Карл XII (шведск.: Karl XII; 17 чэрвеня 1682 — 30 лістапада 1718) — кароль Швецыі ў 1697—1718 гадах. Сын Карла XI і Ульрыкі Элеаноры.
Заняў сталец ва ўзросце 15 гадоў, пасля смерці свайго бацькі. Працягнуў яго абсалютысцкую вялікадзяржаўную палітыку.
Знаходжанне Карла XII каля 15 гадоў па-за Швецыяй дэзарганізавала кіраванне дзяржавай, вайна знясіліла рэсурсы краіны. З паразай у Паўночнай вайне і гібеллю Карла Швецыя страціла статус вялікай дзяржавы[4].
Пасля пачатку Паўночнай вайны, у якой супраць Швецыі выступілі дзяржавы Паўночнага саюза, узначаліў невялікае па колькасці, але добра падрыхтаванае войска. Пры падтрымцы англа-нідэрландскага флота нанёс паражэнне Даніі і прымусіў яе выйсці з вайны. Затым хутка накіраваў сваё войска ва ўсходнюю Прыбалтыку і разграміў рускія войскі ў Нарвскай бітве.
У 1701 годзе ўварваўся ў Рэч Паспалітую. Заняў Варшаву, Кракаў, Торунь і нанёс шэраг параз польска-саксонскай арміі (у тым ліку пры Клішаве ў 1702 годзе). Дамогся ў ліпені 1704 года звяржэння з польскага прастола саксонскага курфюрста Аўгуста II Моцнага і выбрання польскім каралём свайго стаўленіка Станіслава Ляшчынскага. Затым разграміў саксонскія войскі ў самой Саксоніі і вымусіў Аўгуста II падпісаць Альтранштэцкі мір 1706 года, па ўмовах якога Саксонія выйшла з вайны, а курфюрст адмовіўся ад прэтэнзій на польскі пасад.
У 1707 годзе пачаў ваенныя дзеянні супраць рускіх войскаў у Рэчы Паспалітай. Пасля перамогі ў бітве пад Галоўчынам (1708 год) шведскае войска ўварвалася ў Маскоўскую дзяржаву. Пасля разгрому шведскага корпуса Карл, які разлічваў на падтрымку гетмана Івана Мазепы, быў вымушаны павярнуць на Украіну, дзе пацярпеў поўнае паражэнне ў Палтаўскай бітве 1709 года.
Паранены Карл збег пад абарону турэцкага султана ў горад Бяндэры. Па дамове паміж Масковіяй і Асманскай імперыяй Карлу было дазволена вярнуцца ў Швецыю праз Рэч Паспалітую. Увосень 1714 года Карл прыбыў у Шведскую Памеранію, каля года кіраваў абаронай Штральзунда, абложанага дацкай і прускай арміямі. У снежні 1715 года вярнуўся ў Швецыю. Правёў шэраг унутраных рэформаў, накіраваных на мабілізацыю сіл для працягу вайны.
У 1718 годзе пачаў перамовы пра мір з Расіяй. Адначасова распачаў спробу дабіцца далучэння да Швецыі Нарвегіі, якая знаходзілася ў асабістай уніі з Даніяй. Шведскае войска ўварвалася ў паўднёва-ўсходнія раёны Нарвегіі і аблажыла шэраг крэпасцяў, у тым ліку Fredriksholm. Карл XII загінуў (меркавана ад шалёнай кулі) каля гэтай крэпасці[4].