Ісландыя (востраў)

Ісландыя
ісл. Landafræði Íslands
Характарыстыкі
Плошча
  • 102 775 км²[1]
Найвышэйшы пункт2 109,6 м
Насельніцтва
  • 321 000 чал. (2014)
Размяшчэнне
65° пн. ш. 18° з. д.HGЯO
Map

Ісландыя (ісл.: Landafræði Íslands) — востраў у паўночнай часткі Атлантычнага акіяна, ля Палярнага круга, паміж Грэнландыяй і Нарвегіяй, належыць аднайменнай дзяржаве. Амаль уся тэрыторыя вострава ўяўляе сабой вулканічнае плато з вяршынямі да 2 км, якое досыць крута абрываецца да акіяна, утвараючы тысячы фіёрдаў. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора — 500 м. Шматлікія дзеючыя вулканы (Гекла, Аскья, Лакі і інш.), гейзеры, гарачыя крыніцы, лававыя палі і ледавікі пакрываюць сабой амаль усю тэрыторыю краіны. Найвышэйшая вяршыня вострава — пік Хванадальсхнукюр (2109,6 м). Насельніцтва — 321 857 чал. (2013).

Этымалогія

Сагі сцвярджаюць, што першае імя — Снэланд (снежная зямля) — востраву даў вікінг Надод. Наступны мараплаўца, швед Гарор Сваварсан, ахрысціў Ісландыю «воставам Гарора». Сучаснай назвай востраў абавязаны нарвежцу Флокі Вільгердарсану. Уяўленне пра тое, што пасяленцы абралі гэтае імя, каб не дапусціць перанасялення іх зялёнага вострава — гэта проста міф.

Геаграфічнае становішча

Ісландыя — краіна ў Паўночнай Еўропе. Знаходзіцца на аднайменным востраве і прылеглых дробных астравах у паўночнай частцы Атлантычнага акіяна. Пасля Вялікабрытаніі другая па плошчы астраўная краіна Еўропы. Востраў Ісландыя — 18-ы па памерах востраў свету. Ісландыя падзяляе Паўночную Атлантыку і Паўночны Ледавіты акіян. Найбліжэйшы сусед — Грэнладндыя, ад якой Ісландыя аддзеленая Дацкім пралівам. Краіна размешчана паміж шыротамі 63 і 68 ° Пн, і даўгот 25 і 13 ° З. Галоўны востраў ляжыць цалкам на поўдзень ад паўночнага палярнага круга, які праходзіць праз невялікі ісландскі востраў Грымсі ля яго паўночнага ўзбярэжжа.

Моцна парэзаная берагавая лінія Ісландыі мае працягласць каля 5 тыс. км. На паўночным захадзе, поўначы і ўсходзе скалістыя берагі раздзеленыя шматлікімі залівамі, фіёрдамі і астравамі. Ва ўнутраныя часткі шматлікіх фіёрдаў заходзяць галечнікавыя косы, якія абараняюць натуральныя гавані ад штормаў, што дзьмуць з боку Атлантычнага акіяна. На такіх косах часта размяшчаюцца прыбярэжныя гарады і пасёлкі. Паўднёва-заходнія і паўднёвыя берагі Ісландыі — пясчаныя, выраўнаваныя; натуральныя гавані там адсутнічаюць.

Прырода

Геалагічная будова

Вывяржэнне вулкана Эйяф’ядлаёкюдль 27 сакавіка 2010 г.

У геалагічным сэнсе Ісландыя — маладая краіна, якая ўтварылася ў выніку вулканічных вывяржэнняў за апошнія 60 млн гадоў (што адпавядае палеагенаваму, неагенаваму і чацвярцічнаму перыядам у гісторыі Зямлі). Самыя старажытныя часткі краіны размешчаныя на захадзе, поўначы і ўсходзе. Гэта пераважна плато, складзеныя старажытнымі базальтавымі лавамі. Платопадобны характар паверхні лепш за ўсё захаваўся на паўночным захадзе, тады як на ўсходзе і на поўначы цэнтральнай часткі вострава рэльеф набывае альпійскае аблічча. Праз усю краіну з поўначы на паўднёвы захад распасціраецца шырокая зона, у асноўным складзеная туфамі і брэкчыямі, якія ўтварыліся ў выніку падводных вулканічных вывяржэнняў.

