Эдвард Адамавіч Вайніловіч

Эдвард Адамавіч Вайніловіч
бел.: Эдвард Антоній Леанард Адамавіч Вайніловіч
Герб «Сыракомля»
Герб «Сыракомля»
Віцэ-старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі
1888 — 1907
Папярэднік Віктар Фларыянавіч Свіда
Пераемнік Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939)
Старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі
1907 — 1921
Папярэднік граф Аляксандр Аляксандравіч Мусін-Пушкін (1856—1907)
Пераемнік няма (пасада скасавана)
Дэпутат Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні
1906 — 1909
Папярэднік няма (пасада заснавана)
Пераемнік князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1861—1919)
Старшыня «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі
1906 — 1908
Папярэднік няма (пасада заснавана)
Пераемнік граф Ян Эмілевіч Алізар (1855—1915)
Старшыня «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і Краёў Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі
1906 — 1908
Папярэднік няма (пасада заснавана)
Пераемнік Яўстах Дабецкі (1855—1919)
Старшыня Краёвай партыі Літвы і Беларусі
1907 — 1908
Папярэднік няма (пасада заснавана)
Пераемнік Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939)

Нараджэнне 13 кастрычніка 1847(1847-10-13)
Смерць 16 чэрвеня 1928(1928-06-16) (80 гадоў)
Месца пахавання Быдгашч, Польшча; (з 2006) Мінск, Беларусь
Род Вайніловічы
Імя пры нараджэнні польск.: Edward Antoni Leonard Woyniłłowicz
Бацька Адам Антонавіч Вайніловіч (1806—1874)
Маці Ганна (Анэля) Эдвардаўна Ваньковіч (1826—31.12.1893)
Жонка Алімпія Маркаўна Узлоўская (02.03.1861—08.05.1945). Шлюб 18 ліпеня 1882
Дзеці 1) Гелена-Бянігна Эдвардаўна Вайніловіч (13.02.1884—12.02.1903); 2) Сямён Эдвардавіч Вайніловіч (17.06.1885—10.06.1897)
Веравызнанне каталік
Адукацыя
Дзейнасць палітыка[1] і мецэнацтва[d][1]
Аўтограф Выява аўтографа
Узнагароды Крыж Камандорскі Ордэна Адраджэння Польшчы Ордэн Св. Уладзіміра IV ступені (Расійская імперыя) Ордэн Св. Ганны II ступені (Расійская імперыя) Ордэн Св. Ганны III ступені (Расійская імперыя) Ордэн Св. Станіслава II ступені (Расійская імперыя) Ордэн Св. Станіслава III ступені (Расійская імперыя)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Э́двард Ада́мавіч Вайніло́віч ці поўнасцю Э́двард Анто́ній Леана́рд Ада́мавіч Вайніло́віч (польск.: Edward Woyniłłowicz, руск.: Эдвард Адамович Войнилович[заўв 1]; 13 кастрычніка 1847, Вялікая Сляпянка, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 16 чэрвеня 1928, Быдгашч, Рэспубліка Польшча) — буйны гаспадарчы і палітычны дзеяч Расійскай імперыі і Беларусі, мецэнат, фундатар, рэфарматар мясцовай сельскай гаспадаркі. Стацкі саветнік (1905).

Належаў да сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў герба «Сыракомля». Атрымаў тэхнічную і сельскагаспадарчую адукацыю і практыку (у тым ліку — за мяжой) — слуцкую гімназію (1861—1865), Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэхналагічны інстытут (1865—1869), сельскагаспадарчыя курсы ў Прушкаве (1872). Але хутка пачаў актыўна займацца ва ўласным маёнтку сельскагаспадарчай вытворчасцю, грамадскай і дзяржаўнай службай у родным Слуцкім павеце Мінскай губерні: выбіраўся членам (1880—1917) дабрачыннага таварыства ў Слуцкім павеце; па прызначэнні расійскіх улад быў шматгадовым ганаровым міравым суддзёю (1883—1917) Слуцкага павета і дэпутатам дваранства (1887—1917, 1918[заўв 2]) ад Слуцкага павета ў Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе; быў апекуном (1903—1914) над маяратамі малалетняга князя Альбрэхта Радзівіла; фінансаваў (разам з іншымі асобамі) будаўніцтва камерцыйнага вучылішча (т.зв. «гандлёвай школы») у Слуцку; арганізоўваў сельскагаспадарчыя выстаўкі і інш.

У 1878 г. уступіў у Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (1878—1921), быў у 1888—1907 гг. яго віцэ-старшынёй, а ў 1907—1921 гг. старшынёй. З 1888 г. фактычна быў кіраўніком Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. У канцы XIX — пачатку XX стст. Эдвард Вайніловіч стаў адным з неафіцыйных лідараў карэнных (каталіцкіх і польскамоўных) дваран літоўска-беларускіх губерняў. Быў актыўным дзеячом беларускага нацыянальнага руху, з’яўляючыся лідарам беларускага дваранскага кансерватыўнага кірунку[2] ў апошнім і не прымаючы сацыялістычныя яго кірункі.

У 1905—1910 гг. на свае грошы пабудаваў у Мінску каталіцкі касцёл Святога Сымона і Святой Алены (Чырвоны касцёл) у памяць аб сваіх заўчасна памерлых дзецях. Быў шчырым католікам, але і заўзятым прыхільнікам міжнацыянальнага і міжканфесійнага міру, свабоды сумлення; будаваў праваслаўныя цэрквы, стаў заснавальнікам камітэта абароны праў яўрэяў і татар у Клецку.

Быў выбраны дэпутатам (1906—1909) ад Мінскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, дзе ў 1906—1908 г. узначальваў групоўку дэпутатаў «Саюз Колаў Каралеўства Польскага і Краёў Літвы і Русі» (і паралельна яе частку — «Кола Літвы і Русі»). У 1906 г. адмовіўся ад прапанаванай Пятром Сталыпіным пасады намесніка міністра земляробства Расійскай імперыі. Стаў адным з лідараў ліберальна-кансерватыўнага кірунку «краёвасці» і першым старшынёй Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907—1908) — быў абаронцам права прыватнай уласнасці і выступаў за аўтаномію свайго краю ў складзе Расійскай імперыі, скасаванне саслоўных адрозненняў, ліквідацыю сялянскага малазямелля, развіццё сістэмы бясплатнай пачатковай адукацыі, прававую роўнасць народаў, моў, культур, канфесій і інш.

Дасягненнем дзейнасці Эдварда Вайніловіча ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі было ўвядзенне расійскім урадам у 1911 г. земстваў у Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губернях, што паспрыяла эканамічнаму і культурнаму развіццю гэтых зямель. У 1911—1917 гг. быў (па выбары) дэпутатам ад «польскай» (каталіцкай) курыі Слуцкага павета ў мінскай губернскай земскай управе (мінскім земстве), дзе шукаў паразуменне з беларускім сялянствам і інтэлігенцыяй.

