Ампі́р (ад фр. : empire — «імперыя») — стыль у архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве першай траціны XIX ст. у Францыі і Расійскай імперыі , завяршальная фаза класіцызму [ 1] .
Перадумовай ампіру ў Францыі ў канцы XVIII стагоддзя было імкненне майстроў класіцызму да ўсё большай лапідарнасці і манументальнасці — у праектах К. Н. Леду [ru] , Э. Л. Буле [ru] і інш. Іх ідэі аскетычна-лаканічных і геаметрычна выразных збудаванняў насілі ў асноўным утапічны характар , але яны ўзбагацілі наступныя пошукі архітэктараў[ 1] .
Стыль Дырэкторыі (1795—1799) і т.зв. стыль Консульства , якія папярэднічалі ампіру, ужо арыентаваліся на мастацтва грэчаскай архаікі , імперскага Рыма , а таксама Старажытнага Егіпта , пераймаючы яго манументальнасць, лаканізм, пазней — ідэю зацвярджэння імперскай велічы пасродкам шматлікіх атрыбутаў і сімвалаў . Актыўнае выкарыстанне вялікіх непадзеленых паверхняў сцен, геаметрычная правільнасць суцэльных аб’ёмаў будынкаў, масіўнасць пілонаў і калон часткова ўзыходзяць да старажытнаегіпецкага мастацтва . Шырокае распаўсюджанне ў архітэктуры ампіру атрымалі порцікі дарычнага і тасканскага ордараў ; дэкор будынкаў быў нярэдка перагружаны ваеннай атрыбутыкай (ліктарскія фасцыі , даспехі , вянкі , геральдычнымі арлы [ru] , таксама стылізаваныя сфінксы і да т.п.)[ 1] .
Разам з тым у структуры формаўтварэння ампіру праглядаецца ўзмацненне горадаўтваральнай ролі фасадаў будынкаў, якія забяспечваюць сіметрычнасць і гарманічнасць ансамбля ў цэлым[ 1] .
Францыя
У імперскі перыяд у Францыі шырока распаўсюдзілася прамое запазычанне архітэктурных тыпаў і формаў старажытнасці (трыўмфальныя аркі , абеліскі і інш.), матываў дэкору інтэр’ераў (антыкізаваныя егіпецкія рэльефы і арнамент , пампеянскі стыль і да т.п.), знарочыста парадных і прахалодна-ўрачыстых, напоўненых тэатральным пафасам. Вядучыя майстры французскага ампіру — архітэктары Ш. Персье [ru] і П. Ф. Л. Фантэн , таксама Ж. Ф. Шальгрэн [ru] [ 1] .
Расійская імперыя
Ампір у Расійскай імперыі (іншыя назвы — высокі класіцызм , ці аляксандраўскі класіцызм ) узнік пад уплывам французскага мастацтва і стаў выразнікам ідэй дзяржаўнай велічы і незалежнасці; найбольшае распаўсюджанне атрымаў у горадабудаўнічых ансамблях Санкт-Пецярбурга (архітэктары К. І. Росі , А. Д. Захараў , А. Н. Вараніхін , Ж. Ф. Тама дэ Тамон , В. П. Стасаў і інш.) і Масквы (Дж. Б. Жылярдзі і Д. Жылярдзі , А. Р. Грыгор’еў , В. І. Бавэ ). У розных гарадах Расійскай імперыі разгарнулася будаўніцтва па «ўзорных» праектах, дзякуючы якому ампір стаў агульнарасійскім культурным здабыткам[ 1] .
На Беларусі
У беларускім дойлідстве стыль ампір развіваўся пад моцным уплывам рускай архітэктуры . Для будынкаў характэрныя масіўныя кубападобныя аб’ёмы з вялікімі гладкімі плоскасцямі, з якімі кантрастуюць дэкаратыўныя элементы ў выглядзе арнаментаваных панэляў , фрызаў , медальёнаў , разетак , выяў людзей і г.д. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вылучаецца строгай прасторай формаў, статычнасцю і манументальнасцю, геаметрычнай выразнасцю чляненняў . Нярэдка класічныя ордарныя элементы перапрацоўваліся ў адпаведнасці з новымі мастацкімі поглядамі, напрыклад, у завяршэнні порцікаў выкарыстоўвалі прамавугольныя або ступеньчатыя атыкі , калоны пераважна дарычнага або тасканскага ордараў пазбаўлялі энтазіса (патаўшчэння ствала калоны), базы , парушалі іх класічныя прапорцыі (Сноўскі палацава-паркавы ансамбль , Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор , «Дом паляўнічага » ў Гомелі , 1809—1819, арх. Дж. Кларк ; асабняк у Слоніме , капліца каля в. Мілавіды Баранавіцкага раёна )[ 2] .
