Абстракцыяні́зм, абстра́ктнае маста́цтва (лац.: abstractio — выдаленне, адцягненне) — кірунак нефігуратыўнага мастацтва, які адмовіўся ад набліжанай да рэчаіснасці выявы формаў у жывапісе і скульптуры.
Вытокі абстрактнага мастацтва ўзыходзяць да ранніх этапаў першабытнага мастацтва і дзіцячай творчасці як неарганізаванага выяўлення эстэтычнай імпульсіўнай дзейнасці. Абстрактнае мастацтва захоўвае відавыя і тэхнічныя сродкі, выпрацаваныя выяўленчымі мастацтвамі (карціна, роспіс, скульптурная кампазіцыя; лінія, каларыт, светлацень і інш.), аднак адмаўляецца пры гэтым ад выяўлення навакольнага свету і ад самога прынцыпу выяўленчасці. Адна з мэтаў абстракцыянізму — дасягненне «гарманізацыі», стварэнне пэўных каляровых спалучэнняў і геаметрычных формаў, каб выклікаць у сузіральніка разнастайныя асацыяцыі. Твор заснаваны выключна на фармальных элементах (лінія, колеравая пляма, адцягненая канфігурацыя).
Абстракцыянізм як асобны мастацкі кірунак узнік у пачатку XX ст. Для яго характэрны вельмі абстрагаваныя вобразы, якія практычна ніяк не звязаны з рэчаіснасцю, крайняя фармалізацыя агульнай кампазіцыі, адвольнае, часам хаатычнае спалучэнне геаметрычных форм, колеравых ліній і плям. Прадстаўнікі абстракцыянізму сцвярджаюць, што яны не выяўляюць рэчаіснасць, а твораць «новую рэальнасць». Сярод заснавальнікаў і асноўных прадстаўнікоў абстракцыянізму — Васіль Кандзінскі, Пабла Пікаса, Казімір Малевіч, Жорж Брак, Рабэр Дэланэ, Піт Мандрыян і інш. Пасля Другой сусветнай вайны абстракцыянізм становіцца адным з вядучых кірункаў у мастацтве Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі.
Зноскі
Літаратура
Культуралогія: Энцыкл. даведнік Уклад. Э. Дубянецкі. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6
Шишанов В. А. Витебский Музей современного искусства: история создания и коллекции. 1918—1941. Минск: Медисонт, 2007. 144 с.