Да гэтай зоны, а таксама да раёна Снайфедльснес на захадзе прымеркавана вялікая колькасць вулканаў, з іх 20 вывяргаліся ўжо пасля засялення краіны. У Ісландыі прадстаўленыя амаль усе тыпы вулканаў, што сустраюцца на Зямлі. Найбольш характэрныя ланцужкі кратараў, якія ўзніклі ў выніку вывяржэнняў уздоўж расколін і разломаў. У 1783 падчас вывяржэння вулкана такога тыпу Лакі ўтварыўся лававы паток, які заліў плошчу 570 км². Вулкан Гекла вывяргаўся ў 1947 і 1970. У выніку падводнага вывяржэння ля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Ісландыі ў 1963 ўтварыўся невялікі востраў Сюртсей. У 1973 падчас вывяржэння вулкана на в. Хеймаэй прыйшлося эвакуіраваць насельніцтва горада Вестманаэйяр. З вулканізмам звязаныя частыя землетрасенні.

Гейзер

З вулканічнай дзейнасцю цесна звязаныя гарачыя крыніцы па ўсёй краіне (налічаецца больш за 250 груп такіх крыніц). Палі сярністых фумаролаў (сальфатараў) прымеркаваныя да абласцей вулканізму. З фантануючых крыніц найбольш вядомы Вялікі Гейзер, назва якога стала намінальнай для ўсіх падобных утварэнняў.

У Ісландыі шырока выкарыстоўваецца энергія тэрмальных крыніц. 85 % насельніцтвы жыве ў дамах, абаграваных іх водамі. Акрамя таго, цёплая вада падаецца ў шматлікія цяпліцы і плавальныя басейны. Ёсць мінеральныя крыніцы. Карысныя выкапні: торф, лігніт, ісландскі шпат, сера.

Характар паверхні

Большая частка вострава — плато вышынёй 400—800 м над узроўнем мора, месцамі ўкрытае лёдам, са шматлікімі вулканамі (каля 200). Найбольш вядомыя вулканы — Гекла, Лакі, Аск’я.

На паўднёвым усходзе Ісландыі знаходзіцца вышэйшы пункт краіны Хванадальсхнукюр (2119), які ўяўляе сабой падняты бок кальдэры вулкана Эрайвайёкудль. Найвышэйшыя вулканы — Хванадальсхнукюр, Эйяф’ядлаёкюдль, Снайфедль — маюць конусападобную форму. Іншыя вулканы маюць шчытападобную форму, напр. Ск’яўльбрэйд. Некаторыя належаць да трэшчыннага тыпу, трэшчыны звычайна схаваныя пад ланцужкамі кратараў з попелу і лавы; так ланцуг з 100 кратараў працягласцю 25 км вядомы пад назвай Лакі. Дзеючыя вулканы часта пакрываюць ледавіковыя шапкі. Таму вывяржэнні суправаджаюцца бурнымі паводкамі на рэках і ў навакольных раёнах.

Ва ўнутранай частцы Ісландыі пераважаюць плато вышынёй 600—800 м. Месцамі, асабліва на перыферыі, яны разбіты глыбокімі звілістымі далінамі і фіёрдамі. У зоне вулканізму пераважаюць вулканічныя масівы вышынёй 1200—1800 м. Прыкладна 10 % тэрыторыі займаюць лававыя палі, паверхня якіх нагадвае месяцавы ландшафт. Найбольшае лававае поле Аўдаўдахройн, плошча якога дасягае 4 тыс. км², знаходзіцца амаль у цэнтры краіны. На лававым полі можна ўбачыць звстылыя патокі рознага колеру — ад чырвона-бурага да сіне-чорнага. сустракаюцца і тэрыторыі, пакрытыя чорным вулканічным попелам.

На захадзе і поўдні — паласа прыбярэжных нізін.

Ледавікі і снежнікі (пераважна на поўдні) займаюць больш за 13 % тэрыторыі краіны (плошча 11 900 км²). Самая буйная з ледавіковых шапак, Ватнаёкутль, размешчаная на паўднёвым усходзе Ісландыі (плошча каля 8400 км², магутнасць ільду да 1 км). Іншыя буйныя ледавікі: Лаўнгёкудль (1020 км²), Хофсёкудль (1000 км²), Мірдальсёкудль (700 км²). Улетку ніжнія часткі ледавікоў інтэнсіўна таюць. Ад іх канцоў цякуць шматлікія ручаі і рэчкі, якія, зліваючыся, утвараюць вялікія рэкі.

