Станіслаў Нікадзімавіч Булак-Балаховіч

Станіслаў-Мар'ян Нікадзімавіч Булак-Балаховіч
руск.: Станислав Никодимович Булак-Балахович
польск.: Stanisław Bułak-Bałachowicz
Балаховіч у польскай форме
Балаховіч у польскай форме
Мянушка Бацька
Дата нараджэння 10 (22) лютага 1883
Месца нараджэння
Дата смерці 10 мая 1940(1940-05-10)[1] (57 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Прыналежнасць Расійская імперыя (1914—1917)
Расійская рэспубліка (1917)
РСФСР (1918)
Белы рух (1918—1919)
БНР (1919—1920)
Польшча (1920—1940)
Гады службы 19141940
Званне Генерал-лейтэнант
Бітвы/войны Першая сусветная вайна
Вайна за незалежнасць Эстоніі
Польска-савецкая вайна
Варшаўская бітва, 1920
Грамадзянская вайна ў Іспаніі
Другая сусветная вайна
Абарона Варшавы, 1939
Узнагароды і званні
Ордэн Святога Уладзіміра IV ступені
Ордэн Святога Уладзіміра IV ступені
Ордэн Святой Ганны III ступені
Ордэн Святой Ганны III ступені
Ордэн Святой Ганны IV ступені
Ордэн Святой Ганны IV ступені
Ордэн Святога Станіслава III ступені
Ордэн Святога Станіслава III ступені
Ордэн Святога Станіслава II ступені
Ордэн Святога Станіслава II ступені
«Крыж храбрых» Булак-Балаховіча
Георгіеўскі крыж 2 ступені
Георгіеўскі крыж 2 ступені
Георгіеўскі крыж 3 ступені
Георгіеўскі крыж 3 ступені
Георгіеўскі крыж 4 ступені
Георгіеўскі крыж 4 ступені
Ваенны крыж (Францыя) з пальмавай галіной
Сувязі брат Язэпа Булак-Балаховіча
Аўтограф
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Станісла́ў Нікадзі́мавіч Була́к-Балахо́віч (руск.: Станислав Никодимович Булак-Балахович, польск.: Stanisław Bułak-Bałachowicz; 22 (10) лютага 1883; в. Мейшты, цяпер Ігналінскі раён, Літва — 10 мая 1940; Варшава, цяпер Польшча) — беларускі, польскі і расійскі вайсковы дзеяч. Афіцэр кавалерыі Рускай імператарскай арміі, генерал-маёр Белай арміі, генерал Асобнага атрада БНР, камандзір добраахвотніцкіх атрадаў польскай арміі ў 1920 г., удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі на баку генерала Франка. Таксама вядомы як Бацька Булак-Балаховіч.

Раннія гады

Дзяцінства. Паходжанне

Нарадзіўся 22 лютага (па старым стылі — 10 лютага) 1883 года ў Мейштах Новааляксандраўскага павета, Ковенскай губерні Расійскай імперыі ў сялянскай каталіцкай сям’і[2]. Бацька — Нікадзім Міхал Балаховіч, беларус, быў кухарам Мейштовічаў з Мейштаў. Маці — Юзэфа з дому Шафранаў, полька, была пакаёўкай Малгажаты Мейштовічавай (з дому Корвін-Мілеўскай) і дачкой кухара Корвін-Мілеўскіх[3]. Пасля жаніцьбы, разам з братам Людвікам, пры дапамозе ўзятай у Мейштовічаў пазыкі, Нікадзім купіў маёнтак Юдуцыны пад Шаркоўшчынай, а ў 1887 годзе прадаў гэты маёнтак графу Лапацінскаму, падзяліўшы з братам інвентар. Пасля продажу маёнтка бацька ўзяў у доўгатэрміновую арэнду ад Мейштовічаў маёнтак Стакапіёва Новааляксандраўскага павета[4].

Нікадзім і Юзэфа Балаховічы мелі 9 дзяцей: трох сыноў і шэсць дачок. Найстарэйшай была дачка Марыя, наступны — Станіслаў[5]. Яго браты былі намнога малодшыя за яго: Язэп нарадзіўся ў 1894, Мечыслаў — у 1899. Малодшых сясцёр звалі: Паўліна, Людміла, Вераніка, Ганна і Стэфанія[5]. Бацька Балаховіча быў свядомым беларусам. Маці варожа ставілася да беларускага пытання. Дома Балаховічы гаварылі па-беларуску. Станіслаў ведаў таксама рускую, польскую (даволі дрэнна), літоўскую і нямецкую мовы[2][6].

Паводле мужчынскай і жаночай лініі сваякамі Балаховічаў з’яўляліся сем’і Карловічаў, Лапінскіх, Ясінскіх, Лаўрыновічаў, Рабельчышаў, Эйсмантаў, Рудзінскіх і Балаховічаў. Усе яны жылі ў Новааляксандраўскім і Свянцянскім паветах[5].

Сваё імя Станіслаў, першы сын Балаховічаў, атрымаў па хросным бацьку Станіславе Незабытоўскім. Хроснаю маці была Марыя Мейштовічыха[5].

«Булак» — уласнабеларускае слова, якое азначае «воблака». Праўдападобна, гэта мянушка аднаго з шматлікіх адгалінаванняў Балаховічаў[7].

Адукацыя

Хатнім настаўнікам, які даў першую навуку, быў стрыечны брат Юліюш Ясінскі. Пачатковую адукацыю атрымаў у павятовай школе ў Новааляксандраўску Ковенскага павета[4]. Пасля вучыўся ў чатырохгадовай прыватнай польскай гімназіі св. Станіслава ў Пецярбургу, пад апекай кс. Ксаверыя Ясінскага, яго дзядзькі па маці, у якога і жыў[8].

Пажаданнем сям’і было, каб Станіслаў паступіў у духоўную семінарыю. Паколькі яму было тады толькі 16 гадоў, то ён адбыў дзеля гэтага гадавую практыку ў маёнтку Міхала Мейштовіча, пасля чаго адмовіўся ад духоўнай кар’еры і прайшоў 4-гадовыя практычна-агранамічныя курсы ў маёнтку Броэль—Плятэраў у Бяльмонтах[8].

