Герб Івянца (1998) уяўляе сабою палову фігуры льва залацістага колеру на чырвоным фоне з залатой каронай уверсе. Выява льва ўзята з радавога герба Салагубаў — былых уладальнікаў Івянца, верхняя частка (карона) нагадвае пра тое, што ў XVIII ст. Івянец быў цэнтрам Івянецкага графства.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Івянец апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Менскага павета. Царскія ўлады перавялі асабіста вольных местачкоўцаў у стан прыгонных сялян (толькі ў 1860 яны дабіліся свабоды і вяртання мяшчанскага звання)[8]. З 1795 года ўладанне Казіміра Плявакі, калабарыйскага старасты, з 1810 г. — Якуба Плявакі. Станам на 1859 год у Івянцы было 189 двароў[9], на 1861 — 189. Местачкоўцы актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчым паўстанні (1863—1864)
Пасля здушэння паўстання ў 1864 з мэтай русіфікацыі края расійскія ўлады адкрылі ў Івянцы народнае вучылішча, а 28 лістапада1869 гвалтоўна перарабілі касцёлы Святога Міхаіла і Найсвяцейшай Тройцы ў цэрквы Маскоўскага патрыярхату. У 1880-я у мястэчку было 288 дамоў[10], 2 школы, 35 крамаў, 17 ганчарных майстэрань, 2 заезныя двары, 2 царквы, 2 сінагогі, праводзіліся штотыднёвыя таргі і 2 кірмашы ў год. У Івянцы неаднаразова спыняліся беларускі паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і пісьменнік Ядвігін Ш.
У 1888 г. уладальнік Міхаіл Казарынаў. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, колькасць двароў павялічылася да 399, дзейнічалі 2 царквы і 2 капліцы, працавалі народнае вучылішча, 2 малітоўныя школы, 2 багадзельні, прыёмны пакой, вадзяны млын, 15 майстэрняў з абпальвання гаршкоў, 9 кузняў, 64 крамы, 2 карчмы і гарэлачны склад, праводзіліся 2 кірмашы штогод і таргі ў нядзелі.
Найноўшы час
У пач. XX ст. дзейнічалі бальніца і амбулаторыя, у якіх працавалі доктар, 3 фельчары, некалькі санітарак. З 1902 г. да верасня 1939 года ва ўладанні Пятра Дарагунцава. У 1913—1915 гадах каля кірмашовай плошчы былі ўзведзены праваслаўная царква Святой Ефрасінні Полацкай і жаночы манастыр.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе ў 1923 стала цэнтрам гміны Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства. У гэты час Івянец знаходзіўся за 16 км ад граніцы з БССР. Рэчка Волма, што цякла праз паселішча, брала свой пачатак па-за гэтай граніцай. Івянец размяшчаўся на пагорках у атачэнні лясоў і складаўся з некалькіх вуліц, найбольшымі з якім былі: вул. Пілсудскага (гістарычная Койданаўская), на ёй размяшчаліся пошта, гродскі суд і тры школьныя будынкі, вул. Т. Касцюшкі (гістарычная Ракаўская) з адміністрацыяй гміны, будынкам агульнаадукацыйнай школы, шпіталем і касцёлам Святога Аляксея, вул. 3 Мая (гістарычная Віленская), на ёй знаходзіліся найбольш значныя жылыя будынкі, два атэлі, паліцэйскі пастарунак, аптэка, касцёл Святога Міхаіла. У 1934 распачалася электрыфікацыя паселішча. Прыватныя асобы заснавалі электрычную станцыю. Яна размяшчалася над рэчкай, у будынках даўняга двару Салагубаў. Праца машыны электрычнай станцыі выкарыстоўвалася на мясцовай лесапільні. У 1936 у Івянцы збудавалі новую школу на вуліцы Закляштарнай, большасць вуліц забрукавалі, а некаторыя асвятлілі. На 1938 у мястэчку было 574 будынкі (з іх 10 мураваных), працавалі шматлікія цагельні, кінатэтар «Jutrzenka» (бел.: Зорка) у Доме жаўнера, ваенны аэрапорт пры кашарах.
XX стагоддзе: 1923 — 2226 чал.[7] у мястэчку Івянец і 38 чал. у фальварку Івянец[13]; 1931 — 3 084 чал., з іх 1 521 хрысціянін і 563 іўдзеі; 1940 — 3 303 чал.; 1971 — 3,7 тыс. чал.[7]; 1994 — 5,2 тыс. чал.[7]; 1998 — 5 тыс. чал.[14]
У Івянцы працуюць прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай, хімічнай прамысловасці, у тым ліку фабрыка мастацкай керамікі і гафту, племянны птушказавод, дрэваапрацоўчы камбінат, дзяржаўнае прадпрыемства «Крыніца», кандытарская фабрыка «Іўкон». Гасцініца «Івянец».
Івянец — адзін з ганчарных цэнтраў Беларусі[18] (гл. івянецкая кераміка). У даўнія часы мясцовая прадукцыя вывозілася не толькі ў навакольныя сёлы і мястэчкі, але і на рынкі Вільні і Мінску. Ганчарнае рамяство існуе тут і ў наш час.
Культура
Дзейнічаюць музей традыцыйнай культуры (краязнаўчы музей), дзіцячая школа мастацтваў, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, дом культуры, 2 бібліятэкі, кінатэатр.
Пачынаючы з 2003 года ў Івянцы адбываецца штогадовая «Музычная майстэрня» — найбуйнейшы ў Беларусі майстар-клас для хрысціянскіх музыкантаў і спевакоў.
Інфраструктура
У Івянцы працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова. Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляе пасялковая бальніца.
Забудова
Планіроўка
Планіроўка Івянца гістарычна склалася па традыцыйнай схеме: вуліцы пачынаюцца ад гандлёвай плошчы, размешчанай у сярэдзіне паселішча. Ад плошчы праменямі разыходзяцца шэсць вуліц. З іх тры пераходзяць у дарогі на Ракаў (зараз вул. 17 Верасня), Стоўбцы (вул. Камсамольская), Дзяржынава (вул. 1 Мая).
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
Івянец // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 344. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Kuźmiński J.J. Z Iwieńca i Stołpców do Białegostoku. — Białystok, 1993. ISBN 83-901635-0-0.