Даўжыня 100 км, у межах Беларусі 32 км. Вадазбор 2340 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 15,9 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,15 ‰.
Назва
Назва ракі Усвяча балцкага паходжання. Працякае праз праточнае возера Усвят (Усвяцкае), найімаверней рачная назва ад азёрнай назвы. На гэта паказвае назва суседняга возера Удвят (Удвяцкае), утвораная як і назва Усвят (Us-ṷ- / Ud-ṷ- + -int-).
Аснова Us-ṷ- (> Усв-) у рачных назвах Усвятка (у верхнім цячэнні Дняпра), Усвяж (прыток бярэзінскай Гайны).
Корань Us- у гідронімах Уса (два прытокі Нёмана, адзін прыток Бярэзіны), Усія (прыток Угры), Усяжа, Усая. Гэты корань звязваюць з індаеўрапейскім *aus- / *us- «блішчэць, ззяць», ад якога літоўскае aušra «зара», латышскае *Ūss (балцкае боства зары)[1][2].
Водныя назвы з коранем Us- матываваныя блішчастасцю воднай паверхні, як і «блішчастыя» назвы тыпу Лучоса, Свіцязь. Назва возера Усвят значыла «Блішчастае (возера)».
Гідраграфія
Выцякае з возераАдросна каля вёскі Шастакова Усвяцкага раёна Пскоўскай вобласці. Цячэ ў межах Гарадоцкага ўзвышша, праз азёры Сарочына і Усвяцкае. Вусце за 3 км на паўночны ўсход ад гарадскога пасёлка Сураж. Найбольшае перавышэнне вады над межанным узроўнем каля 2,9 м (у сярэднім цячэнні). Замярзае ў канцы лістапада, ледаход у канцы сакавіка. Разводдзе звычайна пачынаецца ў канцы сакавіка, працягласць да 65 сутак.
Даліна трапецыепадобная, шырынёй ад 50 м да 3 км (пераважная шырыня 0,3—0,8 км). Пойма двухбаковая, часта чаргуецца па берагах, шырыня 0,2—0,3 км. Рэчышча слабазвілістае і звілістае, неразгалінаванае, у сярэднім цячэнні трапляюцца валуны.
↑Топоров В. Н. Балтийский элемент в гидронимии Поочья III // Балто-славянские исследования 1988—1996. Москва, 1997. С. 282—283.
↑J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 86—87.
Літаратура
Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.