Праца

З 1902 года пачаў самастойна зарабляць на сябе. У 1903 годзе працаваў як бухгалтар пры пабудове чыгункі ў Наваградскім павеце. Зіму правёў на Каўказе ў свайго швагра, загадчыка чыгуначных складоў. З сакавіка 1904 года да пачатку Першай сусветнай вайны займаў пасаду ўпаўнаважанага адміністратара маёнтка Гарадзец-Лужкі ў Дзісенскім павеце, які належаў графам Зіберк-Плятэрам. У маёнтку і мястэчку Балаховіч арганізаваў добраахвотную пажарную каманду, якую ўзначальваў да вайны[5].

Вайсковая служба

Пачатак Першай сусветнай вайны. Імператарская армія

Як жаўнер аддзела Пуніна

З пачаткам Першай сусветнай вайны, 20 жніўня 1914 года з групай добраахвотнікаў з Дзісеншчыны і братам Язэпам на ўласных конях, экіпіраваны і ўзброены, адправіўся добраахвотнікам на фронт[9]. Паводле яго слоў, зрабіў гэта пасля адозвы вялікага князя Мікалая Мікалаевіча да палякаў ад 1 жніўня[9], у якой той заявіў «Хай сатруцца граніцы, якія разадралі на часткі рускі народ. Хай уз’яднаецца ён разам пад скіпетрам рускага цара. Пад скіпетрам гэтым адродзіцца Польшча, вольная ў сваёй веры, мове і самакіраванні»[10]. Быў накіраваны на перападрыхтоўку ў 53 батальён у Полацку.

20 жніўня 1914 года прыбыў і залічаны ў спісы 2-га Лейб-уланскага Курляндскага палка (на 1910 полк быў размешчаны ў горадзе Кальварыя). Службу адбываў у 5-м эскадроне, 3-м звязе[9]. Паказаў сябе на службе добра, атрымаў медаль Св. Георгія 4-й, 3-й і 2-й ступені, два срэбныя і адзін залаты. Быў паранены ў баі пад Ваўрам[9]. 9 чэрвеня 1915 быў паранены ў плячо ў часе бою ля вёскі Сярдыкі пад Коўнам[11]. Быў акружаны выведвальным атрадам немцаў, аднак прарваўся і своечасова паведаміў рэзерву пра напад, які рыхтаваўся. Паранены, браў удзел у адбіцці начной атакі і быў за мужнасць прадстаўлены да афіцэрскага чыну.

9 ліпеня 1915 года атрымаў першы афіцэрскі чын за мужнасць, са старшынствам з 9 чэрвеня[11]. За захоп нямецкага абозу 17 ліпеня атрымаў першую афіцэрскую ўзнагароду, стужку Св. Ганны за адвагу і падвышэнне да камандзіра 3-га звяза 5-га эскадрона. 30 жніўня у часе контратакі на вёску Лепалаты ў Ковенскай губерні быў кантужаны цяжкім снарадам і лекаваўся ў Кейданах[11].

2-я кавалерыйская дывізія была перакінутая на Дынабургскі фронт. Балаховіч вызначыўся ў часе адступлення, камандуючы ўзводам каля Фрыдрыхштата і Якабштата, яму атрымалася 2 тыдні абараняць гэтую пазіцыю[11].

У лістападзе 1915 года быў камандзіраваны ў партызанскі атрад асаблівай важнасці пры штабе Паўночнага фронту ў якасці камандзіра эскадрона. Пад камандаваннем Леаніда Пуніна гэты атрад дзейнічаў супраць немцаў у раёне Рыгі[12]. За сталыя дзёрзкія вылазкі ў тыл немцаў пунінскія партызаны былі празваныя «рыцарамі смерці»[12]. 23 студзеня 1916 года ў часе бітвы пад Тукумам быў паранены карабіннай куляй у левае плячо[13]. Быў эвакуяваны ў Петраград у Англійскі шпіталь, у красавіку вярнуўся на фронт і атрымаў Крыж Св. Станіслава II ступені і прызначэнне камандзірам эскадрона[13]. Пазней быў прызначаны камандзірам 2-га эскадрона Пуніна і прадстаўлены на атрыманне чыну паручніка. У жніўні 1916 года быў адкамандзіраваны з 2-м эскадронам са 120 людзьмі ў 6-ы сібірскі корпус у распараджэнне начальніка штаба генерала Ярашэвіча. Тут дабіўся поспеху і атрымаў намінацыю на памочніка камандзіра атрада Пуніна і прадстаўлены да чыну ротмістра, а таксама атрымаў падзяку корпусу і XII арміі ў загадзе. 25 снежня 1917 года ў часе наступлення быў цяжка паранены куляй у сківіцу і галаву. Паранены давёў атаку да канца[14].

У чэрвені 1917 года быў абраны салдацкім камітэтам камандзірам эскадрона і ў сувязі з гэтым пераведзены ў паручнікі ваенным камісарам Часовага ўрада. Пасля знаходзіўся на лячэнні ў Петраградзе[15]. На момант Кастрычніцкай рэвалюцыі знаходзіўся ў Лузе (Санкт-Пецярбургская губерня), дзе меў атрад і кантраляваў ваколіцы[15].

Служба ў Чырвонай арміі

Бальшавікі, не маючы рэальных сіл у раёне дыслакацыі атрада Балаховіча, вырашылі легалізаваць яго[15]. У лютым 1918 прызначаны камандзірам I Лужскага партызанскага кавалерыйскага палка IV Петраградскай дывізіі Чырвонай Арміі, які пазней быў перайменаваны ў 3-і Петраградскі кавалерыйскі полк[15][16]. Загадам Льва Троцкага частка не падлягала кантролю ваеннага камісара. Балаховіч выкарыстаў гэта, не дапускаючы набору камуністамі і запаўняючы шэрагі беларусамі, палякамі ды рускімі[16].

