Брагін[2] — гарадскі пасёлак у Гомельскай вобласці Беларусі, цэнтр Брагінскага раёна, на беразе ракі Брагінка. Насельніцтва — 4400 чалавек (2020)[3].
Першы пісьмовы ўспамін пра паселішча, датаваны 1147 годам, сустракаецца ў Іпацьеўскім летапісе. У тую зіму, «како уже рекы сташа», дружыны чарнігаўскіх князёў Ольгавічаў і Давыдавічаў «с Половци воеваша Брягинь», што належаў да Кіеўскага княства Ізяслава Мсціславіча[4]. Імкнуліся гэтак адпомсціць за папярэдняе разрабаванне ім чарнігаўскіх валасцей. Горад паўстаў у зоне кантактнага рассялення дрыгавічоў і палянаў.
У 1187 годзе ў Белгарадзе вялікі кіеўскі князь Рурык Расціславіч сыну свайму Расціславу «створи же… велми силну свадбу ака же несть бывала в Руси… сносе же своеи» (нявестцы Верхуславе, васьмігадовай дачцэ суздальскага князя Усевалада Юр’евіча, якую бацькі адпусцілі «в Русь с великою любовью») «далъ многи дары и городъ Брягинъ»[5].
У 1360-я гады Брагін у складзе Кіеўскага княства ўвайшоў у Вялікае Княства Літоўскае, дзе стаў цэнтрам воласці; належаў вялікаму князю. Надалей, побач з Рэчыцай, Мазыром і Оўручам, Брагін (Brehynya) згаданы ў «Спісе гарадоў, замкаў і земляў, прыналежных князю Свідрыгайлу», датаваным вераснем-кастрычнікам 1432 года[6]. У 1458 годзе колішні маршалак князя Свідрыгайлы (1438), а на той час віленскі ваявода Ян Манівідавіч склаў тэстамэнт сынам Яну і Войцеху на Брагін, Горваль, Любеч і іншыя маёнткі[7], набытыя ім і яго бацькам баярынам Манівідам яшчэ ад вялікага князя Вітаўта[8]. У 1471 годзе Кіеўскае княства было пераўтворана ў аднаіменнае ваяводства.
Пасля смерці Войцеха Манівідавіча ў 1475 годзе Брагінам зноў кіраваў вялікакняскі намеснік, пра што ёсць звестка на 1496 год, калі скарб атрымаў «2 копе грошеи». У 1499 годзе людзі з Брагінскай і іншых валасцей бралі ўдзел у работах на Кіеўскім замку: «А до Киева люди посланы города ωправлѧти с Поднепръ|скихъ волостеи. | З Бобрȣиска с обеюхъ половицъ 80 чоловеков с топоры. | З Мозыра и зо Пчича 80 чоловековъ. | З Брагинѧ 40 чоловековъ. | З Речицы 60 чоловековъ. | З Горволѧ 40 чоловековъ»[9]. У XIV—XVII стагоддзях існаваў Брагінскі замак[10]. У чэрвені 1500 года вялікім князем Аляксандрам выдадзены ліст пану Богушу Багавіцінавічу, намесніку пералайскаму, «о бране дани» з Падняпроўскіх «и инших руских» валасцей, у іх ліку з Горвальскай, Рэчыцкай, Брагінскай, Мазырскай, Бчыцкай, пра што было абвешчана тутэйшым «наместником нашым и старцомъ, и всимъ мужом»[11].
Брагін названы ў дамове паміж Вільняй і Масквой 1503 года сярод валасцей, якія кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр прапанаваў вялікаму князю маскоўскаму Івану Васільевічу і сыну яго Васілю Іванавічу «в тые перемиръные лета, шесть летъ, не воевати и не зачепляти ни чым», з свайго боку паабяцаўшы захоўваць недатыкальнасць валасцей у Масковіі. Урэшце бакі ў тым пагадзіліся[12]. 3 чэрвеня 1504 года прывілеем караля Аляксандра з Брагінскай воласці былі вылучаныя Астраглядавічы і Хвойнікі з усімі прылегласцямі ды падараваныя на вечныя часы за вайсковыя заслугі пану Сямёну Фёдаравічу Палазовічу[13]. 7 ліпеня 1506 года манарх перадаў Брагін з воласцю ў трыманне пану Данілу Дзедкавічу, быўшаму на «нашои службе в Оръде Перекопскои», пакуль той не выбера належныя яму 230 коп грошаў[14]. Але неўзабаве кароль Аляксандр памёр, а яго брат і пераемнік Жыгімонт Стары «взяли есмо тую волостку Брягин къ нашои руце», замест яе аддаўшы пану Д. Дзедкавічу на два гады карчму ў Чаркасах[15]. У тым жа 1506 годзе праз Брагін прайшлі крымскія татары.
Лістом ад 25 кастрычніка 1509 года кароль Жыгімонт аддаў князю Міхаілу Васільевічу Збаражскаму «тую волость нашу Брягин… з людми и зъ данью грошовою и медовою, и куничъною, и бобровою, и со всимъ с тымъ, какъ тая волость на насъ держана, до живота его». Раней князь ужо карыстаўся даходамі з яе «до воли господаръское»[16]. 2 кастрычніка 1511 года манарх, каб абараніць людзей ад злоўжыванняў пісараў-паборцаў не адно ў ваенныя ліхалецці, а і ў мірныя часы, выдаў прывілей у ліку іншых даннікам з Падняпроўскіх валасцей «…зъ Речицы, съ Брягина[A], зъ Мозыра, зъ Бчича…», каб «ихъ при старине зоставили.., какъ бывало за предковъ нашихъ, за великого князя Витовта и Жикгимонта, ижъ они сами собравши дань грошовую, и бобры и куницы, отношивали до скарбу нашого, а медъ пресный до ключа.., всю сполна.., на роки звычайныи, а то есть первый рокъ Божье Нароженье, другій Середопостье, третій Великъ-день…»[17][B]. У хуткім часе князь М. Збаражскі, жадаючы атрымаць воласць «на вечность», біў чалом аб правядзенні яе абмежавання, што і выканаў да 7 сакавіка 1512 года каралеўскі дваранін, дзяржаўца трахцемірскі і дымірскі Іван Андрэевіч Кміціч[18]. У 1514 годзе[C] кароль Жыгімонт Стары падараваў князю «тую волостку Брягин з местом и с корчмами, и з мытом, и з городищом, и со всими селы, и з людми, кром тых сел, што первеи того кому у тои волости будем дали»[19].
