З 1549 і да 1940 года Радашковічы мелі статус горада (места).
Назва
Распаўсюджаная беларуская назва паселішча — Ра́дашкавічы[5][6][7] (прыметнік — радашкаўскі). У гістарычных крыніцах таксама ўпамінаюцца як Радушкавічы і Радашкевічы[8].
Назва Радашковічаў адыменнага паходжання. Вядомае старажытнае балцка-прускае імя *Radašas (< Radasch), таго ж іменнага паходжання і сучаснае літоўскае прозвішча Radašauskas (< Radašas)[9]. Аснова Rad- таксама ў балцка-літоўскіх антрапонімах тыпу Rad-min'as, Rad-vin'as, Nau-rad'as, Skau-rad'as[10]. Гэтую аснову звязваюць з літоўскім rasti «знаходзіць, адшукваць», rado «знайшоў» з шырокімі індаеўрапейскімі паралелямі[11]. Сваім значэннем яна сінанімічная аснове Gaud- (як у імені Каргаўд, ад якога тапонім Каргаўды), што звязаная з літоўскім gauti «атрымліваць, здабываць». Аснова Rad- і ў адыменным прозвішчы Радзівіл. Антрапанімічны пашыральнік -aš- / -uš- таксама ў антрапонімах тыпу Milašis, Tribušis, Narušis, (вядомыя сярод сучасных літоўскіх прозвішчаў), ад якіх тапонімы Мілашы, Трыбушкі, Нарушышкі. Так жа сама, як радашковіцкая назва, утвораная і назва Рабушкі ў гэтым рэгіёне (ад вядомага ў літоўскай антрапаніміі прозвішча Rabušis). У непасрэднай блізкасці ад Радашковічаў адыменныя балцкія тапонімы Дзякшняны, Мігаўка, Мідраўшчына (< Dekšnys, Migis, Mitras).
Гісторыя
Старажытнасць. Вялікае Княства Літоўскае
На ўскраіне Радашковічаў месціцца гарадзішча жалезнага веку з мясцовай назвай Шведская Гара, якое датуецца V—VIII стагоддзямі і сведчыць аб засяленні гэтых зямель у старажытнасці[12].
У 1549 годзе Радашковічы атрымалі статус горада, у якім было 130 двароў, 8 корчмаў, майстэрні. Прыкладна ў гэты ж час тут збудавалі драўляны замак. У Лівонскую вайну ў 1567 годзе вялікі князьЖыгімонт Аўгуст пастанавіў склікаць пад Радашковічамі збройную дэманстрацыю, разлічваючы на далучэнне да яе незадаволеных маскоўскай уладай князёў і баяраў. На попіс сабралася 47 тысяч салдат, у тым ліку 30 тысяч паспалітага рушання і 2400 салдат, дасланых з Каралеўства Польскага, зброі налічвалася каля 100 адзінак[13]. У 1569 годзе Жыгімонт Аўгуст надаў паселішчу Магдэбургскае права. У Баркулабаўскім летапісе ў 1603 годзе адзначаецца, што ў «Радашковічах ...было паветрые вялікае ў пост Філіпаў».
За часамі Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе ў Радашковічах адбыліся перамовы паміж каралём Швецыі Карлам XII і Станіславам Ляшчынскім. У 1764 годзе горад складалася з Новых і Старых Радашкавічаў, было 134 двары, у тым ліку 45 жыдоўскіх, 2 млыны, казённая ўласнасць. 23 лютага 1792 года кароль і вялікі князьСтаніслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Радашковічам гарадскі герб: «у срэбным полі паясная выява Святога Стэфана, пабітага камянямі»[14]. У адпаведным прывілеі падкрэслівалася, што: «усе юрыдыкі зямянскія, ваяводскія, старосцінскія, замкавыя, духоўныя і свецкія пад уладу і юрысдыкцыю магістрату Радашковіцкага паддаць». Далей у гэтым дакуменце зазначалася, каб «усіх абывацеляў у тым месце, як зараз аселых, так і напотым асядаюць, маючых да права мескага ўключыць і за людзей вольных лічыць».
