Замкавая вуліца (Гродна)

Замкавая вуліца
Гродна
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Горад Гродна
Раён Ленінскі
Працягласць 360
Пакрыццё Асфальтавае
Рух Дазволены рух асабістага транспарта да Савецкай плошчы
Тралейбусныя маршруты 1, 2, 3, 6, 7, 9, 11
Аўтобусныя маршруты 1, 3, 4, 8, 12, 14, 21, 22, 27, 29
Прыпынкі
грамадскага транспарту
Савецкая плошча
Ранейшыя назвы Zydowska z Rynku do Zamku (1560,1790);
ulica Zamkowa idеc od Zamku w Rynek (1680);
ulica Wielka Zamkowa;
ulica Zamkowa (1775/1793);
Замковая;
Burgstrasse (1915);
Zamkowa + Sw. Kazimierza (часткова);
Burgstr. + Brunnenweg (часткова);
Замковая
Архітэктурныя помнікі Стары замак, Новы замак, пажарная каланча, палацы Масальскіх і Храптовічаў
Паштовы індэкс 230025[1]
На карце Гродна
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

За́мкавая ву́ліца — адна з самых старых гарадскіх вуліц у цэнтры горада Гродна. З’яўляецца адным з сімвалаў горада. Працягласць каля 360 м, ад плошчы Савецкай да тэрыторыі Новага і Старога замкаў, ад якіх і пайшла назва вуліцы. З’яўляецца адзінай вуліцай у Беларусі, на якой знаходзяцца адразу два каралеўскія замкі.

Вуліца Замкавая на карце Гродна
Вуліца Замкавая

На вуліцы размешчаны архітэктурныя помнікі розных эпох: пачынаючы ад Старажытнарускага перыяду і заканчваючы пачаткам XX стагоддзя. У XVII стагоддзі адбыўся росквіт вуліцы, на ёй было не менш, чым сем палацаў магнатаў тагачаснай Рэчы Паспалітай. Вуліца перажыла дзве сусветныя вайны, а найбольшыя страты зазнала, калі савецкімі ўладамі была знесена старая забудова цотнага боку і ўзарваны самы высокі на той час будынак у горадзе — Фара Вітаўта.

Вуліца пачынаецца ад Савецкай плошчы, справа месціцца сквер з памятным знакам на месцы Фары Вітаўта. Далей да скрыжавання з вуліцай Д. Гарадзенскага з абодвух бакоў ідзе шчыльная двух і трохпавярховая забудова 19 стагоддзя, большасць дамоў маюць уязныя аркі. Паміж дамамі № 5 і 7 праходзіць завулак, які раней меў назву «Цесны», а цяпер безназоўны. Скрыжаванне з вуліцай Д. Гарадзенскага рэгулюецца светлафорам, на скрыжаванні стаіць будынак пажарнага дэпо. Далей шлях да Новага і Старога Замкаў толькі пешы, дазволены рух асабістага транспарту на з’ездзе да Нёмана. Вуліца заканчваецца высокім ярам над Нёманам, Стары замак злучаецца з вуліцай арачным мастом.

З 2018 года гарадскія ўлады абяцаюць зрабіць вуліцу цалкам пешаходнай.[2]

Гісторыя

З XII ст. ад дзяцінца да гандлёва-рамеснага пасада вяла дарога, у XIV-XV стст. яна звязвала Верхні і Ніжні замкі з рынкам (зараз Савецкая плошча) і Смаленскім гасцінцам[3]. Замкавая вуліца ўпамінаецца ў грамаце Вітаўта гарадзенскім яўрэям у 1389 годзе. Хоць дакумент прызнаны фальсіфікатам, але паводле даных валочнай памеры 1560 года яўрэі сапраўды жылі на пачатковым адрэзку вуліцы. Ва «Увалочным вымярэнні Горадна» гэта вуліца мае асноўную назву «вуліца Яўрэйская з рынка да замка», і дадатковую — «Вялікая Замкавая». Апошняя назва захавалася за вуліцай, і з тых часоў назва практычна не мянялася.

На думку даследчыка Ю. Кішыка вуліца Замкавая ў XII-XV стст. пачыналася ад замка і накіроўвалася ў бок Рынку, аднак не даходзіла да яго, а заканчвалася каля трасы другой лініі абарончых умацаванняў. Пасля перепланіроўкі горада, праведзенай вялікай княгіняй Вялікага Княства Літоўскага Бонай Сфорца паміж 1533 і 1541, вуліца была пашырана, працягнута і плаўнай дугой выведзена на Рынак акурат пасярэдзіне яго заходняга боку, нібы на працягу восі вуліцы Язерскай[4].

У 14 ст. князь Вітаўт у пачатку вуліцы заснаваў драўляны касцёл, які пры каралю Стэфане Баторыі быў перабудаваны ў каменны[5].

Вуліца Замкавая на карце Гродна 1560. Рэканструкцыя А. Квітніцкай

У 16 ст. абарончае значэнне старых умацаванняў змяншаецца і да вуліцы паступова пераходзіць функцыя камунікацыйнай артэрыі, што звязвала замак з галоўным рынкам горада. У 1560 тагачасная «Вялікая Жыдоўская» разам з суседнімі вуліцамі «Жыдоўская Цесная» і «Жыдоўская школьная» была забудавана невялікімі драўлянымі і фахверкавымі дамамі, якія засялялі галоўным чынам яўрэі. Па левым боку вуліцы, рухаючыся ад рынка, у сярэдзіне 16 ст. пляцамі валодалі: каралеўскі намеснік Леў Міхайловіч, Адам Мышковіч, Мошка і Мардухай Дактаровічы, Ахрон, Абрам і Пешах Схудзічы, Ждрах і Абрам Хадасковічы. Прычым «Увалочнае вымярэнне» асобна адзначае два будынкі: «двор Замкавы» і «дом пусты Адама Мышковіча». Правы бок вуліцы займалі шэсць яўрэйскіх і адзін плябанскі пляцы, дзе стаяў закладзены Вітаўтам драўляны фарны касцёл[6]. У цэлым на вуліцы было 17 забудаваных участкаў.

Вуліца Замкавая на карце Гродна 1759.

У 80-ых гг. XVI ст. Стары замак карэнным чынам перабудоўваецца ў стылі рэнесансу для караля Стэфана Баторыя.

У XV-XVI ст. у канцы вуліцы каля сучасных дамоў № 17, 19 існавала Малая Царква і кляштар. Яны былі разрабаваны расійскімі войскамі ў 1665 годзе і апошні раз згадваюцца ў 1679 годзе. У 1643 ужо стаяў палац і камяніца князя М. Масальскага (сучасны дом № 5)[5]. У 1680 тут стаялі пятнаццаць яўрэйскіх камяніц, сядзіба гpoдзенскага войта Стэфана Яўстафія Александровіча, двор Палубінскіх і пляц віленскага біскупа. Пры Жыгімонце II Вазе «двор Замкавы» перабудаваны ў трохпавярховы «палац гродзенскага ландвойта» (магчымы архітэктар — Санці Гучы). Забудова вуліцы была разнастайнай: дамы будаваліся з дрэва і цэглы («прускі мур» або фахверк), або былі цалкам цагляныя. Дахі крыліся плоскай чарапіцай, або гонтам[6].