Ад 1517 года маёнткам валодалі сыны М. Збаражскага[D] князі Фёдар (†1533), потым Аляксандр (†1555)[E] Вішнявецкія[20]. У 1535 годзе за часамі вайны Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай Брагін спалілі маскоўскія войскі[21]. Прынамсі ад 1541 года пачаліся памежныя спрэчкі ўладальнікаў Брагіна князёў Вішнявецкіх і ўладальнікаў Астраглядавічаў і Хвойнікаў князёў Відэніцкіх (Любецкіх)[F][22]. У 1559 годзе кароль Жыгімонт Аўгуст пацвердзіў права на Брагінскі маёнтак князям Аляксандру, Максіму і Міхаілу Аляксандравічам Вішнявецкім. Князь Максім у 1565 годзе спачыў, не пакінуўшы нашчадкаў[23].
У ходзе адміністрацыйнай рэформы 1565—1566 гадоў была вызначана мяжа Кіеўскага павета на ўчастку, дзе знаходзілася Брагінская воласць: «… Мозырскою границою до Брагиньское границы, а Брагиньскою границою до Днепра, по левои стороне пущаючи волость Речицкую, до Любеча…_… а Словешнею доловъ ажъ до Припети, по правои стороне поветъ Киевъскии, а по левои Мозырскии, а черезъ реку Припеть, оставуючи полеве Речицу со всими границами, а поправу Брягинь со всим поветомъ Киевским ажъ до Днепра…»[24][G][H].
Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства, названае княствам (разам з Брагінам), як раней Падляская і Валынская землі, было далучана («вернута») да Кароны Польскай[25]. Князі-русіны Аляксандр і Міхаіл Вішнявецкія, спадчыннікі Брагінскага маёнтка, маючы зямельныя ўладанні на Валыні, спачатку для прыняцця прысягі ў каралеўскі замак Уладзімірскі не з’явіліся, але ўрэшце ім давялося падпарадкавацца волі манарха[26].
У сакавіку 1574 года маёнтак Брагін разам з замкам быў падзелены паміж князямі-братамі Аляксандрам і Міхаілам Аляксандравічамі Вішнявецкімі[I]. Частка замка князя А. Вішнявецкага выглядала так:
…мне зосталася половина замку Брягинского, вшедши в замок, левая сторона, взявши от тое городни шостое, в которой столба ест. Которою столбою на бланковане ходят. Светлица великая над вороты. Церковь в стене святое Троицы зо всим накладом тое церкви: золотом, серебром, книгами и зо всим тым, што одно в той церкви накладу естъ. Также с попом и дьяконом и з их островами, дубровами, чертежами, полми и сеножатми и зо всими их пожитки и доходы, тое церкви належачими. Ку тому теж будоване: светлицы в стене городни, поклеты, погреб, спижарни вси, яко тая сторона полеве в собе ся мает, аж до вежи тое, што от Брягинки, которая зосталася на делу от мене брату моему его милости князю Михайлу. Такжо теж и тые домы, будоване, светлицы, которые на земли стоят в замку. А ку тому место нашо Брягинское яко люди отчизные, бояре, куничники, загородники, дворцы наши на посаде…
У князя Міхаіла Вішнявецкага — свая доля замкавай спадчыны[J]:
А его милости князю Михайлу Вишневецскому, брату моему, зосталася половина замку Брягинского, вшедши в замок, правая сторона, взявши от тое городни шостое, в которой столба ест, которою столбою на бланкованье ходят, аж до вежи, которая от реки Брягинки. Тая вежа вся зосталася брату моему его милости князю Михайлу с тою вежою, што от Глухович, зо всими городнями, свирнами, светлицами, спижарнями, пивницами, пекарнею так, яко тая сторона замку поправе в собе мает. Ку тому церковь за замком в месте святого Николы зо всим накладом тое церкви, с попы их, з их островами, полями, сеножатми и всими пожитки и доходы, ку той церкви належачими._А места нашого Брягинского его милости князю Михайлу, брату моему, зосталася яко людей отчизных, бояр, куничников, огородников ведле рейстров наших, которые промежку себе есмо подавали._…Также теж ворота замковые, мост перед замком и тот, што от места до места, и ровы около замку — то все наполы подданые наши направовати мают… Теж што ся дотыче веж, которые в месте у острозе побудованы. Мне тая вежа зостала, што от Микулич, а его милости князю Михайлу, брату моему, што от Глухович. Ку тому острог около места нашого Брягинского мают подданые мои направовати и робити от тое вежи мое, што от Микулич, поправе, а подданые его милости князя, брата моего, также острог повинни будуть робить от вежи его милости от Глухович поправе, розделивши увес острог с подданными моими наполы.
Акрамя таго, князю Аляксандру дасталіся сёлы Мікулічы, Селце (Сялец), Лісцвін, дварэц (сядзіба) Высокае, сёлы Веляцін, Зашчоб’е, востраў Дудоўшчына, а князю Міхаілу — сёлы Глухавічы, Губаровічы, Бабчын, Юркавічы, Дубно, Крыўча, Галкі, Сеўкоўцы (Сяўкі), Перка, Доблін, Дамамірка, востраў Рудакоў, востраў Удалёўка[27].