У час Першай сусветнай вайны як кіраўнік Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі аказваў дапамогу бежанцам і ахвярам вайны, захоўваў эвакуіраваную пародзістую жывёлу, арганізаваў догляд прыватных гаспадарак Мінскай губерні. Пасля падзення расійскага самаўладдзя ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі (1917) станоўча ўспрыняў працэс палітычнага самавызначэння беларусаў і стаў разам з іншымі лідарамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі актыўным прыхільнікам палітычнай суб’ектнасці Беларусі, робячы канкрэтныя для таго крокі, але адмоўна аднёсся да сацыялістычных лозунгаў скасавання прыватнай уласнасці на зямлю. У 1917 г. выдаткаваў грошы на Беларускі нацыянальны камітэт (у Мінску). Падтрымліваў свайго «палітычнага вучня» і паплечніка Рамана Скірмунта, які летам 1918 г. рабіў захады, каб Беларуская Народная Рэспубліка фарміравалася як капіталістычная дзяржава. У канцы кастрычніка 1918 г. увайшоў у якасці члена ў склад Рады БНР, а ў лістападзе 1918 г. падтрымаў ідэю стварэння канстытуцыйна-манархічнай дзяржавы Вялікае Княства Літоўска-Беларускае пад нямецкай апекай.

Пасля адыходу з Беларусі нямецкіх войск узначаліў Саюз палякаў беларускіх ускраін, актыўна ўдзельнічаў у снежні 1918 г. у арганізацыі набору і фінансавання Літоўска-беларускіх дывізій для абароны літоўска-беларускіх зямель ад бальшавікоў, падтрымаў ідэю ўваходжання літоўска-беларускіх зямель у склад аднаўлянай Юзафам Пілсудскім шматнацыянальнай федэратыўнай Рэчы Паспалітай, увайшоў у склад Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі і Саюза маянткоўцаў Літвы і Беларусі ў Варшаве. У сакавіку 1920 г. у Вільні ўзначаліў арганізацыю землеўласнікаў літоўска-беларускіх зямель «Саюз саюзаў», створаную ў выніку рэарганізацыі Саюза маянткоўцаў Літвы і Беларусі ў Варшаве. У маі 1920 г. стаў ініцыятарам падачы асобнымі беларускімі нацыянальнымі дзеячамі (з кола Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі) дэкларацыі аб саюзе Беларусі і Польшчы. Пасля заняцця ў ліпені 1920 г. бальшавікамі беларускіх зямель назаўсёды вымушана пакінуў родныя мясціны і пераехаў у польскі Бзовец (Люблінская губерня).

У студзені 1921 г. ад свайго імя і мясцовых землеўласнікаў адправіў Ігната Парэмбскага прадстаўляць інтарэсы Беларусі на мірных перагаворах паміж дэлегацыямі Польшчы, РСФСР і УССР у Рызе. Быў незадаволены рашэннямі Рыжскага мірнага дагавора (1921), які падзяляў Беларусь на часткі і ацаніў пазіцыю польскіх палітыкаў як здраду ідэалам адраджэння былой шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай. У ходзе драматычных падзей частай змены ўлады ў Беларусі ў 1918—1919 гг. быў разрабаваны яго маёнтак Савічы на Случчыне і знішчаны старажытны архіў роду Вайніловічаў, што Эдвард Вайніловіч успрыняў як вялікую трагедыю. Калі па выніках Рыжскага мірнага дагавора (1921) дамы і маёнткі Вайніловічаў, як і многіх іншых землеўласнікаў, аказаліся на савецкім баку, Эдвард Вайніловіч са сваякамі прыняў грамадзянства Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай), а пасля разам з Радай Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі вырашыў скасаваць арганізацыю, што і было прынята ў маі 1921 г. у Варшаве на агульным сходзе Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.

У снежні 1921 г. са сваякамі вырашыў асесці ў польскім Быдгашчы, адышоў ад палітычнай дзейнасці і не ўступаў у палітычныя партыі. З 1921 г. актыўна фінансава падтрымліваў т.зв. «Крэсавы інтэрнат», заснаваны ў Быдгашчы для выхавання дзяцей землеўласнікаў Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, чые маёнткі пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) апынуліся на тэрыторыі СССР і былі нацыяналізаваны. У 1923 г. быў выбраны на пасаду старшыні (1923—1928) арганізацыі эмігрантаў «Саюз палякаў усходніх ускраін», а ў 1927 г. — ганаровым членам (1927—1928) Навагрудскага таварыства сельскай гаспадаркі. Катэгарычна выступаў супраць палітыкі паланізацыі беларускага насельніцтва Польшчы і выказваўся (у тым ліку ў друку) у падтрымку развіцця беларускамоўнай культуры. Да канца свайго жыцця быў прыхільнікам злучэння разам усіх беларускіх зямель, стварэння польска-беларускай федэрацыі (каб мець Беларусі выхад да мора), а таксама вяртання польскамоўных землеўласнікаў і інтэлігенцыі Беларусі да пастаяннага ўжывання беларускай мовы, што, аднак, сустрэла мала спачувальнікаў. За прабеларускія погляды і дзеянні атрымаў у Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай) рэпутацыю «апошняга беларускага баярына».

Памёр у Быдгашчы, дзе быў з пашанай пахаваны сваімі шматлікімі сябрамі і сваякамі. Пасля смерці Эдварда Вайніловіча яго жонка Алімпія Вайніловіч працягвала фінансава падтрымліваць «Крэсавы інтэрнат». 11 чэрвеня 2006 г. труна з рэшткамі Эдварда Вайніловіча была ўрачыста перапахавана ў Мінску (Беларусь) каля касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў прысутнасці далёкіх сваякоў Вайніловічаў.

Паходжанне роду, бацькі і сёстры

Сядзіба Ваньковічаў у Вялікай Сляпянцы — месца нараджэння Эдварда Вайніловіча, фота 2013 г.

Належаў да сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў герба «Сыракомля», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Новагародскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага і Слуцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі. Пра свае карані Эдвард Вайніловіч пісаў у мемуарах, што «род быў мясцовы, беларускі», а ў сваім тастаменце адзначыў цесную сувязь з радзімай і народам: «Вайніловічы не прышлі ані з усходу, ані з захаду, а з'яўляюцца карэннымі, мясцовымі, кроў з крыві, косць з косці таго народа, які калісь хаваў сваіх продкаў у тых курганах, што і цяпер ёсць на вясковых могілках, і родную зямлю беларускай сахой кроіць»[3]. У сталым веку Эдвард, пераймаючы тую старажытную традыцыю, стварыў у Савічах фамільны курган, куды перавез з касцёлаў рэшткі сваіх продкаў.