Значэнне Замкавай вуліцы значна ўзрасло пасля 1673 года, калі было абвешчана пра намер праводзіць кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай у Гродне. Магнаты актыўна пашыраюць палацавае будаўніцтва: да пажару 1753 на вуліцы было не менш за 7 магнацкіх палацаў: Масальскіх, Храптовічаў, Сіняўскіх, Сасноўскіх і інш.

Даволі цікавае апісанне сучаснікамі раскошы падчас сеймаў Рэчы Паспалітай:

«Сто, восемьдзесят, пяцьдзясят шляхцічаў на цудоўных, багата прыбраных рысаках суправаджаюць кожны экіпаж. Каляскі блішчаць ад пазалоты, унутры абіты шоўкам. Кароль едзе на раскошнай шасцёрцы коней, акружаны натоўпам гайдукоў, лаўфераў, карлікаў, неграў, пешых і слуг на конях, за імі рухаецца каля 60 карэт. Навокал шумна і цесна. Ва ўнутраным замкавым двары пустыя карэты стаяць па абодвух баках у вялікай колькасці, што здаецца дзіўным у такім вялікім натоўпе. Тыя, што не памясціліся на ўнутраным двары, месцяцца на знешнім, дзе бачны тысячы коней, прывязаных к слупам. Пад вечар магнаты вяртаюцца дадому, перад імі ідуць служкі, трымаючы пылаючыя факелы, абсыпаючы жарам драўляныя сцены дамоў. У горадзе багацце золата, срэбраныя грошы сустракаюцца рэдка..»[7]

У 1753 годзе ў горадзе адбыўся моцны пажар, які значна пашкодзіў «элітную» вуліцу. Тады гарадзенскі стараста Антоній Тызенгаўз выкупіў «пустыя муры» палаца Храптовічаў. Пазней гэты будынак быў вядомы ўжо як палац Ляхніцкіх. Абнавіўся і палац Масальскіх. Сцены дамоў тынкаваліся, упрыгожваліся ляпнінай, з’яўляліся ажурныя гаўбцы, праезная частка брукавалася каменем[5]. У XVII-XVIII стст. вуліца шчыльна забудавана, выбрукавана камнем, тут знаходзіўся рыбацкі цэх[8].

Від вуліцу Замкавую ў пачатку XX стагоддзя. Справа Фара Вітаўта (не захавалася), далей захаваная забудова, на дальнім боку — пажарная каланча, Стары Замак. Будынкі злева не захаваліся.

У 1742 г. адмыслова для пасяджэнняў Соймаў Рэчы Паспалітай па праекту саксонскага архітэктара Карла Фрыдрыха Пепельмана быў збудаваны Новы замак. У Новым замку ў 1793 прайшло гістарычнае «нямое» пасяджэнне Сойма, якое зацвердзіла другі падзел Рэчы Паспалітай. У лістападзе 1795 у Новым замку апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі паставіў свой подпіс пад тэкстам адрачэння.

Забудова вуліцы ў XIX ст. была цалкам каменнай. Пажары 1780, 1782, 1783 годоў не закранулі вуліцу. Пачынаючы з 1795 і да пажару 1899 года забудова вуліцы амаль не змянілася акрамя Фары Вітаўта, якую ў 1809 годзе перарабілі ў Сафійскі сабор.

Від на пажарную каланчу ў пач. XX ст.

Пажары 1892 і 1899 моцна змянілі характар забудовы вуліцы, якая з большага набывае сучасны выгляд. Пасля пажару быў пабудаваны дом для гродзенскага праваслаўнага брацтва (сучасны дом № 3), трохпавярховы асабняк стацкага саветніка Харчанкі (дом № 9). На месцы згарэлага флігеля каралеўскіх стайняў з’явіўся жылы будынак, які там знаходзіцца і цяпер. У 1902 годзе насупраць палаца Храптовічаў была пабудавана пажарная каланча, рашэнне аб яе будаўніцтве у горадзе было прынята пасля знішчальных пажараў. Каля каланчы захаваўся флігель каралеўскіх стайняў. Уладальнік тытунёвай фабрыкі Шарашэўскі заклаў падмуркі пад новыя будынкі на левым боку вуліцы (сучасныя дамы № 12, 14)[9]. Узводзяцца дом саветніка Анцылевіча, дом Харчанкі, перабудоўваецца ў псеўдарускім стылі Сафійскі сабор. У канцы XIX — пачатку XX ст. вуліца складалася з двух- і трохпавярховых атынкаваных камяніц, асноўная частка даху накрывалася бляхай, з’яўляюцца літыя і каваныя балконы.

Страчаная забудова вуліцы. Справа — аднапавярховы дом рыбака XVI ст.

У 1910 дамамі па вул. Замкавай валодалі:
№ і — Сафійскі сабор;
№ 2 — Замкоўскі;
№ 3 — праваслаўнае брацтва;
№ 4 — (скрыжаванне з вул. Манастырскай) — Шылінгаў;
№ 5 — (скрыжаванне з вул. Мясною) — дом праваслаўнага духавенства;
№ 6 — (скрыжаванне з вул. Манастырскай) — Эпштэйн;
№ 7 — (скрыжаванне з вул. Мясною) — Вальфсон;
№ 8 — Эпштэйн;
№ 9 — Харчанка;
№ 10 — Лапінер;
№ 11 — Сакало;
№ 12 — Шарашэўскі;
№ 13 — (скрыжаванне з зав. Пажарным) — Рабіновіч;
№ 14 — С.-Пецярбургскі (былы Тульскі) пазямельны банк;
№ 15 — (скрыжаванне з зав. Пажарным) — Анцулевіч;
№ 16 — (скрыжаванне з зав. Прачачным) — казармы вайсковага лазарэта;
№ 17 — (скрыжаванне з зав. Замкавым) — пажарная каманда;
№ 18 — лазарэт;
№ 19 — Стары замак.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў раёне вуліцы Замкавай знаходзілася яўрэйскае гета, у якім было знішчана 29 тысяч чалавек. У памяць аб гэтым на доме № 7 усталявана мемарыяльная дошка.

