Share to: share facebook share twitter share wa share telegram print page

Друцк

Аграгарадок
Друцк
Гарадзішча старажытнага Друцка
Гарадзішча старажытнага Друцка
Герб
Герб
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
211 м
Насельніцтва
264 чалавекі (2010)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2136
Паштовы індэкс
211076
Аўтамабільны код
2
Друцк на карце Беларусі ±
Друцк (Беларусь)
Друцк
Друцк (Віцебская вобласць)
Друцк

Друцк[1] (трансліт.: Druck, руск.: Друцк) — аграгарадок у Талачынскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Талачынскага сельсавета. За 10 км на паўднёвы ўсход ад Талачына, 134 км ад Віцебска, 7 км ад чыгуначнай станцыі Талачын, за 1 км ад аўтамабільнай дарогі Талачын — Круглае. Размешчаны на левым беразе Друці, на месцы пасада старажытнага горада.

Гісторыя

Друцкае гарадзішча

Упершыню згадваецца ў Павучанні Уладзіміра Манамаха пад 1078 года, калі прынамсі ваколіцы Друцка былі паваяваны гэтым князем. Упершыню ў летапісе згадваецца пад 1092 годам. Дзядзінец і вакольны горад Друцка (Дрютьск, Дрьтеск, Дрьютек, Друтеск, Друческ) размяшчаліся на высокім правым беразе Друці, пасад размяшчаўся на левым беразе[2]. У данатарскім надпісе на Друцкім Евангеллі, быццам пад 1001 годам згадваецца праваслаўная царква ў Друцку, але гэтая дата вынік падчысткі адным з уладальнікаў рукапісу, вядомым калекцыянерам і фальсіфікатарам Аляксандрам Сулакадзэвым, які хацеў такім чынам павысіць кошт рукапіс.

У XI—XII ст. Друцк уваходзіў у склад Полацкай зямлі. Насычанай падзеямі была гісторыі Друцка у часы сыноў і ўнука полацкага князя Усяслава Брачыславіча, калі горад стаў цэнтрам Друцкага княства (з 1101) і быў уцягнуты ў барацьбу паміж князямі за полацкі сталец і дамінаванне ў Полацкай зямлі. У 1116 годзе, паводле Іпацеўскага летапісу, Друцк цалкам зруйнаваны кааліцыяй паўднёварускіх князёў, а жыхары выведзены ў палон, для іх у Пераяслаўскім княстве заснавана паселішча Жэлдзі.

Аднак ужо 1158 годзе дручане актыўна ўдзельнічаюць ва ўнутраных справах Полацкай зямлі, яны праганяюць з горада князя Глеба Расціславіча — сына полацкага князя Расціслава Глебавіча, і запрашаюць на друцкі сталец Рагвалода Барысавіча, які толькі вызваліўся з менскага палону і знаходзіўся ў чарнігаўскім горадзе Слуцку. З войскам чарнігаўскага князя Святаслава Рагвалод накіроўваецца ў Друцк, а дручане сустракаюць яго на чаўнах. Неўзабаве менскія князі на чале з Расціславам Глебавічам пайшлі на Друцк супраць Рагвалода, дручане аднак добра супраціўляліся і ўрэшце бакі прыйшлі да кампрамісу — Рагвалод адмовіўся ад дамаганняў на полацкі сталец і заставаўся княжыць у Друцку. Неўзабаве аднак палачане выгналі з Полацка князя Расціслава і запрасілі на сталец Рагвалода, з чаго пачаўся шэраг полацка-менскіх канфліктаў.

У 2-й палове XII ст. друцкія князі ўцягваюцца ў супрацьстаянне смаленскіх і чарнігаўскіх князёў. У 1181 годзе пад Друцк прыходзіла войска саюзнікаў чарнігаўскага князя Святаслава, заняўшы пазіцыю на левым беразе Друці яны вялі перастрэлку са смаленскім войскам на правым беразе, чакаючы падмацаванняў і зручнага моманту для нападу. Пасля падходу падмацаванняў да чарнігаўцаў, смаляне ацанілі сітуацыю і адступілі, у такіх умовах друцкія князі вымушаны былі перайсці на бок Святаслава.

Верагодных звесткі пра Друцк у XIII ст. няма. Паводле беларуска-літоўскіх летапісаў, у 1284 каля вёскі Магільна адбылася бітва паміж войскамі вялікага князя літоўскага Рынгольда і кааліцыі рускіх князёў, у т.л. і друцкага князя Дзмітрыя, саюзнікі былі разбіты і Дзмітрый загінуў, а Друцкае княства далучана да Вялікага Княства Літоўскага. Верагоднасць гэтых звестак сумнеўная. Напэўна, у часы часы вялікага князя Гедзіміна паміж ім і друцкім князямі былі няпростыя адносіны, адзін з друцкіх князёў — Іван, да 1340 года пакінуў Друцк і пэўны час служыў вялікаму князю маскоўскаму. Падчас барацьбы за велікакняжацкі сталец з Свідрыгайлам і Вітаўтам, «княжата друцкие с боярами своими» прысягнулі Вітаўту. Уладанне роду князёў Друцкіх.