Паводле рэестру 1581 года, апублікаванага Аляксандрам Валерыянам Ябланоўскім, палова Брагіна з сёламі на той час належала князю Міхаілу Вішнявецкаму, старосце чаркаскаму і канеўскаму, а другая палова — удаве яго брата Аляксандра, памерлага ў 1577 годзе. Для ўсёй часткі маёнтку князя Міхаіла пададзеная толькі сума пабору — 86 фларынаў і 5 грошаў. Адносна паловы места Брагіна княгіні Аляксандры (з Капустаў) Вішнявецкай паведамляецца пра 32 дымы асадных сялян (×6 — прыблізна 192 чалавекі), 21 дым агароднікаў (126 чалавек)[K], 1 святара (6), 5 чабатароў (30), 4 кавалёў і слесараў (24), 2 краўцоў (12), 2 рымараў (12). Асадныя плацілі па 15 грошаў, святар 2 фларыны, агароднікі па 4-6 грошаў, рамеснікі па 15 грошаў падатку, а жыхароў было каля 402 чалавек[28]. У іншым датаваным 13-м сакавіка 1581 года дакуменце паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзмітры Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе размежавання добраў пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаннямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага, «miasta Brahinia, sioła Chłuchowic [Hłuchowicz], Hubarowa [Hubarowicz] y Babczyna», а таксама княгіні-ўдавы Аляксандравай Вішнявецкай і яе дзяцей «jmienia Brahina, Mikulic, Listwina y innych sioł do Brahinia nalezących»[29]. 18-м мая 1596 года датаваны пазоў у Оўруцкі гродскі суд на скаргу пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага, да ўладальніка паловы маёнтку Брагін князя Адама Аляксандравіча Вішнявецкага, які асадзіў падданых сваіх на грунтах Астраглядавіцкіх[30].
У 1603 годзе пасля Кіева, Астрога і Гошчы ў Брагіне пры двары князя Адама Вішнявецкага з’явіўся будучы Ілжэдзмітрый І, дзе ўпершыню і «прызнаўся», што ён — царскі сын[31].
28 ліпеня 1606 года ў Мазырскі гродскі суд ад імя вяльможнага князя Адама Вішнявецкага была пададзена скарга на яго ўласных слуг Юзафа Лісоўскага, Адама Брозку, як прынцыпалаў, на памагатых Паўла Плядоўскага, Яна Гаварэцкага, Мікалая Шумскага, Себасціяна Савіцкага, Мацюша Брозку, Янкоўскага, Кардышэўскага і іншых за тое, што яны напярэдадні перад світаннем, «не зважаючы на пачцівасць і павіннасць сваю шляхецкую.., змовіўшыся як здраднікі на здароўе пана свайго, да замку места Брагінскага з гасподаў сваіх адначасова сабраўшыся, з полгакамі[M], з аголенымі шаблямі ў замак гвалтоўна ўламіўшыся, але з-за супрацьдзеяння аховы князя да пакою панскага дайсці не здолеўшы, чэлядзь пры ім тады быўшую, як мужчын, так і белых галоў, разагналі.., як злачынцы і здраднікі да скарбцу, дзе ўся маёмасць рухомая яго міласці захоўвалася, ланцуг і замкі наперад адбіўшы, уламіліся…». А нарабаваўшы ўсялякага дабра, «коней есче до того подданых князя его милости до колко на поли порвавши, з места Брагиня повтекали…». Згаданы сярод слуг-рабаўнікоў Аляксандр Юзаф Лісоўскі — будучы знакаміты правадыр неўтаймоўных «лісоўчыкаў», надта рухавых і баяздольных вершнікаў, якія былі «галаўным болем» не адно для ворагаў, але і для насельніцтва і ўладаў Рэчы Паспалітай, бо аплачвалі ўласную службу жорсткімі рабаўніцтвамі ўсюды, дзе б ні з’явіліся[32].
У 1628 годзе князь Канстанцін Карыбут Вішнявецкі, апякун дзяцей князя Міхаіла, з паловы места Брагіна з 15 дымоў плаціў па 3 злотыя, з 2-х святароў па 6 зл., з 2-х мяснікоў па 6 зл., з млынара 6 зл., з краўца 6 зл., з 6 агароднікаў па 1 зл. і 6 грошаў; усяго разам з сёламі — 271 злоты і 6 грошаў. Пан Ян Точэвецкі з паловы маёнтку Брагін княгіні Адамавай Вішнявецкай[N] плаціў 200 злотых[33]. Паловай Брагінскага замка і места з фальваркам і сялом Глухавічы, сёламі Спярыж, Малейкі, Казловыброды (Казялужцы?), Галкі, Рудакоў, Бабчын, Губаровічы, Дублін, Юркавічы, Сцяжарна, Удалёўка, Крывін, Пірка, Нудычы, Пучын, Чахі, Рудыя, Крывіца (Крыўча?), Дамамірка, Хатуча, Мокіш, хутарамі Еўлашы, Гамолічы, Ілічы валодаў, а ў 1638 г. заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых пану Мікалаю Лосятынскаму князь Іерамія Міхал, сын Міхаіла, Вішнявецкі[34]. Ён жа і аб’яднаў абедзве паловы Брагінскай спадчыны малодшай галіны роду Вішнявецкіх у сваіх руках[35]. 20 ліпеня 1641 года Крысціна, дачка князя Адама Вішнявецкага, на той час жонка Пятра Даніловіча, крайчага кароннага, саступіла князю Іераміі сваю палову замка і места Брагін з сёламі Сялец, Конанаў (Каманоў?), Гуты (Huty), Удалёўка[O], Скураты, Рыжкаў, Вялікі Лес, Мікулічы, Катловіца, Карпілаўка, Конанаўшчына, Мількаўшчына, Веляцін, Лісцвін, Высокае, Звінячына, Мікітаўшчына (Mikidowszczyzna), Зашчоб’е, Слабада пры рудні, млынах і вялікім ставе, Амолічы (Omolicze)[P], з прыналежнымі да маёнтку фальваркамі слуг-шляхчічаў Бялабжэскага, Калгановічаў, Ячэвіцкага, Якубоўскага, Баськевічавай, Лінкераў, Завацкага[36][Q].
Ужо ў часы казацка-сялянскай вайны, да 8 чэрвеня 1648 года князь Іерамія з княгіняй Грызельдай[R] на працягу тыдня бавіліся ў Брагіне. Тут жа адпачывала і войска. Аўтар дыярыуша Багуслаў Казімір Машкевіч (Маскевіч) заўважыў, што як бы казакі не затрымаліся пад Чарнігавам, а працягнулі іх пераследаваць, то князю з княгіняй было б неспакойна. Брагін стаіць у надта ліхой мясціне — увесь на балотах сярод панурых лясоў[37]. Мелася на ўвазе, што рэгулярнаму войску (асабліва вершнікам, бо няма дзе развярнуцца) вельмі нязручна ладзіць тут бітву. Пазней жыхары Брагіна адчынілі браму войскам Багдана Хмяльніцкага, якімі кіравалі палкоўнік Нябаба і Хвясько. Брагінцы і сяляне навакольных вёсак утварылі полк, які выступіў пад камандаю казацкага галавы Магеры. За здраду места разбурана войскам Рэчы Паспалітай. Замак у якасці ранейшага абарончага збудавання не аднаўляўся, але надалей маглі існаваць, як звычайна ў тыя часы, умацаваныя двары наступных дзедзічных і застаўных уладальнікаў. У хроніках яўрэйскіх аўтараў Натана Гановера і Мейера з Шчэбжэшына ці не ўпершыню згадана «святая грамада Брагін», моцна пацярпелая ад «хмяльніччыны» ў тым жа 1648 годзе[38]. Сярод казакоў, захопленых у палон напярэдадні і пасля бітвы пад Загаллем, у датаваных 11 і 29 чэрвеня 1649 года дакументах названыя Мацвей Шумейка з Брагіна, паказачаны брагінскі баярын Кавальскі, Сямён Абязушанка і Хведар са Спярыжжа, Багдан з Брагіна, Фурс з Бабчына, падданыя князя Іераміі Міхала Вішнявецкага, ваяводы рускага, Пётр з Мокіша, падданы пана Катарскага, Міхед з Савічаў[39].
На 7 сакавіка 1650 года дзяржаўцам, відавочна, той часткі Брагінскай воласці, якая да 1641 г. належала пані Крысціне з князёў Вішнявецкіх Даніловічавай, названы пан Даніэль Сіліч. Тады ў самым мястэчку Брагін налічвалася 70 дымоў (каля 420 падданых), у сёлах Мікулічы, Веляцін, Лісцвін, у частцы Сяльца разам — 130 дымоў (≈780 жыхароў), у Карпілаўцы, Конанаўшчыне, Мількаўшчыне, Углах, Каманове — ні дымоў, ні падданых[40].
Пасля смерці ў 1651 годзе князя Іераміі Брагін пэўны час быў уладаннем сына, будучага караля Міхала Карыбута[S], але апошні саступіў яго маці[42]. Пасля спачыну 17 красавіка 1672 года княгіні Грызельды Брагінскі маёнтак дастаўся яе пляменніку і стрыечнаму брату караля пану Станіславу Канецпольскаму[43][T], а ў 1682 годзе, паводле тэстамэнта, — усынаўлёнаму апошнім пану Яну Аляксандру Канецпольскаму, ваяводсічу бэлзскаму[44]. У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства ад 25 студзеня 1683 года сказана, што пан Канецпольскі валодаў у месце Брагін 55 дымамі (каля 330 жыхароў), пан Сіліч — 27 (162), пан Бялабжэскі — 6 (36), пан Чэрскі — 3 (18); а яшчэ тут было 8 дымоў яўрэйскіх (48)[45]. 14 верасня 1686 года брагінскі мешчанін Юры Андрыевіч пад прысягай паведаміў у Оўруцкім гродскім судзе, што як з-за казакоў, так і з-за войска Вялікага Княства Літоўскага, з места Брагін, акрамя яўрэяў, адышлі 15 дымоў (прыкладна 90 жыхароў)[46]. 28 чэрвеня 1687 года ў той жа суд Ваўжынцом Лавіцкім, падчашым ноўгарад-северскім, ад імя яснавяльможнага пана Яна Канецпольскага, ваяводсіча бэлзскага і каралеўскага палкоўніка, быў пададзены пратэст супраць «нязносных крыўд, шкод, крыміналаў, наездаў і забоеў», учыненых у маёнтку Брагінскай воласці палкоўнікам Войска Запарожскага Паўлам Апосталам Шчуроўскім, яго сотнікамі і казакамі. Тады 65 домагаспадарак (каля 390 жыхароў) пана Канецпольскага ў месце Брагін былі моцна зруйнаваныя працяглым (ад лістапада 1686 года) пастоем 65 казакоў і 30 коней, для якіх на ўсю зіму і вясну («да самых świątek zielonych») яны сталі своеасаблівай кухняй. Акрамя іншага, сотнік Русановіч моцна збіў брагінскага падстаросту Сташкевіча, а мешчаніна Антоненку ажно да смерці. Здзекваўся са святара Мікольскага, схапіўшы за галаву, цягаў каля царквы і збіваў за тое, што ён словамі ўшчуваў сотніка, які ў Вялікі пост уздумаў іграць музыку і танцаваць. На загад Апостала Русановіч пасля жорсткага катавання абрабаваў, а потым забіў ксяндза дамініканіна Булгака, які ехаў з Пінскага кляштара да сваякоў і заначаваў у Брагіне. Яшчэ сказана, што ўрэшце казакі П. Шчуроўскага гэткімі ўчынкамі «rozegnali chłopów i mieszczanow z Brahińszczyzny za Dniepr». Адным з сведкаў у справе выступіў брагінскі войт Цімафей Ленчанка[47].