У ліпені 1918 года партызанскі атрад займаўся задушэннем сялянскіх антыбальшавіцкіх паўстанняў у Лужскім павеце і ў Стругах Белых, якія былі выкліканыя дзеяннямі прадатрадаў[12][15]. Пазней старшыня Пскоўскага губвыканкама дакладваў пра задушэнні на з’ездзе наступнае: «Атрад вёў відавочна правакацыйную работу ў вёсцы. На яго зверскія „рэквізіцыі“ і наогул яго манеру ад сялян увесь час даводзілася чуць скаргі. Калі з прычыны гэтага паднімалася сялянскае паўстанне, Балаховіч ехаў і ўціхамірваў яго са страшнай жорсткасцю…»[15].

На 25 кастрычніка 1918 года колькасць палка складала 1 121 чалавек (38 — камандны склад, 883 — у страі і 200 па-за строем)[12].

З узмацненнем белага руху і адначасовым ростам рэпрэсій з боку органаў ЧК Булак-Балаховіч прыйшоў да высновы пра неабходнасць перайсці на бок белых[15]. У сярэдзіне кастрычніка 1918 года ў Пскове, які заставаўся ў руках немцаў, з’явіліся два афіцэры-балахоўцы, якія ўсталявалі кантакт з штабам белага Добраахвотніцкага корпуса, які фармаваўся ў гэтым горадзе[16]. 17 кастрычніка было распрацавана пагадненне паміж Балаховічам і начальнікам выведкі Пскоўскага корпуса. Згодна з ім, Балаховіч меўся перайсці на бок белых у пачатку лістапада. Але яго I эскадрон пад камандаваннем пад’есаула Пярмікіна перайшоў да белых ужо 26 кастрычніка, праз што Балаховіч апынуўся ў складанай сітуацыі[16]. Намеснік камісара Паўночнай камуны Багацін выклікаў Балаховіча да сябе, пагражаючы ў выпадку няяўкі Рэвалюцыйным трыбуналам[16].

У Петраград паехаў пераапрануты ў Балаховіча яго ардынарац, татарын Куба Хасяневіч, які перад канцом падарожжа пераапрануўся і збег[16]. Балаховіч у гэты час пераканаў вайсковага камісара Гдоўска-Тарошынскага раёна Яна Фабрыцыуса ў сваёй адданасці савецкай уладзе і паабяцаў адпомсціць Пярмікіну[16]. Пасля гэтага сфабрыкаваў загад ваеннага Рэўкама, паводле якога яму прадпісвалася наступаць на Пскоў, ды пачаў збіраць свае падраздзяленні ў раёне станцыі Белыя Стругі. Тут як «атаман сялянскіх партызанскіх атрадаў» ён выдаў адозву да сялянства з заклікам змагацца з бальшавікамі ды пачаў прасоўвацца ў бок Тарошына[17].

У Пскоў Булак-Балаховіч са сваімі паплечнікамі (каля 800 шабель) прыбыў 2 лістапада 1918 года. Атраду была абвешчана амністыя, афіцэрам былі захаваныя іх ранейшыя чыны, а Булак-Балаховічу — нададзенае званне ротмістра[12].

У Белай арміі

Візіт найвышэйшага камандавання эстонскай арміі ў Пскоў 31 мая 1919 г. Генерал С. Булак-Балаховіч (злева) размаўляе з камандуючым эстонскай арміяй Ёханэсам Лайданерам

У сярэдзіне лістапада Булак Балаховіч і яго афіцэры дабіліся адхілення генерал-маёра Аляксея Вандама ад камандавання і паспрабавалі правесці на пасаду самога Балаховіча, аднак камандаванне корпусам прыняў Г. Нэф[12].

25 снежня 1918 года часткі Паўночнай арміі падпарадкаваліся ўладзе незалежнай Эстоніі. Армія была пераўтвораная ў Паўночна-Заходні корпус, які быў падзелены на дзве групы ў аператыўных адносінах. Адна група дзейнічала ў раёне Нарвы, другая — на пскоўскім кірунку[18].

У студзені 1919 года за паспяховае адступленне ад Пскова быў прызначаны падпалкоўнікам[12]. У лютым атрад увайшоў у склад Паўночнага корпуса генерала Радзянкі[17].

У канцы лютага Булак-Балаховіч прапанаваў камандаванню зрабіць набег на бальшавікоў. Балаховіч павінен быў з вострава Парысара зайсці ў тыл, выставіўшы заслону для прыкрыцця левага фланга атрада палкоўніка Вятрэнкі[12]. Наступленне павінна было пачацца а 4-й гадзіне раніцы, але а 1-й гадзіне ночы Балаховіч папрасіў адкласці набег да наступнага дня. Гэтую просьбу ён матываваў з’яўленнем трэшчын на лёдзе Чудскога возера, па якім меўся ісці партызанскі атрад. Адмяніць прыказ Радзянка ўжо не мог, бо іншыя часткі выступілі ўжо ўвечары мінулага дня і сувязі з імі не было. У выніку атрад Вятрэнкі атрымаў неапраўданыя страты[12]. Пасля гэтага няўдалага набегу, з мэтай пераўтварэння партызанскага атрада ў страявую частку, камандаванне скасавала штаб атрада Булак-Балаховіча як залішні, а сам конны атрад быў пераназваны ў Конны полк Булак-Балаховіча[12].

Вясной полк дзейнічаў на беразе Чудскога возера ў раёне вёскі Мехікарм і вострава Пійрысар, адкуль рабіў пірацкія напады ў тыл частак Чырвонай Арміі, у тым ліку на Талабскія астравы[17]. 5 красавіка Балаховіч заняў Гдоў, дзе яму ўдалося захапіць казначэйства, кулямёты і вялікую колькасць рыштунку[12][17].

Да Вялікадня 1919 года Булак-Балаховіч атрымаў званне палкоўніка і, паводле хадайніцтва генерала А. Радзянкі, прызначаны інспектарам кавалерыі корпуса. Паводле слоў Радзянкі, зрабіў ён гэта з мэтай «адцягнуць яго ад партызан яго атрада і гэтым спыніць у корпусе імкненне да партызаншчыны»[12]. У гэты час ён знаходзіўся ў Нарве[17]. Камандаванне палком атрымаў Язэп Балаховіч[17].

