«Белсат» (польск.: Biełsat) — тэлевізійны канал з трансляцыямі на беларускай і рускай мовах[1], структурная частка Польскага тэлебачання (TVP S.A.) і з самага пачатку быў супольна фінансаваны праз Міністэрства замежных спраў Польшчы ды міжнародных донараў[2].
Ініцыятыва стварэння спадарожнікавага тэлеканала для беларускіх гледачоў належыць журналістцы Агнешцы Рамашэўскай-Гузы. Канал быў адказам на выказаную ў беларускіх дэмакратычных колах патрэбу ў незалежнай ад уладаў Беларусі тэлестанцыі. Ідэю падтрымалі польскі ўрад і шырокі спектр палітычных сіл у парламенце. У выніку праект стаў адным з прыярытэтаў польскай палітыкі ў галіне міжнароднай супрацы дзеля дэмакратыі і развіцця грамадзянскай супольнасці. 20 чэрвеня 2006 года кіраўніцтва Польскага тэлебачання стварыла камісію для падрыхтоўцы беларускамоўнага канала, у склад якой увайшлі медыядзеячы з Польшчы і Беларусі. Пачаткова планавалася запусціць канал у студзені 2007 года. 23 красавіка 2007 года польскае грамадскае тэлебачанне падпісала дамову з Міністэрствам замежных спраў Польшчы аб стварэнні канала «ТВ Беларусь». 17 ліпеня 2007 года кіраўніцтва Польскага тэлебачання фармальна зацвердзіла новы канал у сваёй структуры і атрымала на яго стварэнне з дзяржаўнага бюджэту 16 млн злотых. Новы канал назвалі «Белсат». З самага пачатку ён фінансаваўся шэрагам міжнародных донараў, найважнейшыя з якіх — шведская «Sida», Савет міністраў паўночных краін, міністэрствы замежных спраў Нарвегіі, Нідэрландаў, Канады і Літвы, урады Вялікабрытаніі і Ірландыі, а таксама Дзяржаўны дэпартамент ЗША. «Белсат» пачаў трансляванне 10 снежня 2007 года, у Міжнародны дзень правоў чалавека. Дырэктарам канала стала аўтарка ідэі — Агнешка Рамашэўская-Гузы. У канцы 2008 года сфарміравалася грамадская Назіральная рада канала. У яе склад увайшлі такія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, як Валянцін Акудовіч, Міхаіл Анемпадыстаў, Зінаіда Бандарэнка, Генадзь Бураўкін, Анатоль Гуляеў, Святлана Калінкіна, Уладзімір Колас (старшыня), Алег Трусаў, Юрый Хашчавацкі.
У чэрвені 2008 года на канале было 100 супрацоўнікаў з Польшчы і Беларусі. На 2020 год каманда налічвае амаль 300 штатных і пазаштатных работнікаў з Польшчы, Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана і іншых краін. Канал мае два філіялы — у Мінску і Кіеве — і сетку карэспандэнтаў у Берліне, Бруселі, Вільнюсе, Празе і Ерэване.
«Белсат» транслюе ў сярэднім 19 гадзінаў на дзень. Трансляцыя пачынаецца а 7:00 раніцы паводле мінскага часу (UTC+3) і канчаецца пасля 2:00 ночы, у залежнасці ад працягласці эфірных праграм. Праграмы канала транслююцца ў жывым эфіры на старонцы belsat.eu, на старонцы канала ў «YouTube», а таксама ў дадатку «Belsat TV Live» для тэлевізараў з аперацыйнай сістэмай «Android». Дадатак «Belsat TV» для таблетаў і смартфонаў з сістэмамі «Android» і iOS дазваляе прагляд праграм канала ў жывым эфіры і атрыманне апошніх навін разам з відэаматэрыяламі.
Праграмы «Белсата» можна глядзець у інтэрнэце на старонцы belsat.eu і на «YouTube». Мае дзесяць тэматычных каналаў на платформе «YouTube»: «Белсат News», «Белсат Doc», «Белсат Now», «Белсат Life», «Белсат Гісторыя», «Белсат Музыка», «Вот Так», «Жэстачайшый Мульт», «Belsat in English» і «Biełsat po Polsku». «Белсат» вядзе старонкі ў бальшыні сацыяльных сетак: «Facebook», «Twitter», «Instagram», «Telegram», «Аднакласнікі», «УКантакце», «TikTok» і «LinkedIn».