Гістарычная забудова вуліцы, нягледзячы на некаторыя пашкоджанні у ваенны час, у цэлым захоўвалася да 1958, калі быў канчаткова разабраны так званы «Замкавы двор» і на яго месцы пабудаваны Палац Тэкстыльшчыкаў. Пазней на левым боку вуліцы былі знесены практычна ўсе забудовы аж да Манастырскага завулка. Тады назаўсёды зніклі каменныя будынкі XV—XVI ст. (паводле іншых звестак — тры будынкі былі ўзведзеныя ў прамежку паміж 1753 і 1782 гадамі[10]). Сярод іх быў так званы «Дом з рыбкай» — аднапавярховы будынак меркавана XVI ст., у якім у пачатку XVII ст. нібыта жыў галава гродзенскіх рыбакоў Антоні Максімовіч. Паводле адной з версій, барэльеф рыбкі на доме — эмблема цэха. Паводле гісторыка Мечыслава Супрона, гэты будынак (сярэдні з трох), першапачаткова з’яўляўся карчмой: у 1780 годзе там знаходзілася карчма Рагоўскага. Выява рыбы на фасадзе — сведчанне, што там было месца грамадскага харчавання.[10] Рыбка са знесенага дома захоўваецца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі [11]. Крайні левы будынак з трох гістарычна пераважна выкарыстоўваўся пад краму. Крайні правы дом быў шынком. Яго падвалы захаваліся.[10]

Таксама ў гэты час існала практыка дабудовы паверхаў у існуючых дамах. Так, двухпавярховы мансардны дом № 15 пасля дабудовы стаў чатырохпавярховым, пры гэтым атрымаўшы сучасны выгляд[12]. Апошняе змяненне ансамбля вуліцы адбылося ў 1961, калі была знішчана Фара Вітаўта, на месцы якой так нічога і не было пабудавана.

Сёння забудавана 2-3-павярховымі дамамі, сярод якіх вылучаецца ансамбль вулічнай забудовы 19 ст. з рысамі позняга класіцызму, ампіру, «мадэрну» і вежа пажарнага дэпо канца XIX — пач. XX ст[8].

На няцотным боку

Будынак па вул. Замкавая, 3

№ 1:

На месцы дома, які б меў нумар 1, месціцца невялічкі скверык. Раней на гэтым месцы знаходзіўся Фарны касцёл, які быў пабудаваны ў канцы 14 ст. і ўзарваны ў 1961.

№ 3: Двухпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Будынак вядомы як Дом Сафійскага брацтва на месцы плябаніі, Дом кафедральнага Сафійскага сабора. У розныя часы тут размяшчаліся Дом чыноў урадавых устаноў Гродзенскай губерні; «Брацкая лаўка»; Першае царкоўна-прыходскае вучылішча; брацкая мужчынская і жаночая царкоўна-прыходскія школы імя графа Мураўёва.

Будынак пабудаваны ў 1903. Двухпавярховы атынкаваны дом. Карніз, фрыз, падаконныя цягі і міжпаверхавы пояс прафіляваны, першы паверх руставаны. Вокны другога паверха аздоблены сандрыкамі, і філёнгавымі ліштвамі. Вуглы падкрэслены лапаткамі. 3 боку дваровага фасада маецца кляпаны балкон са швелера. Па цэнтры, над парадным уваходам, прыступкавы атык і фігурныя ліштвы паўцыркульнага акна. Будынак — яскравы прыклад эклектыкі ў ансамблі.

У канцы 19 ст. у доме размяшчалася Гродзенскае праваслаўнае брацтва. На пачатку XX ст. тут прадавалі ў розніцу газеты. У 1928 г. працавала спажывецкакаланіяльная крама Рахель Захары, крама дражджэй Таўбы Троп, спажывецкая крама Пракседы Парай[6].

Цяпер будынак займае даччынае прадпрыемства «Гродзенская МПМК-146» ГАУП «Гроднааблсельстрой».

Будынак па вул. Замкавая, 5

№ 5: Трохпавярховы будынак. П-падобны ў плане будынак. З паўночнай часцы прыбудавана аднапавярховая гаспадарчая прыбудова. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Вядомы, як камяніца Масальскіх. Адзін з найстарэйшых жылых дамоў у Гродне.

Пабудаваны ў 1643[13][14], па іншых звестках — каля 1726. Перабудаваны ў 1912.

Сфарміраваўся як палацавы комплекс у сярэдзіне XVIII ст. і ўключаў у сябе ўчасткі сучасных дамоў па вул. Замкавай № 5, № 7, № 9, № 11. П-падобны мураваны дом, які захаваў замкнуты гаспадарчы двор. Першапачаткова двухпавярховы (трэці паверх прыбудаваны на пачатку XX ст.), з высокім двухскатным дахам і аркавым праездам па цэнтры.

Сядзібу на рагу вуліцы Замкавай і вулачкі Цеснай Жыдоўскай у 1674 Іцка і Кадыш Абрамовічы саступілі вялікаму літоўскаму маршалку Аляксандру Гіларыю Палубінскаму. У 1726 будынак быў заняты юрыдыкай гродзенскага старасты Міхала Масальскага. У 1781 князь Ксаверы Масальскі запісаў яго на віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага.

Паводле іншых даных, гэты дом мог наогул не ўваходзіць у комплекс Масальскіх. Згодна з гісторыкам Мечыславам Супронам, у пачатку XVIII ст. на гэтым месцы быў палац наваградскага ваяводы Міхала Фаўстына Радзівіла, што зафіксавана ў плане горада 1753 года. Імаверна, палац Радзівіла згарэў падчас аднаго з пажараў, а на яго месцы новыя ўладальнікі ў канцы XVIII ст. збудавалі іншы дом.[15]

У 1794 сядзіба належала гродзенскаму падкаморыю Францішку Юндзілу. 28 сакавіка 1920 тут прайшоў агульны сход Гродзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта. Восенню таго ж года адбываліся беларускія сямейныя вечарыны і запіс у Грамаду беларускай моладзі. У 1925 жыў беларускі дзеяч М. Галавач. На 1926 г. у будынку мясцілася яўрэйская релігійная школа «Tora Jabne» (кіраўнік доктар Нямцэвіч) ды «Клуб яўрэйскай інтэлігенцыі»[16]. Пасля Другой сусветнай вайны будынак моцна змяніў выгляд, былі прыбудаваны франтон і балконы.[17] У 1950 г. будынак займала гандлёва-кулінарная школа, а з 1970-х гг. тут размешчаны інтэрнат № 1 УА «Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта». Будынак перастаў быць інтэрнатам у 2020 годзе праз непрыдатныя ўмовы для пражывання. У жніўні 2023 года горад прадаў будынак з шостай спробы. Уласнік абвесціў аб намеры адкрыць там гатэль.[18]

Будынак па вул. Замкавая, 7

№ 7: Адна- і часткова двухпавярховы С-падобны ў плане будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Вядомы як частка палаца Масальскіх. Вялікі палац Масальскіх быў пабудаваны на месцы (а магчыма і ўтрымліваў частку сцен) трох паступова набытых камяніц. Першапачаткова двухпавярховы доўгі мураваны П-падобны ў плане будынак, аздоблены прафіляваным карнізам і міжпаверхавым поясам, быў накрыты высокім «ламаным» «французскім» дахам з вялікімі мансарднымі вокнамі. Палац меў два асіметрычна размешчаныя аркавыя праезды. Пасля пажару 1899 г. большая частка будынка была разабрана, а з яго рэшткаў пабудавалі дом па вул. Замкавай № 7. Будаўніцтва вялі яго новыя ўладальнікі Трылінг і Сімхэ Абрам, якія каля 1905 г. выкупілі ў былых уладальнікаў Мендэля і Рыўкі Собаляў.[17]

Цяпер будынак займае ААТ «Прадуктовы сэрвіс» г. Гродна. Ва ўнутраным дворыку дома ў двухпавярховай частцы працуе крама канцтавараў. На вугле дома з боку дома № 5 вісіць мемарыяльная дошка «памяці 29 тысяч вязняў-ахвяр фашызму. У гэтым раёне ў 1941—1945 гг. знаходзілася гета» (на рускай і яўрэйскай мовах).

