Добрыя артыкулы — артыкулы, якія ўдзельнікі Вікіпедыі лічаць аднымі з лепшых артыкулаў праекта. Добрыя артыкулы — артыкулы, якія напісаны з веданнем пытання і раскрываюць закранутую тэму. Па тых ці іншых прычынах яны (пакуль яшчэ) не адпавядаюць крытэрыям выдатных артыкулаў, але ўсё жадаючыя могуць прыняць удзел у іх дапрацоўцы да ўзроўню выдатных.
Перад тым, як з'явіцца на гэтай старонцы, добрыя артыкулы праходзяць працэдуру абрання на старонцы Вікіпедыя:Кандыдаты ў добрыя артыкулы, дзе іх абмяркоўваюць на прадмет дакладнасці, нейтральнасці, паўнаты і стылю выкладу.
Усе добрыя артыкулы адзначаны знакам у верхнім правым куце сваёй старонкі, а таксама адпаведным шаблонам унізе артыкула. Колькасць добрых артыкулаў у беларускай Вікіпедыі — 188. Гл. таксама Пералік добрых артыкулаў з датамі абрання.
Нядаўна абраныя добрымі артыкулы
«Рускі» — апавяданне, напісанае Максімам Гарэцкім у 1915 годзе, упершыню апублікавана ў часопісе «Полымя» за 1925 год. У цяперашні час як асобны раздзел уключаецца ў аповесць «На імперыялістычнай вайне». Узор антываеннай прозы.
Падзеі адбываюцца падчас Першай сусветнай вайны на расійска-аўстрыйскім фронце. У творы разглядаецца душэўны стан салдата з Магілёўскай губерні, які называе сябе Рускім. Адным з першых у беларускай літаратуры Гарэцкі паглыбляецца ў свядомасць свайго героя, выкарыстоўвае прыём плыні свядомасці для апісання псіхічнага стану чалавека, які адважыўся на забойства(далей…).
Эфіопа-эрытрэйская вайна — узброены канфлікт паміж Эфіопіяй і Эрытрэяй у 1998—2000 гадах за кантроль над спрэчнымі памежнымі тэрыторыямі. Падзеі пачаліся з уварвання эрытрэйскай арміі на эфіопскую тэрыторыю, чаму папярэднічаў інцыдэнт у пагранічным пасёлку. Баі з пераменным поспехам вяліся пераважна ў памежжы. У іх прынялі актыўны ўдзел найміты і ваенспецы з былых савецкіх рэспублік, у асноўным расіяне і ўкраінцы.
Яшчэ на першым этапе вайны сфармаваліся тры фронты: заходні — сектар Бадмэ, участак паміж рэкамі Мэрэб і Сетыт, цэнтральны — раён Цэрона—Заламбеса—Алітэна, усходні — раён Бурэ. У выніку супрацьстаяння бакі заключылі мірнае пагадненне і адклалі вырашэнне спрэчкі на нявызначаны тэрмін для разгляду справы ў міжнародным арбітражы, які абавязаў краіны падзяліць спрэчную тэрыторыю прыкладна пароўну. Тэрытарыяльнае пытанне было канчаткова закрыта толькі са зменай улады ў Эфіопіі і перадачы праблемных участкаў эрытрэйцам (далей…).
Савецкія ваенныя спецыялісты за мяжой — ваенныя саветнікі і ваенспецы з СССР, накіраваныя ў дапамогу замежным узброеным сілам. Яны працавалі ў розных краінах Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, аказваючы падтрымку ў ваенным будаўніцтве, падтрыхтоўцы кадраў, засваенні ўзбраення. У зонах ваенных дзеянняў вайскоўцы пры неабходнасці маглі ўдзельнічаць у баях. Адпраўка саветнікаў і ваенспецаў з’яўлялася адным з ключавых напрамкаў міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Савецкага Саюза. Праз замежныя місіі пашыраўся ўплыў дзяржавы, выпрабоўвалася новае ўзбраенне і ваенная тэхніка, вайскоўцы атрымлівалі карысныя веды і вопыт, узброеныя сілы шэрагу краін свету ўладкоўваліся па савецкім вобразе і падабенстве. Пры тым камандзіроўкі былі спалучаны са шматлікімі цяжкасцямі для саміх спецыялістаў (далей…).
Беларускі партрэт XII―XVIII стагоддзяў ― адзін з асноўных жанраў беларускага жывапісу і скульптуры. Аснова жанру ― мемарыяльны пачатак, увекавечанне аблічча канкрэтнага чалавека. У мастацтве беларускія партрэты XII―XVIII стст. дзеляцца на жывапісныя і графічныя; парадныя, камерныя; у рост, па калені, паясны, галава, анфас, профіль і інш. Паводле колькасці персанажаў падзяляюцца на індывідуальныя, парныя, групавыя; спецыфічны від партрэта ― аўтапартрэт. Ад старажытнасці вядомыя партрэтная мініяцюра, партрэты на медалях і манетах.