Узнікненне бешанкоўскай назвы датуецца першай паловай XIV стагоддзя, калі пры вялікім князю літоўскім Казіміры на ўсходзе і поўдні з абарончымі мэтамі рассяляліся (надзяляліся землямі) літоўскія баяры, і яна была перанесеная перасяленцамі з-пад Ліды, дзе вядомы тапонім Бешанкі.
Пра гэта сведчаць такія назвы ў наваколлі Бешанковічаў, як Бачэйкава, Тарантова, Толміншчына, Рапшына, якія паходзяць ад літоўскіх імёнаў тыпу Bačeika, Taranta, Tolminas, Rapšys, а таксама тапонімы Баяры і Ліцвякі.
Пра час перасялення гаворыць згадка дзяцей і ўнукаў баярына Бачэйкі ў канцы XIV стагоддзя.
Пасяленне літоўскіх баяраў у раёне Бешанковічаў мела радыяльны характар: пасярэдзіне — Толміншчына (адзіная назва ў мясцовасці, якая паходзіць ад прэстыжнага ў раннелітоўскім баярскім асяроддзі двухскладовага імя Tolminas, ад toli «далёка» і mintis «думка»), наўкола — згаданыя адыменныя паселішчы, яшчэ далей — кола паселішчаў, некаторыя з якіх маюць другаснае адназоўнае паходжанне: Гайнаўшчына, Радунь, Лелюкі (цяпер — Люлюкі), а таксама Бешанковічы. Яны прынесеныя з мясцін, дзе на той час захоўвалася літоўскамоўнае насельніцтва: Гайна (ля Лагойска), Радунь, Лелюкі, Бешанкі (усе ля Ліды).
Назва лідскіх Бешанкоў, у сваю чаргу, паходзіць ад балцкага (літоўскага) антрапоніма тыпу Bešys або Bešėnas. Аналагі — балцкія тапонімы Bešiai (Літва, ля Коўна), Bēšoni (Латвія, ля Аглоны)[3].
Падобным чынам утварыўся і тапонім Мерачоўшчына ў басейне Ясельды.
Паводле іншай версіі, тапонім Бешанковічы ўтварыўся ад слова «бешань» — моцная плынь у сярэдзіне ракі[4]. На думку географа В. Жучкевіча, у аснове назвы Бешанковічаў магло быць прозвішча Бешанковіч. Такога прозвішча, аднак, ён не зафіксаваў, і ў сваім «Кароткім тапанімічным слоўніку Беларусі» не падаў[5].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Паводле падання, спачатку Бешанковічы месціліся вышэй па цячэнні Дзвіны, на левым беразе, на месцы цяперашніх Мількавічаў. Пазней былі перанесены на 6,5 км ніжэй[6].
Паводле гісторыка Аляксея Сапунова, населены пункт упершыню ўпамінаецца ў 1447 годзе, калі вялікі князь «Казімір у памяць выратавання сваёй жонкі ў 20-ы дзень ліпеня ад утаплення загадаў пабудаваць у Беларусі шэсць цэркваў у імя святога Ільі-прарока»[7]. Гісторык Восіп Турчыновіч называе 1460 год, калі «у памяць выратавання каралевы Елісаветы ад утаплення 20 ліпеня ў дзень прарока Ільі Казімір загадаў пабудаваць у Беларусі некалькі цэркваў праваслаўных па берагах рэк Дзвіны, Дняпра і Сажа: у Віцебску, Бешанковічах, Магілёве, Крычаве, Оршы і Чэрыкаве, падараваў гэтым храмам у карыстанне перавозы»[8]. У пачатку XVI стагоддзя вёска Бешанковічы ўваходзіла ў склад Крывінскай воласці Полацкага ваяводстваВялікага Княства Літоўскага і належала Друцкім-Сакалінскім.
У 1605 годзе Бешанковічы перайшлі да Язерскіх, з 1615 года — у валоданні аршанскага маршалка М. Адравонжа. У 1630 годзе Бешанковічы набыў ваявода віленскі Казімір Леў Сапега, неўзабаве паселішча атрымала статус мястэчка, а ў 1634 годзе магдэбургскае права. Пры Сапегах Бешанковічы разбудаваліся, у мястэчку штогод праводзіліся 2 кірмашы, самы вядомы быў Петрапаўлаўскі, які пачынаўся 29 чэрвеня (дзень святых Пятра і Паўла) і стаяў 4 тыдні. Штогод на яго з’язджалася да 4—5 тысяч чалавек. У 1650 годзе Казімір Леў Сапега збудаваў тут касцёл.
