Крыж Ефрасінні Полацкай

Выява крыжа з выдання «Белоруссия и Литва», 1889[1]
Выява крыжа з выдання «Белоруссия и Литва», 1889[1]
Лазар Богша
(узнаўленне: М. П. Кузьміч)
Крыж Ефрасінні Полацкай. 1161
(узнаўленне: 19921997)
Матэрыял Кіпарыс, золата, серабро і інш
Памеры 51,8 × 21 см
Арыгінал: месцазнаходжанне невядома; копія: Спаса-Праабражэнская царква, г. Полацк
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Крыж Еўфрасінні Полацкай — шэдэўр злотніцтва часоў Сярэднявечча, напрастольны крыж, выраблены ў г. Полацку для царквы Святога Спаса па заказу прападобнай ігуменні Ефрасінні Полацкай майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе. Мае шасціканцовую форму, вышыня — 51,8 см. Згублены ў час Другой сусветнай вайны і да гэтага часу не знойдзены. У 1997 годзе брэсцкі ювелір-эмальер М. П. Кузьміч вырабіў копію крыжа ў поўны памер.

Апісанне

Шасціканцовы крыж вышынёй 51,8 см, даўжыня верхняга перакрыжавання — 14 см, ніжняга — 21 см. Аснова выканана з кіпарыса. Да пярэдняй і зваротнай паверхняў прымацавана 21 залатая пласціна з эмалевымі вобразамі малых памераў, да бакавых — сярэбраныя пласціны з надпісам. Крыж аздабляюць 8 каштоўных камянёў і арнамент, край пярэдняга боку крыжа апраўлены ніткай жэмчуга[2].

Пласціны пярэдняга боку ўяўляюць сабой іканапісную кампазіцыю — вялікі, або пашыраны дэісус. На верхніх канцах крыжа размешчаны паясныя выявы Ісуса Хрыста, Маці Божай і Іаана Прадцечы, у цэнтры ніжняга перакрыжавання — чатыры евангеліста; на канцах — арханёлы Гаўрыіл і Міхаіл, у ніжняй частцы крыжа, пасля перакрыжавання — выявы святых Ефрасінні Александрыйскай, Сафіі і велікамучаніка Георгія (нябесныя заступнікі заказчыцы і яе бацькоў)[2].

У верхнім перакрыжаванні прымацаваны невялікі чатырохканцовы, а ў ніжнім — шасціканцовы крыжыкі.

На адваротным баку крыжа вобразы айцоў царквы — святых Іаана Залатавуста, Васілія Вялікага, Грыгорыя Назіянзіна, апосталаў Пятра і Паўла, першамучаніка Стэфана, велікамучанікаў Дзімітрыя Салунскага і Панцеляймона. Над кожным абразком часткова грэчаскімі, часткова славянскімі літарамі зроблены надпісы[2].

У сярэдзіне крыжа ў пяці квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: фрагменты Крыжа Хрыстова з кроплямі яго крыві, камень з грабніцы Божай Маці, часціца з Гроба Гасподняга, часціцы мошчаў святых Стэфана і Панцеляймона, кроў святога Дзімітрыя[2].

У ніжняй частцы крыжа змяшчаецца аўтарская прыпіска: «Г(оспод)и, помози рабоу своему Лазорю, нареченомоу Богъши, съдѣлавшемоу крьстъ сии црькви С(вя)таго Спаса и Офросиньи».

Прарысоўка надпісу на крыжы[3].

На усіх бакавых паверхнях былі прымацаваны сярэбраныя пласціны, з іх захавалася 20, маецца жэмчуг; па спіралі ў два рады змешчаны наступны надпіс:

Въ лѣ[то] 6000 и 669 покладаеть Офросинья чьстьныи кр(е)стъ въ манастыри своемь въ ц(е)ркви С(вя)т(о)го Сп(а)са. Чьстьное дрѣво бесцѣньно есть, а кованье его злото, и серебро, и камѣнье, и жьнчигъ въ 100 гривнъ, а др[ѣво] 40 гривнъ.
Да нѣ изнесѣться из манастыря никогда же, яко ни продати, ни отдаті, аще се кто прѣслоушаеть, изнесѣть и от манастыря, да не боуди емоу помощникъ чьстьныи кр(е)стъ ни въ сь вѣкъ, ни въ боудщии, и да боудеть проклятъ С(вя)тою Животворящею Троицею и с(вя)тыми отци 300 и 18 семию съборъ с(вя)тыхъ от(е)ць и боуди емоу часть съ Июдою, иже прѣда Х(ри)с(т)а. Кто же дрьзнеть сътвори с[ие], властелинъ или князь, или пискоупъ, или игоумѣнья, или инъ которыи любо ч(е)л(о)в(е)къ, а боуди емоу клятва си. Офросинья же раба Х(ри)с(то)ва, сътяжавъши кр(е)стъ сии, прииметь вѣчную жизнь съ всѣ[м]и с[вятыми][4].

Надпісы — на стараславянскай мове (на салунскім дыялекце Кірыла і Мяфодзія), вядомай як царкоўнаславянская, і на мясцовым дыялекце старажытнабеларускай мовы[5].

У філатэліі

Зноскі

  1. Бацюшкоў П. І.
  2. а б в г 845 гадоў Крыжу Ефрасінні Полацкай Архівавана 8 кастрычніка 2012. // Цэнтральная бібліятэчная сістэма горада Полацка. — 2006, снежань. (Праверана 16 снежня 2010)
  3. Сементовский, А. М. Белорусские древности / А. М. Сементовский — Санкт-Петербург, 1890. — С. 125.
  4. Надпіс на крыжы прападобнай Ефрасінні Полацкай (1161 год) Архівавана 14 мая 2011.. Сайт «Гісторыя Беларусі IX—XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы». (Праверана 12 сакавіка 2011)
  5. Побаль Л. Індаеўрапейскія і раннехрысціянскія сімвалы на крыжы Еўфрасінні Полацкай // З глыбі вякоў. Наш край: Гісторыка-культуралагічны зборнік. — Вып. 2. — Мн., 2002. — С. 16

Літаратура



Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!