У прыледавіковых абласцях размешчаны вялікія пясчана-шчэбністыя раўніны — зандры. Бурныя рэкі блукаюць па гэтых раўнінах, падзяляюцца на рукавы, рэчышчы змяняюцца бадай што пасля кожнай паводкі.

Клімат і надвор’е

Клімат Ісландыі субарктычны, марскі, больш мяккі ў параўнанні з краінамі, што знаходзяцца на такіх самых шыротах. Змякчальны ўплыў на яго аказваюць цёплыя воды Паўночна-Атлантычнага цячэння (працяг Гальфстрыму), частка якога праходзіць уздоўж паўднёвага і заходняга берагоў вострава.

Сярэдняя гадавая тэмпература на паўднёва-заходнім узбярэжжы ў Рэйк’явіку 5 °C, сярэдняя тэмпература студзеня −0,4 °C, ліпеня 11,2 °C. Адпаведныя паказчыкі на паўночным узбярэжжы ў Акюрэйры 3,9 °C, −2 °C і 11 °C. Сярэдняя тэмпература студзеня ў гарах апускаецца да −10 °C, ліпеня да 0 °C.

Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў складае 800 мм у Рэйк’явіку, 350—500 мм — на паўночным узбярэжжы, да 3000 мм на паўднёва-заходніх і паўднёвых схілах гор, звыш 3800 мм на адкрытых да поўдня схілах Ватнаёкудля і Мірдальсйёкудля. Сярод зімы часта ільюць дажджы, здараюцца навальніцы. Снег устойліва трымаецца толькі ва ўнутраных раёнах.

Надвор’е ў Ісландыі хутка мяняецца ў сувязі з праходжаннем цыклонаў. Часцей за ўсё яно сырое і халаднаватае, неба пакрыта хмарамі, далягляд зацягнуты сеткай дажджу, дзьме пранізлівы вецер, сцелецца туман. Затым раптам на некалькі хвілін вецер сціхае, неба праясняецца і набывае чысты, блакітны колер, а паветра становіцца такім празрыстым, што ў далечыні праступаюць контуры гор.

Унутраныя ўзвышаныя раёны адрозніваюцца значна больш суровым кліматам, чым прыбярэжныя. На паўночным і ўсходнім берагах таксама значна халадней, чым на паўднёвым і паўднёва-заходнім. Так праяўляецца ахаладжальны ўплыў Усходне-Грэнландскага цячэння, якое нясе з Арктыкі плывучыя ільды і айсбергі.

Прыбярэжныя воды вольныя ад лёду на працягу ўсяго года. Выключэнне складаюць сітуацыі, звязаныя з вынасам палярных ільдоў на поўначы і ўсходзе. У сувязі са значным пацяпленнем клімату з пачатку 1920-х гадоў вынас палярных ільдоў да берагоў Ісландыі адбыўся толькі ў 1965.

Рэкі і азёры

Вадаспад Oxararfoss

Вільготны халаднаваты клімат спрыяе развіццю ў Ісландыі балот і азёр, густой рачной сеткі і ледавікоў.

Рэкі на востраве кароткія, з парогамі і вадаспадамі, маюць значныя запасы гідраэнергіі. Многія рэкі пачынаюцца на ўскраінах ледавікоў і жывяцца іх талымі водамі. У ліпені-жніўні на рэках з ледавіковым жыўленнем адбываюцца бурныя паводкі, затое пад час межані сцёк рэзка скарачаецца. Вада ў іх утрымлівае шмат наносаў — гліны, пяску, камянёў. Рэкі, што выцякаюць з азёр і крыніц, наадварот, маюцт вельмі чыстую, празрыстую ваду.

Дзякуючы багаццю ападкаў у Ісландыі шмат даволі буйных рэк (гл. Рэкі Ісландыі), але яны несуднаходныя. На поўдзень ад Ватнаёкудля рэкі разгаліноўваюцца на рукавы, якія часта змяняюць сваё становішча. Гэта сур’ёзная перашкода для транспарту. Падчас падледавіковых вулканічных вывяржэнняў і пры прарыве ледзяных плацін на прыледавіковых азёрах велізарныя масы талых вод выклікаюць бурныя паводкі на рэках.