Судовая скарга ад 14 лістапада 1705 года панства Станіслава і Алены Сілічаў на Зыгмунта Шукшту, адміністратара ўладальніка Хойніцкага маёнтку князя Дамініка Шуйскага, за чатырохразовае спаленне іхнай карчмы, збор кірмашовага і гандлёвага мыта з іх і з купцоў у м. Брагін[48]. 16 лютага 1709 года быў актыкаваны ліст каралеўскага ротмістра, лідскага стольніка Валерыяна Антонія Талмонта, у якім паведамляецца, што ён, выправіўшыся да маёнткаў Брагін і Хойнікі, прасіў шляхціча Мельчынскага дастаўляць для яго харугвы правіянт або грошы і загадаў выдаваць ад імя яго, Талмонта, распіскі; што за ўсе страты, нанесеныя шляхце і яе падданым войскамі, мусіць адказваць пан Мельчынскі, выбраны шляхтай дзеля забяспечання войск правізіяй у Кіеўскім ваяводстве; што за ракой Уша стаяць іншаземныя войскі і іх гэты ліст не датычыцца. 18 снежня 1710 г. скаргу ў суд падалі мельніцкі войскі Аляксандр Бандынэлі з жонкай, якія тады валодалі часткай сёл Брагінскага ключа Я. Канецпольскага, на стражніка вількамірскага З. Шукшту з жонкай: за збіццё ў м. Хойнікі іх яўрэя Фроіма Абрамовіча, ад чаго той памёр; за адмову таму ж яўрэю ў святым хрышчэнні, аб чым ён, зыходзячы, прасіў; за таемнае пахаванне трупа, рабаўніцтва ў нябожчыка грошай, пагрозы самым падаўцам скаргі. Тым жа днём датавана і скарга на забойства яўрэя Абрамовіча ўладальніка Брагіна Я. Канецпольскага[49]. 29 ліпеня 1719 года А. Бандынэлі падаў скаргу на ковенскага падстолія З. Шукшту за тое, што ён гвалтоўна адабраў поле ўва ўрочышчы Тварова, падараванае брагінскай царкве св. Мікалая яшчэ князямі Вішнявецкімі, збіўшы пры гэтым царкоўных сялян і перакалоўшы дзідамі валоў. Пазбаўленая угоддзяў царква прыйшла ў заняпад, што ледзь не прывяло да бунту прыхаджан. Таму падаўца скаргі вырашыў вярнуць царкоўныя землі і паслаў сваіх людзей, загадаўшы ім убраць жыта, засеянае падданымі пана Шукшты. Апошні, у сваю чаргу, сабраўшы да 200 чалавек чэлядзі, узброіўшы іх стрэльбамі, дзідамі і інш., з’явіўся на полі, калі туды прыйшлі брагінскія сяляне з святарамі, несшымі крыжы ў руках. Шукшта з сваімі людзьмі напаў на святароў, збіў іх. На абарону апошніх кінуліся брагінскія сяляне і мяшчане, адбылася жорсткая бойка, якая скончылася не на карысць З. Шукшты: ён вымушаны быў адыйсці, маючы шмат людзей параненымі, а аднаго забітым; з брагінцаў двое мяшчан былі цяжка параненыя. А. Бандынэлі заявіў пра адабранне яго людзьмі зброі у пана Шукшты падчас наезду. Возны агледзеў у Брагінскім замку тую зброю: 11 стрэльбаў, 9 бердышоў, 18 кос і г. д.[50]
3 снежня 1719 года апошні на той час дзедзічны ўладальнік Брагінскіх добраў Ян Канецпольскі, ваявода серадзкі, спачыў. А ўжо 10 жніўня 1720 года пан Зыгмунт Шукшта, падстолі ковенскі, падаў у Оўруцкі гродскі суд сведчанне за подпісамі некалькіх шляхцічаў, якія на ўласныя вочы назіралі ў Брагіне жахлівую карціну: прыходскія могілкі Свята-Мікалаеўскай царквы, зруйнаваныя на загад пана Аляксандра Бандынэлі, войскага мельніцкага, а разам косці і чарапы, раскіданыя паўсюдна. На вызваленым жа месцы адказчыкам па-блюзнерску закладзены быў італьянскі сад (ogród włoski)[54]. 11 жніўня 1721 года А. Бандынэлі, у сваю чаргу, абвінавіціў З. Шукшту ў тым, што ён падбіў глухавіцкага святара Якуба Бярнацкага сагнаць з поля ў урочышчы Дзяканаўскім настаяцеля брагінскай Мікалаеўскай царквы Якіма Давідовіча, хоць угоддзі тыя былі падараваныя царкве яшчэ князямі Вішнявецкімі. 2 жніўня Я. Бярнацкі, узяўшы ў дапамогу Мікіту, Касьяна, Уласа Канавалаў і яшчэ з дзесятак сялян глухавіцкіх, наехаў на сенажаць і айца Давідовіча za brodę porwawszy, pięścią bił, tłukł, za włosy na ziemię obaliwszy, targał, włosy wyrwał, pokrwawił, з сенажаці сагнаў і касіць не даў, а яшчэ хацеў звязаць і да панскага двара адвезці[55]. 14 чэрвеня 1724 года дорпацкі падкаморы Аляксандр Антоні Бандынэлі з жонкай заявілі ў судзе, што патрацілі вялікія сродкі на засяленне і аднаўленне застаўнога маёнтку Брагін, які атрымалі ў надта зруйнаваным стане[56].
У тарыфе Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1734 года, складзеным паводле звестак папярэдняй люстрацыі, засведчана, што ў частцы места Брагін і яшчэ 36 паселішчах, якія трымаў пан Бандынэлі, налічвалася каля 355 двароў (прыкладна 2130 жыхароў). У частцы Брагіна і прыналежных да яе 19 паселішчах (акрамя Залесся і Зашчоб’я сялецкіх айцоў базылянаў), што знаходзіліся ў заставе ў пана Сіліча, было каля 175 двароў (прыкладна 1050 жыхароў)[57]. А. Бандынэлі спачыў у 1733 годзе і менавіта тады князь Міхал Сервацы з старэйшай галіны і апошні ў родзе Вішнявецкіх ці не ўпершыню падпісаўся як «hrabia… na Brahiniu»[58]. У 1741 годзе князь надаў фундуш царкве Раства Найсвяцейшай Багародзіцы, а ў 1744 годзе пацвердзіў ранейшы фундуш Свята-Мікалаеўскай царкве ў Брагіне (апошні ў 1774 г. быў пацверджаны панамі Ракіцкімі)[59].
Пасля смерці ў 1744 годзе князя Міхала Сервацыя Вішнявецкага яго вялізныя ўладанні адыйшлі да жонкі княгіні Тэклі Ружы з Радзівілаў († канец 1747). Прычым на Брагіне з прылегласцямі ёй было запісана ажно 400 000 злотых[U][60].