Прымаць «Белсат» можна праз спадарожнік «Астра 4А (укр.) (бел.» (пазіцыя 5˚ E, палярызацыя H, частата 12 379,6 MHz). Усе зацікаўленыя аператары кабельных сетак могуць трансляваць канал на ўмовах бясплатнай ліцэнзіі.
«Белсат» можна слухаць на «SoundCloud»-канале «Belsat Music», дзе дасяжныя запісы твораў з музычных праграм канала.
У мінулым здараліся выпадкі кароткатэрміновых скарачэнняў штодзённага эфірнага часу ў сувязі з фінансавым крызісам.
узнагарода ў конкурсе «Рэпарцёры для рэпарцёраў» для журналістаў з дзяржаў «Усходняга партнёрства» (Варшава, Польшча, 2012).
узнагарода «за аператарскае майстэрства» — XI міжнародны фестываль дакументальных фільмаў «Кінолітопис» (Кіеў, Украіна, 2012); узнагарода журы — VIII міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат» (Мінск, 2012); 1-ае месца ў намінацыі «дакументальнае кіно» — Х міжнародны фестываль праваслаўнага кіно «Покров» (Кіеў, Украіна, 2012); узнагарода «Залаты мельхіёр» — VIII агульнапольскі конкурс рэпарцёраў польскага радыё «Melchiory» (Польшча, 2012); узнагарода «Бронзавы турань» — Міжнародны фестываль «Этнафільм» (Чадца, Славакія, 2012); 1-ая ўзнагарода ў намінацыі «дакументальны фільм» — Міжнародны дабрачынны фестываль «Светлы ангел» (Масква, Расія, 2012).
узнагарода публікі за найлепшы дакументальны фільм — кінафестываль «Off» (Опузен, Харватыя, 2012).
першая ўзнагарода ў катэгорыі замежных кароткаметражных дакументальных фільмаў — Міжнародны фестываль дакументальнага кіно «Cinema du Reel» (Парыж, Францыя, 2012).
галоўная ўзнагарода — агульнапольскі конкурс Міжнароднага фестывалю мастацтва рэпартажу «Camera Obscura» (Быдгашч, Польшча, 2011).
узнагароды на XXI міжнародным кінафестывалі «Arsenals» за найлепшы балтыйскі фільм і адмысловая ўзнагарода фірмы «Nikon» (Рыга, Латвія, 2011); прыз глядацкіх сімпатыяў і адмысловы прыз журы за «экспрэсіўнасць аўтара і яго грамадзянскае сумленне» — IX міжнародны фестываль дакументальных фільмаў «Хранограф» (Кішынёў, Малдова, 2011).
узнагарода за найлепшую рэжысуру — VII міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат» (Глыбокае-Мінск, 2011).
прыз старшыні польскага Інстытута нацыянальнай памяці (IPN) у намінацыі «за ўвасабленне сапраўднага вобразу пастыра ў беларускім кінематографе» — VII міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат» (Глыбокае-Мінск, 2011).
прэмія ў катэгорыі «эканамічны бюлетэнь» за «прафесіяналізм у скрайне цяжкіх умовах вытворчасці» — XIV агульнапольскі агляд дакументальных формаў «Базар» (Познань, Польшча, 2009).
галоўная ўзнагарода — VIII міжнародны фестываль крэатыўных дакументальных фільмаў «Escales Documentaire» (Ля-Рашэль, Францыя, 2008); прыз «Залатая багіня» ў намінацыі «Нацыянальны характар» — Міжнародны фестываль тэлевізійных праграм і фільмаў «Залаты бубен» (Ханты-Мансійск, Расія, 2008).
прыз «Залатая багіня» ў намінацыі «Публіцыстыка» — Міжнародны фестываль тэлевізійных праграм і фільмаў «Залаты бубен» (Ханты-Мансійск, Расія, 2008).
першая ўзнагарода — IV міжнародны фестываль дакументальных фільмаў «Транзіт» (Познань, Польшча, 2011); узнагарода за найлепшы дакументальны фільм — V міжнародны фестываль незалежнага кіно (Львоў, Украіна, 2010); галоўная ўзнагарода «Залаты жабрак» для найлепшага рэгіянальнага тэлеканала «за спосаб рэпрэзентацыі часам жудаснай рэчаіснасці штодзённага жыцця ў Беларусі і за выдатны выбар герояў і здымкі» — XVI міжнародны фестываль рэгіянальных тэлевізіяў (Кошыцэ, Славакія, 2010).