Нарадзіўся Эдвард Вайніловіч у ноч з 12 на 13 кастрычніка 1847 г. у сям’і Адама Антонавіча Вайніловіча (1806—1874) і яго жонкі Ганны Эдвардаўны Ваньковіч (1826—1893). Месцам нараджэння Эдварда стала сядзіба Ваньковічаў у маёнтку Вялікая Сляпянка (зараз у межах Мінска) Мінскага павета, дзе ў сваіх бацькоў гасцявала ў той час яго маці. Быў названы Эдвардам у гонар свайго дзеда Эдварда Станіслававіча Ваньковіча (1793—1872), а поўнае яго імя, дадзенае пры хрышчэнні ў каталіцтва 13 кастрычніка 1847 г. у Мінску ў кафедральным саборы Найсвяцейшай Дзевы Марыі[a], было Эдвард Антоній Леанард. Хросным бацькам Эдварда Вайніловіча стаў былы мінскі губернскі маршалак (1823—1847) Леў Францавіч Оштарп (1785—1851), які быў сябрам і суседам Ваньковічаў[4], хроснай — Міхаліна Ваньковіч (з роду Манюшкаў)[заўв 3][5]; а сведкамі пры хросце мінскі губернскі маршалак (1847—1853) Атон Ігнатавіч Горват з жонкай Людвікай, жонка Льва Оштарпа Ганна і старшыня Крымінальнай палаты Мінскага галоўнага суду Ігнат Тадэвушавіч Багдановіч[5].

Эдвардаў бацька Адам Вайніловіч быў сынам Антона Адамавіча Вайніловіча (1773—1855), слуцкага павятовага маршалка (1811—1818), скончыў слуцкую кальвінісцкую школу і Віленскі ўніверсітэт, служыў папячыцелем сельскіх запасных магазінаў Слуцкага павета (1835—1845), займаўся гаспадаркай і быў пасрэднікам у многіх зямельных спрэчках, таму атрымаў вялікі аўтарытэт і быў кампрамісарам у справе продажы вялізных Барысаўскіх маёнткаў (Стары Барысаў і інш.) князя Гераніма Лявона Радзівіла (1808—1885) расійскаму вялікаму князю Мікалаю Мікалаевічу (1831—1891)[6][7]. Бацькавы якасці душы і бацькаў стыль вядзення спраў у поўнай меры праявіліся і ў дзейнасці Эдварда Вайніловіча.

Маці Ганна (Анэля) Эдвардаўна Ваньковіч (1826—1893) была дачкой Эдварда Станіслававіча Ваньковіча (1793—1872), мінскага павятовага харунжага (1817—1820), і яго жонкі Міхаліны Станіславаўны Манюшкі, цёткі вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі. Яе род Ваньковічаў адносіўся да рэгіянальнай эліты Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, а пазней Мінскай губерні Расійскай імперыі. У прыватнасці, дзед Ганны Ваньковіч Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч (?—1812) быў барысаўскім павятовым маршалкам (1797—1802), а пасля мінскім губернскім маршалкам (1802—1806). У сям’і Вайніловічаў з пяццю дзецьмі, меўшай не вельмі вялікі маёнтак, матэрыяльныя магчымасці былі вельмі абмежаваныя, а маці Ганна з вялікай спадчыны сваіх бацькоў Ваньковічаў атрымала сабе толькі 10 000 рублёў срэбрам[7].

Адна сястра Эдварда Міхаліна Вайніловіч (1848—1941) пайшла замуж за Атона Ігнатавіча Горвата (1809—1894), былога мінскага губернскага маршалка (1847—1853), для якога гэта быў другі шлюб. Першай жонкай Атона Горвата была Людвіка Львоўна Оштарп (8 чэрвеня 1807—?) — дачка мінскага губернскага маршалка (1823—1847) Льва Францавіча Оштарпа (1785—1851). Другая сястра Эдварда Габрыэла Вайніловіч (1850—1879) узяла шлюб з Ежы Пятровічам Магільніцкім (1827—1915), арганізатарам паўстання 1863—1864 гадоў у Слуцкім павеце[7]. Трэцяя сястра Эдварда Марыя Вайніловіч (1849—1927) пайшла замуж за Ксаверыя Бельскага (1842—1919). Чацвёртая сястра Ядвіга Вайніловіч (1864—1935) пабралася шлюбам з Вацлавам Генрыкавічам Кастравіцкім (не вельмі далёкім сваяком), стала вядомай прадпрымальніцай у Мінску, а таксама вялікай памочніцай свайго брата Эдварда Вайніловіча.

Выхаванне, адукацыя і маладыя гады

Шляхецкая годнасць

Бронзавы барэльеф з уласным радаводам, створаны паводле праекту Эдварда Вайніловіча[заўв 4], 1907 г.

Выхаванне ў родавым маёнтку Савічы Слуцкага павета ў традыцыйнай шляхецкай годнасці, якую Эдвард Вайніловіч засвоіў і пранёс у сваёй душы праз усё сваё жыццё і якая заключалася ў высакароднай прастаце і сумленнасці, набожнасці і шчырай веры, зычлівасці і гасціннасці, шанаванні продкаў і ахвярнай любові да айчыны, пачалося бацькамі і працягвалася настаўнікамі, якіх падбіралі для дзяцей бацькі. Вялікім прыкладам для Эдварда заўсёды быў працавіты і мудры бацька, а таксама пакаленні памерлых продкаў. У сваім тастаменце Эдвард Вайніловіч з усёй самапавагай адзначыў: «Наш род ні перад кім шапкі не здымаў»[8]. Калі ў XVIII ст. у шырокім наваколлі Нясвіжа, Клецка і Слуцка ў Новагародскім ваяводстве амаль усе маёнткі належалі князям Радзівілам, гэта не было падставай для многіх сярэднезаможных шляхціцаў ваяводства (Вайніловічаў, Даманскіх, Незабытоўскіх (Незабітоўскіх), Рдултоўскіх, Рэйтанаў і інш.), чые маёнткі анклавамі дзіравілі суцэльныя масівы вялізных радзівілаўскіх ардынацый, страціць годнасць і незалежнасць і быць пад уплывам магнатаў. Вайніловічы, не дасягаўшы ніколі сенатарскіх пасад, а займаўшы пасады абозных, канюшых, земскіх суддзяў Новагародскага ваяводства, былі сябрамі Радзівілаў, але ніколі — іх слугамі[8].

Ад продкаў Эдвард Вайніловіч пераняў не толькі пачуццё ўласнай годнасці, але і рэлігійную талерантнасць. У сваіх мемуарах указаў, што ў Савічах у Новагародскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага ва ўніяцкай царкве (пераробленай пасля скасавання ўніяцтва ў 1839 г. у праваслаўную) яго продкі — шляхціцы-каталікі Вайніловічы — «не толькі бралі ўдзел у набажэнствах, але і хрысцілі не раз дзяцей і заключалі шлюбы, а некаторыя нават былі пахаваныя пад падлогай царквы». І дадае: «Можа гэтая мясцовая традыцыя паўплывала на тое, што ніхто з членаў нашай сям’і рэлігійным фанатызмам, асабліва ў адносінах да ўсходняга абраду, не быў заражаны. Бывалі мы ў царкве на шлюбах альбо пахаваннях нашай прыслугі звычайна ахвотна, атрымліваючы ганаровыя месцы, як заўжды з дываном пад нагамі і крэсламі»[9].

