Палата́ (руск.: Полота) — рака ў Пскоўскай вобласці Расіі і Полацкім раёне Беларусі, правы прыток Дзвіны.
Даўжыня 93 км, у межах Беларусі 86 км. Плошча вадазбору 651 км², у межах Беларусі 470 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,8 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 ‰.
Назва Палата балцкага паходжання. Звязаная з латышскім paļi «паводка, затапленне вадой прылеглай да ракі мясцовасці», palas «забалочаны бераг возера», літоўскім palios «балаціна на месцы зарослага возера». Гідранімічныя аналагі — назвы літоўскіх рэк Pala, Palėja, латышскай ракі Pala[3][4]. Гэты ж корань Pal- і ў назве возера Палазер’е (ад Pal-ežeras «Возера, што разлілося») на процілеглым ад Палаты баку Дзвіны.
У назве Палаты корань Pal- пашыраны пашыральнікам -at-, які таксама ў літоўскіх гідронімах тыпу Amatà[5], у балцкіх гідронімах Гардата (< Gard-atà) і Аката (Акатовка < Ak-atà) на Павоччы (Аката — прыток Гардаты)[6]. Фармант -at- шырока прысутны ў літоўскім словаўтварэнні (sveik-as «здаровы» — sveik-atà «здароўе»)[7].
Значэнне назвы Палата можна перадаць як «Разлівістая рака», «Рака, што разлілася» або нават аднаслоўна «Разліў». Магчыма, назва сягае часоў пасляледавікоўя, як і назва Палазер’я — возера ў складзе кангламерацыі азёраў, якія ў пасляледавіковы час утваралі адно вялікае азярышча.
Справа: Лешніца, Лютая, Страдань. Злева: Тросніца, Чартоўка.
Гарады: Полацк.
Выцякае з возера Колпіна за 1,4 км на паўночны ўсход ад вёскі Колпіна Невельскага раёна (у межах Гарадоцкага ўзвышша), цячэ праз возера Неклач (Расія), па Полацкай нізіне (у вярхоўі праз лясныя масівы) і возера Ізмак. Вусце ў межах горада Полацк. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 4 м, найбольшая 5 м (1931 г.). Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у пачатку красавіка. Веснавы ледаход 4 суткі.
Даліна трапецападобная, шырынёй 100—400 м. Пойма двухбаковая, у нізоўі чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае (шырыня 150—300 м). Рэчышча моцназвілістае, на асобных участках у верхнім і сярэднім цячэнні на працягу 14,2 км каналізаванае: шырыня яго 5—10 м, ніжэй упадзення ракі Лютая месцамі да 30 м. Густата рачной сеткі 0,4 км/км². Азёрнасць вадазбору каля 4 %.
У басейне ракі азёры Колпіна, Ізмак, Чарвятка, Неклач, Дрэтунь, Нядружна, Уклейна, Скобрае, Хляўкі, Кабылінае, Тросна, Улогава, Чамісца, Акунец, Макачы, Калодзезь, Качарышка, Рудзенькія, Рыстунец, Падсіцішкі, Праскурна, Капаловішча, Крупань, Нядружна, Хатнежык, Карасінка, Шчаўбініца, Рабяціна, Валова і інш.
Рака выкарыстоўваецца ў якасці прыёмніка меліярацыйных сістэм.