Для гідраэнергабудаўніцтва ў Ісландыі ў асноўным выкарыстоўваюцца рэкі з грунтавым жыўленнем, з невялікімі сезоннымі ваганнямі сцёку. Самыя значныя ГЭС пабудаваны на рэках Сог і Цьёўрсаў.

Характэрны шматлікія невялікія азёры. Самыя буйныя азёры Ісландыі — Тынгвадлаватн, Міватн і Таўрысватн. Большасць азёр утварылася ў выніку падпруджвання рэк.

Глебы, раслінны і жывёльны свет

Прырода Ісландыі адносіцца да арктычнага барэальнага (паўночнага) рэгіёну.

Глебы Ісландыі пераважна горныя арктычныя, на ўзбярэжных нізінах і невысокіх плато — вулканічныя, тарфяніста-дзярновыя. Глебы часта забалочаныя, узбагачаныя мінеральным матэрыялам, вытворным ад вулканічнага попелу, пылаватыя і пясчаныя. Сустракаюцца працяглыя лававыя палі.

Расліннасць небагатая — горная тундра, тарфяныя балоты, увільготненыя злакавыя лугі. У складзе флоры налічваецца ўсяго 440 відаў вышэйшых раслін, большасць з якіх арктаальпійскага паходжання, прычым палову складаюць рэлікты ледавіковай эпохі. Вегетацыйны перыяд вельмі кароткі. Расліны пачынаюць рост у маі, а часам толькі ў чэрвені, а ў верасні іх развіццё спыняецца.

Меней за чвэрць тэрыторыі краіны пакрыта расліннасцю (супраць 2/3 падчас засялення краіны 1100 гадоў назад). Шырокія ўнутраныя плато амаль цалкам пазбаўленыя расліннага полага. У складзе расліннасці пераважаюць імхі і травы.

Дрэвавыя расліны ў сярэдзіне ХХ ст. займалі ўсяго 1 % плошчы. Гэта ў асноўным паўночныя бярозы, асіна, рабіна, вербы; дрэвы прыземістыя, звычайна маюць скрыўленыя ствалы з-за моцных вятроў. Асобныя гаі захаваліся ў горных далінах, яны падымаюцца да вышыні 300—400 м, у рэдкіх выпадках — да 550—600 м. У апошнія дзесяцігоддзі месцамі створаныя значныя насаджэнні хвойных парод, галоўным чынам дзеля абароны ад ветру.

На нізінах Ісландыі пераважаюць балоты і лугі. Ва ўнутраных узвышаных раёнах і на зандрах вялікія тэрыторыі зусім пазбаўлены раслінасці, і толькі на выхадах базальтаў рассцілаюцца рознакаляровыя дываны імхоў і лішайнікаў.

Відавы склад фаўны Ісландыі бедны. Падчас засялення краіны з наземных сысуноў там былі толькі пясцы і лемінгі. У канцы XVIII ст. інтрадукаваныя паўночныя алені. Найбольш распаўсюджаныя хатнія жывёлы — авечкі, коні (ісландскія поні), каровы, радзей козы. Акрамя таго, на востраў былі выпадкова завезеныя мышы і пацукі. У 1930 з звераводчых гаспадарак уцякла група амерыканскіх норак, якія цяпер жывуць у многіх раёнах вострава. У прыбярэжных водах сустракаюцца два віды цюленяў і некаторыя віды кітоў.

У Ісландыі гняздуецца каля 80 відаў птушак. На горных азёрах і рэках жыве мноства лебедзяў, качак і гусей, а на марскім узбярэжжы звычайныя гарбаткі, крачкі і інш. Адной з найбольш распаўсюджаных птушак з’яўляецца гага, якая ператварылася ў паўсвойскую птушку. З драпежных птушак добра вядомы сокал. З насякомых шмат камароў. У азёрах водзіцца стронга, а ў рэках — ласось.

Абмежаванасць жывёльнага свету сушы кампенсуецца багаццем рыбы ў навакольных водах. Гэтаму спрые тое, што ля берагоў Ісландыі цёплыя марскія воды перамешваюцца з халоднымі. Тут знаходзяцца месцы напасу і нерасту рыб (да 66 відаў). Найбольш важнае значэнне маюць траска, марскі акунь, пікша, палтус, а таксама крэветкі.

Ахова прыроды

Створаны нацыянальныя паркі — Тынгведлір, Міватн-ог-Лахсаў, Скафтафедль, Ёкульсаўргльювур; шматлікія рэзерваты, помнікі прыроды.

Зноскі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!