У будынку знаходзіцца РУПАД «Гроднааўтадар». Прымыкае да дома № 11. Будынкі № 9-11-13-15 утвараюць адзіную забудову і адрозніваюцца адзін ад аднаго толькі колерам афарбоўкі.

Будынак па вул. Замкавая, 9

№ 9: Трохпавярховы будынак, ад двара прыбудаваны двухпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. пабудаваны ў 1912. Вядомы як трохпавярховы маёнтак стацкага саветніка Харчанкі.

Трохпавярховы атынкаваны цагляны дом. Дэкаратыўная аздоба будынка сканцэнтравана на парадным фасадзе. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс прафіляваны, карніз аздоблены арнаментальнымі кранштэйнамі і гірляндай. Вокны трэцяга і другога паверхаў аздоблены арнаментальнымі ліштвамі. Фасад вылучаецца рытмам чатырох пілястраў, завершаных капітэлямі. Па цэнтры два літыя чыгунныя балконы, якія не захавалі свой першасны выгляд (па стану на 1923 дом меў тры балконы). Будынак — прыклад эклектыкі ў ансамблі. Пад карнізам — паясок з сухарыкамі. Дом стаіць на частцы падмуркаў палаца Масальскіх (сучасныя будынкі № 5 і 7).

У 1877 гродзенскі мешчанін Мойша Глінфельд адкупіў у горада гэты пляц і праз два гады ўзвёў вялікі аднапавярховы драўляны дом з мезанінам, які згарэў у 1895. Пазней пляц набыў калежскі саветнік Іван Лукіч Харчанка, які і пабудаваў новую трохпавярховую камяніцу на чатыры кватэры — з водаправодам, туалетам, ваннай і воданагравальнікам. Домаўладальнік з жонкаю Аляксандрай Паўлаўнай занялі пяціпакаёвую кватэру на трэцім паверсе; былы гаспадар участка Мойша Глінфельд з сям’ёю размясціўся ў чатырохпакаёвай кватэры на другім паверсе. На першым паверсе мясцілася харчовая крама М. Руткоўскага. У флігелі жыла прыслуга: кухарка, аканомка, дворнік. Гаспадар дома I. Харчанка вызначаўся як мясцовы скандаліст, бо меў звычку пісаць вялікую колькасць скаргаў па самых розных прычынах.

У 1910 у доме працавала агенцтва Беластоцкага таварыства ўзаемнага страхавання ад агню. 3 верасня 1944 у будынку працавала фармацэўтычная і фельчарска-акушэрская школа, потым з верасня 1947 праводзіліся заняткі ў будаўнічым тэхнікуме. У 1970 у будынку знаходзіўся — «Аблаўтатрэст», пасля — РУП «Гроднааўтадар»[19].

Будынак па вул. Замкавая, 11

№ 11: Трохпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Вядомы як дом Хаіма Стральца, дом Сакалова, дом Сары Рохлі, дом Давіда Цофнаса. Пабудаваны ў 1911 годзе ў стылі эклектыкі. Складае адзіны ансамбль з суседнімі дамамі.

Трохпавярховы атынкаваны цагляны дом, далучаны да будынка № 9, складае з ім адзіны фронт забудовы. Дэкор будынка сугучны з аздобай суседніх пабудоў, але моцна пацярпеў падчас эксплуатацыі. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс прафіляваны, карніз аздоблены арнаментальнымі кранштэйнамі і гірляндай. Вокны трэцяга паверха аздоблены арнаментальнымі ліштвамі. Фасад захаваў па баках парныя пілястры з капітэлямі. Па цэнтры другога паверха і па баках трэцяга праглядаюцца месцы балконаў.

Да канца XVIII ст. участак належаў юрыдыцы Масальскіх. У 1865 участкам валодала Лейка Балгарская, паміж уладаннямі якой і палацам Масальскіх была вузкая, не шырэйшая за сажань вуліца (Замкавы тупік). Да 19581960 да дома Івана Харчанкі прымыкаў флігель, пабудаваны каля 1875, які выходзіў на вуліцу Замкавы тупік. Пасля яго зносу межы ўчастка моцна размыліся, фактычна знікла вуліца Замкавы тупік. Цяпер існуе праект аднаўлення гэтага флігеля з выхадам на вуліцу Вялікая Траецкая.

У 1911 участак набыў Хаім Янкелееіч Стралец, які і пабудаваў дом. Аднак уладальнік дома апошнія гады жыцця сур’ёзна хварэў і меў фінансавыя клопаты, таму дэкараванне дома ляпнінай не завершылася да смерці ўладальніка ў лістападзе 1913 і так ніколі не было завершана. Пасля смерці гаспадара па завяшчанню дом перайшоў да ўдавы — Сары Рохлі. У 1923 належаў Давіду Цафрасу (Цафнасу). У 1928 ягонай гаспадыняю была Рэвека Цафрас. Будынак першапачаткова не меў нумара, а пасля з-за яго «ссунулася» нумарацыя дамоў на няцотным боку Замкавай вуліцы. У верасні 1944 года рашэннем выканкама Гарсавета ўвесь будынак быў перададзены педвучылішчу[20].

У доме месціцца шлюбны салон «АдкажыДа» (руск.: «СкажиДа»), «Каменны замак» (вырабы з каменю і помнікі), ЦБУ-5 ЗАТ «РРБ-Банк», салон друку «Аліпрынт», інтэрнэт правайдэр «Атлант Тэлекам», турыстычная кампанія «Кластур», «Рыэл-кампані», цэнтр продажу бытавой тэхнікі «Ролік», салон сувязі МТС. Прымыкае да дамоў № 9 і 13.

Будынак па вул. Замкавая, 13

№ 13: Трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Вядомы як вінная лаўка Рохлі-Руткоўскай Рахель. Пабудаваны ў 1901. У аснове гэтага будынка заложана камяніца XVII ст. Цяпер тут інтэрнат Гродзенскага педагагічнага вучылішча.

Трохпавярховы, асіметрычны ў плане, будынак з высокім цокалем, накрыты пакатым двухсхільным дахам. Развіты ў глыбіню двара. Плоскасць галоўнага фасада члянёна пілястрамі, канеліраванымі на другім і трэцім паверхах і руставанымі на першым. Пілястры завершаны капітэлямі. Фасад увенчаны магутным карнізам, дэкараваны арнаментам і дэнтыкуламі. У левым крыле скразны праход, закрыты варотамі, у правым — уваход у будынак, размешчаны сіметрычна праходу. Цэнтр вылучаны балконам з узорыстай рашоткай. Планіроўка калідорная. Сувязь паміж паверхамі ажыццяўляецца з дапамогай двухмаршавых лесвіц. Інтэр’еры простыя, без дэкаратыўнай аздобы. Па меркаванню спецыялістаў, будынак найбольш насычаны ляпным дэкорам і з’яўляецца дасканалым і прыгожым прыкладам эклектыкі на вуліцы Замкавай.

