Дзе́нь наро́днага адзі́нства — дзяржаўнае свята Рэспублікі Беларусь, якое адзначаецца штогод 17 верасня. Уведзена 7 чэрвеня 2021 года ў гонар частковага далучэння Заходняй Беларусі да БССР, якое пачалося 17 верасня 1939 года з паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну (тагачасную Польскую Рэспубліку)[1].
Створанае на ўзор Дня народнага адзінства ў Расіі, як рэакцыя на пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і далейшае абвяшчэнне рэжымам Аляксандра Лукашэнкі 2021 года «Годам народнага адзінства»[2].
Святкаванне ў 2021 годзе
17 верасня 2021 года засталося працоўным днём. Яго святкаванне прыняло форму мерапрыемстваў, арганізаваных дзяржаўнымі структурамі і праўладнымі грамадскімі аб’яднаннямі. Сярод іншага яно ўключыла ў сябе правядзенне флэшмобаў з дзяржаўнай сімволікай, у тым ліку кулінарнага ў Бабруйску[3][4], аўтапрабегаў, канцэртаў у буйных гарадах, галоўны канцэрт адбыўся на Мінск-Арэне[5]. У гонар новага свята ў Брэсце была ўсталявана мемарыяльная дошка чырвонаармейцам, якія загінулі ў 1939 годзе ў Заходняй Беларусі, помнік васільку ў Магілёве, новы помнік на тэрыторыі былога канцлагера ў Бярозе, у Баранавічах быў адкрыты Музей народнага адзінства [6].
Крытыка
Гісторык Аляксандр Пашкевіч адзначае, што далучэнне Заходняй Беларусі да БССР прывяло да масавых сталінскіх рэпрэсій у гэтай частцы Беларусі, таму дата не можа адзначацца як свята. Таксама адной з прычын выбару дату Пашкевіч называе канфлікт паміж Польшчай і рэжымам Лукашэнкі, які працягваецца пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, а таксама жаданне спадабацца Расіі[2].
Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс крытычна выказаўся пра рашэнне Лукашэнкі: «17 верасня — адна з самых балючых дат у гісторыі Польшчы. Рашэнне Мінска аб прызначэнні 17 верасня „Днём народнага адзінства“ паказвае, што цяперашні ўрад Беларусі мае цынічнае і скажонае стаўленне да гістарычнай памяці і ігнаруе злачынствы, учыненыя двума самымі жорсткімі таталітарнымі рэжымамі ХХ стагоддзя»[7]. Міністэрства замежных спраў Польшчы назвала незразумелым базаванне беларускай палітыкі «на спадчыне пакта Гітлера і Сталіна» (гл. Пакт Молатава — Рыбентропа), таксама ў заяве гаворыцца, што заснаванне свята «Гэта жэст, які з’яўляецца часткай дзеянняў Расіі, накіраваных на пераасэнсаванне надзвычай складанай гісторыі нашага рэгіёна, што сур’ёзна перашкодзіць Беларусі ў дыялогу і ўзаемаразуменні з суседнімі краінамі, а таксама з краінамі ўсёй Еўропы»[8]. Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы назваў свята «Днём адзінства двух таталітарызмаў»[9].
Палітолаг Вольф Рубінчык адзначаў, што да 1941 года мяжа паміж усходняй і заходняй часткамі Беларусі, нягледзячы на адміністрацыйнае «ўз’яднанне», фактычна заставалася, без адмысловага дазволу праз яе не пускалі, і ўжо ў пасляваенныя гады «заходнікі» працяглы час заставаліся ў СССР грамадзянамі другога гатунку. Паводле даследчыка, сапраўднае адзінства дасягаюць не штыкамі, а 17 верасня ў канцы ХХ ст. — пачатку ХХІ ст. амаль не адзначалі ў народзе як свята.[10]
Гл. таксама
Зноскі
Спасылкі
|
---|
Асноўныя тэмы | |
---|
Дэмакратычныя сілы | Арганізацыі | |
---|
Ініцыятывы | |
---|
Культурны супраціў | |
---|
СМІ | |
---|
|
---|
Рэжым Лукашэнкі | Сілавікі | |
---|
Законы | |
---|
СМІ | |
---|
Культура, рэлігія, спорт | |
---|
Месцы зняволення | |
---|
Іншае | |
---|
|
---|
Сімвалы пратэсту | |
---|
Загінулыя | |
---|
Ахвяры палітычнага пераследу | |
---|
Палітычныя судовыя працэсы | |
---|
Пратэст у культуры | |
---|