Ве́тка[4] (афіц. транс.: Vietka) — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Веткаўскага раёна, прыстань на р. Сож. За 22 км ад Гомеля. Аўтадарогі на Гомель, Добруш. Насельніцтва 8 394 чал. (2017)[5].
Корань Вет- можа быць напрамую і не звязаны з рускім ветка, ветвь. На гэта паказвае наяўнасць гідронімаў тыпу Вець (рака ў басейне Сажа), Вецьма, Ветша (рэкі на Верхнім Павоччы), Вецьвы (возера ля вусця Бярэзіны), заходнелітоўскіх тапонімаў Вет-ловки, Ветши (пераданыя ў рускім правапісе)[6], літоўскіх антрапонімаў Veteika, Veteikis, беларускіх антрапонімаў тыпу Вецік, Веціс.
Ветка заснавана ў 1685 як слабада стараверамі — уцекачамі з цэнтральнай Расіі. У XVII—XVIII стст. Ветка з навакольнымі слабодамі, манастырамі і скітамі з’яўлялася цэнтрам старавераў. У 1730-я ў горадзе пражывала каля 40 тыс. чал. Карныя войскі царскага ўрада ў XVIII ст. двойчы спальвалі Ветку, большасць жыхароў прымусова выселена ва ўсходнія губерніі Расіі. З 1772 у складзе Расійскай імперыі. З 1784 мястэчка, з 1852 у Гомельскім павеце. У 1868 адкрыта жаночае народнае вучылішча, у 1874 — мужчынскае. У 18 ст. у Ветцы сфарміраваліся мясцовыя асаблівасці іканапісу і афармленні рукапіснай кнігі, склалася самабытная школа веткаўскага разьбярства. З 1919 у Гомельскай губерні РСФСР, з 1925 горад. З 1926 у БССР, цэнтр раёна. З 18.8.1941 па 28.9.1943 была акупіравана немцамі, у гэты час загінула 656 чалавек. У 1978 быў заснаваны Веткаўскі музей народнай творчасці, адкрыўся для наведвальнікаў у лістападзе 1987.
20 кастрычніка 1995 года адміністрацыйныя адзінкі Веткаўскі раён і горад Ветка, якія маюць агульны адміністрацыйны цэнтр, аб'яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку — Веткаўскі раён[7].
Прадпрыемствы лёгкай, будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасці. Ветка — цэнтр мастацкага промысла (разьбярства па дрэве).