Вінная лаўка Рохлі была вядома ўсёй гродзенскай беднаце, бо тут прадавалася самае таннае ў горадзе віно. Па купчай 1911 домам валодаў Каган Янкель Ізраіль. 3 1918 у будынку працавала крама спажывецкіх тавараў Хашы Апой. У сакавіку 1944 будынак займаў Гродзенскі механічны тэхнікум чыгуначнага транспарта, а ў 1960-я гг. тут месціўся інтэрнат музпедвучылішча[11].

Будынак займае УА «Гродзенскі абласны дом тэхнічнай мастацкай творчасці вучнёўскай моладзі». У арцы дома месціцца крама «Ткалля». Прымыкае да дамоў № 11 і 15, завяршае адзіную кампазіцыю дамоў № 9, 11, 13.

Будынак па вул. Замкавая, 15
Будынак па вул. Замкавая, 15А

№ 15: Чатырохпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Вядомы як дом Дразніна па Пажарным завулку, дом Шарашэўскага, дом I. Любіча. Год пабудовы — 1870. Капрамонт з надбудовай зроблены ў 1970-я гг.

Першапачаткова двухпавярховы цагляны дом з мансардай, балконамі, філёнгавымі вокнамі, сандрыкамі і прафіляваным карнізам. Пасля капрамонту дом стаў цалкам бязлікім, былі зменены нават памеры акон.

Некаторыя гісторыкі сумняваюцца ў тым, што дом быў пабудаваны менавіта ў 1870, лічачы, што ў 1870 была перабудавана камяніца XVII—XVIII стст. У 1892 у будынку магчыма адбыўся з’езд міравых суддзяў. У 19101915 уладальнікам дома быў Шарашэўскі[21]. У пачатку 1910-ых гг. у доме жыў вядомы гродзенскі ўрач Ігар Вальдэмаравіч Гольмстэн, які быў адным з уладальнікаў аднаго з першых гродзенскіх кінатэатраў «Сатурн»[22].

Будынак па вул. Замкавая, 17

Цалкам жылы дом. Прымыкае да дамоў № 13 і 15А.

№ 15А: Трох- і чатырохпавярховы будынак. Жылы дом. Дом узорнага ўтрымання і грамадскага парадку. Прымыкае да дома № 15.

№ 17: Двухпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Вядомы як дом саветніка Анцылевіча. Пабудаваны ў 1912, рэстаўраваны ў 1940.

Двухпавярховы атынкаваны цагляны дом, квадратны, з унутраным дворыкам. Паўстаў на рэштках флігеля каралеўскіх стайняў. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс прафіляваны. Балконы сучасныя, стылізаваны пад папярэднія. У 1950 будынку знаходзілася пажарная ахова МУС, добраахвотнае пажарнае таварыства[23].

Цяпер цалкам жылы дом.

№ 19:

Пажарная каланча: Замкавая, 19
Будынак ля пажарнай каланчы: Замкавая, 19
Анатоль Наліваеў. «Гродна. Вуліца Замкавая». 1966

Будынак пажарнага дэпо з каланчой. Гісторыка-культурная каштоўнасць. На пачатку 20 ст. было ўзведзена пажарнае дэпо, завершанае ў 1902 г. Комплекс пажарнай часткі горада быў пабудаваны ў форме карэ. Галоўны, паўднёвы фасад комплексу з боку вуліцы Замкавай складаўся з сучаснага дома № 17, № 19 ды пажарнай каланчы, якія злучала 1-павярховае збудаванне з 7 ўездамі для пажарных машын. З захаду, з боку Старога замка, знаходзіўся 1-павярховы фасад. З боку Гараднічанкі і сучаснай вуліцы Вялікай Траецкай праходзіў мур. У паўночнай частцы комплекса знаходзілася драўляная трэніровачная вежа.[24]

Цяпер будынак займае пажарная аварыйна-выратавальная частка № 1 Ленінскага раёна г. Гродна. З боку вуліцы Траецкай намаляваны жывапіс, у якім прадстаўлены выратавальнікі розных часоў ад Сярэднявечча да нашых часоў, твар жанчыны у канцы малюнка вельмі падобны на Мону Лізу з карціны Леанарда да Вінчы. На назіральнай пляцоўцы бачны манекен выратавальніка, які глядзіць у бок Савецкай плошчы.

Адначасова ля пажарнай каланчы стаіць трохпавярховы дом з № 19, які таксама мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

№ 21:

Стары замак. Помнік архітэктуры дзяржаўнага значэння.

Стары Замак. Замкавая, 21.

Стары замак — гістарычны комплекс абарончых умацаванняў. Паўстаў у часы Старажытнарускай дзяржавы. Шмат разоў руйнаваўся, аднаўляўся і перабудоўваўся. У планіроўцы і архітэктуры замка выяўляюцца напластаванні шматлікіх стагоддзяў.

Замак размясціўся на стромкім узгорку на высокім правым беразе Нёмана пры ўпадзенні ў яго рэчкі Гараднічанкі. Тапаграфія мясцовасці вызначыла абрыс плана замка, блізкага да трохкутніка. Працягласць замкавых сцен дасягала амаль 300 м пры сярэдняй таўшчыні каля 3 м. Сцены мелі неаднолькавую вышыню і завяршаліся зубцамі. З вонкавага боку яны, як і вежы, падпіраліся контрфорсами. Ад горада замак аддзяляўся ярам і глыбокім ровам.

У замку ў часы Вітаўта мелася пяць умацаваных веж. Уязная вежа, квадратная ў плане, размяшчалася ў паўднёва-усходнім куце крэпасці і злучалася з горадам пад’ёмным драўляным мостам. Самая высокая вежа, круглая ў плане, ацалела з XIII ст. і была ўключана Вітаўтам у сістэму новых замкавых умацаванняў. Па свайму характару яна блізкая да абаронна-вартаўнічых веж, падобных да вежы ў Камянцы. Замкавыя вежы не захаваліся да нашага часу: некаторыя з іх разабраны пры будаўніцтве палаца Стэфана Баторыя ў канцы XVI ст.; ад іншых засталіся падмуркі і часткі сцен.

Уяўленне пра замак Вітаўта і сістэму яго ўмацаванняў дае вядомая гравюра горада Горадна 1568 г. Да ўсходняй сцяны замка паміж дзвюма вежамі — круглай і прамавугольнай — прылягаў двухпавярховы палац. Яго архітэктура, як і архітэктура ўсяго замка Вітаўта, мела гатычныя рысы. Пра канструкцыі сцен можна судзіць толькі па захаваных рэштках цэглы і каменя-валуна. Цэгла ў муры сцен выкарыстоўваўся для выраўноўвання шэрагаў каменя, у вежах — як абліцовачны матэрыял. Захаваліся знакі — таўры майстроў, рэзаныя вострай прыладай на ложкавым боку цэглы да абпалу. Малюнкі знакаў вельмі разнастайныя і налічваюць некалькі дзясяткаў тыпаў.