У 1835 годзе была пабудавана праваслаўная мураваная капліца, у 1848 годзе святаром Станкевічам пабудавана праваслаўная Ільінская царква. У 1851 годзе пабудавана праваслаўная Пакроўская царква. Станам на 1859 год тут было 222 будынкі (на 1866 год — 225 будынкаў[15]). У 1863 годзе было адкрыта народнае вучылішча, у 1884 годзе вучылася 38 хлопчыкаў. Станам на 1866 год у Радашковічах было 2 пастаялыя двары, піваварны завод, 2 гасцініцы, сінагога, 3 яўрэйскія малітоўныя дамы, касцёл, царква.
Станам на 1897 год тут было гарадское і рэальнае вучылішчы, царква, касцёл, капліца, малітоўны дом, сінагога, бровар, 13 піцейных і 6 пастаялых двароў, гарбарны завод, раз у тыдзень праводзіліся таржкі, 1 штогадовы кірмаш. Побач з горадам была аднайменная ферма, 1 двор. У 1908 годзе ў горадзе было 30 мураваных і 463 драўляныя пабудовы, мураваны касцёл і сінагога, драўляная царква, 2 казённыя і 83 прыватныя лаўкі, вадзяны млын, 6 пякарняў, гарбарная, каменячосная, 6 абутковых і 2 ганчарна-кафляныя майстэрні, мылаварны завод, 65 рамеснікаў. На той год у горадзе было 8 вуліц: Мінская, Віленская, Дубраўская, Заслаўская, Татарская і інш[16].
У 1913 годзе тэатральны гурток у Радашковічах паставіў «Паўлінку» паводле п’есы Янкі Купалы.
Радашковічы былі адзіным буйным населеным пунктам Беларусі (апрача Мінска), дзе мясцовыя ўлады яшчэ ў 1990 годзе ўсталявалі над будынкам адміністрацыі беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг побач з сцягам БССР[19]. У 2004 годзе ў склад Радашковічаў увайшла вёска Сярэбранка. У падпарадкаванні Радашковіцкага пасялковага Савета знаходзілася вёска Удранка, якая 29 снежня 2009 года ўвайшла ў склад Радашковіцкага сельсавета[20].
Насельніцтва
XIX стагоддзе: 1859 год — 1223 чал.; 1866 год — 1225 чал.; 1897 год — 2615 чал.[21], з 44,4 % пісьменных[22].
XX стагоддзе: 1995 год — 6,2 тыс. чал.[21]; 1999 год — 6099 чал.
XXI стагоддзе: 2006 год — 5,7 тыс. чал.; 2008 год — 5,6 тыс. чал.; 2016 год — 5789 чал.[23]; 2017 год — 5807 чал.[24]; 2019 год — 6371 чал.[25]
Эканоміка
Прадпрыемствы па вытворчасці керамічных вырабаў, харчовай і лёгкай прамысловасці. Санаторый «Хваёвы Бор», санаторый-прафілакторый «Зорны», дзіцячы аздараўленчы комплекс «Маяк». Цэнтр ганчарнага рамяства[26].
Культура і адукацыя
Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, кінатэатр. У Радашковічах працуюць сярэдняя і мастацтваў школы, школа-інтэрнат.
Медыцына
Медыцынскія паслугі падаюць пасялковая бальніца і паліклініка.
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
↑Шур В. Беларускія ўласныя імёны: Беларуская антрапаніміка і тапаніміка. — Мінск: «Мастацкая літаратура», 1998. С. 172.
↑Шыдлоўскі А. Беларуская тапаніміка // Полымя. № 10, 1968. С. 238.
↑D. Ivoška. Litauische historische Personennamen in dem Marienburger Tresslerbuch der Jahre 1399–1409 // Acta Linguistica Lithuanica LXXXI, 2019. С. 105.
↑Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 127.
↑Топоров В. Н. Ведийское rad- (значение, этимология, связи) // В. Н. Топоров. Исследования по этимологии и семантике. Т. 3. Индийские и иранские языки. Кн. 2. Москва, 2010. С. 83-95.
Радашковічы // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 614. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.