Не пазней за красавік 1919 года палкоўнік літоўскай арміі Мікас Гядгаўдас прапанаваў Станіславу Булак-Балаховічу перайсці са сваім атрадам у склад літоўскай арміі, на што той пагадзіўся. У лісце прадстаўніку Літвы Балаховіч выказаўся, што ён «здаўна выношваў мару прыбыць на чале добра ўзброенага атрада для абароны граніц на сваю Радзіму»[19]. Ён сказаў, што гатовы стварыць у Эстоніі атрад у некалькі соцень жаўнераў літоўскай арміі, але для гэтага «неабходна некаторая маральная і матэрыяльная падтрымка з боку Літвы». 10 мая прадстаўнік атрада Балаховіча жаўнер Галкін перадаў літоўскім прадстаўнікам пісьмовае прашэнне аб залічэнні ў літоўскае войска «Балаховіча з літоўцамі». 15 мая літоўскі міністр загадвае маёру Аляксандрасу Шумскасу выехаць у Эстонію і арганізаваць перапраўку атрада Балаховіча ў Літву, на што літоўскім урадам было выдзелена 10 000 аўксінаў. Балаховіч, прыняўшы літоўскія грошы, адкладвае высылку жаўнераў на пазнейшы час[20]. У лісце ад 15 чэрвеня Балаховіч абавязваецца ў хуткім часе ажыццявіць ускладзеныя на яго задачы, але адзначае пра складанасць збору літоўцаў. 14 чэрвеня на літоўскі фронт быў высланы невялікі атрад пад камандаваннем Паўлоўскага. Аднак неўзабаве, пасля некалькіх баёў на баку літоўцаў, праз небаяздольнасць і харчовае ды фінансавае пытанне атрад быў высланы назад. 27 ліпеня камандуючы літоўскай арміяй Сільвестрас Жукаўскас загадаў перадаць прадстаўніку Балаховіча наступнае: «Паведаміце, што мы яго не чакаем і што хай атрымлівае забеспячэнне ад латвійскага насельніцтва…»[21].

У канцы красавіка, у часе падрыхтоўкі да наступлення, Станіслаў атрымаў назад камандаванне зыходнай групай[22]. 15 мая яго атрад пераправіўся на караблях праз Чудское возера і заняў Гдоў. Гэты манеўр дапамог эстонцам заняць 25 мая Пскоў. За гэтыя дзеянні Балаховіч падвышаны да палкоўніка[22].

29 мая часткі Балаховіча ўступілі ў Пскоў, ужо заняты на той час часткамі 2-й эстонскай дывізіі[15]. Тут Балаховіч гаспадарыць як вайсковы камендант Пскоўска-Гдоўскага раёна. З часам гаспадарання Балаховіча звязаныя публічныя павешанні на ліхтарах, якія праходзілі днём. Пакаранні праходзілі амаль штодзённа ў прысутнасці самога Балаховіча[12][18][22]. У ліпені, пасля пратэсту прадстаўнікоў саюзнікаў, пакаранні смерцю ў цэнтры горада былі спыненыя[12]. Балаховіч таксама прымяняў смяротныя пакаранні ў дачыненні да прадаўцоў нюхацельнага какаіну, таксама за некаторыя злоўжыванні расстраляў некалькі байцоў сваёй сотні[12]. За 10 месяцаў было павешана агулам каля 120 чалавек[22]. Таксама Балаховічам практыкаваўся прымусовы збор з «заможных элементаў» (у асноўным жыдоў) на ўтрыманне частак Белай арміі[12].

У ліпені 1919 года на бок Булак-Балаховіча перайшоў пяхотны полк Чырвонай Арміі[18].

У кіраўніцтве белай арміі наспяваў канфлікт паміж белымі генераламі Мікалаем Юдзенічам і Аляксандрам Радзянкам, манархістамі, якія складалі бальшыню ў палітычным і вайсковым кіраўніцтве Паўночна-Заходняй арміі, і рэвалюцыйна-дэмакратычнай групай на чале з Булак-Балаховічам, які быў на левым, эсэраўскім, крыле гэтай групы[18].

У жніўні, паводле просьбы генерала Арсеннева, Балаховіч быў прызначаны генерал-маёрам. Падставай для падвышэння стаў пераход частак Балаховіча і эстонцаў у контарнаступленне супраць бальшавікоў, якія блізка падышлі да Пскова[12][18]. Прыкладна ў той жа час Балаховіч быў абвінавачаны ў друкаванні фальшывых грошай, так званых керанак. Паводле патрабаванняў Балаховіча Тэшнер вырабіў клішэ для 40-рублёвых керанак, якія друкаваліся ў доме Камерцыйнага банка пад памяшканнем раённай камендатуры[12][15].

У Пскове Балаховіч актыўна кантактаваў з прадстаўнікамі Антанты і эстонскага войска, у выніку чаго прадстаўнікі саюзнікаў 19 жніўня 1919 года адхілілі генерала Арсеннева з пасады камандзіра 2-га корпуса і прызначылі на яго месца Балаховіча[15].

22 жніўня 1919 года галоўнакамандуючы Мікалай Юдзеніч аддаў загад палкоўніку Б. Перамыкіну заняць Пскоў, арыштаваць Булак-Балаховіча і аддаць яго пад ваенны суд за беззаконныя дзеянні[18]. 23 жніўня Булак-Балаховіч быў зняты з пасады камандуючага корпусам[18]. Булак-Балаховічу з дваццаццю коннікамі з яго асабістай сотні ўдалося ўцячы ў Гдоў, дзе ён падпарадкаваўся Юдзенічу[18]. Балаховіч фармальна здаў камандаванне, але яго атрад прыняў брат Язэп Балаховіч[23]. 26 жніўня праз пагаршэнне стасункаў між эстонцамі і Паўночнай-Заходняй арміяй з прычыны арышту Балаховіча эстонцы пакінулі Пскоў, у выніку чаго той быў заняты бальшавікамі[23]. Юдзеніч не пераймаўся стратай Пскова, яго галоўнай мэтай было наступленне на Петраград[23].