Гувернанткі і хатнія настаўнікі

З павагай і ўдзячнасцю ў сваіх мемуарах успамінае сваю першую гувернантку Акінчыц (з малазаможнай шляхты Слуцкага павета), якая любіла Эдварда і яго сясцёр як родных і многаму навучыла. Эдвард з дзяцінства ведаў польскую (на якой у жыцці часцей за ўсё размаўляў і пісаў) і беларускую мовы, размаўляючы на ёй са сваімі сялянамі і дробнай (безмаёнткавай) беларускамоўнай шляхтай Случчыны. Першапачатковую адукацыю ён атрымаў дома ў спадчынным маёнтку Савічы пры дапамозе гувернантак і настаўнікаў, якія выкладалі яму французскую і нямецкую мовы, і гімназістаў-рэпетытараў (сына суседняга арандатара Шалкевіча і «магаметаніна» Мейшутовіча), якія вучылі яго рускай мове для паступлення ў гімназію ў Слуцку[10].

Успаміны аб сялянскай рэформе (1861)

З часоў прыгону Эдварду запомнілася нямногае, галоўным чынам яскравыя сялянскія вяселлі ў маёнтку. Дзень адмены прыгону ў 1861 г. запомніўся тым, што бацька сказаў: «Вось, дзеці, заўтра пайду сам карміць коней і кароў, а вы мне будзеце дапамагаць». Але раніцай усе сяляне прыступілі да сваіх абавязкаў, нібыта нічога не змянілася. Змяніліся толькі ўмовы і аплата працы. Таму большасць людзей засталася на сваіх месцах, пражыўшы ўсё сваё далейшае жыццё ў Савічах, гэтак жа як і дзеці і ўнукі апошніх, бо, на думку Вайніловіча, землеўласнікі не рабілі ім нічога несправядлівага альбо сялянам не хацелася змяняць свой лад жыцця[11].

Слуцкая гімназія (1861—1865)

У 1861—1865 гг. каталік Эдвард Вайніловіч вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, якая была раней кальвінісцкай школай (дзе калісь вучыўся яго бацька Адам) і лічылася адной з лепшых гімназій у краі. Яго вельмі ўразіў гэты старажытны горад, які меў столькі слядоў даўніны як у традыцыях, так і архітэктуры. У мемуарах ніякаму іншаму месцу Вайніловіч не надаў столькі любові, цікавасці, захаплення, увагі да падрабязнасцей у гістарычныя экскурсы (пра Алелькавічаў, Радзівілаў, «персіярні», кальвінісцкія кірхі і інш.), як Слуцку, роднаму Слуцкаму павету, а таксама яго жыхарам. Калі ён вучыўся ў гімназіі, то пражываў у Слуцку ў доме свайго дзядзькі Тадэвуша Антонавіча Вайніловіча (1804—1878), доўгачасовага і аўтарытэтнага слуцкага павятовага маршалка (1845—1863).

Уражанні пра часы Студзеньскага паўстання (1863)

Слуцкая гімназія. Малюнак Напалеона Орды, 1870-ыя гг.

На сярэдзіну навучання Эдварда Вайніловіча ў гімназіі прыпала паўстанне 1863—1864 гадоў. Яго патрыятычна настроены дзядзька Тадэвуш Вайніловіч (1804—1878), з’яўляючыся аўтарытэтным і доўгачасовым слуцкім павятовым маршалкам (1845—1863), прыняў удзел у падзеях, звязаных з падпісаннем т.зв. «мінскага пратакола»[12].

Эдвард са сваёй маці Ганнай

Эмацыйны патрыятычны запал ахапіў многія слаі грамадства літоўска-беларускіх губерняў, асабліва бурна на любыя водгукі падзей у Варшаве і сваім краі рэагавалі моладзь і жанчыны, удзельнічаючы ў дэманстрацыях у кунтушах і канфедэратках, спяваючы патрыятычныя і рэлігійныя гімны ў касцёлах і на вуліцы, хаваючы зброю, а часам і саміх паўстанцаў. На думку Эдварда Вайніловіча, тых цвяроза думаючых людзей, што глядзелі глыбей і бачылі, што паўстанне не падрыхтавана і ўвогуле не мае шанцаў на поспех, а яго наступствы будуць неспрыяльнымі для краю, узбуджаныя натоўпы ганьбавалі[13].

Пад уплывам агітацыі нават патрыятычная маці Эдварда хацела адправіць яго, 15-гадовага юнака, у слуцкі паўстанцкі атрад, але, калі ў маёнтак прышлі паўстанцы вербаваць людзей, Эдварда не было дома і да атрада далучыўся толькі пісар маёнтка Савічы[13]. Слуцкі атрад быў хутка разбіты, пісар з Савіч арыштаваны, таму бацьку Адаму Вайніловічу пагражаў секвестр маёнтка. Аднак слуцкаму павятоваму маршалку (1845—1863) Тадэвушу Вайніловічу (1804—1878) удалося дабіцца зняцця секвестру з маёнтка брата Савічы да рашэння суда, якога ў далейшым не адбылося[14].

Дагавор на спадчыну дзядзькавага маёнтка (1865)

Дзядзька Эдварда Люцыян Янавіч Вайніловіч (1817—1884) ад сваёй жонкі Гелены Янаўны Вейсенгоф (1815—1880), дачкі знакамітага генерала Яна Вейсенгофа (1774—1848), які ў свой час быў нават ад'ютантам Якуба Ясінскага (1759—1794), не меў дзяцей. Шануючы родавыя сувязі і маючы вялікую замілаванасць да «радзіннага гнязда» (маёнтка Пузава ў Слуцкім павеце), дзядзька Люцыян вырашыў, што пасля сваёй смерці яго родавы маёнтак Пузаў (Пузава) і набыты маёнтак Пераходы ў Слуцкім павеце павінны перайсці Вайніловічам па мужчынскай лініі, у прыватнасці сыну свайго стрыечнага брата — Эдварду Адамавічу Вайніловічу. Ён падпісаў з Адамам Антонавічам Вайніловічам (1806—1874) у 1865 г. адпаведную дамоўленасць. З таго часу Люцыян Вайніловіч і яго жонка абкружылі вялікай увагай маладога Эдварда, які пачаў часцей наведваць іх у Варшаве, завязалі з ім перапіску і з 1870-х пачалі шукаць нявесту[15].

Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэхналагічны інстытут (1865—1869)

Эдвард Вайніловіч у студэнцкія гады

Пасля сканчэння гімназіі Эдвард вырашыў не займацца сельскай гаспадаркай у родным маёнтку і не служыць у войску ці чыноўнікам, а атрымаць спецыяльную (тэхнічную) адукацыю. Прычынай гэтага была няўпэўненасць у захаванні маёнтка, якую ён адчуў у 1863 г. у час пагрозы секвестру[16]. У ходзе і пасля паўстання 1863—1864 гадоў шмат якія шляхціцы страчвалі маёнткі па прычыне канфіскацый і секвестраў расійскімі ўладамі, што пагражала і Вайніловічам, а пасля выдання «карніцкага» для каталіцкіх дваран «заходніх губерняў» Расійскай імперыі царскага ўказу ад 10 снежня 1865 г. палітыка расійскай улады была накіравана на змяншэнне працэнта дваран-каталікоў сярод землеўласнікаў «заходніх губерняў». Каб стала зарабляць на жыццё ў выпадку страты маёнтка, лепей падыходзілі тэхнічныя прафесіі, якія ў той час высока аплочвалася і былі запатрабаваныя.