Сваё палітычнае, эканамічнае і ваеннае значэнне Друцк, пачаў страчваць у канцы 15 ст. — пачатку 16 ст.[3], але ёсць і думка, што гэта звязана са знішчэннем горада ў сярэдзіне 17 ст.[4]. Пэўны час і прычыны аднак невядомыя[3]. Горад часоў XVI ст., у апавяданнях канца XVII ст., быццам меў 7 міль у акружнасці і дзве сотні храмаў, але падчас жорсткай вайны ўшчэнт зруйнаваны і лёс яго параўноўваўся з Трояй[5]. Да сярэдзіны XVII ст. праз горад праходзіў просты шлях з Еўропы да Масквы. У канцы XVII ст., праязджаючы цераз Друцк, сакратар пасольства Свяшчэннай Рымскай Імперыі І. Г. Корб у «Дзённіку падарожжа ў Масковію» адзначыў заняпад Друцка. Урэшце, войны Масквы з ВКЛ і Рэччу Паспалітай, ператварылі Друцк у малалюднае мястэчка.

Даследаванні археолагаў і вядомыя нам пісьмовыя крыніцы дазваляюць сцвярджаць, што старажытны Друцк быў важным абарончым пунктам. Да сярэдзіны 17 ст. існаваў Друцкі замак. Горад і замак неаднаразова разбураліся і аднаўляліся, быў падзелены на «дольніцы» паміж галінамі роду князёў Друцкіх, а таксама іх спадкаемцаў згаслых галін ці асоб, якія іншым шляхам набылі часткі колішняга Друцкага княства.

Цяперашняе паселішча стаіць на месцы пасада старажытнага Друцка, паблізу яго дзядзінца і вакольнага горада на супрацьлеглым беразе Друці.

У 1924—1954 гадах цэнтр Друцкага сельсавета. Да сакавіка 1977 года вёска ўваходзіла ў склад Воўкавіцкага сельсавета[6].

Насельніцтва

  • 1971 год — 73 гаспадаркі, 328 чалавек
  • 1991 год — 260 чалавек
  • 1999 год — 294 чалавекі
  • 2010 год — 264 чалавекі

Інфраструктура

Камбінат бытавога абслугоўвання, школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі.

Славутасці

Палац сям’і Гардзялкоўскіх у маёнтку Друцк, фота пачатку XX ст.

Страчаная спадчына

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  2. Пацверджана раскопкамі Аляксеева ў 1956.
  3. а б Аляксееў.
  4. Паводле думкі М. Ткачова.
  5. Паводле пераказу сакратара пасольства Свяшчэннай Рымскай імперыі Іагана Георга Корба ў яго «Дзённіку падарожжа ў Масковію».
  6. Рашэнні выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 5 і 31 сакавіка 1977 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1977, № 15 (1533).

Літаратура

  • Друцк // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 598—599. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  • Аляксееў Л. В. Друцк // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 4. Графік — Зуйка / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1971. — 608 с.: іл., карты.
  • Друцк // Древняя Русь. Город, замок, село / Под ред. Б. А. Колчина. — М.: Наука, 1985.
  • Друцк старажытны: Да 1000-годдзя ўзнікнення горада / Рэд.кал.: Г. П. Пашкоў (гал.рэдактар) і інш.; Маст. У. М. Жук. -Мн.: БелЭН, 2000. —128 с.: іл. ISBN 985-11-0185-0
  • Левко О. Н. Друцк : Друцк и Друцкая волость (княжество) в IX—XII вв., летопись древних слоев, князья Друцкие и их владения в XIII—XVIII вв., ремесло, промыслы, торговля (по данным археологии, нумизматики, письменных источников), памятники архитектуры и объекты туризма / О. Н. Левко [и др.]; редкол.: А. А. Коваленя (гл. ред.); науч. ред. О. Н. Левко — Минск : Белорус. наука, 2014. — 619 с. (Древнейшие города Беларуси) — ISBN 978-985-08-1735-8
  • Мяснікоў А. Горад на вольнай Друці… // Звязда, 27.6.2001.
  • Насевіч В. Друцкае княства і князі Друцкія Архівавана 15 кастрычніка 2009. // Друцк старажытны: Да 1000-годдзя ўзнікнення горада. — Мінск, 2000. — С. 49-76.

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya