У тэктанічных адносінах тэрыторыя раёна прымеркавана да Жлобінскай седлавіны і Гарадоцка-Хацецкай ступеніПрыпяцкага прагіну. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту магутнасцю 20—40 м, у ледавіковых лагчынах да 80—100 м; ніжэй неагенавыя і палеагенавыя да 45—50 м, мелавыя 10—115 м, юрскія 16—107 м, дэвонскія да 1000 м адклады. На поўдні раёна ў верхнім дэвоне вылучаецца саляносная тоўшча. Пад платформавым чахлом на глыбіні 700 м на паўночным захадзе і поўначы і 1500 м ніжэй узроўню мора на паўднёвым усходзе залягаюць пароды крышталічнага фундамента.
Паверхня раёна пераважна ў межах Гомельскага Палесся, паўночны захад — у межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. 98 % тэрыторыі на вышыні 130—145 м над узроўнем мора. Агульны нахіл тэрыторыі з поўначы на поўдзень. Найвышэйшы пункт 151,5 м (на поўдні, каля в. Дабрагошча); найменшая абсалютная адзнака 118 м (на паўднёвым усходзе, урэз Дняпра). Характэрны плоскія нізінныя ўчасткі, на паўночным захадзе забалочаныя.
Жлобінскі раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Бабруйскай акругіБССР. Цэнтр — мястэчка Жлобін. 20 жніўня 1924 года падзелены на 14 сельсаветаў: Бабоўскі, Бухарынскі, Казіміраўскі, Кароткавіцкі, Лукаўскі, Малевіцкі, Пірэвіцкі, Радушскі, Салонскі, Сенажаткаўскі, Скяпнянскі, Стараруднянскі, Чацвярнянскі, Шапілаўскі. 3 ліпеня 1925 года Жлобін атрымаў статус горада. 4 жніўня 1927 года да раёна далучаны Верхнеалбянскі (Вышнеалбянскі), Дабрагашчанскі, Затонскі, Кабанаўскі, Мормальскі, Навамаркавіцкі, Папаратнянскі, Стрэшынскі сельсаветы скасаванага Стрэшынскага раёна. 30 ліпеня 1928 года Шапілаўскі сельсавет перайменаваны ў Майскі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 20 жніўня 1933 года Сенажаткаўскі сельсавет рэарганізаваны ў нацыянальны польскі сельсавет. 26 лютага 1937 года Бухарынскі сельсавет перайменаваны ў Акцябрскі. 14 жніўня 1937 года Казіміраўскі сельсавет разбуйнены на Казіміраўскі і Краснабярэжскі сельсаветы, скасаваны Сенажаткаўскі нацыянальны польскі сельсавет. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Гомельскай вобласці. 28 чэрвеня 1939 года ў склад адноўленага Стрэшынскага раёна перададзены 10 сельсаветаў: Верхнеалбянскі, Дабрагашчанскі, Затонскі, Кабанаўскі, Кароткавіцкі, Мормальскі, Навамаркавіцкі, Папаратнянскі, Скяпнянскі і Стрэшынскі. 30 красавіка 1948 года ўтвораны Ракцянскі сельсавет. 29 красавіка 1950 года да раёна далучаны Кіраўскі сельсаветРагачоўскага раёна. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Казіміраўскі і Салонскі сельсаветы. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Стрэшын, Верхнеалбянскі, Дабрагашчанскі, Кабанаўскі, Кароткавіцкі, Мормальскі, Навамаркавіцкі, Папарятнянскі, Скяпнянскі сельсаветы скасаанага Стрэшынскага раёна. 11 лютага 1960 года скасаваны Мормальскі і Чацвярнянскі сельсаветы, 9 жніўня 1962 года — Бабоўскі сельсавет. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Дворышчанскі і Шчадрынскі сельсаветыСветлагорскага раёна. 7 сакавіка 1963 года Жлобін атрымаў статус горада абласнога падпарадкавання. 18 студзеня 1965 года скасаваны Дворышчанскі сельсавет, утвораны Сцяпскі (Сцяпоўскі) сельсавет. 8 снежня 1966 года зноў утвораны Салонскі сельсавет, скасаваны Скяпнянскі сельсавет. На 1 студзеня 1974 года ў складзе раёна гарадскі пасёлак, 19 сельсаветаў, 165 населеных пунктаў[4]. 24 лістапада 1983 года Лукаўскі сельсавет перайменаваны ў Луцкі. 21 верасня 1992 года скасаваны Радушскі, Ракцянскі і Сцяпскі сельсаветы. 4 студзеня 2002 года горад Жлобін і Жлобінскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 12 лістапада 2013 года скасаваны Кабанаўскі сельсавет[5], Стрэшынскі пассавет рэарганізаваны ў сельсавет[6]. 23 лістапада 2022 года скасаваны Верхнеалбянскі сельсавет[7].
Зараз насельніцтва раёна складае 107,1 тыс. чалавек (2-е месца), у тым ліку ў гарадскіх умовах пражываюць 72,2 тыс. чалавек. Усяго налічваецца 156 населеных пунктаў.
↑Белорусская ССР. Административно-территориальное деление. На 1 января 1974 года. (руск.). — Выданне 5-е. — Мн.: Беларусь, 1974. — С. 85. — 248 с. — 10 000 экз.
Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.