Эдвард Вайніловіч паступіў у 1865 г. у Санкт-Пецярбургскі тэхналагічны інстытут без экзаменаў, бо добра скончыў Слуцкую гімназію — з медалём. Яго выкладчыкамі ва ўніверсітэце былі знакамітыя Дзмітрый Мендзялееў (1834—1907); будучы міністр фінансаў (1887—1892) Расійскай імперыі Іван Вышнеградскі (1830—1895); ураджэнец Мінскай губерні юрыст, адвакат і публіцыст Уладзімір Спасовіч (1829—1906), з якім Эдвард часта кантактаваў, і інш.[17]

Сам інстытут быў надзвычай дэмакратычным, а большасць студэнтаў былі прыхільнікамі сацыялізму. Для Вайніловіча ж сацыялістычныя погляды і тэорыі былі несумяшчальнымі з тымі шляхецкімі традыцыямі, у якіх ён быў выхаваны ў бацькоўскім доме і якіх прытрымліваўся ўсё сваё жыццё. Ён з юнацтва быў перакананы, што прыватная ўласнасць з’яўляецца асновай прагрэсу, законнасці і парадку ў грамадстве, «бо ж уласнасць, узніклая ад старанняў, працы і ашчаднасці, высакародзіць чалавека, дадае стымул асабістай ініцыятыве. Тады як уласнасць, набытая насіллем над чужой уласнасцю, дэмаралізуе, адбірае жаданне працаваць і падштурхоўвае шукаць паляпшэння быту не ў асабістай працы, а ў пажаданні чужой маёмасці»[18]. Адзінае карыснае, што, па ўласным прызнанні, засталося ў Вайніловіча пасля знаёмства з сацыялізмам, гэта тое, што Эдвард навучыўся ўсіх людзей лічыць роўнымі сабе, роўнымі перад законам, як роўнымі перад Усявышнім. Бацька даваў Эдварду небагата грошай, бо сям’я збірала на пасаг яго сёстрам, але Эдварду ўдавалася хадзіць адзін-два разы ў месяц у тэатр альбо оперу. Пазнаёміўся Эдвард і з польскамоўнай дыяспарай, уваходзіў у студэнцкае зямляцкае таварыства. Яшчэ ў часы навучання студэнт Эдвард праходзіў практыку механікам у кузнях, сталеліцейных цэхах, якія існавалі пры самым інстытуце, а таксама наведваў з іншымі студэнтамі пад кіраўніцтвам прафесараў буйныя заводы Санкт-Пецярбурга і Кранштата[19].

Універсітэт скончыў у 1869 г. з залатым медалём, атрымаўшы спецыяльнасць «тэхнолаг 1-га разраду», і, жадаючы атрымаць практычны досвед па прафесіі, як адзін з лепшых выпускнікоў атрымаў пасаду на Пуцілаўскім заводзе ў Санкт-Пецярбургу з месячным заробкам у 50 рублёў і бясплатнае пражыванне ў гарадской кватэры. На Пуцілаўскім заводзе працаваў інжынерам-механікам, дзе вырабляліся шыны, бронечасткі і снарады[20].

Стажыроўка ў Германіі і Бельгіі

Пасля праходзіў стажыроўку на заводзе па вырабе лакаматываў Штросберга каля Гановера (Германія), а з 1870 г. працаваў памочнікам машыніста лакаматыва ў Бельгіі на чыгуначным маршруце Брусель — Аквізгран[21].

З прызначэннем на пасаду віленскага генерал-губернатара (1868—1874) Аляксандра Львовіча Патапава (1818—1886) пасляпаўстанчая атмасфера ў літоўска-беларускіх губернях стала больш лагоднай, таму ўцалелыя мясцовыя каталіцкія дваране спадзяваліся, што здолеюць утрымаць за сабой маёнткі. Вяртання да заняткаў сельскай гаспадаркай у родным маёнтку, землеўладальніцкага ладу жыцця і традыцыйнага служэння роднай зямлі і людзям хацеў ад Эдварда і яго бацька Адам[22].

Падарожжа ў Італію і Францыю

Папа Рымскі (1846—1878) Пій IX

У мэтах аздаравіць Эдварда пасля працы на заводах і чыгунцы маці пераканала бацьку, каб іх сына (па просьбах Люцыяна і Гелены Вайніловічаў) адправілі ў падарожжа за мяжу. Эдвард пагадзіўся з воляй бацькоў, а ў мемуарах занатаваў: «Аднак, узважыўшы, я тую маю папярэднюю працу, тыя гады, праведзеныя ў рабочай блузе, тыя гады спецыяльнай навукі за страчаныя зусім не лічу: наадварот, набыў карысны вопыт, бо навучыўся працаваць сам і цаніць працу іншых, навучыўся разумець псіхалогію працуючых, падуладных і залежных людзей і таму лепей разумець абавязкі працадаўцаў, у шэрагі якіх сам хутка меўся стаць»[23].

Восенню 1871 г. Эдвард Вайніловіч, яго дзяцька Люцыян Вайніловіч і цётка Гелена выехалі ў падарожжа ў Аўстрыю і Італію (Вена, Інсбрук, Венецыя, Рым, Фларэнцыя), дзе яны «прайшлі вінную тэрапію» і, дзякуючы шляхціцу Мазырскага павета Гераніму Кеневічу (1796—1884), які быў далёкім сваяком[заўв 5] Вайніловічаў (праз Адынцоў) і стала пражываў у тыя часы ў Рыме, атрымалі аўдыенцыю ў Папы Рымскага (1846—1878) Пія IX (1792—1878) і праслухалі яго малебен у Сікстынскай капэле. Пасля Рыма Вайніловічы наведалі Фларэнцыю, дзе напаткалі шляхціца Ігуменскага павета графа Яна Тадэвушавіча Завішу (1822—1887) і яго маладых дачок — Еву (1850—1930) і Магдалену (1861—1945)[24]. Пасля Вайніловічы вярнуліся ў Інсбрук, адкуль дзядзька і цётка накіраваліся на зіму ў Варшаву, а Эдвард — праз Страсбур у Парыж, «дзе яшчэ дыміліся рэшткі Парыжскай камуны і калона Вандома ляжала разбітай на каменнях бруку». Вайніловіч пасяліўся ў Лацінскім квартале горада і, не маючы знаёмых у Парыжы, акрамя ўраджэнца Слуцкага павета — хворага бібліятэкара з «гатэля Ламбер» Браніслава Залескага (1820—1880), пачаў наведваць лекцыі ў Сарбоне і Калеж дэ Франс («Collège de France»), надаючы асаблівую ўвагу палітычнай эканоміцы, праводзячы вечары ў «Камеды Франсэз» і тэатрах[25].

Курсы ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Прушкаве (Прусія)

Праз пэўны час бацька Эдварда, хварэючы на ногі, зноў нагадаў сыну, каб той хутчэй вяртаўся да землеўладальніцкага ладу жыцця. І ў 1872 г. Эдвард выехаў з Парыжа праз Гановер і Дрэздэн у нямецкі горад Прушкаў у прускай Сілезіі, дзе стаў слухачом кароткачасовых курсаў сельскагаспадарчай акадэміі[pl], якая славілася сваімі прафесарамі і давала грунтоўныя веды па развіцці сельскай гаспадаркі[26]. Пасля сканчэння практыкі позняй восенню 1872 г. Вайніловіч вярнуўся ў Савічы, дзе застаў бацьку вельмі хворым на ногі, чым у свой час пакутавалі і яго дзед Антон, і прадзед Адам. Хвароба не адступіла, хоць бацька Адам лячыўся і ў Варшаве. І 22 снежня 1874 г., калі Эдварда не было пэўны час дома, бацька памёр[27].