У хуткім часе Балаховіч уцёк з-пад хатняга арышту. 25 жніўня Балаховіч з невялікім атрадам сышоў у кірунку станцыі Могліна, дзе прыняў удзел у баі з бальшавікамі[12]. Працягваў партызанскую барацьбу пры эстонскай падтрымцы ў раёне Пскова[12].

Пасля паражэння Паўночна-Заходняй арміі пад Петраградам у лістападзе 1919 года сярод яе камандавання ўзмацніліся рознагалоссі. Яны абвастрыліся пасля адыходу Паўночна-Заходняй арміі на тэрыторыю Эстоніі і пачатку мірных перамоваў паміж Савецкай Расіяй і Эстоніяй. Расійская Паўночна-Заходняя армія павінна была быць інтэрнавана і падлягала ліквідацыі[18].

На баку БНР

Станіслаў Булак-Балаховіч са сваім сабакам Райтам, кастрычнік-лістапад 1919 года
Станіслаў Булак-Балаховіч са сваім штабам, кастрычнік-лістапад 1919

Рада БНР звярнула ўвагу на Булак-Балаховіча яшчэ восенню 1918 года, адразу пасля яго пераходу на бок белых. Усталяванне кантакту было немагчымым праз адсутнасць беларускага прадстаўніцтва ў Эстоніі. Акрамя гэтага, нямецкія акупацыйныя ўлады не пагаджаліся на арганізацыю беларускага войска[24]. Праз год, 18 кастрычніка 1919 года, шэф Беларускай вайскова-дыпламатычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі палкоўнік Кастусь Езавітаў устанавіў кантакт з Балаховічам. «Бачыўся з прадстаўнікамі Атрада Ген. Балаховіча. Балаховіч цяперака зусім вольны чалавек… Хацеў бы быць бліжэ да Бацькаўшчыны (Вільня). Лічыў адзін раз сябе літвіном[A 1], але цяпер даведаўся аб беларусах і сам ня ведае хто ён. Трэба, кажэ, добра пазнаёміцца з картай, рухам і гісторыяй», — так адзначыў першую завочную сустрэчу Кастусь Езавітаў. Далей Езавітаў зазначыў: «Я прапанаваў запытаць яго: Ці ведае ён беларускую (простую) мову; ці ведае мову літоўскую; ці ведае што фамілія его зусім беларуская; па літоўску была б Балаховічунас; як ён адносіцца да нацыянальных пытанняў і ці прызнае ён незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі»[25]. Праз некалькі дзён прадстаўнікі генерала ізноў сустрэліся з Езавітавым. «Яны прыйшлі да мяне і паведамілі, што Балаховіч беларускую мову ведае і Беларускую Народную Рэспубліку прызнае і гатоў бараніць». Для свайго пераходу Балаховіч запрасіў 400 тысяч марак, якія была патрэбныя на ўтрыманне атраду[25].

14 лістапада 1919 года Балаховіч падаў афіцыйную дэкларацыю аб беларускім грамадзянстве і прыняцці яго на беларускую службу[24]. Атрад атрымаў афіцыйную назву «Асобны аддзел войскаў БНР у Балтыі». Не пазней за 24 лістапада Балаховіч атрымаў ад Клаўдзія Дуж-Душэўскага і Кастуся Езавітава беларускую форму, пячаткі і штамп Асобнага атраду[26].

26 лістапада — «Асобны аддзел», паводле дамовы беларускіх дыпламатаў Клаўдзія Дуж-Душэўскага і Езавітава з урадам Эстоніі, прыняты на часовае ўтрыманне Эстоніі, фінансавыя выдаткі залічаныя ў якасці дзяржаўнай пазыкі БНР[24]. Не ўдалося дабіцца згоды эстонцаў на павелічэнне атрада шляхам мабілізацыі беларусаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Эстоніі, а таксама атрымаць дапамогу з боку дзяржаў Антанты. Амерыканская місія перадала балахоўцам палявы шпіталь і медыкаменты[27].

У лістападзе—снежні 1919 «Асобны аддзел» займаў частку антыбальшавіцкага фронту каля Ізборска, паміж эстонскай і латышскай арміямі[24]. З прычыны эстонска-савецкіх перамоў Езавітаў зрабіў у Рызе прапанову прыняць атрад Балаховіча пад латышскае камандаванне, на што атрымаў адмову. Магчыма, адной з прычын адмовы сталі беларускія прэтэнзіі на Дзвінск[27].

У пачатку студзеня 1920 года Латвія выказала згоду прыняць частку атраду на сваёй тэрыторыі, у населеным пункце Марыенбург, аднак адмовілася прыняць яго пад сваё камандаванне[27].

22 студзеня 1920 «Асобны аддзел» юрыдычна ўключаны Радай БНР (урад Антона Луцкевіча) у склад беларускага войска[28].

У ноч на з 27 на 28 студзеня 1920 Балаховіч арыштаваў галоўнакамандуючага Паўночна-Заходняй арміі Мікалая Юдзеніча. Арышт Юдзеніча быў здзейснены Булак-Балаховічам нібыта для «разлікаў» на ўтрыманне рэшткаў Паўночна-заходняга войска. Юдзеніч быў вызвалены эстонскімі ўладамі[28].

8 лютага 1920 Езавітаў звярнуўся з лістом да Юзафа Пілсудскага, у якім, спасылаючыся на яго дэкрэт аб фармаванні беларускага войска, прасіў выдзеліць атраду генерала Булак-Балаховіча ўчастак фронту на левым флангу польскіх войскаў. Гэты ліст прадстаўніку Польскай рэспублікі ў Рызе, Б. Боўфалу ўручыў сакратар беларускай місіі Янка Чарапук. Боўфал адмовіўся рабіць нейкія крокі ў гэтай справе, сцвярджаючы што Езавітава і Душэўскага адклікаў іх ўласны ўрад, якога Польшча не прызнае[28].

