]:109.
Пазней Ефрасіння ініцыявала будаўніцтва побач мужчынскага Багародзіцкага манастыра (сярэдзіна XII ст.; у 1580 годзе ўжо не існаваў, або быў у поўным заняпадзе) і царквы Святой Багародзіцы пры ім (1151—1154, асвечана ў 1157, не захавалася).
Ефрасіння, якая на той час была ігуменняй, папрасіла бацьку прыслаць да яе малодшую сястру для навучання грамаце, а пасля таемна пастрыгла яе ў манашкі. Бацька, калі даведаўся пра гэта, у вялікай роспачы прыехаў у Сяльцо, горка плакаў і не хацеў аддаваць у манахіні і другую дачку. Пострыг Гардзіславы адбыўся не пазней за 1129 год[8]:16.
У тым жа 1129 ці, можа, нават у 1128 годзе, хутка пасля смерці свайго бацькі, следам за Гардзіславаю ў Спасаву абіцель уступае і стрыечная сястра Ефрасінні Звеніслава Барысаўна. Звеніслава сама прыйшла да Ефрасінні і прынесла свой багаты пасаг у дар храму[заўв 5]. Атрымаўшы пасля пострыгу імя Еўпраксія, яна была асабліва блізкая з Ефрасінняй — «яко едина душа въ двою телесу». Пазней Еўпраксія заняла месца Ефрасінні і стала ігуменняй, працягваючы асветніцкую дзейнасць сястры.
Перад ад’ездам, зрабіла манахінямі дзвюх дачок свайго брата Вячкі — Вольгу і Кірыяну. «Жыціе» сцвярджае, што Ефрасіння мела ад Бога дар: зірнуўшы на каго, адразу бачыла, ці мае той чалавек дух дабрадзейны і ці можа ён стаць Божым абраннікам[10]:103—104.
З іменем Ефрасінні звязваецца набыццё Полацкім Сафійскім саборамабраза Багародзіцы Эфескай. На той час існавалі толькі тры такія абразы і лічылася, што пры жыцці Дзевы Марыі гэтыя абразы намаляваў апостал Лука[6]:70. Ефрасіння паслала свайго слугу Міхаіла да візантыйскага імператара Мануіла I Камніна і патрыярха Лукі Хрысаверга(руск.) (бел. ў Канстанцінопаль па ікону святой Эфескай Багародзіцы для Багародзіцкага манастыра. Многіх гісторыкаў здзіўляе, што пасольства было выпраўлена не полацкім епіскапам, а самой ігуменняй, і з гэтай прычыны яны думаюць, што ў XII ст. вышэйшая царкоўная, а часткова і свецкая ўлада належала настаяцельніцы полацкіх манастыроў[9]:63.
З Эфеса 100 ваяроў імператара даставілі ікону ў Кастанцінопаль, дзе ў саборы Святой Сафіі яе перадалі Міхаілу. Атрыманую святыню Ефрасіння Полацкая «ўнесла ў царкву Святой Багародзіцы… аздобіла золатам і самацветамі, і ўстанавіла насіць яго [абраз] кожны аўторак па святых цэрквах».
Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што на праўдзе ў Полацк прыслана копія Царградскай (а не Эфескай) Адзігітрыі і рэліквіі[10]:109, а падарожжа адбылося паміж 1156 і 1160 годам[8]:19. У сярэднявеччы, у 1239 годзе (па іншых звестках у XVI ст.) ікона перанесена ў Уваскрасенскую царквуТаропца. Цяпер абраз захоўваецца ў фондах Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу[6]:71.
У лета 6669 кладзе Ефрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва гэтае бясцэннае, акова ж яго з золата і срэбра… І хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць… Ефрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі…
Надпіс на крыжы Ефрасінні Полацкай (пераклад на беларускую мову)
Да асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай адносіцца і адкрыццё іканапіснай і ювелірнай майстэрань[14]:9. У 1161 годзе Ефрасіння Полацкая заказала мясцоваму майстру Лазару Богшы выраб напрастольнага крыжа з рэліквіямі, які пазней стаў вядомы як Крыж Ефрасінні Полацкай. Крыж стаў беларускай нацыянальнай святыняй[6]:71 і адначасова помнікам старабеларускага пісьменства.
Крыж быў каўчэгам для захавання хрысціянскіх рэліквій. Ён быў шасціканцовы, вышынёй 52 см, даўжынёй верхняй папярочкі — 12 см, ніжняй — 21 см, таўшчынёй 2,5 см. Аснова крыжа — кіпарысавае дрэва, пакрытае золатам з каштоўнымі камянямі.