Дзейнасць у Слуцкім павеце

Службовая дзейнасць у павеце, чыны і ўзнагароды

Эдвард Вайніловіч. Фота, прывезенае з падарожжа ў Італію

У 1874 г. Эдвард Вайніловіч, тэхнолаг па адукацыі, ва ўзросце 27-і год стаў гаспадаром спадчынных маёнткаў Савічы і Пузава ў Слуцкім павеце і вырашыў займацца сельскагаспадарчай вытворчасцю. Абставіны для мясцовых каталіцкіх дваран у «заходніх губернях» былі цяжкімі: дзейнічала «выключнае заканадаўства»; не праводзіліся дваранскія выбары; яшчэ болей пашыралася русіфікацыя; у сферы адукацыі працягвала панаваць гістарычная тэорыя «адзінства рускага народа» ў трох галінах (вялікарусаў, маларусаў і беларусаў); масава будаваліся праваслаўныя храмы, а каталіцкія касцёлы перарабляліся на цэрквы; расійскі ўрад працягваў «убіваць клін» паміж каталіцкімі дваранамі і праваслаўнымі сялянамі, што праіснавала да падзення расійскага самадзяржаўя ў лютым 1917 г. і знікнення Расійскай імперыі.

Эдвард Вайніловіч яшчэ пры жыцці свайго бацькі ўдзельнічаў у кампрамісных судах (па зямельных пытаннях) і ажыццяўляў апеку над асірацелымі дваранскімі сем’ямі ў Слуцкім павеце, што і працягваў рабіць, атрымаўшы карысны вопыт зносін з людзьмі. За добрасумленнасць, дакладнасць, справядлівасць, здольнасць ісці на кампрамісы, не шкадуючы ўласнага часу, атрымаў давер і павагу маянткоўцаў[27].

Слуцкі павет у 1864 г. (фрагмент карты Мінскай губерні). Савічы пазначаны чырвонай кропкай

Акрамя таго, у 1880 г. пастановай мінскага губернскага праўлення Эдвард Вайніловіч быў залічаны ў штат канцылярыі слуцкага павятовага маршалка (1878—1892) Аляксея Уладзіміравіча Данэнштэрна, адстаўнога паручніка. Пачалася яго дзяржаўная служба. У 1880 г. уступіў у склад дабрачыннага таварыства ў Слуцкім павеце, у якім займаў у 1880—1917 гг. розныя пасады. У 1881—1882 гг. Эдвард Вайніловіч, Юзаф Вайніловіч, Аляксандр Скірмунт і яшчэ 27 рускіх маянткоўцаў губерні ўваходзілі (па рашэнні мінскага губернатара Аляксандра Пятрова) у склад т.зв. «яўрэйскай камісіі» для разгляду прававых і матэрыяльных умоў існавання яўрэяў у Мінскай губерні і зазначылі гаротны стан яўрэйскага насельніцтва[28]. У 1882 г. атрымаў (за старанную працу ў слуцкім дабрачынным таварыстве) свой першы ордэн — ордэн Святога Станіслава 3-й ступені, у 1883 г. атрымаў свой першы чын калежскага рэгістратара[b][29].

13 мая 1883 г. Эдвард Вайніловіч быў прызначаны расійскімі ўладамі на пасаду ганаровага міравога суддзі Слуцкай акругі (у межах Слуцкага павета), а пасля шмат разоў (на новае трохгоддзе) перапрызначаўся да 1917 г. уключна. Вайніловіч вельмі цаніў гэтую пасаду і не прапусціў ніводнага судовага пасяджэння без уважлівай прычыны. Не з’яўляючыся прафесійным юрыстам, ён дасканала вывучыў права і праяўляў адказнасць, якая спадарожнічала яму ўсё жыццё. Нават пазней, ужо пасля Рыжскага дагавора (1921), Навагрудскі акруговы суд Другой Рэчы Паспалітай (Польшчы) выбраў Эдварда Вайніловіча, улічваючы яго былыя заслугі ў гэтай галіне, сваім ганаровым суддзёй[b][29].

У 1883 г. Эдвард Вайніловіч атрымаў чын губернскага сакратара, а ў 1886 г. атрымаў ордэн Святой Ганны 3-й ступені за стараннасць на пасадзе слуцкага ганаровага міравога суддзі. У 1887 г. быў прызначаны на пасаду дваранскага дэпутата ад Слуцкага павета ў Мінскі дваранскі дэпутацкі сход і шмат разоў перапрызначаўся расійскімі ўладамі — да 1917 г. уключна. У тым жа 1887 г. за выслугу гадоў атрымаў чын калежскага сакратара, а ў 1890 г. — чын тытулярнага саветніка. У 1894 г. атрымаў (за старанную працу ў слуцкім дабрачынным таварыстве) ордэн Святога Станіслава 2-й ступені, а таксама (за выслугу гадоў) чарговы чын калежскага асэсара; а ў 1896 г. — чын надворнага саветніка. У 1896 г. атрымаў у памяць памерлага расійскага імператара Аляксандра III срэбны медаль, у 1898 г. — (за старанную працу ў слуцкім дабрачынным таварыстве) ордэн Святой Ганны 2-й ступені, у 1901 г. — чын калежскага саветніка, у 1902 г. — ордэн Святога Уладзіміра 4-й ступені, а ў 1905 г. — чын стацкага саветніка[b][29]. У 1913 г. атрымаў медаль «У памяць 300-годдзя царствавання дома Раманавых», а ў 1914 г. — медаль «У памяць 50-годдзя земскіх устаноў. 1864—1914 гг.»[30].

Эдвард Вайніловіч таксама фінансава дапамагаў слуцкай гімназіі; прыняў фінансавы ўдзел у пабудове і адкрыцці ў Слуцку камерцыйнага вучылішча (т.зв. «гандлёвай школы»), адным з галоўных фундатараў і папячыцеляў якога быў блізкі сябар Эдварда рускі маянтковец Слуцкага павета Міхаіл Кір’якоў[31]. Эдвард Вайніловіч быў заснавальнікам камітэта абароны правоў яўрэяў і татар у Клецку, даваў грошы на рамонт і будову праваслаўных цэркваў. У пачатку 1880-х гг. Вайніловіч пэўны час быў адным з трох куратараў-апекуноў (разам з Янам Кукевічам і Аляксандрам Ельскім) мінскай рэальнай гімназіі[32].

