Тапонім «Лынтупы» ўтварыўся ад балцкай назвы рэчкі Лынтупкі. У літоўскім ужыванні выкарыстоўваюцца назвы Lentupiai, Lentupė, згодна з больш старажытным мясцовым вымаўленнем.
Другая частка звязаная з літ.: upė «рака». Першая частка — з індаеўрапейскім *lento- «гнуткі, падатлівы», ад якога спачатку пайшло значэнне «ліпа», а ад яго ўтварылася літ.: lenta «дошка (ліпавая)».
У гідроніме захавалася адпачатнае старабалцкае значэнне, сама назва значыць «звілістая рака»[4]. Ёсць і другая Лынтупка — рэчка, што ўцякае ў Гаўю каля Суботнікаў.
Мясцовы настаўнік і краязнавец І. Быхавец тлумачыў назву як «птушыная рака», гэтае значэнне, на яго думку, уласцівае і балцкім, і фінскім мовам[5].
Паводле інвентара, станам на 1591 год у Лынтупах існавала плошча і 2 вуліцы — «Да млына» і «Да сяла Судоўскага», мелася 28 дымоў. Сядзіба ўладара маёнтка складалася са старога дома з 6 памяшканнямі і гаспадарчых пабудоваў.
Падчас вызваленчага паўстання 5 мая 1831 года ў мястэчка ўвайшлі атрады паўстанцаў, адкуль яны накіраваліся ў Ашмянскі павет. У 1843 годзе Лынтупы зрабіліся цэнтрам воласці Свянцянскага павета. Цягам 1854—1939 гадоў мястэчка належала Бішэўскім.
Станам на 1885 год у Лынтупах было 13 двароў, валасная ўправа, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, школа (адкрылася ў 1866 годзе), багадзельня, 3 крамы, карчма, праводзіліся кірмашы. У 1897 годзе праз мястэчка прайшла чыгунка, якая злучыла Полацк з Вільняй.
У канцы XIX стагоддзя маёнтак Лынтупы складаўся з мястэчка Лынтупы, вёсак Шудаўцы, Казнадзеюшкі, Пожлікі, Пешкаўцы і засценкаў Стукаўшчызна, Яўнелішкі, Жакі, Балдук, Сенькішкі, або Балдучок, Трабуцішкі, Ігнацішкі (усе яны належалі да Лынтупскай сельскай суполкі). Праз мястэчка праходзіла вузкакалейка Новасвянцяны — Глыбокае. У пачатку XX стагоддзя Бішэўскія збудавалі ў Лынтупах двухпавярховы мураваны палац (захаваўся), раней тут заклалі парк з рэдкімі пародамі дрэваў, выкапалі ўручную 3 ставы, якія злучаліся ручаямі. У 1904 годзе ў мястэчку пачаў працаваць вінакурны завод. У 1908 годзе на месцы ранейшага драўлянага збудавалі мураваны касцёл. У 1909 годзе ў Лынтупах адкрылася народнае вучылішча. У Першую сусветную вайну ў 1915 годзе праз мястэчка праходзіла лінія фронта.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Лынтупы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіліся цэнтрам гміны Свянцянскага павета. Мясцовае вучылішча рэарганізавалі ў прагімназію. Станам на 1937 год у мястэчку было 194 двары.
У 1939 годзе Лынтупы ўвайшлі ў склад БССР, вёска ў Пастаўскім раёне. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 года да 8 ліпеня 1944 года знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй.
22 жніўня 1967 года Лынтупы атрымалі статус гарадскога пасёлка[7]. 8 красавіка 2004 года Лынтупскі пассавет быў рэарганізаваны ў Лынтупскі сельсавет з цэнтрам у Лынтупах. 28 лютага 2011 года адбылося афіцыйнае зацвярджэнне герба і сцяга пасёлка[8].
Лынтупы на старых фатаздымках
Панарама
Касцёл
Палац
Брама
Насельніцтва
XVI стагоддзе: 1591 год — 150 чал.
XIX стагоддзе: 1866 год — 477 чал., у тым ліку 406 каталікоў, 11 праваслаўных, 50 іўдаістаў, 6 евангелістаў, 4 магамецяніна[9]; 1885 год — 214 чал.; 1897 год — 685 чал.
XX стагоддзе: 1975 год — 2 тыс. чал.; 1989 год — 2,1 тыс. чал.; 1995 год — 2,1 тыс. чал.[10]; 1997 год — 2,2 тыс. чал.
XXI стагоддзе: 2004 год — 1,8 тыс. чал.; 2006 год — 1,8 тыс. чал.[11]; 2008 год — 1,8 тыс. чал.; 2009 год — 1 609[12] чал. (перапіс); 2016 год — 1 519 чалавек[13]; 2017 год — 1 478 чалавек[3]; 2023 год — 1 202 чал.
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Метэастанцыя. Пункты мытнага афармлення Лынтупы-1 і Лынтупы-2.
Інфраструктура
У Лынтупах працуюць аптэка, бальніца, ветэрынарны ўчастак, 2 дзіцячыя сады, спіртзавод, дом быту, лясніцтва, міліцэйскае аддзяленне, 5 крам, лазня, метэастанцыя, АТС, філіял ашчаднага банка, філіял ПМК-21, пажарная каманда, пошта, нафтабаза, электрастанцыя, цэх дрэваапрацоўкі, сталоўка, хлебанарыхтоўчае прадпрыемства, сярэдняя школа, бібліятэка.
Транспарт
Праз пасёлак праходзяць аўтадарогі Р95 (Лынтупы — Смаргонь — Гальшаны) і Р110 (Глыбокае — мяжа Літвы). У наш час пасажырскае чыгуначнае злучэнне ў кірунку Літвы не ажыццяўляецца.
Клімат
На другім месцы па сярэднім узроўні ападкаў у краіне. Тут сярэдні паказчык аб’ёму ападкаў складае 738 мм.[14]
Памежная зона
Лынтупы знаходзяцца ў пагранічнай зоне Рэспублікі Беларусь, уезд у якую ажыццяўляецца на падставе апавяшчэння пагранічнікаў пра намер наведаць тое ці іншае месца ў памежнай зоне з выплатай дзяржаўнай пошліны[15].
Славутасці
У Лынтупскай школе дзейнічае музей «Беларуская хатка» (адкрыўся ў 1992 годзе намаганнямі М. Нячаевай).
На паўночным захадзе ад Лынтупаў знаходзіцца курганны могільнік балтаў X—XI стст.
Гістарычная забудова (канец XIX — пачатак XX стст.; фрагменты)
На станцыі па ініцыятыве мясцовага краязнаўца Я. Громава 1 ліпеня 2007 усталяваны бюст «караля вузкакалейкі», інжынера, дэпутата першай Дзяржаўнай Думы Баляслава Антонавіча Ялавецкага.
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
↑Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб аднясенні вёскі Лынтупы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці да катэгорыі гарадскіх пасёлкаў ад 22 жніўня 1967 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1967, № 24 (1182).
Лынтупы // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 440. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.