Да 2020 года асвятляў рэгіянальныя падзеі на беларускім дзяржаўным тэлебачанні, але падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта 2020 года пачаў здымаць сюжэты на палітычныя тэмы[4].
У красавіку 2020 года Азаронак агучыў канспіралагічную версію пра паходжанне каранавіруса COVID-19, звязаўшы яго з бактэрыялагічнай зброяй ЗША, і пахваліў пасіўную пазіцыю рэжыму Лукашэнкі па супрацьдзеянню пандэміі[10].
Азаронак публічна абвінавачваў перадвыбарчы штаб Святланы Ціханоўскай у намерах пабудаваць у Беларусі «балотны канцлагер» і планах па арганізацыі масавых беспарадкаў, параўноўваў пратэстоўцаў з нацыстамі[11], пашыраў канспіралагічныя версіі адносна прычын масавых пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі[12]. Неназваных былых супрацоўнікаў беларускага дзяржаўнага тэлебачання Рыгор Азаронак абвінаваціў у дэманстратыўным звальненні і далучэнні да пратэстаў узамен на «вялікія грошы»[4].
У верасні 2020 года Рыгор Азаронак зняў тэлесюжэт пра нібыта камфортныя ўмовы ўтрымання ў ізалятары на Акрэсціна, дзе, паводле шматлікіх сведчанняў, адбываліся катаванні затрыманых пратэстоўцаў[13]. Тэлесюжэт выклікаў шматлікую крытыку ў СМІ[14][15]. За сюжэт пра пахаванне Рамана Бандарэнкі, пратэстоўца, які загінуў пасля збіцця супрацоўнікамі лукашэнкаўскіх спецслужбаў, на Азаронка падала ў суд маці забітага. У сюжэце Азаронка выкарыстоўваліся матэрыялы тайнага праслухоўвання яе тэлефонных размоў[16].
11 студзеня 2021 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 13 «Аб узнагароджанні» медалём «За адвагу» Рыгора Азаронка «за высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і нацыянальнай журналістыкі»[17]. 16 студзеня 2021 года Лукашэнка асабіста ўручыў медаль Азаронку на прыёме ў выставачным цэнтры «БелЭкспа»[18].
Датычны да разгрому беларускага незалежнага кніжнага выдавецтва «Янушкевіч». 16 мая 2022 года выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла ўласную кнігарню «Кнігаўка» ў Мінску па вуліцы Змітрака Бядулі, 6. У гэты ж дзень у кнігарню прыйшлі прапагандысты рэжыму Лукашэнкі Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая, якія спрабавалі правакаваць Андрэя Янушкевіча абсурднымі пытаннямі пра змест кніг, а таксама скардзіліся на пераважную беларускамоўнасць асартыменту[20]. Сярод іншых правакацый, Азаронак назваў савецкага і літоўскага генерал-лейтэнанта Вінцаса Віткаўскаса, выяўленага ў адной з кніг выдавецтва, ветэранам СС[21]. Увечары таго ж дня ў кнігарню прыйшлі з ператрусам сілавікі рэжыму Лукашэнкі, былі затрыманыя дырэктар Андрэй Янушкевіч і супрацоўніца кнігарні, кніжная блогерка Настасся Карнацкая[22]. 17 мая стала вядома, што сілавікамі былі канфіскаваныя 200 кніг, 15 выданняў нібыта «будуць аддадзеныя на экспертызу»[23]. Андрэй Янушкевіч быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту[24], Настасся Карнацкая была асуджаная на 13 сутак за нібыта «дробнае хуліганства»[25].
У кастрычніку 2023 года на старонках «Мінскай праўды» Азаронак назваў крымінальную справу супраць Рады БНР, заведзеную ў Беларусі, справай «на ўсіх мярзотнікаў і гандляроў сумленнем і краінай, што здрадзілі вялікім продкам. Крымінальная справа на Бураўкіна, Алексіевіч і Быкава. Крымінальная справа на Шушкевіча. Гэта крымінальная справа на ўсё нацысцка-іудскае гняздо, якое вылезла з чорнай плямы Гарбачова»[26].