Пад польскім камандаваннем. Польска-савецкая вайна

Станіслаў Булак-Балаховіч і польскія афіцэры. Брэст, 1920 г.
Генерал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч з чынамі штабу яго атраду. Чаромха, 1920 г.
Штаб групы Булак-Балаховіча. Брэст, 1920 г.
Балаховіч з атрадам, 14 сакавіка 1920 г.

Палякамі былі распачатыя сакрэтныя перамовы з Балаховічам пры пасярэдніцтве яго брата Язэпа ў канцы студзеня 1920 года.

17 лютага 1920 года Балаховіч выказаў згоду на пераход пад польскае камандаванне (у дзень прыняцця ў склад беларускага войска ўрадам Антона Луцкевіча), адпаведнае пагадненне было падпісанае ў Рызе 23 лютага[29]. Паводле ўспамінаў Зінаіды Гіпіус, сам Булак-Балаховіч у канцы сакавіка 1920 года так тлумачыў абставіны пераходу свайго атраду з Эстоніі ў Польшчу[30]:

" Эстонія выпусціла толькі адзін мой атрад узброеным. Мае людзі ў гэтым атрадзе адмовіліся раззброіцца. У красавіку я павінен з імі ізноў ісці супраць бальшавікоў [...] Палякі прымуць мяне. Мой атрад ужо у Брэст-Літоўску. Я сустрэнуся з Пілсудскім і пакіну яго неадкладна, каб уз'яднацца з атрадам [...] Я беларус і каталік, але я змагаўся за Расію і буду падтрымліваць расійскую справу. "

26 лютага атрад (налічваў каля 800 байцоў) пераведзены ў БрэстБрэсцкую крэпасць) для падмацавання і перафармавання[29][31]. Адзіным папаўненнем атраду былі няпоўныя 200 жаўнераў, дастаўленыя з Эстоніі і Латвіі 21 чэрвеня 1920 года[29]. Толькі кожны пяты жаўнер быў беларусам[29].

Атрад генерала Булак-Балаховіча быў адасланы на фронт у ваколіцы Кіева 9 чэрвеня 1920. 10 чэрвеня польскія войскі пачалі адступленне з глыбіні польскіх пазіцый ва Украіне, выкліканае прарывам арміі Сямёна Будзённага. У сярэдзіне ліпеня часткі Балаховіча абараняюць лінію Стыр і выхады з палескіх абшараў. У канцы ліпеня атрад адступіў на Стаход. У хуткім часе атрад, падмацаваны арэнбургскімі казакамі, правёў паспяховы бой за Любяшоў, аднак для прыкрыцця пяхоты адступіў да Камень-Кашырскага. 3 жніўня генерал пакінуў і Камень-Кашырскі. Праз некалькі дзён Балаховіч перайшоў Буг і перайшоў у Людвінаў. На гэты час яго атрад складаў не больш за 700 чалавек[32].

У сярэдзіне жніўня, у пераломны момант Варшаўскай бітвы, у складзе 3-й арміі прыкрываў манеўр польскіх войскаў з-над Вяпра. 15 жніўня аддаў прыказ сканцэнтраваць свае сілы ў Лэнчнай, які выкананы на наступны дзень. У гэты дзень атрад налічваў 1000 штыхоў і 400 шабляў. Пасля камбінаванай паспяховай атакі на Пухачаў рушыў у кірунку Уладавы (17 жніўня)[33].

У верасні польскія войскі пачалі наступленне на фронце ад граніцы з Румыніяй да Брэста. 13 верасня група генерала Балаховіча ўзяла Камень-Кашырскі. 26 верасня Балаховічам узяты Пінск, гэтым рассек 4-ю савецкую армію. Аперацыя па захопе самога Пінска сталася адной з самых удалых вайсковых аперацый групы Балаховіча за час ваенных дзеянняў на бальшавіцкім фронце. 30 верасня група генерала Булак-Балаховіча была замененая 18-й ПД, завяршыўшы свой удзел у польска-савецкай вайне[34].

Палескі паход

Перадумовы

У той час, калі вяліся перамовы пра перавод Балаховіча на польскі бок, Пілсудскі шукаў хаўруснікаў з боку Расіі. Пілсудскі знайшоў паплечніка ў асобе Барыса Савінкава. 16 студзеня ён пагадзіўся на правядзенне плебісцыту на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Савінкаў атрымаў ад Пілсудскага дазвол на стварэнне расійскага вайсковага фармавання на тэрыторыі Польшчы[35]. 27 жніўня 1920 года паміж Савінкавым і Булак-Балаховічам была складзеная дамова, паводле якой Савінкаў абавязваўся правесці кандыдатуру генерала на пост галоўнакамандуючага расійскімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Польшчы, а Булак-Балаховіч згаджаўся прызнаць палітычнае кіраўніцтва Савінкава і яго Расійскага палітычнага камітэта (РПК)[12]. Булак-Балаховіч назваў сваю групу Рускай народнай добраахвотніцкай арміяй, а над яго штабам у Пінску лунаў расійскі сцяг[36].

Восенню 1920 з’явіўся Беларускі палітычны камітэт. Паводле гісторыка Алега Латышонка, камітэт быў патрэбны, каб стварыць палітычную шыльду для далейшага беларускага паходу[37]. У пачатку кастрычніка Пілсудскі прымае рашэнне пра паход Люцыяна Жалігоўскага на Вільню, у выніку якога пазней была створаная марыянеткавая дзяржава Сярэдняя Літва. На думку Алега Латышонка, паход Балаховіча павінен быў быць працягам паходу Жалігоўскага.

12 кастрычніка 1920 года ў Рызе падпісаная папярэдняя польска-савецкая мірная дамова. Гэтая дамова абавязвала польскі бок выдаліць са сваёй тэрыторыі або раззброіць антысавецкія ўзброеныя фармаванні да 2 лістапада. Польскае камандаванне прапанавала Балаховічу далей весці барацьбу самастойна або пакінуць тэрыторыю Польшчы са зброяй у руках, у выніку чаго той вырашыў перайсці польска-савецкую мяжу[37]. 12 кастрычніка Балаховіч падпісаў пагадненне з Беларускім палітычным камітэтам. БПК абавязваўся дапамагаць генералу ў арганізацыі беларускай арміі, а Балаховіч павінен быў перадаць уладу на занятай ім тэрыторыі[38].

Баявыя дзеянні

Армія генерала Булак-Балаховіча ў пачатку лістапада 1920 года налічвала каля 20 тысяч чалавек. Яна складалася з 1, 2 і 3-й ПД, Пешай сялянскай брыгады, 1-й кавалерыйскай дывізіі (КД), палка данскіх казакоў, Тубыльскага кавалерыйскага палка (КП), асабістых сотняў братоў Балаховічаў, палка цяжкай артылерыі, чыгуначнага палка, самалётнай эскадрыллі, а таксама штабных і тылавых частак. На баявыя часткі прыпадала каля 15 тыс. У баях не бралі ўдзел некаторыя часткі, якія не паспелі прыбыць альбо былі інтэрнаваныя польскім бокам (полк цяжкай артылерыі). Полк данскіх казакоў ухіліўся ад баявых дзеянняў. У бой уступілі каля 11 тыс. жаўнераў[39].

План прадугледжваў заняцце лініі ОўручМазырЖлобін, а затым удар на поўнач, на Бабруйск і Барысаў, і вызваленне Беларусі. Верагодна, план быў распрацаваны самім Пілсудскім[40]. План быў разлічаны на заняцце Менска польскімі войскамі, што і адбылося 15 кастрычніка. Аднак Балаховіч прамарудзіў з ударам, а польскія войскі вымушаныя былі пакінуць Менск 17 кастрычніка, выконваючы пагадненне аб замірэнні.

Балаховіч аддаў загад аб наступленні ад Турава на Мазыр 5 лістапада 1920. 8 лістапада войскі Булак-Балаховіча занялі Петрыкаў, 9 лістапада — мястэчка Скрыгалаў і вёску Скрыгалаўская Слабада. 10 лістапада ў другой палове дня часткі палкоўніка Мацвеева (1-я КД) узялі Мазыр[41]. Апоўдні 12 лістапада ў Мазыр прыбыў генерал Булак-Балаховіч. З гэтай нагоды былі вывешаныя беларускія сцягі. 16 лістапада Балаховіч заявіў, што не прызнае ўрадаў Луцкевіча і Ластоўскага, а БПК ператварыўся ва ўрад БНР. Гэты ўрад прысвоіў Балаховічу тытул Начальніка Беларускай Дзяржавы[42].

Ноччу з 17 на 18 лістапада пасля бальшавіцкага наступлення, войска Балаховіча пакінула горад Мазыр. У выніку адступлення 29 лістапада Балаховіч адступіў у нейтральную зону, створаную раней між Польшчай і СССР. 30 лістапада ён перайшоў граніцу і на наступны дзень накіраваўся ў Варшаву з дзеячамі БПК[43]. Атрад пазней быў раззброены польскімі войскамі.

Яўрэйскія пагромы

Фармаванні Булак-Балаховіча на Гомельшчыне здзяйснялі пагромы, яўрэйскае насельніцтва, якое абвінавачвалі ў камунізме, падвяргалася масавым грабяжам, здзекам і забойствам. У гэтым выпадку палітычныя прычыны пагромаў спалучаліся з жаданнем рабаваць. У вёсках Бібяткі было забіта 19 яўрэяў (ХІ.1920), Міхедавічы — 60 (XI.1920), Вялікія Гарадзяцічы — 70 (26.ХІ.1920), Малыя Гарадзяцічы — 10 (ХІ.1920) Мазырскага павета, у Калінкавічах — 26 (1920), Хойніках — 40 (1920). Агулам, па няпоўных даных, балахоўцы забілі больш за 246 яўрэяў[44].

Сам Булак-Балаховіч публічна выступаў супраць пагромаў і заклікаў караць салдат, якія імі займаюцца. Так у органе РПК, газеце «Свобода» № 85 за 24 кастрычніка 1920 года ён загадваў:

" Рабаванні і пагромы прымяншаюць нашу баявую славу і ганяць нашае добрае імя. Я буду бязлітасна змагацца з асобамі, якія падбухторваюць да яўрэйскіх пагромаў, бо гэта часцяком справа рук правакатараў…

…Загадваю салдатаў, вінаватых у пагромах і рабаваннях, таксама аддаваць пад ваенны суд для асуджэння па законах Ваеннага часу, а заспетых на месцы рабавання, як салдат, так і афіцэраў, расстрэльваць тут жа. Пагромы не павінны быць і не будуць больш дапушчацца.

"

Міжваенны перыяд. Другая сусветная вайна

Мемарыяльная дошка ў Варшаве

Пасля савецка-польскай вайны быў прызнаны генералам, але не залічаны ў склад польскага войска як чынны генерал.

У лютым 1921 года Балаховіч арганізаваў сустрэчу прадстаўнікоў Беларускага палітычнага камітэта і «Зялёнага Дуба» дзеля падрыхтоўкі да партызанскай вайны ў Беларусі на выпадак польска-савецкай вайны. Але ў хуткім часе штаб Зялёнага Дуба ў Лунінцы быў ліквідаваны расійскім Саюзам абароны Радзімы і Свабоды. Пры падтрымцы Балаховіча і на польскія грошы была ўтвораная новая арганізацыя Беларускіх беспартыйных актывістаў, але вялікіх поспехаў яна не дабілася[45].

27 красавіка 1921 года склаў дамову з Дзяржаўным камітэтам БНР у асобе часткі дэлегацыі БНР у Парыжы палкоўніка Яўгена Ладнова і сакратара прэзідыума камітэта БНР Браніслава Тарашкевіча, паводле якой камітэт прызнаваў генерала Булак-Балаховіча «вярхоўным камандуючым над усімі ўзброенымі сіламі Беларусі»[12]. Ён быў уведзены ў склад камітэта з правам вырашальнага голаса, аднак неўзабаве гэты камітэт распаўся і бальшыня яго сяброў распачала антыпольскую дзейнасць[45].