У 1748 г. мястэчка Брагін названае ў ліку паселішчаў, частка жыхароў якіх (галоўным чынам, шляхта) належала да рыма-каталіцкай Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[61]. Ад студзеня 1749 года маёнтак стаў уласнасцю Замойскіх[62][V]. Паводле ксяндза Ст. Залэнскага, дачцэ Міхала (†1735) і Эльжбеты (з князёў Вішнявецкіх) Замойскіх Катарыне, якая пабралася шлюбам з Янам Каралем Мнішкам, падкаморым літоўскім[W], пры сямейным падзеле ў 1750 годзе дасталося ў трыманне «Брагінскае графства» (мястэчка Брагін з 37 вёскамі). Тады ж яна і фундавала ў Брагіне пры касцёлё, які наноў паставіла, місію, прызначыла езуіцкай рэзідэнцыі ў Юравічах пэўную суму грошай з умовай, каб нехта з місіянераў прыбываў да Брагіна і абслугоўваў духоўныя патрэбы католікаў[X][63].
Часам не абміналі Брагін і гайдамакі. У 1750, 1751 годзе мястэчка і ваколіцы, частка якіх была тады ўладаннем пана Францішка Антонія Ракіцкага, ротмістра ашмянскага, пацярпелі ад іх рабаўніцтваў[64].
З паказанняў арыштанта, гайдамацкага ватажкі, Івана Падалякі ў Кіеўскім гродскім судзе ад 20 кастрычніка 1750 г.: «…ідучы да Брагіня каля млыноў, што завуцца Гарадзішчам, здыбалі аднаго чалавека, з імя і прозвішча невядомага, які… ўзяўся дабраахвотна праводзіць, і пайшлі да Брагіня; у Брагіню ўначы зрабавалі двух яўрэяў: сукмані, маніста, серабро і грошы забралі; кожнаму гайдамаку ў цвёрдай манеце дасталася па дзесятку рублёў, а ў дробнай манеце маскоўскай — па пяць рублёў і шэсць грывень; тую дробную манету ўсю аддалі правадніку Сцяпану..; той жа Сцяпан з Брагіня праводзіў іх да дому свайго бацькі і, там накарміўшы, у бацькі пакінуў грошы, а сам павёў іх да сваіх паноў, да Кімбараўкі…»[65]. Нярэдка, рабаўніцтвы суправаджаліся забойствамі. Уражвае наступнае сведчанне: "Тот же секунд-майор Галцов 25 августа 1750 г. рапортовал: «сего августа 25 дня писал к нему польского местечка Лоева, владельца конюшенного и ротмистра Антония Рокицкого местечка Брагина управитель шляхтич Верига, что сего августа против 25-го числа разбойников 12 ч-к, в ночи при селе Игрушине попа Павла Лазниченка разбили и двор огнем спалили, и жида разбили и огнем сожгли, а жидовку до смерти скололи; да в деревне Сувиде жида разбили, а жидовку огнем же зжгли и жиденка до смерти скололи, которое де село Игрушин и дер. Сувида разстоянием от Днепра против Любич с 15 верст». Пазней Ф. Ракіцкі паведамляў кіеўскаму генерал-губернатару М. І. Лявонцеву: «сего 1752 г. мая 10-го н. с. два гайдамаки именем Грицько Киселенко, а другой Пархоменко пойманы с товарищи в розбое и в допросе сего мая 15 в лоевском замке показали: …Из Жаров вышев, имев всякое к пропитанию изобилие, плыли Днепром до реки Брагинки и хотели прийти до местечка Брагина, но имея предосторожность, что были в опасности, поплыли вверх Днепром к Лоеву, мимо Любеча…»[66].
У 1750—1753 гадах памежныя канфлікты з князямі Шуйскімі, уладальнікамі Хойнікаў і Астраглядавічаў, мелі пасэсары Брагінскага маёнтку паны Ян Караль Мнішак, падкаморы літоўскі, і Францішак Антоні Ракіцкі, войскі ашмянскі[67]. У 1754 годзе Брагінскае графства было куплена ў княгіні Эльжбеты, дачкі Міхала Сервацыя, Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францішкам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім (†1759), лідарам групоўкі Чартарыйскіх у Рэчыцкім павеце. Пасля гэтага судовыя прэтэнзіі суседзяў, апекуноў непаўналетніх хойніцкіх Шуйскіх паноў Быстрых, старостаў ліноўскіх, наступных апекуноў князёў Шуйскіх, старостаў ніжынскіх, былі ўжо толькі да паноў Ракіцкіх і іх сваякоў Рафала Аскеркі, Міхала Страшэвіча, якія некаторы час мелі дачыненне да Брагінскіх добраў[68]. На 1754 год у мястэчку Брагін налічвалася 117 двароў (прыкладна 702 жыхары), з якіх «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачвалася 18 злотых і 7 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 73 злотых[69]. 2 жніўня 1776 года ў Мазырскім гродскім судзе для пана Міхала Ракіцкага, палкоўніка пяцігорскага, з падачы ротмістра ашмянскага пана Алаізія Ракіцкага, было актыкавана абмежаванне Брагінскай воласці 1512 года, згодна з указам караля Жыгімонта Старога, праведзенае дзеля чалабітнай князя Міхаіла Васільевіча Збаражскага. У гэты раз дакумент быў запісаны пад назвай «Akt Ograniczenia Hrabstwa Brahińskiego»[70]. Значная частка Брагінскага маёнтку заставалася ў валоданні Ракіцкіх да 1880-х гадоў.
Яўрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засведчылі, што ў Брагіне налічвалася адпаведна 64 двары з 260 жыхарамі, 31 двор з 90 жыхарамі і 47 двароў з 152 жыхарамі. Мястэчка было цэнтрам аднаіменнага кагала, да якога ў названыя гады належалі насельнікі 41, 28 і 26 вёсак, хутароў і фальваркаў, а ў іх разам з мястэчкам пражывала 532, 189 і 223 чалавек; некаторыя ў 1784 годзе запісаліся хрысціянамі, таму пагалоўшчыне не падлягалі — у Лісцвіне, Веляціне, Еўлашах, Дубліне[71]. Прыкметнае ўбыванне колькасці яўрэяў і прыняцце часткаю іх хрысціянства магло быць выклікана выбухам гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны ў 1768 годзе, адгалоскі якой дасягалі і Брагіна.