У 80-х гадах XVI ст. пры Стэфане Баторыі Стары замак падвяргаўся карэннай перабудове. З умацаванняў Вітаўта былі выкарыстаны толькі сцены і некаторыя вежы. Палац быў пабудаваны нанова. У планіроўцы двухпавярховага палаца прыкметная яго прыстасаванасць да абароны: адсутнічалі парадныя вестыбюль і ўсходы, сцены адрозніваліся вялікай таўшчынёй. Невялікія па велічыні пакоі і некалькі зал стваралі асіметрычную і замкнёную кампазіцыю плана[25].

Гэта ўжо быў зусім іншы, у рэнесансавым стылі палац, збудаваны па праекту фларэнційскага архітэктара Санці Гуччы. Звонку замак выглядаў вельмі эфектна: увенчаны дэкараваным абарончым атыкам, упрыгожаны аркамі з фігурнымі завяршэннямі і тонкай аздобай акон, фасады яго былі арнаментаваны сграфітаю і разьбой. Тронная зала і пакоі Стэфана Баторыя мясціліся на другім паверсе. Яны былі аздоблены шліфаваным гіпсам, кафляй і разьбой, падлога выкладзена керамічнай пліткай і мармурам. На першым паверсе знаходзілася канцылярыя, архіў, скарбніца, кладоўка і вартоўня[26].

Характэрныя рысы палаца — дэкаратыўны атык, вокны з тонкай ліштвай, эркеры з фігурным завяршэннем. Новым быў сам падыход да рашэння замка — ён задуманы як палацава-замкавы комплекс. Далейшы лёс Старога замка быў звязаны са шматлікімі перабудовамі. У XVII ст., пасля вайны Польшчы з Расіяй, замак рамантаваўся пад кіраўніцтвам літоўскага канцлера Паца. Тады вокны страцілі сваё апраўленне і былі павялічаны. Часткова замак дабудоўваўся ў XVIII ст. Надбудова трэцяга паверха, выкананая ў XIX ст., канчатковая змяніла яго аблічча[27].

Цяпер увесь будынак займае Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей.

На цотным боку

Будынак Дома быту па вул. Замкавая, 4
Будынак па вул. Замкавая, 12
Будынак па вул. Замкавая, 14
Будынак былога палаца Храптовічаў па вул. Замкавая, 16

№ 4: Пяціпавярховы будынак са шкла і бетону. Пабудаваны ў 1971 годзе. Пры пабудове Дома быту была знесена каштоўная забудова на цотным боку вуліцы Замкавая, у тым ліку старажытны будынак цэха рыбакоў.

Цяпер у будынку месціцца цэлы шэраг устаноў: тэрміновая хімчыстка, тэрміновае фота, каляровая ксеракопія, медыцынскі цэнтр «Ладэ».

№ 10: Аднапавярховы будынак, які складаецца з трох будынкаў з мансарднымі паверхамі. Збудаваны ў 2022 годзе, на 80 % з’яўляецца копіяй знесеных у савецкі час трох гістарычных будынкаў на гэтым месцы (гэтак званага «Дома рыбака»). У час будоўлі захавалі аўтэнтычны падвал аднаго з будынкаў.[10] Там арганізавалі галерэю, дзе можна ўбачыць фотаздымкі будынкаў да разбурэння. Гэта першы гістарычны будынак у Гродне, адноўлены за сродкі прыватнага прадпрымальніка, а не бюджэтныя.[28] У 2023 годзе праект атрымаў прэмію як найлепшы архітэктурны праект гандлёва-забаўляльнага/гандлёвага цэнтра ў Беларусі.[29] У будынку размяшчаецца гандлёвы цэнтр Na Zamkavaj з установамі грамадскага харчавання і абслугоўвання, крамамі. У двары арганізавалі грамадскую прастору з рэкрэацыйнай зонай.[30]

№ 12: Двухпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Пабудованы ў 1880, 1904. Вядомы як дом Лапінера. Шмат разоў перабудоўваўся.[31]

Паводле іншых звестак, самая старая гродзенская камяніца. Імаверна, ніжні ярус левай часткі дома быў пабудаваны нашмат раней, прыкладна ў XV—XVI ст. Адна з частак сутарэнняў складзена з шырокапамернай цэглы, аналагаў якой у горадзе не сустракаецца. З ідэнтычнай выкладзены сцены замка ў Міры і Шчытавой вежы Наваградскага замка.

Будынак прамавугольны ў плане. Цэнтральная частка галоўнага фасада вылучана фігурным атыкам. Плоскасць галоўнага фасада дэкаравана руставанымі лапаткамі, карнізам з сухарыкамі, аконнымі ліштвамі з замковым каменем. У дэкаратыўнай аздобе фасада прасочваюцца эклектычныя матывы. На 1910 у доме Лапінера па вуліцы Замкавай знаходзілася кватэра прысяжнага паверанага Бажанава, працавала Агенцтва страхавання рускага страхавога таварыства. 3 1925 у доме знаходзілася крама каланіяльных тавараў «Каплан, Бурдэ, Шапіра» і кампанія «Spotkol», у 1937 — «Bank Ludowy», з 1945 — абутковая фабрыка № 2. У 1946 г. — школа ФЗО «обувщиков»[23].

Цяпер цалкам жылы дом.

№ 14: Трохпавярховы будынак, вынесены ад вуліцы на 50 метраў. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Вядомы як дом Шарашэўскіх, дом Гешэль Ёгля (1928). Год пабудовы — 1900.

Будынак трохпавярховы, першапачаткова не атынкаваны, цагляны, у глыбіні двара, мае сіметрычную аб’ёмна-праніровачную кампазіцыю. Першасная аздоба параднага фасада не захавалася. У цэнтральнай частцы галоўнага фасада — невялікі рызаліт, завершаны трохвугольным шчытом з люкарнай. Сцены фасада на першым і другім паверхах прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі, на другім — паўцыркульнымі. Помнік архітэктуры стылю мадэрн. Прыкладна ў 1913 тут жыў камандзір 103-га Петразаводскага палка палкоўнік Міхаіл Паўлавіч Аляксееў[23].

Цяпер цалкам жылы дом.

№ 16:

Двухпавярховы будынак. Вядомы як палац Храптовічаў. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Помнік архітэктуры 17-18 ст (згодна з шыльдаю на доме). Пабудаваны ў 1742-52, 1790 гг. Замкнуты ў плане будынак.

Будынак займае УК «Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі». Уваход у музей праз арку.

№ 18: Двухпавярховы будынак. Знаходзіцца на скрыжаванні з вуліцай Д. Гарадзенскага. Гісторыка-культурная каштоўнасць.