У 1656 годзе пасля смерці Сапегі Бешанковічы перайшлі ў спадчыну яго стрыечнай пляменніцы Ганне Сапега, якая была жонкай Станіслава Нарушэвіча. З канца XVII ст. праз шлюб іх дачкі Яаны Тэадоры з Янам Агінскім Бешанковічы перайшлі ва ўласнасць Агінскім, пры якіх у мястэчку пабудаваны першыя камяніцы. У Паўночную вайну (1700—1721) у 1708 годзе тут размяшчаліся маскоўскія войскі, тры разы мястэчка наведаў маскоўскі цар Пётр I. З сярэдзіны XVIII ст. Бешанковічы — горад (места), у якім было каля 1,5 тысячы двароў; цэнтр ганчарнага і мылаварнага рамёстваў, вырабу гонты; працаваў гасціны двор. Князь Міхал Казімір Агінскі 2 лютага 1762 года выдаў мяшчанам ліст, якім вызваляў іх ад значнай часткі паншчыны, акрамя згону за млын. Міхал Казімір Агінскі збудаваў у горадзе палац, заклаў парк з некалькімі экзотамі, вадаёмамі, гаспадарчымі пабудовамі.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Бешанковічы былі падзелены на 2 часткі, задзвінская частка Бешанковічаў з 500 дварамі апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Граніца праходзіла па Дзвіне, праз што была пабудавана галоўная мытня. У 1783 годзе Агінскі зрабіў даравальны запіс, паводле якога Бешанковічы сталі ўласнасцю Іахіма Храптовіча. З 1785 года пачаўся эканамічны заняпад Бешанковічаў, прычынай былі некалькі пажараў і перавод галоўнай мытні ў Полацк і Талачын. На 1785 год на частцы Вялікага Княства Літоўскага было 1000 двароў, дзейнічалі касцёл і царква.
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бешанковічы цалкам апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Расійскія ўлады панізілі статус паселішча да мястэчкаЛепельскага паветаВіцебскай губерні; у гэты час больш за чвэрць ягоных жыхароў займаліся толькі сельскай гаспадаркай. У вайну 1812 года з 11 ліпеня да 20 кастрычніка Бешанковічы займалі французскія войскі, некалькі дзён тут месціўся штаб Напалеона. У верасні 1821 года на агляд расійскай гвардыі ў мястэчка прыязджаў расійскі імператар Аляксандр I.
На 1868 год у Бешанковічах 392 будынкі; працавалі народнае вучылішча, 2 гарбарныя заводы, бровар, 115 крам, у наваколлі 17 вадзяных і ветраных млыноў. Ужо ў сярэдзіне XIX стагоддзя галоўныя вуліцы былі брукаванымі. З 1881 года Дзвіной з Улы на Віцебск рэгулярна хадзіў параход, а з 1892 года — 4 параходы. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, у мястэчку было 1099 будынкаў. У пачатку XX стагоддзя — 7 мураваных і 1243 драўляныя дамы, пошта, тэлеграф, царкоўна-прыходская школа, 3 народныя вучылішчы, 127 крам, лякарня.
26 лістапада 1917 года ўладу ў мястэчку захапілі бальшавікі. Пасля лютаўскага наступлення 1918 года нямецкіх войскаў Бешанковічы апынуліся ў прыфрантавой паласе. У сувязі з заняццем немцамі большай часткі Лепельскага павета яго выканаўчы камітэт часова быў пераведзены ў Бешанковічы.
Прадпрыемствы лёгкай (ільнозавод), харчовай прамысловасці (малочны завод), камбінат будматэрыялаў. Вядомыя як цэнтр традыцыйных ганчарных вырабаў, так званай бешанковіцкай керамікі (фабрыка мастацкіх вырабаў). Гасцініца (вул. Камуністычная, 22). Дом паляўнічага.
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
↑Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974. Стар. 27-28.
↑Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / БелСЭ; [Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Мастак А. М. Хількевіч]. — Мн.: БелСЭ імя П. Броўкі, 1991. — 423 с.: іл. — С. 18. — ISBN 5-85700-053-X.
↑Витебская губерния: историко-географический и статистический обзор / Сост. по программе и под ред. В. М. Долгорукова. Вып. 1: История. Природа. Население. Просвещение. — Витебск: Губернская типография, 1890. — [2], 387 с., [16] л. ил., цв. карт. — С. 32.
↑Турчинович, И. В. Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен / сочинение О. Турчиновича. — СПб.: издание В. А. Исакова, 1857. — XII, 303 с. — С. 115.
↑Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 7 чэрвеня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 22 (1142).
↑ абвБеларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Долготович Б. Д. Почётные граждане белорусских городов: биограф. справочник / Б. Д. Долготович. — Мн.: Беларусь, 2008. — С. 71—72. — 368 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-01-0784-8.(руск.)