У 2009 годзе польскі ўрад вылучыў тэлеканалу 5655 тыс. долараў з мэтавага рэзервовага фонда, прызначанага для падтрымкі дэмакратыі і грамадзянскага грамадства за мяжой. У 2010 годзе Еўрапейская камісія вылучыла каля 10 млн. еўра[3]. У 2011 годзе бюджэт склаў 9 млн долараў, зь якіх 6 выдаткавала МЗС Польшчы, рэшту — урад Швецыі[4].
У 2017 годзе польскі МЗС, па прычыне павелічэння выдаткаў на польскія консульскія службы і падтрымку сірыйскіх бежанцаў (англ.) (бел., вырашыў на дзве траціны скараціць фінансавую падтрымку тэлеканала у 2018 годзе. У пачатку снежня стала вядома, што фінансавая камісія сената Польшчы ўхваліла папраўкі, якія дазволяць Міністэрству фінансаў Польшчы (польск.) (бел. выдзеліць для «Белсата» сродкі на наступны год[5]. Акрамя таго, «Белсат» атрымае дадатковае фінансаванне ў рамках сумеснай праграмы Польшчы і Вялікабрытаніі па супрацьдзеянні расійскай дэзінфармацыі ў рэгіёне[6].
З самага пачатку быў супольна фінансаваны праз Міністэрства замежных справаў Польшчы ды міжнародных донараў, найважнейшыя з якіх — «Sida» (Швецыя), Рада міністраў паўночных краінаў, міністэрствы замежных справаў Нарвегіі, Нідэрландаў і Канады, урады Брытаніі ды Ірландыі, а таксама Дзяржаўны дэпартамент ЗША.
У 2007 годзе прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праект трансляцыі незалежнага беларускага канала з Польшчы — «глупы, бязглузды і нетаварыскі»[7].
Канал неаднаразова звяртаўся па акрэдытацыю сваіх карэспандэнтаў на Беларусі, але атрымліваў адмовы. Праз адсутнасць акрэдытацыі карэспандэнтам «Белсата» перыядычна прысуджаюць у Беларусі штрафы за «незаконны выраб і пашырэнне прадукцыі СМІ». Некаторым выпісваюць па дзесяць штрафаў на год, але яны надалей працуюць[8].
Тэлеканал востра адрэагаваў на падзеі 19 снежня 2010 года, у дзень абвешчэння вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. «Белсат» вёў наўпроставую трансляцыю.
Спачатку супрацоўнікаў тэлеканала не штрафавалі на тэрыторыі краіны, а толькі выносілі папярэджанні за працу без акрэдытацыі. Але з красавіка 2016 года к журналістам пачалі ўжываць ч. 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ), штрафы па якой вар’іруюцца ад 20 да 50 базавых велічынь[5]. За 2017 год беларускія суды выносілі 70 рашэнняў супраць журналістаў, якія супрацоўнічалі з тэлеканалам «Белсат» — сума штрафаў перавысіла 50 тысяч беларускіх рублёў[9].
У сакавіку 2017 года ў мінскім офісе тэлеканала прайшоў ператрус, была канфіскаваная тэхніка на 20 тысяч еўра[10]. Супрацоўнікаў тэлеканала штрафавалі за тое, што «трымаў мікрафон»[11], нібыта «за нецэнзурную лаянку»[12], за «парушэнне аўтарскага права на гандлёвы знак „Белсат“»[13] і інш.
Канал асвятляў пратэсты ў Беларусі 2020—2021 гадоў, за гэта шмат хто з журналістаў быў асуджаны і арыштаваны. У 2020 годзе журналістаў «Белсата» затрымлівалі 162 разы, вельмі часта з канфіскацыяй тэхнікі[14]. Са жніўня 2020 года сайт тэлеканалу заблакаваны ў Беларусі[15][16]. З мая 2021 года беларускія ўлады блакіруюць і люстэрка асноўнага сайта[17].
15 лістапада 2020 года за трансляцыю мірнай акцыі ў памяць Рамана Бандарэнкі з «Плошчы Пераменаў» журналісткі тэлеканала Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі арыштаваны, а ў лютым 2021 года атрымалі па два гады пазбаўлення волі[18][19].