Будынак па вул. Замкавая, 18

Паводле валочнай памеры 1560, участак належаў гродзенскаму ландвойту. У інвентары 1680 згадваецца на «вуліцы з Падола міма Старое Панны» як «пляц жыдоўскі, забудаваны, на якім жыд жыве». У легендзе да плана Маркевіча 1780 участак пазначаны як «plac pusty XX. Dominikanow Rdzanostockich». Цяперашні будынак узведзены паміж 1783 і 1795 як аднапавярховы карэтны «хлеў» — вазоўня. Паводле плана 1831, будынак адносіўся да турмы (магчыма, як жылое памяшканне салдат аховы). У XIX ст. у ім мясціліся казармы: юнкерская, а пасля — губернскага гарнізоннага батальёна (1887). Упершыню дом быў апісаны як двухпавярховы ў 1910. У 1923 будынак належаў дзяржаве і выкарыстоўваўся як казарма. Па стану на 1950 — нарсуд другога ўчастка г. Гродна.

Цяпер з боку вуліцы Замкавая знаходзіцца шлюбны салон «Мілона».

№ 20:

Цэнтральны ўваход у Новы Замак, вул. Замкавая, 20

Новы замак размешчаны насупраць Старога — цераз роў з перакінутым цераз яго каменным мастом. У XIVXV стст. пры Вітаўце тут размяшчаўся так званы Ніжні замак, які ўжо тады страціў сваё ваеннае значэнне. На яго месцы быў збудаваны «Дом караля» («Domus regium»), пры ім капліца, а ў каменнай вежы — турма. Увесь Ніжні замак быў абведзены мураванымі сценамі. Да канца XVII ст. гэтых збудаванняў ужо не было. На месцы «каралеўскага дома» стаяў драўляны дом Асалінскага — важнага чыноўніка пры каралі[32].

У 17371751 гг. на месцы колішняга Ніжняга замка Аўгуст III пабудаваў каралеўскі палац у стылі ракако, сёння вядомы як Новы замак. П-падобны палац пад мансардавым дахам утвараў парадны двор, які з боку Старога замка (замка Стэфана Баторыя) завяршаўся дзвумя флігелямі і брамай. Двухпавярховы палац складаўся з трох прамавугольных карпусоў з мансардамі, да цэнтральнага корпуса з боку дваровага фасада прымыкала вылучаная ў самастойны аб’ём капліца-капэла з шатровай званіцай, пакрытая вальмавым дахам. Капліцу збудаваў І. Ф. Кнобел, які часткова змяніў праект усяго палаца. 3 левага боку размяшчаліся карпусы з канцылярыяй, стайняй і іншымі службовымі памяшканнямі. Фасад палаца чляніўся адзінарнымі і падвойнымі лапаткамі, прамавугольнымі нішамі, згрупаванымі аконнымі праёмамі. Цэнтральны ўваход быў вылучаны неглыбокім трохвосевым рызалітам, распрацаванымі падвойнымі пілястрамі і капітэлямі, якія былі дэкараваны лепкай у стылі ракако[26].

Цяпер Новы замак дзеляць Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей і абласная бібліятэка. У асобным будынку знаходзіцца Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці.

Паркі, скверы

Сквер разбіты на месцы былога Фарнага касцёла, агароджаны вуліцамі Замкавай, Кастрычніцкай і Савецкаю плошчай. Сквер перад Домам быта на цотным боку на месцы дамоў № 2-4-6-8-10 ліквідавалі ў 2019 годзе перад будоўляй будынка № 10. [33]

Помнікі, мемарыяльныя дошкі

На доме № 7 усталявана мемарыяльная дошка з наступным тэкстам: «Памяці 29 тысяч вязняў-ахвяр фашызму. У гэтым раёне ў 1941—1945 гг. знаходзілася гета» (на рускай і яўрэйскай мовах).

У пачатку 30 гадоў 20 ст. у Гродне жыло каля 21 тысячы яўрэяў, што складала каля 42 % насельніцтва горада. Пасля фашыскай акупацыі 23 чэрвеня 1941 года ў Гродне былі створаны 2 гета: № 1 у раёне вуліцы Замкавая і № 2 у раёне сучаснай вуліцы Лідская. Уваход у гета № 1 ажыццяўляўся праз адзіныя вароты, якія выходзілі на вуліцу Замкавую і знаходзіліся прыкладна на месцы мемарыяльная дошкі. 2 лістапада 1941 года пачалося перасяленне ў створаныя гета. У гета № 1 апынулася каля 15 тысяч чалавек, у № 2 — каля 10 тысяч. Пасля ліквідацыі гета № 2 у лістападзе 1942, большасць вязняў апынулася ў гета № 1, астатнія былі адпраўлены ў Асвенцым. У гета па вуліцы Замкавай заставалася каля 17 тысяч яўрэяў, аднак ужо ў снежні 1942 года іх колькасць снізілася да 12,5 тысяч. У пачатку 1943 года гета было ліквідавана: у студзені — каля 10 тысяч, а ў лютым яшчэ каля 5 тысяч жыхароў гета былі вывезены ў Асвенцым і Трэблінку і знішчаны. У сакавіку 1943 года тыя, хто застаўся ў гета, былі адпраўлены ў Беласток, дзе пазней таксама былі забіты. Згодна з дакладам павятовага камісара фон Плетца, агульная колькасць знішчаных з Гродна і наваколля склала больш за 41 тысячу чалавек.[34]

Паміж Новым і Старым замкамі ў самым канцы вуліцы размешчана драўляная скульптура князя Вітаўта.

У 2018 годзе на рагу з вуліцай Давыда Гарадзенскага пастаўлены помнік Давыду Гарадзенскаму (скульптар Сяргей Аганаў).

Масты, пераходы

Мост у Стары Замак па вуліцы Замкавай

Стары замак з вуліцай Замкавай злучае каменны арачны мост, самы стары ў Беларусі. Ён быў пабудаваны ў другой палове 17 ст. замест драўлянага[35]. Першы капітальны рамонт зроблены ў першай палове XIX ст., мост рэканструяваўся ў 20042005[36]. Уваходзіць у комплекс будынкаў Старога замка.