У 1921 годзе крыж канфіскавалі савецкія ўлады. У 1928 годзе дырэктар Беларускага дзяржаўнага музеяВацлаў Ластоўскі вывез крыж з Полацка ў Мінск, а ў 1929 годзе перадаў яго Беларускаму музею ў Магілёве, пра што быў складзены Акт. Акт 1929 года сведчыць пра вялікія мастацкія страты крыжа — 13 выяў святых былі выламаны або сапсаваны, з каштоўных камянёў засталіся толькі два — аметыст і гранат, з розных частак помніка знікла пакрыццё з золата і пярліны, бачны сляды няўдалых рамонтаў[16].
Пасляваенныя пошукі крыжа былі беспаспяховымі, таму ў 1997 годзе брэсцкім майстрам Мікалаем Кузьмічом зроблена дакладная копія крыжа, якая захоўваецца ў Полацку ў царкве Ефрасінні Полацкай[6]:75.
Паломніцтва ў Іерусалім
У 1166 годзе Ефрасіння сабралася здзейсніць паломніцтва ў Іерусалім. У Полацк правесці сястру прыехаў браты Вячка, з ім было дзве дачкі — Кірынія і Вольга, якім ён прасіў у Ефрасінні блаславення, а потым пагадзіўся каб дочкі засталіся паслушніцамі манастыра. Ігуменства і апеку манастыроў Ефрасіння перадала сваёй сястры Еўдакіі (Гардзіславе)[9]:66-67.
Атрымаўшы блаславенне полацкага епіскапа Дыянісія, Ефрасіння адправілася разам з братам Давыдам і стрыечнай сястрой Еўпраксіяй (Звеніславай) спачатку ў Канстанцінопаль, потым у Святую зямлю. Магчыма, што пры гэтым Ефрасіння выконвала і царкоўна-дыпламатычную місію, а на землях Русі, праз якія праязджала, — міратворчую місію. Падарожжа было сухаземным, а не традыцыйным шляхам «з варагаў у грэкі», іначай немагчыма была б сустрэча ігуменні з імператарам Мануілам[8]:20.
На шляху ў Царград сустрэлася з імператарам Мануілам, які ў той час ішоў на вайну з венграмі. Сустрэча Ефрасінні з імператарам ставіць пад сумненне калісьці прынятую дату паломніцтва і смерці святой — 1173 год. Візантыйскі імператар апошні раз ваяваў з венграмі ў 1167 годзе, прычым выйшаў у паход 8 красавіка на Вялікдзень, прыкладна ў гэты час граніц Візантыі дасягнулі полацкія паломнікі. У навуковай і царкоўнай літаратуры раней называўся год смерці святой Ефрасінні — 1173, але ў гэтым годзе Мануіл Камнін ваяваў не з венграмі, а з сербамі[8]:21. Таму годам смерці святой паводле новых даследаванняў лічыцца 1167 год[5][10]:127[4].
Імаверна, была ў Канстанцінопалі, а ў канцы красавіка 1167 года дабаралася да Іерусаліма. Іерусалім належаў крыжакам, уладарыў у ім Амальрых I[10]:127. У Іерусаліме Ефрасіння наведала Гроб Гасподні, пасля тры дні прыходзіла да яго для малення. Хацела паехаць да ракі Іардан, але праз некалькі дзён захварэла і паслала брата з сястрой на Іардан, адкуль яны ёй прывезлі ваду[6]:85.
Падчас хваробы Ефрасінні ў сне явіўся Анёл і прадвясціў смерць, таму яна пачал падрыхтоўку сваёй пахавання. Спачатку паслала ў старажытную Лаўру Савы Асвячонага з просьбай пра пахаванне ў манастырскім храме, але Лаўра была мужчынскім манастыром і Ефрасінні адмовіліі. На думку Мельнікава, жаданне быць пахаванай у манастыры Святога Савы было наследаваннем жыцця Ефрасінні Александрыйскай, якая жыла пад імем інака Ізмарагда і была пахавана ў мужчынскім манастыры. Потым Ефрасіння пасылае слугу купіць грабніцу ў крыпце храма Прасвятой Багародзіцы ў Феадосіевым манастыры[9]:95.
Хварэла Ефрасіння 23 дні, памерла 23 мая 1167 года.
