Залатая Ліцера (2020)
Залатое пяро[d] (2020)
Андрэ́й Мікала́евіч Мукаво́зчык (руск.: Андрей Николаевич Муковозчик; нар. 1963, Новасібірск, Новасібірская вобласць, РСФСР) — беларускі калумніст, прапагандыст[2] рэжыму Лукашэнкі.
Нарадзіўся ў 1963 годзе ў Новасібірску[3]. Вучыўся ў 95-й сярэдняй школе Мінска[4], быў вызвалены ад вывучэння беларускай мовы[5]. Скончыў фізфак БДУ[3]. Пасля ўніверсітэта тры гады па размеркаванні працаваў у Інстытуце цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі. Пачынаў пісаць кандыдацкую, але звязаў далейшае жыццё з КВЗ[4].
З 1988 годзе ўдзельнічаў у «Клубе вясёлых і знаходлівых» (КВЗ)[6]. Узначальваў беларускае аб’яднанне КВЗ, быў вядучым перадач КВЗ на Беларускім тэлебачанні[7]. З яго дзейнасцю быў звязаны канфлікт паміж беларускім КВЗ і расійскімі праваўладальнікамі[8][9]. Стварыў і вёў гумарыстычнае тэлешоу «Вот так шоу» на БТ[10].
Пасля 2010 года стаў вядомым як аглядальнік газеты «Советская Белоруссия».
У 2022 годзе прыняты ў праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі (СПБ)[11][12], у 2023 годзе прызначаны кіраваць аддзелам секцыі публіцыстыкі СПБ[13].
Мае двух дзяцей ад першага шлюбу, дачка Марыя і сын Міхаіл жывуць у Злучаных Штатах Амерыкі[5]. Жанаты[6], мае дваіх малых дзяцей ад другога шлюбу[5].
Наша Ніва называе Мукавозчыка «адным з апошніх рэліктаў дзяржаўнай прапаганды ўзору канца 1990—2000-х», калі ў СМІ выступалі з прамовамі-пропаведзямі[14]. Абвінавачваўся ў тым, што ў сваіх публікацыях дазваляў сабе ў агрэсіўнай і прымітыўнай форме абразы і прыніжэнне апанентаў Аляксандра Лукашэнкі, здзекі з беларускай мовы і беларусаў, мізагіністычныя выказванні[15][16][17][18] і антысеміцкія намёкі[19].
У 2017 годзе актывіст Мікалай Дзядок падаў у суд на газету «Советская Белоруссия», патрабуючы абароны гонару і годнасці, а таксама кампенсацыі маральнай шкоды за выказванні, якія змяшчаліся ў артыкуле аўтарства Мукавозчыка[20].
У ліпені 2020 годзе Марыя Калеснікава падала ў Генеральную пракуратуру, Міністэрства інфармацыі, Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі, а таксама ў рэдакцыю газеты «Советская Белоруссия» заяву датычна публікацый Мукавозчыка, абвінавачваючы яго ў распальванні сацыяльнай і палітычнай варожасці, ілжывых абвінавачаннях, недапушчальных выказваннях і паклёпе ў дачыненні да праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Калеснікавай, Мукавозчык у сваіх публікацыях парушыў артыкулы 191, 188 і 189 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь[15].
У лістападзе 2020 года дацэнт кафедры медыялогіі журфака БДУ Інга Воюш правяла лінгвістычную экспертызу 200 тэкстаў Мукавозчыка з яго аўтарскай калонкі «Накіпела» ў СБ за летні перыяд таго года, у якіх ён аналізаваў выбарчую кампанію, і даказала, што яго тэксты ёсць прапагандай. Адным з інструментаў, якім актыўна карыстаецца аўтар, стала так званая мова варожасці[ru], ці рыторыка нянавісці (убогія, звар’яцелыя пацукі, здыхлятнікі, зграя інтэлектуальных бамжоў, клоўны навапаказанай рады і да т.п.)[21]. У ліпені 2022 года палітолаг Вольф Рубінчык звярнуў увагу, што ў кнізе Андрэя Мукавозчыка «Революция мокрых штанов» (Мінск, 2021) сфальсіфікаваны цытаты з Уладзіміра Ляхоўскага і Ганны Севярынец; паводле ацэнкі Рубінчыка, кніга, вылучаная на атрыманне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, мае для культуры не нулявую, а адмоўную вартасць[22].
У 2021 годзе Мукавозчыка абвінавацілі ў публікацыі пагроз фізічнай расправы над палітычнымі ўцекачамі і актывістамі Мікалаем Халезіным і Наталляй Калядой[23].
У красавіку 2023 года Мукавозчык заклікаў у эфіры тэлеканала СТБ публічна расстрэльваць беларусаў за публікацыю або перадачу фота і відэа расійскай вайсковай тэхнікі, якая перамяшчаецца па Беларусі. Таксама заяўляў, што трэба працягваць рэпрэсіі супраць беларусаў з уласнымі поглядамі на палітычную сітуацыю ў краіне[24].
На сайце і старонках прапагандысцкага выдання «СБ. Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык рэгулярна крытыкуе Захад. Пры гэтым яго дачка Марыя вучылася ў ЗША, а цяпер працуе там хімікам[25].
Узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі» (11 студзеня 2021)[26], лаўрэат XVI Нацыянальнага конкурсу «Залатая Літара» ў намінацыі «Найлепшы аналітычны матэрыял (журналісцкае расследаванне, праблемны артыкул, аўтарская калонка, рэцэнзія) рэспубліканскіх, абласных, раённых, гарадскіх, карпаратыўных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў» (2020)[27], Рэспубліканскага творчага конкурсу «Залатое пяро-2020» у намінацыі «Найлепшы аўтарскі праект у інтэрнэце і сацыяльных сетках» (2020)[28].
Мукавозчык быў суб’ектам забароны на паездкі і замарожвання актываў Еўрапейскім Саюзам паводле спісу беларускіх чыноўнікаў, адказных за палітычныя рэпрэсіі, падтасоўку вынікаў галасавання і прапаганду[29]. Згодна з рашэннем Еўрапейскага савета ад 21 чэрвеня 2021 года, адзін з асноўных прапагандыстаў рэжыму Лукашэнкі, які друкуецца ў газеце «СБ. Беларусь сегодня», у сваіх артыкулах сістэматычна негатыўна і зневажальна, выкарыстоўваючы падробленую інфармацыю, піша пра дэмакратычную апазіцыю і грамадзянскую супольнасць, з’яўляецца адной з асноўных крыніц прапаганды ў Беларусі, а атрыманыя ўзнагароды («Залатое пяро», «Залатая літара», «За працоўныя заслугі») сведчаць пра падтрымку рэжыму Лукашэнкі і атрыманне выгады ад яго[30]. З той жа фармулёўкай 7 ліпеня 2021 года Мукавозчык трапіў і ў санкцыйны спіс Швейцарыі[31][32]. 6 ліпеня да чэрвеньскага пакета санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя[33]. 2 снежня Мукавозчык быў дададзены і ў санкцыйны спіс Вялікабрытаніі[34].