Сямейнае жыццё і маёнткі

Алімпія Вайніловіч (1861—1945) — жонка Эдварда Вайніловіча

18 ліпеня 1882 г. Эдвард Вайніловіч ажаніўся з Алімпіяй Маркаўнай Узлоўскай (1861—1945), род якой адносіўся да сярэднезаможнай каталіцкай шляхты Случчыны. Алімпія (ці «Лілі», як яе называлі блізкія) была суседкай Эдварда па сядзібе і не вельмі далёкай сваячкай: была дачкой Марка Францавіча Узлоўскага ад яго жонкі Мацільды Міхалаўны Вайніловіч (з макранскай лініі роду Вайніловічаў)[33]. Яна была маладзейшая за Эдварда, а яе сям’я ўдвая багацейшая і мела блізкія сваяцкія сувязі з Непакайчыцкімі і Рассудоўскімі — карэннай шляхтай (дваранамі) Случчыны. Алімпія атрымала традыцыйную для тых часоў хатнюю адукацыю для дваранак — была пісьменнай, валодала замежнымі мовамі, умела вышываць, верагодна, умела іграць на фартэпіяна; прынесла значны пасаг, бо была адзіным дзіцём у бацькоў. Вядома, што яна магла самастойна запрагаць коней і ездзіць у павозцы, а верагодна, і верхам, бо гэта было звычайным для павятовых дваранак. За жонкай, пасля смерці Марка Узлоўскага, Эдвард Вайніловіч атрымаў у пасаг маёнтак Боркі (фальваркі Боркі, Душнаў, Вінцэнтава, Матыняны і Лапатычы, а таксама лясныя масівы Малыя Страхіні і Вялікія Страхіні), які знаходзіўся ў 5 кіламетрах ад Савічаў і ў 1877 г. налічваў 2809 дзесяцін зямлі, а ў 1911 г. — 2722 дзесяціны. Маёнткі Савічы, Пузава і Пераходы (ралля, сенажаці і лясы) у 1877 г. мелі 1200 дзесяцін, а ў 1911 г. — 1638[33][34][35].

Сямён (Siemion) Вайніловіч (1885—1897) — сын Эдварда Вайніловіча

Алімпія нарадзіла Эдварду двух дзяцей — Гелену (Гелену-Бянігну) (1884—1903), якая нарадзілася 13 лютага 1884 г., і Сямёна (1885—1897), які нарадзіўся 17 чэрвеня 1885 г. і быў названы ў гонар Сямёна Вайніловіча, праваслаўнага баярына Вялікага Княства Літоўскага і ўнука Вайнілы — пачынальніка роду Вайніловічаў у XV ст.[33]

Эдвард Вайніловіч быў гаспадарлівым маянткоўцам, які цікавіўся самымі прагрэсіўнымі гаспадарчымі тэхналогіямі. Яго не вельмі вялікія маёнткі заўжды квітнелі, хоць здаралася, што некаторыя гаспадарчыя ініцыятывы не прыносілі плёну. Так, у 1904 г. ён адкрыў у Савічах дадатковы спіртзавод, які прыйшлося ў 1910 г. закрыць з-за эканамічнага крызісу ў Расійскай імперыі і агульнага падзення попыту. У 1900-х гг. ужо валодаў мільённым багаццем, у сейфе зберагаў каштоўныя паперы, акцыі мінскіх, віленскіх і варшаўскіх банкаў, быў акцыянерам лодзьскай бойні[36]. Пасля 1909 г. у сваім палацы ў Савічах Эдвард Вайніловіч зрабіў новы рамонт, давёўшы сваю рэзідэнцыю да патрабаванняў тагачаснага камфорту: пабудаваў ванны пакой з бягучай вадой, правёў тэлефонную сувязь, электрычнае святло і г.д.[37]

Пачатак рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі прывёў да ўвядзення ў краіне многіх ліберальных свабод, што ў літоўска-беларускіх губернях адразу праявілася ў заснаванні мноства яўных і тайных польскамоўных школ як рэакцыі на паўстагоддзя русіфікацыі. У 1906 г. у маёнтку Боркі Алімпія Вайніловіч адкрыла школку, дзе вучыліся дзяўчыны з сялянскіх каталіцкіх і праваслаўных сямей і дзе выкладалі польскую, рускую і беларускую мовы і рэлігію. Пазней, калі расійскія ўлады менш прыхільна сталі глядзець на польскамоўную адукацыю, Алімпія замест старой стварыла новую ўстанову, якой сама шмат год кіравала, — школу ахмістрынь для дарослых дзяўчын, дзе яны маглі атрымаць пісьменнасць і веды, як весці хатнюю гаспадарку. У Борках Эдвард Вайніловіч для гэтага спецыяльна пабудаваў за свае грошы невялікі інтэрнат, дзе жылі навучэнкі школы ахмістрынь, а таксама неабходныя практычныя «пляцоўкі» для засваення вед гаспадарання — курнікі, хлявы і іншыя пабудовы. Алімпіі дапамагала сястра Эдварда Вайніловіча Ядвіга Кастравіцкая. Ядвіга, з’яўляючыся «польскай патрыёткай» і актыўным дзеячам таварыства «Асвета» і Мінскага таварыства дабрачыннасці, адкрыла ў Савічах тайныя летнікі для адпачынку і развіцця дзяцей бедных сялян; а таксама ахвотна арганізоўвала ў Мінску балі, «кірмашы» з фантавымі латарэямі і вечарыны для збору грошай на дабрачынныя патрэбы[38].

Апека над маяратамі князя Радзівіла

У 1903 г. Эдвард Вайніловіч, які меў вялікі давер і вопыт у справах апекі над маёнткамі, атрымаў ад князя Антонія Радзівіла (1833—1904) прапанову ўзяць апеку над радзівілаўскімі Нясвіжскім і Клецкім маяратамі (каля 135 тысяч дзесяцін), якія размяшчаліся на тэрыторыі Слуцкага павета[39]. Сын князя Ежы Радзівіл (1860—1914) быў прызнаны псіхічна хворым, яму не дапамагала лячэнне і ў яго хутка развіваўся параліч, а сам ардынат Антоній Радзівіл быў нямецкім генералам ад артылерыі, флігель-ад'ютантам германскіх імператараў Вільгельма I, Фрыдрыха III і Вільгельма II і пастаянна пражываў у Берліне. Вайніловіч згадзіўся[40].

Спачатку (з 20 ліпеня 1903 г.) апека была намінальнай, бо тычылася толькі асобы і інтарэсаў князя Ежы Радзівіла[39]. Антоній Радзівіл са сваёй жонкай Марыяй (з роду графаў дэ Кастэлян) на летні перыяд прыязджаў у Нясвіж і заўсёды наведваў Эдварда Вайніловіча. А пасля, у сувязі са смерцю князя Антонія Радзівіла, з 11 снежня 1905 г. пад апеку Вайніловіча пераходзіў і ўвесь зямельны фонд (Нясвіжскі, Клецкі і Давід-Гарадоцкі маяраты — цалкам каля 400 тысяч дзесяцін). Ён добрасумленна трымаў апеку над маяратамі ў поўнай згодзе з жонкай князя Ежы Радзівіла Марыяй з Браніцкіх Радзівіл (1863—1941). У 1906 г., калі самы старшы сын князя Ежы Радзівіла Альбрэхт (1885—1935) дасягнуў 21-гадовага ўзросту, Вайніловіч адразу падключыў князя да кіравання ўсімі справамі па маяратах, а 28 снежня 1914 г. поўнасцю склаў паўнамоцтвы апекі[41].