Уплыў на грамадскае жыццё
Уладзімір Арлоў сцвярджаў, што Ефрасіння значна ўплывала на палітычнае і грамадскае жыццё ў Полацку сярэдзіны XII ст., была своеасаблівым сцягам змагання палачан за незалежнасць[10]:122, але звестак пра яе палітычную і грамадскую дзейнасць у крыніцах няма. Аднак, ігумення была сучасніцай гістарычных падзей, паходзіла з уладарнай дынастыі, мела пэўны аўтарытэт, таму па працягу паўстагоддзя магла мець нейкі ўплыў у Полацку. Пасля 1101 года адбыўся спадчынны падзел Полацкай зямлі на асобныя княствы паміж сынамі полацкага князя Усяслава, а потым і іх нашчадкамі — полацкія, менскія, віцебскія і друцкія князі змагаліся паміж сабою за ўладу, а таксама з кіеўскімі і іншымі князямі або ў саюзе з імі. На думку Гаянэ Авакян, Ефрасіння сваім духоўным складам магла ў гэтых умовах быць абаронцай міру і спрыяць узаемаразуменню[7]:15.
Пячатку Ефрасінні знайшлі на Рурыкавым гарадзішчы ў Ноўгарадзе, што можа сведчыць пра нейкую ролю ігуменні ў палітычным жыцці. На думку Арлова, ігумення праз полацкае веча магла ўплываць на прызначэнне епіскапаў і запрашэнне князёў. Магчыма, таму ў 1132 годзе палачане адправілі з горада князя Святаполка, пасаджанага вялікім князем кіеўскім пасля ссылкі полацкіх князёў у Візантыю, і пасадзілі на полацкім стальцы роднага брата Ефрасінні — Васільку. Ігумення магла мець дачыненне да падзей 1151 года, калі полачане схапілі свайго князя Рагвалода-Васіля і аддалі ў палон менскім князям Глебавічам, а таксама да падзей 1158 года, калі палачане адмовіліся ад Глебавічаў і зноў запрасілі на сталец Рагвалода-Васіля. Усобіцы на Полаччыне працягваліся і ў 1162, а пасля і ў 1167 годзе. «Жыціе» кажа, што Ефрасіння нікога не хацела бачыць ворагамі — «ни князя со князем, ни бояри с боярином, ни служанина со служанином — но всех хотяше имети, яко едину душю»[10]:123—124.
Пасля смерці
Перанясенне мошчаў у Кіеў. Царкоўнае шанаванне святой
Ефрасіння была пахавана ў Феадосіевым Іерусалімскім манастыры, а пасля захопу гораду мусульманамі, у 1187 годзе рака з целам была перанесена ў Феадосіевы пячоры Кіеўскай лаўры[12]:16. Паводле падання, манахі збіраліся перанесці святыню ў Полацк, аднак перашкодзіла варожасць кіеўскіх і полацкіх князёў[10]:130. Ёсць іншая думка, што прычына ў апошняй волі Ефрасінні быць пахаванай менавіта ў мужчынскім манастыры Св. Феадосія[3]:101, таму раку пакінулі ў аднайменных пячорах мужчынскага манастыра ў Кіеве.
Мясцовае царкоўнае шанаванне ў Полацкай зямлі пачалося прынамсі ў канцы XII ст., калі ўжо была складзена царкоўная служба прападобнай Ефрасінні Полацкай і агіяграфічнае «Жыціе» (імаверна, да 1187 года ў адным з заснаваных Ефрасінняй манастыроў). Царкоўнае шанаванне да XVI ст. мела толькі мясцовы характар, да ўключэння ў Макар’еўскія спісы імя Ефрасінні ў Рускай праваслаўнай царкве не было шырокавядомым[9]:74. Аднак і на Макар’еўскіх саборах 1547 і 1549 гадоў афіцыйна кананізацыя не адбылася. Агульная служба святой зацверджана РПЦ адносна нядаўна — у 1893 годзе[8]:22.
У пачатку ХХ ст. у друку з’яўляліся звесткі, што Ефрасіння кананізавана Папам Рыгорам Х на 2-м Ліёнскім саборы ў 1274 годзе. Дакументальнага пацвярджэння гэтаму няма, але паводле традыцыі Каталіцкая царква, як і Уніяцкая, прызнае Ефрасінню святой[10]:137.
Вяртанне мошчаў у Полацк. Рака Ефрасінні Полацкай
Хадайнічаць аб перанясенні мошчаў у Полацк пачаў у 1833 годзе епіскап Віцебскі і Мінскі Гаўрыіл, Святы Сінод застаўся безуважным да звароту правялебнага. Праз сем гадоў безвыніковае прашэнне паўтарыў епіскап Васіль (Лужынскі). На другі зварот епіскапа Васіля ў 1852 годзе ўлады таксама не далі станоўчага адказу[6]:95.
У 1858 годзе ў час праўлення імператара Аляксандра III аб перанясенні мошчаў Ефрасінні прасілі жыхары Полацка, у 1864 годзе хадайніцтва падтрымаў Міхаіл Мураўёў, генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю. Толькі ў 1871 годзе полацкі епіскап Сава дамогся, каб у Спаскі манастыр даставілі частку мошчаў[6]:96.
Дазвол на перанос быў атрыманы толькі ад імператара Мікалая II. Самі астанкі, з выняткам сімвалічнай часткі, былі перанесены ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у 1910 годзе. Таксама была абвешчана і гаючасць астанкаў. Перанос адбываўся вельмі ўрачыста, мошчы суправаджалі вядомыя рэлігійныя і дзяржаўныя асобы Расіі. У дзень смерці асветніцы — 23 мая (5 чэрвеня) нятленныя астанкі прывезлі ў Спасаўскі сабор і паклалі ў спецыяльна зробленую кіпарысавую раку, абкладзеную срэбрам. Вернікі ахвяравалі на раку вялізную суму ў 12 тысяч рублёў[6]:96.
Рака была выраблена маскоўскім фабрыкантам Мяшковым па праекце і чарцяжах мастака Паўла Зыкава і ўяўляла сабой саркафаг на ўзор старажытных. Па вуглах ракі знаходзіліся капітэлі, а на пярэднім баку — дакладная копія старадаўняга барэльефа, што быў на дамавіне Ефрасінні ў Кіева-Пячэрскай лаўры. На дамавіне размяшчалася ікона Ефрасінні Полацкай у поўны рост у ляжачым становішчы.
Новая рака ўяўляе сабой невялікі каўчэг, памерамі 210 х 120 х 90 см. Кляновая рама-каркас абліцавана сярэбранымі пласцінамі і ўпрыгожана бронзавымі залачонымі барэльефамі. Выявы адрозніваюцца ад першапачатковага арыгінала. Бакавыя барэльефы адлюстроўваюць найважнейшыя моманты біяграфіі ігуменні: момант закладкі царквы Спаса і перанясенне яе астанкаў з Іерусаліма ў Кіеў. На тыльным баку паказаны трынаццаць беларускіх святых і сама Ефрасіння. У галавах — адліты крыж у ззянні і надпіс «Субяседніцы анёлаў», у нагах — выява Полацка XII ст. Па перыметры прапушчаны арнамент з каляровых эмалей і вінаграднай лазы. У верхняй частцы ракі Ефрасіння паказана ў поўны рост. Рыза, мантыя і схіма святой выкананы са срэбра. Новая рака стала не копіяй былой, а самастойным аўтарскім творам М. Кузьміча[17].
У лютым 1919 года Народны камісарыят юстыцыі РСФСР прыняў пастанову, паводле якой праводзілася арганізаванае ўскрыццё святых мошчаў па ўсёй краіне[6]:100. Там, у Растове, у 1920 годзе грабніца была ўскрыта, а 13 мая 1922 года ўжо ў Полацку яна была ўскрыта паўторна, астанкі былі адасланы на атэістычную выстаўку ў Маскву, а адтуль — у экспазіцыю Віцебскага краязнаўчага музея. Усе каштоўнасці, якія былі пры астанках, у тым ліку 40-пудовая срэбная рака, былі канфіскаваны[19]:136.
У наш час прынятае шанаванне Ефрасінні як «заступніцы Беларусі» і «асветніцы Беларусі» (Гл. таксама: шанаванне і кананізацыя).
Таксама заўважаецца, што асветніцкая дзейнасць Ефрасінні магла мець не цалкам кананічны характар, а яе царкоўная дзейнасць магла быць скіраванай, на грунце яе высокага паходжання, у абыход царкоўнай іерархіі, на павышэнне самастойнасці Полацка ў царкоўных справах. Мяркуецца, што гэта магло быць прычынай канфліктаў між Ефрасінняй і царкоўнымі ўладамі і паслужыла сапраўднай прычынай таго, што астанкі Ефрасінні былі пакінуты ў Кіеве, а не вярталіся ў Полацк[20].
Мясцовае шанаванне Ефрасінні Полацкай узыходзіць да XIV ст. Тэксты іканапісных арыгіналаў лаканічныя: «Акі Еўдакія». Паясная выява прападобнай на іконе «Рускія святыя» (1814) знаходзіцца ў адным шэрагу з Еўфрасінняй Суздальскай. Толькі ў пачатку XX стагоддзя старажытнаруская князёўна і ігумення, заснавальніца двух манастыроў у Полацку, атрымала сапраўдную славу. На стаўпе Уладзімірскага сабора ў Кіеве вядомы мастак В. М. Васняцоў размясціў яе насупраць св. Еўдакіі[21].
У Санкт-Пецярбургу на праспекце Стачак 15 лістапада 1911 года была закладзена драўляная капліца. Сечаная з бярвення, крыжападобная ў плане капліца, увянчаная двума шатрамі, была асвячона ў імя Ефрасінні Полацкай у першай палове наступнага года. Яна займала адказнае становішча каля злому Пецяргофскай дарогі, павароту на Царскае Сяло і Маскоўскую дарогу і служыла мясцовай горадабудаўнічай дамінантай. 29 жніўня 1918 года да капліцы было дазволена прыбудаваць алтар і служыць у ёй літургію. Абшчына і царква існавалі да 1935 года. У канцы 1930-х гадоў усе будынкі падворка былі разабраны.
«Жыціе Ефрасінні Полацкай» — адзін з найбольш ранніх твораў гістарычнай прозы, адзіная крыніца біяграфічных звестак пра ігуменню.
«Жыціе» складзена, імаверна, манахам з манастыра Св. Багародзіцы. У творы аўтар услаўляе настойлівую і самаахвярную жанчыну, яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці, перадае ў строгай храналагічнай паслядоўнасці сапраўдныя гістарычныя факты, звесткі пра Полацк, яго культурнае жыццё, побыт княжацкай сям’і[5].
У мастацтве
Мінуласць ляжыць надмагільным вянком
над тымі, што ў смерці застылі,
ззяе святлом праз цемру вякоў
святое імя Еўфрасінні.
↑У Ізяслаўскім манастыры, паводле версіі Мельнікава, які меркаваў, што іншага адпаведнага манастыра, у тым ліку Полацкага, тады ў Полацкай зямлі не было.
↑Любоў Ляўшун дае прыкладам лёс сучасніцы Прадславы, германскай імператрыцы Адэльгейды (па нараджэнні Еўпраксіі Усеваладаўны), жонкі імператара Генрыха IV.
↑ абвгдеёжзіклМельнікаў А. А. Еўфрасіння Полацкая (Жыціе Еўфрасінні Полацкай з каментарыямі А. А. Мельнікава) // Мельнікаў А. А. З неапублікаванай спадчыны: Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў. — Мн.: Выд-ва «Чатыры чвэрці», 2005. — 592 с. — ISBN 985-6734-28-2.
↑ абвгАвакян Г. С., Кузняцоў М. В., Сінькевіч М. П. Палітычныя мысліцелі і гуманісты Беларусі. — Мн.: Элайда, 2002. — 96 с. — ISBN 985-6163-46-3.
↑ абвгдеёМельнікаў А. «Жыціе» і жыццё Еўфрасінні, ігуменні Полацкай // Адраджэнне: Гіст. альманах. Вып. 1 / Склад. і навук. рэд. А. П. Грыцкевіч. — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 259 с.: іл. ISBN 985-09-0088-1. С. 9—22.
↑Штыхаў Г. В. Сучаснік Ефрасінні Полацкай дойлід Іаан // Асветніцтва і гуманістычныя каштоўнасці Беларусі ў рэтраспектыве часу (2002).
↑Бяспалая М. А. Духоўная спадчына Ефрасінні Полацкай (да 900-гадовага юбілею асветніцы) // VIII Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні (2003).
↑Арлоў У. А. Хто выкраў крыж Еўфрасінні? // Адраджэнне: Гіст. альманах. Вып. 1 / Склад. і навук. рэд. А. П. Грыцкевіч. — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 259 с.: іл. ISBN 985-09-0088-1. С. 22—36.
↑Бараноўскі Я. Архіўны след крыжа Ефрасінні Полацкай // Асветніцтва і гуманістычныя каштоўнасці Беларусі ў рэтраспектыве часу (2002).
↑Пашкоўская Л. Саркафаг для Ефрасінні // Мастацтва, 2007, № 11 (296).
↑Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. Штомесячны бібліяграфічны бюлетэнь. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. 4/2011.
↑ абАрлоў У. Еўфрасіння Полацкая. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1992. — (Святыя зямлі Беларускай). — ISBN 5-340-01238-7.