Булак-Балаховіч займаўся сельскай гаспадаркай, разводзіў коней; на лясных работах у Белавежскай пушчы былі заняты яго былыя партызаны. Агенты АДПУ арганізавалі на Булак-Балаховіча некалькі замахаў, але ўсе яны скончыліся няўдала, у выніку аднаго з іх 11 чэрвеня 1923 года быў застрэлены малодшы брат Язэп[46].

Займаўся ветэранскай дзейнасцю. Але з 1937 да 1939 года ўдзельнічае ў грамадзянскай вайне ў Іспаніі на баку генерала Франка, дзе дапамагае арганізоўваць разведку ў тыле рэспубліканцаў[46].

Пасля акупацыі Польшчы Трэцім Рэйхам спрабаваў арганізаваць партызанскі атрад для барацьбы з нацысцкімі акупантамі, удзельнічаў у абароне Варшавы. Быў забіты ў Варшаве 10 мая 1940 года нямецкім патрулём. Месца яго пахавання невядомае[46].

Сімвалічная магіла генерала Станіслава Булак-Балаховіча месціцца на варшаўскіх Камунальных, былых вайсковых, могілках. У Варшаве на будынку праваслаўнай духоўнай семінарыі ў раёне Саска-Кэмпа знаходзіцца памятная дошка ў памяць пра Булак-Балаховіча.

Сям’я

Станіслаў Булак-Балаховіч у цывільным, каля 1922 г.

У 1905 годзе ажаніўся першы раз з дачкой лекара з Лужкоў Марціна Гарбэля, Генрыетай. У гэтым шлюбе ў 1907 годзе ў іх нарадзілася дачка Алена, а ў 1910 годзе сын Медард, у 1911 годзе сын Генрык. З першай жонкай жыў асобна з 1913 года, яна мела ўнутраны рак і памерла ў 1915 годзе[9].

Другім шлюбам (1918/9) жанаты з Гертай фон Герхард. У шлюбе дочкі: Зоф’я і Марыя.

Трэцім шлюбам жанаты з Янінай Карэчкай. У шлюбе дочкі: Данута і Барбара.

Літаратурная дзейнасць

Выпусціў дзве кнігі пра магчымасць вайны з Германіяй: «Wojna będzie czy nie będzie» («Вайна будзе ці не будзе», 1931) і «Precz z Hitlerem czy niech żyje Hitler» («Далоў Гітлера ці хайль Гітлер?», 1933).

Вядомыя два вершы, якія ён напісаў па-беларуску: «Покліч бацькі» (1919) і «Шарак ці брысь» (1927)[18].

Адлюстраванне ў мастацтве

  • У 1929 годзе кінастудыяй «Белдзяржкіно» створана гісторыка-рэвалюцыйная эпапея «У агні народжаная», ролю Булак-Балаховіча ў мастацкім фільме выканаў акцёр Барыс Фядосьеў[47].

Заўвагі

  1. Пад літвінамі тут маюцца на ўвазе літоўцы. У пачатку XX ст. у беларускамоўнай літаратуры і прэсе такі назоў быў найбольш распаўсюджаны для абазначэння балтамоўнага насельніцтва сучаснай Літвы.

Зноскі

  1. Stanisław Bałachowicz-Bułak // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  2. а б Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 234.
  3. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 243.
  4. а б Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 235.
  5. а б в г д Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 241.
  6. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 242.
  7. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 255.
  8. а б Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 236.
  9. а б в г д Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 237.
  10. Детище мировой войны (руск.). Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2016. Праверана 20 студзеня 2016.
  11. а б в г Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 238.
  12. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х Станислав Булак-Балахович (руск.). Русский обще-воинский союз. rovs.atropos.spb.ru. Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2016. Праверана 20 студзеня 2016.
  13. а б Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 239.
  14. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 240.
  15. а б в г д е ё ж з і Корявцев П. М.. «Батька»: история одного предателя (руск.). Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2016. Праверана 20 студзеня 2016.
  16. а б в г д е ё Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 249.
  17. а б в г д е Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 250.
  18. а б в г д е ё ж з і Анатоль Грыцкевіч. Станіслаў Булак-Балаховіч (1883—1940). jivebelarus.net. Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2016. Праверана 20 студзеня 2016.
  19. Балахоўцы… С. 74.
  20. Балахоўцы… С. 75.
  21. Балахоўцы… С. 77.
  22. а б в г Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 251.
  23. а б в Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 253.
  24. а б в г Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 132.
  25. а б Балахоўцы… С. 19.
  26. Балахоўцы… С. 105
  27. а б в Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 133.
  28. а б в Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 134.
  29. а б в г Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 135.
  30. Балахоўцы… С. 149
  31. Балахоўцы… С. 22.
  32. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 137.
  33. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 138.
  34. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 139.
  35. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 141.
  36. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 142.
  37. а б Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 144.
  38. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 145.
  39. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 153—154.
  40. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 152.
  41. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 155.
  42. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 156.
  43. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 160.
  44. Мінава, Н. В. Антыяўрэйскія пагромы на Гомельшчыне ў 1917-22 гг. / Н. В. Мінава // Творчество молодых 1999 : сборник научных работ студентов и аспирантов Гомельского государственного университета им. Ф.Скорины. - Гомель : ГГУ им. Ф. Скорины, 1999. - С. 155-156.
  45. а б Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 265.
  46. а б в Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 266.
  47. В огне рожденная (1929) (руск.). kino-teatr.ru. Праверана 30 верасня 2019.

Літаратура

  • Авторский коллектив Гражданская война в России: энциклопедия катастрофы / Составитель и ответственный редактор: Д. М. Володихин, научный редактор С. В. Волков. — 1-е. — М.: Сибирский цирюльник, 2010. — С. 301. — 400 с. — ISBN 978-5-903888-14-6.
  • Алег Латышонак. Жаўнеры БНР. — 3-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 373 с. — 500 экз. — ISBN 978-5-00076-003-1.
  • Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні / пераклад, прадмова, каментары А. Вашкевіча, А. Чарнякевіча, Ю. Юркевіча. — 2. — Смаленск: Інбелкульт. — 470 с. — 750 экз. — ISBN 978-5-9904531-9-7.

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!