27 ліпеня 2021 года інфармацыйныя рэсурсы «Белсата» прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкімі, распаўсюджанне інфармацыі з іх цягне адміністрацыйную адказнасць[20]. 3 лістапада таго ж года МУС прызнала інтэрнэт-рэсурсы рэсурсы «Белсата» экстрэмісцкім фарміраваннем (за стварэнне такога фарміравання і членства ў ім прадугледжана крымінальная адказнасць)[21].
У студзені 2023 года Дар’ю Лосік, жонку Ігара Лосіка, за інтэрв’ю каналу прысудзілі да двух гадоў калоніі па крымінальным артыкуле аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці[22]. Увосень 2022 года крымінальную справу за інтэрв’ю каналу завялі супраць Наталлі Суславай, маці загінулага ва Украіне беларускага добраахвотніка Паўла «Волата» Суслава[23].
Восенню 2024 года расійскія ўлады абвясцілі «Белсат» непажаданай арганізацыяй у Расіі[24].
Еўрапейскі парламент заклікаў Еўрасаюз падтрымаць «Белсат» у чатырох асобных рэзалюцыях. 20 студзеня 2011 года асаблівая ўвага была прысвечаная падтрыманню незалежных беларускіх медыяў, у тым ліку «Белсат ТВ». Еўрадэпутаты заклікалі Еўрапейскую камісію «падтрымаць фінансавымі і палітычнымі сродкамі намаганні беларускай грамадзянскай супольнасці і няўрадавых арганізацый у Беларусі, якія папулярызуюць дэмакратыю і супрацьстаяць рэжыму». Рэзалюцыя таксама заклікала Еўрапейскую камісію прыпыніць супрацу з беларускімі дзяржаўнымі медыямі і дапамогу ім.
У студзені 2012 года амерыканскі прэзідэнт Барак Абама падпісаў «Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі» (Belarus Democracy and Human Rights Act). Дакумент вызначае прыярытэты амерыканскай палітыкі ў дачыненні Беларусі, а таксама выказвае падтрымку незалежным медыям, у тым ліку тэлеканалу «Белсат».
У красавіку 2019 года АБСЕ асудзіла правядзенне ператрусаў у мінскіх офісах «Белсата». У маі 2019 года Арлем Дэзір, прадстаўнік АБСЕ ў пытаннях свабоды медыяў, выказаў расчараванне і заклапочанасць адносна практыкі пераследу журналістаў, якія працуюць у Беларусі без акрэдытацыі. Гэта было рэакцыяй на прысуджэнне вялікіх штрафаў шасці журналістам «Белсата».
«Белсат ТВ» — структурная частка Польскага тэлебачання, якая фінансуе канал разам з Міністэрствам замежных справаў і забяспечвае яго інфраструктурную базу. З самага пачатку «Белсат» карыстаўся фінансавым падтрыманнем шэрагу інстытуцыяў, між іншым, «Swedish International Development Cooperation Agency» («SIDA»), Рады міністраў паўночных краінаў, Міністэрстваў замежных справаў Нарвегіі, Нідэрландаў, Канады і Літвы, урадаў Вялікай Брытаніі ды Ірландыі, а таксама Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША. Медыйныя арганізацыі, такія, як «Radio Free Europe» / «Radio Liberty» (якое працуе на беларускім рынку пад назваю «Свабода») і «Нямецкая хваля» бязвыплатна давалі «Белсату» ліцэнзіі на выбраныя праграмы.
На сёння стратэгічныя партнёры «Белсата»:
У межах грамадскай кампаніі для прасоўвання беларускае мовы «Беларускамоўны» «Белсат» супрацуе з такімі арганізацыямі, як культурніцкая пляцоўка «Арт Сядзіба», Беларускі ПЭН-Цэнтр (чалец міжнароднага ПЭН-клубу) і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
У верасні 2018 года з тэлеканала быў звольнены былы актывіст Іван Шыла пасля таго, як апублікаваў у сваім профілі на Facebook пратакольны фотаздымак з сустрэчы прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Фотаздымак суправаджаўся крытычным каментарыям, што прадстаўнікі кіраўніцтва тэлеканала і асабіста Агнешка Рамашэўска-Гузы ў дыскусіі пад допісам ахарактарызавалі як праяву нелаяльнасці да «Белсата»[25]. На наступны пасля гэтага дзень Шыла быў выключаны з рабочай перапіскі і атрымаў паведамленне аб звальненні[25]. Сітуацыя выклікала скандал і атрымала асвятленне ў беларускіх і буйных замежных СМІ[25][26][27].