↑Гаранін С. Л. Еўфрасіння Полацкая і епіскап Ілля: Гісторыя стасункаў і прычына канфлікту [2002] // Мельнікаў А. А. З неапублікаванай спадчыны: Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў. — Мн.: Выд-ва «Чатыры чвэрці», 2005. — 592 с. — ISBN 985-6734-28-2.
↑Киселёва Л. А. Преподобная Ефросиния Полоцкая на Руси ХХ века // Асветніцтва і гуманістычныя каштоўнасці Беларусі ў рэтраспектыве часу (2002).
Арлоў У. А. Хто выкраў крыж Еўфрасінні? // Адраджэнне: Гіст. альманах. Вып. 1 / Склад. і навук. рэд. А. П. Грыцкевіч. — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 259 с.: іл. ISBN 985-09-0088-1. С. 22—36.
Бараноўскі Я. Архіўны след крыжа Ефрасінні Полацкай // Асветніцтва і гуманістычныя каштоўнасці Беларусі ў рэтраспектыве часу: да 900-годдзя з дня нараджэння Еўфрасінні Полацкай: Матэрыялы міжнар. навук. канф. 30—31 мая 2002 г., г. Наваполацк. — Мн.: Дэполіс, 2002. — 145 с.
Бяспалая М. А. Духоўная спадчына Ефрасінні Полацкай (да 900-гадовага юбілею асветніцы) // VIII Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні, прысвечаныя Дням славянскага пісьменства і культуры: Матэрыялы чытанняў (Мінск, 23—26 мая 2002 г.) / Рэдкал.: М. А. Бяспалая (адк. рэд.) і інш. — Мн.: Бел. дзярж. ун-т культуры, 2003. — 257 с. ISBN 985-6579-61-9.
Гаранін С. Л. Еўфрасіння Полацкая і епіскап Ілля: Гісторыя стасункаў і прычына канфлікту [2002] // Мельнікаў А. А. З неапублікаванай спадчыны: Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў. — Мн.: Выд-ва «Чатыры чвэрці», 2005. — 592 с. — ISBN 985-6734-28-2.
Дук Д., Калечыц І., Коц А. Пячатка Еўфрасінні Полацкай // Беларускі гістарычны часопіс, 2015, № 7. — С. 13—18.
Киселёва Л. А. Преподобная Ефросиния Полоцкая на Руси ХХ века // Асветніцтва і гуманістычныя каштоўнасці Беларусі ў рэтраспектыве часу: да 900-годдзя з дня нараджэння Еўфрасінні Полацкай: Матэрыялы міжнар. навук. канф. 30—31 мая 2002 г., г. Наваполацк. — Мн.: Дэполіс, 2002. — 145 с.
Марціновіч А. Святая Еўфрасіння, альбо Адкуль ёсць пайшла Полацкая зямля. — Мн.: Беларусь, 2009. — ISBN 978-985-01-0825-8.
Мельнікаў А. А. Еўфрасіння Полацкая (Жыціе Еўфрасінні Полацкай з каментарыямі А. А. Мельнікава) // Мельнікаў А. А. З неапублікаванай спадчыны: Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў. — Мн.: Выд-ва «Чатыры чвэрці», 2005. — 592 с. — ISBN 985-6734-28-2.
Мельнікаў А. «Жыціе» і жыццё Еўфрасінні, ігуменні Полацкай // Адраджэнне: Гіст. альманах. Вып. 1 / Склад. і навук. рэд. А. П. Грыцкевіч. — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 259 с.: іл. ISBN 985-09-0088-1. С. 9—22.
Нікалаюк Д. Прападобная Еўфрасіння Полацкая. — Hajnówka: Bratczyk, 2010. — ISBN 978-83-88325-30-4.
Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. Штомесячны бібліяграфічны бюлетэнь. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. 4/2011.
Пашкоўская Л. Саркафаг для Ефрасінні // Мастацтва, 2007, № 11 (296).
Сяліцкі А. Загадкі Полацкага храма // Мастацтва, 2008, № 2 (299).
Штыхаў Г. В. Сучаснік Ефрасінні Полацкай дойлід Іаан // Асветніцтва і гуманістычныя каштоўнасці Беларусі ў рэтраспектыве часу: да 900-годдзя з дня нараджэння Еўфрасінні Полацкай: Матэрыялы міжнар. навук. канф. 30—31 мая 2002 г., г. Наваполацк. — Мн.: Дэполіс, 2002. — 145 с.