Па-дэ-Кале (фр.: Pas de Calais[pɑˈdə kaˈlɛ]), у англамоўных краінах Дуўрскі праліў (англ.: Strait of Dover) — праліў паміж востравам Вялікабрытанія і мацерыковай часткай Еўропы, самая вузкая частка Ла-Манша. Даўжыня — 37 км, найменшая шырыня — 32 км, найменшая глыбіня — 21 м. Парты — Дуўр, Кале, Дзюнкерк. Пад дном Па-дэ-Кале праходзіць Еўратунэль.
Гісторыя
Сфарміраваўся пры паніжэнні і затапленні сушы, якая злучала цяперашні мацярык Еўропа і Брытанскія астравы ў чацвярцічным перыядзе[1][2]. У перыяды высокага ўзроўню сусветнага акіяна (каля 350 000 гадоў таму) паміж Брытаніяй і кантынентам ужо ўзнікаў вузкі праліў, аднак большую частку часу, нават калі размешчаны на поўдзень праліў Ла-Манш уяўляў сабой марскі заліў або ледавіковае возера, на месцы Па-дэ-Кале знаходзіўся сухапутны «мост»[3]. Сучаснае затапленне адбылося ў параўнальна нядаўні па геалагічных маштабах час: яшчэ прыкладна ў 5000 годзе да н.э. на гэтым месцы знаходзілася адкрытая рачная даліна[4].
У старажытнасці называўся «гальскі праліў» («Фрэтум-Галікум», лац.: Gallicum Fretum[4], «Fretum Gallicum»[5]) па размяшчэнні на беразе Галіі[6]. У ранняе і высокае сярэднявечча праз праліў ішоў ажыўлены гандаль паміж краінамі кантынента (у першую чаргу Францыяй) і Англіяй; размешчаны на англійскай беразе Дуўр уваходзіў у саюз пяці партоў. Хоць у пачатку XIII стагоддзя англійская карона страціла кантроль над французскім берагам праліва, а наступныя 600 гадоў прайшлі ў амаль пастаянным супрацьстаянні Англіі і Францыі, аб’ёмы гандлю працягвалі ўзрастаць[7].
З пачаткам Стогадовай вайны, пасля таго, як армада Эдуарда III аднавіла англійскі кантроль над Кале, Па-дэ-Кале набыў стратэгічнае значэнне як самы кароткі маршрут лагістыкі англійскіх войск. Аднак у асноўным праз праліў здзяйсняліся толькі рабаўніцкія рэйды або «аперацыі адплаты» з абодвух бакоў[8].
У 1588 годзе ў праліве адбылася бітва паміж іспанскай і англійскай эскадрамі, падчас якой іспанскай непераможнай армадзе нанесены першы сур’ёзны ўрон[4]. У далейшым праліў і паўночныя подступы да яго сталі месцам шэрагу марскіх бітваў англа-галандскіх войнаў. У XVIII і пачатку XIX стагоддзя Францыя, якая па-ранейшаму варагавала з Англіяй і мела мацнейшую сухапутную армію, неаднаразова спрабавала ажыццявіць марское ўварванне праз Па-дэ-Кале, але англійскі флот паспяхова блакаваў гэтыя спробы[9].
У 1875 годзе зарэгістравана першая дакументальна пацверджаная паспяховая спроба пераплыць праліў Па-дэ-Кале ўплаў. Заплыў з Дуўра ў Кале здзейсніў Брытанскі капітан Мэцью Уэб, які пераадолеў дыстанцыю 64 кіламетры за 21 гадзіну 45 хвілін[10].
У ходзе Першай сусветнай вайны ў Па-дэ-Кале і Ла-Маншы дзейнічалі германскія падводныя лодкі, якія атакавалі судны Антанты. Некалькі разоў германскія мінныя загараджальнікі здолелі на кароткі час перапыніць грамадзянскае суднаходства ў пралівах. У гэтых умовах Дуўр служыў базай патрульнага флоту, які забяспечваў навігацыю праз праліў гандлёвых суднаў. У 1916 і 1917 гадах праліў Па-дэ-Кале стаў месцам дзвюх бітваў германскіх флатылій тарпедных катараў і брытанскіх ваенна-марскіх сіл. У першай бітве немцы здолелі патапіць брытанскія эсмінец і транспарт; у другой немцы страцілі два катары, хоць здолелі нанесці пашкоджанні эсмінцам «Broke» і «Swift»[11].