27 днём жніўня 1783 года датаваная карта Брагінскага графства[Y], матэрыял для якой падрыхтаваў Станіслаў Віткоўскі. Тады маёнткам, з прычыны недаросласці сыноў Людвіка і Алаізія Рафала ўдавы пані Марыі з Аскеркаў Ракіцкай, часова валодаў жанаты з ёй пан Міхал Страшэвіч, маршалак упіцкі. У 1786 годзе ён жа пацвердзіў фундуш 1720 года Свята-Троіцкай царкве[72].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Брагін апынуўся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва, з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года — Мінскай губерні Расійскай імперыі[73]. У крыніцы, заснаванай на звестках расійскай рэвізіі 1795 года, сказана, што мястэчка Брагін было ў супольным валоданні графаў Людвіка і Алаізія Ракіцкіх, мела «грунт песковатой 14 уволок», а сена па балотах тамтэйшыя жыхары накошвалі 270 вазоў. Тут існавала адна з сямі ў Рэчыцкай акрузе яўрэйскіх школ, якая месцілася ў драўляным будынку[74]. У самым канцы XVIII ст. браты Ракіцкія вызначыліся з падзелам бацькоўскай фартуны. Алаізію Рафалу і яго нашчадкам дастаўся Брагін з прылегласцямі, а Людвіку — Гарадзішчаўскі і Ёлчанскі ключы з шэрагам фальваркаў[75]. 5 студзеня 1799 года ў метрычных кнігах Сялецкага базылянскага кляштару ў запісе аб хросце ў палацы Гарадзішча Тэклі, дачкі Людвіка і Ганны з Плятэраў[Z] Ракіцкіх, кашталянічаў менскіх, адным з чатырох кумоў-мужчын быў кашталяніч менскі Рафал Ракіцкі з Брагіня[76]. Але яму, падобна, даводзілася дзяліць спадчыну з шваграм Ігнацыем Аскеркам, падстаростай судовым рэчыцкім[77], таксама кумам на згаданай урачыстасці. У шляхецкай рэвізіі 1811 года Брагінскі маёнтак паказаны нібыта ўласнасцю сына Рафала[AA], 16-гадовага Міхала, побач згаданы і 17-гадовы Уладзіслаў Аскерка, сын сястры Рафала і Людвіка Ізабэлы[AB]; на 1795 год фартуна налічвала 3 111 душ прыгонных мужчынскага полу[78]. Відавочна, граф Людвік быў на той час апекуном абодвух юнакоў. Неўзабаве і Міхал уступіў ва ўладанне Брагінам, і Уладзіслаў — ва ўладанне сваёй часткай брагінскіх добраў з дваром у Рудакове.
18 чэрвеня 1831 года ў наваколлях Брагіна шляхціч Міхал Лігенза, афіцыяліст пана Крушэўскага з Ракітна, сабраў конны аддзел паўстанцаў у складзе крыху больш дваццаці чалавек з ліку дворскай службы. Уначы на 19 чэрвеня ён жа з паловай тых людзей, спрабуючы ўзняць тутэйшую чыншавую і дворскую шляхту на паўстанне, прайшоў праз Шкураты і Мікулічы ў накірунку Хойнікаў, Вадовічаў, потым Нароўлі і Мухаедаўскіх лясоў, дзе хаваліся інсургенты з Оўруцкага і Радамышльскага паветаў[79].
Паводле звестак на 1834 год, у Брагіне праводзіліся два штогадовыя кірмашы: 1-8 студзеня і 29 чэрвеня — 2 ліпеня; тавараў прывозілася адпаведна на 3 000 і 2 000 рублёў, прадавалася на 2 000 і 1 500 р., наведвалі кірмашы каля 400 і 350 чалавек[81]. 3 чэрвеня 1834 года настаяцель Бабчынскай Крыжаўздзвіжанскай царквы а. Іаан Данілаў Нямшэвіч абвянчаў у Брагінскай Свята-Троіцкай прыходскай царкве шляхціча-католіка Ігнацыя, сына Ігнацыя, Стравінскага з праваслаўнай дзяўчынай Аляксандрай, дачкой селяніна мястэчка Брагін, прыгоннага графа Міхала Ракіцкага, Івана Іванавага Скарахода[82][AD]. У 1845 годзе прыход названай царквы быў скасаваны, а храм прыпісаны да прыходу царквы Раства Найсвяцейшай Багародзіцы[83].
Згодна з энцыклапедыяй Гарады і вёскі Беларусі, у 1850 годзе ў мястэчку Брагін было 149 двароў, 1233 жыхары. Тракт звязваў Брагін з Лоевам. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 782 жыхары мястэчка абодвух полаў з’яўляліся прыхаджанамі Раства-Багародзіцкай царквы, 515 жыхароў — Мікалаеўскай царквы, яшчэ 6 мужчын і 9 жанчын былі парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[84]. У 1860 годзе ў мястэчку 261 гаспадарка, 2628 жыхароў, прыходскія Свята-Мікалаеўская і Раства-Багародзіцкая з прыпісной Свята-Троіцкай[AE] цэрквы[85], філіяльны Астраглядаўскай парафіі касцёл, праводзіліся два кірмашы на год. Маюцца звесткі пра ўзаемадачыненні тутэйшых панства і праваслаўнага духавенства. У дзённіку архіяпіскапа мінскага і бабруйскага Міхаіла Галубовіча занатавана, што 19 верасня 1860 года ён: «Раніцой ад’ехаў у Брагін. Ракіцкі вадзіў мяне па цэрквах, а я зацягнуў яго, неахвочага, да дабрачыннага Айца. Намагаўся памірыць іх. Заўважыў, што Ярэміч і жонка дужа катэгарычныя і непрыхільныя да Ракіцкага. Выступілі з папрокамі. Нягледзячы на гэта, граф абяцаў скончыць вясною дом і здаць ссыпку. Па абедзе з Ракіцкім паехаў у Глухавічы. Ён паказаў мне тры карціны, набытыя ў Варшаве, а калі я пахваліў „Татараў“, дык прасіў, каб гэтую карціну прыняў на памяць. Тут таксама былі Аскерка і валынскі Прозар. З жонкай мяне не пазнаёміў — нібыта хворая, у ложку. Сапраўды, у яе быў павятовы лекар Філіповіч»[86].