Мост на малюнку Н. Орды. Паміж 18751883

Самы ранні дакумент, на якім пазначаны мост цераз сухі роў Старога замка, — гравюра Цюндта 1568-72 гадоў, на якой намаляваны драўляны мост. Разам з перабудовай Старога замка ў другой палове XVI стагоддзя па загаду Стэфана Баторыя быў збудаваны новы мост. Была ўмацавана гара Старога замка і перакінуты вялікі драўляны пад’ёмны мост на пяці каменных апорах, які заканчваўся брамай, з левага боку брамы знаходзілася турма. Падчас земляных работ 1937 года спецыялісты выявілі апоры, якія захаваліся з часоў С. Баторыя. У інвентары 1680 гаворыцца, што мост быў абарончым збудаваннем з парэнчамі, на якіх размяшалася 16 вежак-байніц. У 1670 драўлянае збудаванне моста замянілі каменным, а праз 70 гадоў з яго зніклі байніцы, і ён перастаў насіць абарончы характар. Мост апісаны ў дзённіку нямецкага вандроўніка 18 ст.: «Горад сярэдняй велічыні, уезд з-за крутасці гор вельмі дрэнны. Вуліцы забруджаны. На гары ля Нёмана размешчаны стары каралеўскі замак, падпяразаны глыбокім ровам. Уезд праз мост, абапёрты на аркі надзвычайнай вышыні». У XIX стагоддзі мост двойчы рамантаваўся. Праекты капітальнага рамонту і каштарысы зацвердзіла Рада Міністэрства шляхоў і зносін, нагляд за работамі вёў міністэрскі інжынер паручнік Арнольд. Да нашых часоў захаваўся рабочы журнал нагляду за капрамонтам з пералікам усіх выкананых работ. Праект прадугледжваў разломку цагляных збораў, парэнчаў і маставой. У 1852 мост ізноў прыйшлося аднаўляць, бо з-за моцных маразоў пашкодзілася тынкоўка, а з парапетаў выкралі ліставое жалеза[37]. Апошняя рэканструкцыя прайшла ў 2004—2005 і выклікала шмат крытыкі з боку грамадства. Рамонтныя работы праводзілся па-валюнтарысцку, а за невыкананне тэрмінаў рэканструкцыі тагачасны губернатар У. Саўчанка на месцы «звальняў» прараба, які кіраваў работамі. Плітку ўкладвалі глыбокай восенню 2004 на намоклы пясок, разаграваючы яго газавай гарэлкай. Тады ж былі закладзены адтуліны для сцёку вільгаці на апорах моста[38].

Даўжыня моста — каля 30 метраў. Мае 3 пралёты, 2 слупы.

Транспарт

Рух транспарта

Вуліца адкрыта для руху транспарту ад скрыжавання з вуліцамі Гарадзенскага-Траецкая да Савецкай плошчы. Заезд на Савецкую плошчу забаронены. Таксама забаронены пад’езд да Старога і Новага замка. Дазволены рух па з’ездзе да Немана з 8.00 да 19.00.

Паркоўка

Дазволена з абодвух бакоў вуліцы, за выключэннем невялікага ўчастка перад Савецкай плошчай. Каля Дома быту (№ 4) маецца паркоўка для наведвельнікаў.

Грамадскі транспарт

Грамадскі транспарт па вуліцы не ходзіць, да вуліцы лепей за ўсе дабірацца з прыпынкаў грамадскага транспарту на Савецкай плошчы.

Зноскі

  1. Сайт Белпошты Архівавана 31 кастрычніка 2013.
  2. У Гродне з'явіцца другая пешаходная вуліца . Hrodna.life - навіны Гродна (3 лістапада 2018). Праверана 28 лютага 2024.
  3. Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл. ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 220. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).
  4. Кишик Ю. Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн: Белорусская наука, 2007. — С. 70. — 303 с. — ISBN 978-985-08-0830-1.
  5. а б в Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 41. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230.
  6. а б в Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 130. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  7. Королевский город Гродно, путеводитель, Рифтур, 2008, А. Семенчук и др.
  8. а б Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 220. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).
  9. Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 42. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230.
  10. а б в г Адкрыецца без рыбкі. Ці патрэбны гораду “гістарычны” Дом рыбака . Hrodna.life - навіны Гродна (3 чэрвеня 2022). Праверана 28 лютага 2024.
  11. а б Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 134-135. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  12. Архітэктура Гродна Архівавана 23 ліпеня 2013.
  13. Глобус Беларусі
  14. I. Трусаў прыводзіць як дату пабудовы 1643, a Лапеха дапускае, што частка камяніцы — сцяна, якая прымыкае да ўсходняга фасада будынка — можа быць яшчэ больш ранняга часу
  15. Ад палаца да інтэрната. Што вядома аб гістарычным доме на Замкавай, які прададуць з малатка . Hrodna.life - навіны Гродна (28 лютага 2024). Праверана 28 лютага 2024.
  16. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 131. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  17. а б Забудова князёў Масальскіх на вуліцы Замкавай у Гродне Архівавана 29 кастрычніка 2013.
  18. Інтэрнат-«палац» на Замкавай прадалі амаль за паўмільёна долараў . Hrodna.life - навіны Гродна (17 жніўня 2023). Праверана 28 лютага 2024.
  19. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 132-133. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  20. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 133-134. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  21. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 136-137. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  22. В.Саяпин, Т.Касатая. Гродно: театр,кино, цирк. — Гродно: ООО «ЮрСаПринт», 2011. — С. 30. — 76 с. — («Нгопо Гродно»). — ISBN 978-985-90194-3-6.
  23. а б в Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 137. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  24. Архітэктура Гродна Архівавана 21 лютага 2009.
  25. Чантурия В. А. Архитектурные памятники Белоруссии.. — Мінск: Вроцлаўская навуковая друкарня, 1982. — С. 116-118. — 223 с.
  26. а б В. В. Швед, А.П.Госцеў. Горадня.Аповяды з гісторыі горада (сярэдзіна 16 - канец 18 ст.). — Гродна: Вроцлаўская навуковая друкарня, 1997. — С. 7. — 140 с.
  27. Чантурия В. А. Архитектурные памятники Белоруссии.. — Мінск: Вроцлаўская навуковая друкарня, 1982. — С. 118-120. — 223 с.
  28. “Ён падвяргаецца крытыцы, але гэта першы такі праект”. На Замкавай адкрылі “Дом рыбака” . Hrodna.life - навіны Гродна (3 чэрвеня 2022). Праверана 28 лютага 2024.
  29. Праект гродзенскага ГЦ Na Zamkavaj прызналі найлепшым сярод праектаў гандлёвых цэнтраў Беларусі . Hrodna.life - навіны Гродна (25 верасня 2023). Праверана 28 лютага 2024.
  30. Urban Hrodna - городская среда Гродно. Telegram. Праверана 28 лютага 2024.
  31. Зусім не камяніца Масальскіх. Дзе знайсці самы стары жылы дом у Гродне? . Hrodna.life - навіны Гродна (28 лютага 2024). Праверана 28 лютага 2024.
  32. Аляксееў Л.В. Гродна і помнікі Панямоння.. — Мінск: “Беларуская навука”, 1996. — С. 29. — 191 с. — ISBN 5-343-01410-0.
  33. Сквер за "текстилями" переживает последнюю осень: там построят офисный центр. Что думают гродненцы? (руск.). Hrodna.life - новости Гродно (28 лютага 2024). Праверана 28 лютага 2024.
  34. Піваварчык С. М. Храналогія ліквідацыі яўрэяў у Гродне
  35. Славутасці Гродна. Стары Замак
  36. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 156. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  37. Инга Островцова. От князя Витовта до поручика Арнольда Архівавана 20 студзеня 2009.
  38. Масты Гродна. Частка VIІ. Масты не над вадою. Архівавана 29 кастрычніка 2013.

Гл. таксама

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!