У кампазіцыі дамінуе порцік або франтон на галоўным фасадзе (жылы дом у Гродне на вул. Замкавай , 16), бельведэр (Жамыслаўскі палац ). Важнае мастацкае значэнне набыло афармленне ўваходных дзвярэй глухой разьбой . Фасады будынкаў афармляліся барэльефнымі выявамі вайсковых атрыбутаў (Нясвіжскі палац )[ 2] .
У інтэр’еры палацаў выкарыстоўваліся буйныя фрызы і панэлі з барэльефнымі кампазіцыямі (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль ), каларыстычнае вырашэнне інтэр’ера грунтавалася на кантрасце інтэнсіўнага па колеры фону сцен і светлай столі , мармуровых дэталяў аддзелкі камінаў , ліштваў . Важную ролю ў мастацкім вырашэнні інтэр’ера адыгрывалі творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (мэбля , гадзіннікі , падсвечнікі і інш.)[ 2] .
Прадстаўнікі ампіру надавалі вялікае значэнне малым архітэктурным формам (фантан сядзібы ў г.п. Нароўля , брамы сядзібы ў в. Барбароў Мазырскага і г. Давыд-Гарадок[удакладніць ] Столінскага , надмагілле А. Снядэцкага ў в. Гароднікі Ашмянскага раёнаў, лаўка на Трышынскіх могілках у Брэсце і інш.). Для твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ампіру характэрна статычная маналітная форма, з якой кантрастуе пластыка-дэкаратыўная аддзелка ў выглядзе арнаментальных уставак. У мэблі апорам канап , крэслаў , сталоў надаваліся формы калон , канеліраваных слупоў, яны дэкарыраваная выявамі грыфонаў , лебедзяў , ільвоў і інш[ 2] .
У сярэдзіне XIX ст. ампір пачаў змяняцца рознымі эклектычнымі плынямі [ 2] .
Мэбля і іншыя віды мастацтва
Ф. Жэрар . «Напалеон Банапарт у каранацыйным касцюме». Пачатак XIX ст. Музей Версаля .
Ампір праявіўся таксама ў мастацтве мэблі (сям’я Жакоб , мэбля па праектах Ж. Л. Давіда ў Францыі, праекты А. Н. Вараніхіна і К. І. Росі ў Расіі). Моцны ўплыў аказаў стыль ампір на формы і дэкор вырабаў з металу , фарфору , шкла , на мадэлі адзення , а таксама на выяўленчае мастацтва (жывапіс Ж. Л. Давіда , А. Гро , Ф. Жэрара ; скульптура А. Кановы , І. П. Мартаса , І. П. Віталі , В. І. Дэмут-Маліноўскага і інш.)[ 1] .
Іншыя краіны
У некаторых краінах Еўропы (Вялікабрытанія , Італія , Данія ) у першай траціне XIX ст. назіраліся падобныя пошукі ў галіне архітэктуры і дэкаратыўных мастацтваў (напрыклад, стыль Рэгенцтва і «стыль Георга IV » у Англіі , «прускі элінізм » у Германіі ), аднак яны не атрымалі назвы «ампір». Уплыў ампіру ў другой палове XIX ст. несумненны ў дойлідстве Францыі (стыль Другой імперыі ), Вялікабрытаніі (віктарыянскі стыль ), Італіі, кайзераўскай Германіі . Такія яго характэрныя рысы, як культ дзяржаўнасці і імперскай велічы, халодная пампезнасць, праявіліся ў таталітарным мастацтве 20 ст. (фашысцкае мастацтва ў Італіі, мастацтва Трэцяга рэйха [ru] ў Германіі, неакласіцызм у СССР )[ 1] .
Трон Напалеона
Крэсла з Луўра
Настольны гадзіннік
Ампір у Беларусі
Гл. таксама
Зноскі
Літаратура
Ампир // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов . — М . : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
Курбатов В. Классицизм и ампир // Старые годы. 1912. Июль — сентябрь;
Vaequier J., Marmottan P. Le Style Empire: En 5 vol. P., 1924—1934;
Некрасов А. И. Русский ампир. М., 1935;
Isermayer C. Empire. Münch., 1977;
Гайдамак А. Русский ампир. М., 2000;
Турчин В. С. Александр I и неоклассицизм в России. Стиль империи или империя как стиль. М., 2001.
Спасылкі