У парэформенныя часы Брагін — цэнтр воласці ў Рэчыцкім павеце. У сувязі з чарговым паўстаннем супраць расійскага панавання і за аднаўленне Рэчы Паспалітай, 11 красавіка 1865 года будынак Брагінскага філіяльнага касцёла быў адабраны ў католікаў і перададзены ў праваслаўнае ведамства. Пазней у ім уладкавалі прыпісную царкву Св. Ціхана Задонскага[87][AF]. На 1876 год часткай Брагінскага маёнтку ў 20 000 дзесяцін угоддзяў, набытай 9 студзеня 1873 года, валодаў расійскі купец 1-й гільдыі Якім Сямёнавіч Каноплін. Іншая частка Брагінскіх добраў разам з Мікуліцкім ключом у 26 650 дзесяцін, з 2-ма ветракамі, 6 коннымі, 1 вадзяным млынам, сукнавальняй засталася за графам Людвікам, сынам Міхала, Ракіцкім[88], ад якога мусіла перайсці яго сыну Міхалу. У 1878 годзе ў мястэчку налічвалася 2 711 жыхароў[89]. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Багародзіцкай царквы ў Брагіне названыя настаяцель а. Юліян Мігай, в. а. штатнага псаломшчыка Дзмітрый Федаровіч. Да прыходу належалі жыхары мястэчка Брагін, вёсак Буркі, Сабалі, Шкураты, Кавака. У прычце Мікалаеўскай царквы — настаяцель а. Максім Ярэміч, в. а. штатнага псаломшчыка Сямён Кезевіч, просфірня Еўфрасіння Кезевіч. Прыход — жыхары Брагіна, вёсак Дублін, Спярыжжа, Ясені, Валахоўшчына[90]. На 1879 год у прыходзе Багародзіцкай царквы налічвалася 970 душ мужчынскага і 1019 душ жаночага полу сялянскага саслоўя, у прыходзе Мікалаеўскай царквы — 860 душ мужчынскага і 1005 душ жаночага полу[91]. У 1883 годзе Брагінскі маёнтак Ракіцкіх[AG], выстаўлены на аўкцыён за даўгі Зямельнаму банку, «с Высочайшего соизволения» набыў вялікі інжынер, сапраўдны тайны саветнік Станіслаў Валерыянавіч Кербедзь. Аднак яго адміністратар і ўпаўнаважаны ў судзе Юзаф Вайткоўскі, з-за безгаспадарлівасці папярэдніх уласнікаў, на 1887 год здолеў улагодзіць пазямельныя спрэчкі з сялянамі толькі 4 вёсак[AH], з насельнікамі 12-ці астатніх даводзіў справу да поўнага вырашэння і ў 1895 годзе[AI][93]. У 1896 годзе у Раства-Багародзіцкім прыходзе быў узведзены мураваны будынак царквы на гонар св. апосталаў Пятра і Паўла, у якім размясцілася і двухкласная прыходская школа[94]. Паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», перапіс 1897 года засведчыў: у мястэчку Брагін было 648 двароў, 4519 жыхароў, дзейнічалі 3 царквы, капліца і 4 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі валасная ўправа, царкоўнапрыходская школа, народная вучэльня, паштова-тэлеграфны аддзел, хлебазапасная крама, паравы млын, бровар, 6 крупадзёрак, 3 маслабойні, 5 гарбарняў, 5 цагельняў, 82 крамы і 2 заезныя дамы, карчма, аптэка, штотыднёва праводзіліся таргі, 2 разы на год адбываліся кірмашы. На 1903/1904 год сярод зямельных уласнікаў Мінскай губерні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, названы ўладальнік маёнтку Брагін дваранін Міхал Станіслававіч Кербедзь[95]. Згодна са звесткамі выдання «Список населённых мест Минской губернии», на 1909 год у мястэчку Брагін налічвалася ўсяго 387 двароў, 3902 жыхары[96].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага мірнага дагавора з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Брагін, аднак, апынуўся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Прычым, старастай (губернатарам) гетман Украінскай Дзяржавы Павел Скарападскі прызначыў былога ўладальніка маёнтка Гарадзішча, галаву Рэчыцкай павятовай управы Пятра Аскаравіча Патона. Ад 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[97].
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі Брагін з воласцю ўвайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня ён разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перададзены ў склад РСФСР.
8 снежня 1926 года Брагін і яго значна пашыраную тэрытарыяльна воласць вярнулі БССР. Тады ж ён стаў цэнтрам раёна, з 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года таксама з’яўляўся цэнтрам Брагінскага сельсавета. З 1938 г. у новастворанай Палескай вобласці (цэнтр — Мазыр). 27 верасня 1938 года Брагін атрымаў афіцыйны статус гарадскога пасёлка.
У Другую сусветную вайну з 28 жніўня 1941 да 23 лістапада 1943 года Брагін знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. З 1954 года ў складзе Гомельскай вобласці.
У 1986 годзе ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС мястэчка апынулася ў зоне радыеактыўнага забруджвання.
20 кастрычніка 1995 года адміністрацыйныя адзінкі Брагінскі раён і пасёлак Брагін, якія маюць агульны адміністрацыйны цэнтр, аб'яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку — Брагінскі раён[98].
Сучасны Брагін складаецца з сеткі кварталаў, выцягнутых уздоўж ракі. Асноўныя адміністрацыйныя і гандлёвыя будынкі канцэнтруюцца вакол плошчы. У цэнтральнай частцы размяшчаюцца 2-, 4- і 5-павярховыя жылыя дамы. Астатняя забудова пераважна аднапавярховая, драўляная.
Вуліцы, якія сёння не існуюць і ў пераназваным выглядзе: Кавальская, Кароткая, Вузкая, Падол, Школьная, Цяслярская.
Мясцовасці Брагіна: Загароддзе, Звярынец[AM] (раён сучасных вуліц Зіновіча, Юбілейнай, Паркавай, Пясочнай, канца Кастрычніцкай, Крылова, Палескай, Аэрадромнай, Чэлідзэ), Касачоў, Ліпкі, Палуянаўшчына.
Прадпрыемствы харчовай прамысловасці.