Антоній Радзівіл (1833—1904) Ежы Радзівіл (1860—1914) Марыя Радзівіл (1863—1941) Альбрэхт Радзівіл (1885—1935)

Дзейнасць у Мінскім таварыстве сельскай гаспадаркі (МТСГ)

Стварэнне Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі

Першым нефіліяльным сельскагаспадарчым таварыствам у літоўска-беларускіх губернях было створанае 28 ліпеня (8 жніўня) 1876 г. Віцебскае таварыства сельскай гаспадаркі[42]. Неўзабаве 20 жніўня (1 верасня) 1876 г. было створана Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (1876—1921) па ініцыятыве рускага землеўласніка Ігуменскага павета, атрымаўшага пасля паўстання 1863—1864 гадоў маёнтак, канфіскаваны ўладамі ў паўстанца[43]. Галоўнай задачай таварыства ставілася павелічэнне колькасці рускіх маянткоўцаў у Мінскай губерні і падтрымка развіцця іх гаспадаркі, каб супольнымі сіламі падарваць эканамічнае і колькаснае дамінаванне карэнных землеўласнікаў-каталікоў, аслабленых разбуральнымі вынікамі паўстання, увядзеннем «выключнага заканадаўства» і кантрыбуцыямі. Першапачаткова яго ўзначаліў мінскі губернскі маршалак (1877—1897) Васіль Іванавіч Паўлаў, які быў рускім. І паводле статута членамі таварыства маглі быць толькі «асобы рускага паходжання»: імі сталі пераважна чыноўнікі губернскай канцылярыі. Аднак дыскрымінацыя мясцовых маянткоўцаў-каталікоў («палякаў») не спрыяла эфектыўнасці працы таварыства і праяўленню гаспадарчых альбо прадпрымальніцкіх ініцыятыў[44].

Пашырэнне складу і новыя задачы таварыства сельскай гаспадаркі

Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт (1830—1909)

У 1878 г. губернскі маршалак Паўлаў быў вымушаны прыцягнуць да працы таварыства і мясцовых дваран каталіцкага паходжання («палякаў»). Так, у 1878 г. аднымі з першых запрашэнні да членства ў арганізацыі атрымалі былы мінскі павятовы маршалак (1863—1872) Леў Апалінарыевіч Ваньковіч (1831—?) і землеўладальнікі Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт (1830—1909), Аляксандр Ігнатавіч Горват (каля 1796—1888), Эдвард Фартунатавіч Здзяхоўскі (1836—1900), Мельхіёр Каралевіч Ваньковіч (1843—1892), Віктар Фларыянавіч Свіда, Зыгмунт Свянціцкі, Стэфан Верашчака, Віктар Цюндзявіцкі, Ян Кукевіч і малады Эдвард Адамавіч Вайніловіч[45]. Хутка на пасяджэннях МТСГ пачалі пераважаць мясцовыя землеўласнікі[46][47]. З самага пачатку, як адзначыў Вайніловіч у мемуарах, «раз і назаўсёды было сказана, <…> што рэпутацыя сельскагаспадарчага таварыства павінна быць без дакору і заганы», на першае месца ставілася добрасумленнае выкананне кантрактаў[48]. Узорам шляхціца, гаспадара і грамадзяніна Эдвард Вайніловіч для сябе прызнаваў Аляксандра Скірмунта (1830—1909) з Парэчча (Пінскі павет), з якім пасябраваў і ў якога вучыўся вядзенню гаспадарчых спраў. Называў Скірмунта «светачам» сваёй краіны. Пазней сын Аляксандра Раман Скірмунт (1868—1939) стане верным сябрам, паплечнікам і, паводле слоў графа Іпаліта Корвін-Мілеўскага, «любімым вучнем» Эдварда Вайніловіча па гаспадарчай працы ў МТСГ і палітычнай дзейнасці[49][50].

Выніковы пратакол выстаўкі сялянскіх коней у Цімкавічах (Слуцкі павет), 1 кастрычніка 1881 г. (Фрагмент). Аўтограф «эксперт Эдуард Адамович Войнилович»

Пасля Віцебскага і Мінскага таварыстваў пачалі ўзнікаць аналагічныя сельскагаспадарчыя таварыствы і ў іншых літоўска-беларускіх губернях (Магілёўскае (1879), Віленскае (1899), Ковенскае (1900) і Гродзенскае таварыствы сельскай гаспадаркі (1901)). Цікавасць карэнных землеўласнікаў да таварыстваў трымалася не толькі з мэтай павелічэння прыбытковасці маёнткаў, але і на жаданні да аб’яднання і камунікацыі ў рамках адной арганізацыі. Яны сталі адзінымі легальнымі арганізацыямі ў краі, дзе ў іх складзе пачалі пераважаць мясцовыя дваране-каталікі. Хутка ў дзейнасці МТСГ пачала праяўляцца і публічная дзейнасць мясцовага грамадства літоўска-беларускіх губерняў, якое было пазбаўлена земстваў, што меліся пасля земскай рэформы ў іншых губернях Расійскай імперыі.

Так, напачатку 1880-х прадстаўнікі сельскагаспадарчых таварыстваў літоўска-беларускіх губерняў прынялі ўдзел у спробе палітычнага рэфармавання Расійскай імперыі пры правядзенні т.зв. «акруговых з’ездаў», скліканых па ініцыятыве расійскага міністра ўнутраных спраў Міхаіла Лорыс-Мелікава (1825—1888) для абмеркавання землеўласнікамі дзяржаўных праблем (галоўным чынам, развіцця сельскай гаспадаркі). Ад рускіх губерняў дэлегаты выбіраліся земствамі, а ад літоўска-беларускіх (з-за адсутнасці там земстваў) — сельскагаспадарчымі таварыствамі. Акруговыя з’езды павінны былі абраць дэпутатаў на Усерасійскі з’езд, які многія лічылі пачаткам расійскага парламента. Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі накіравала ў Смаленск на з’езд V акругі, у якую размеркавалі Мінскую, Магілёўскую, Смаленскую і Калужскую губерні, Віктара Свіду і Эдварда Вайніловіча[51]. Са з’езду ў Смаленску, які не меў працягу, Эдвард Вайніловіч, тым не менш, прывёз узор статута пазыкова-ашчаднага таварыства і дазвол на яго адкрыццё ў 1881 г. у Клецку (Слуцкі павет). Таварыства займалася крэдытаваннем землеўладальнікаў і сялян і атрымала ў народзе неафіцыйную назву «Клецкі банк». У асобныя гады яго капітал дасягаў 800 тыс. рублёў, прычым дваране болей бралі крэдыты, а сяляне болей рабілі дэпазіты. Эдвард Вайніловіч стаў ганаровым старшынёй наглядальнай рады «банка»[52].

«Клецкі банк» — Клецкае пазыкова-ашчаднае таварыства, створанае Эдвардам Вайніловічам. Трэці справа Эдвард Вайніловіч (?). Фота раней 1901 г.

Вялікім захапленнем Эдварда Вайніловіча былі коні і конегадоўля, што было тыповым для тагачасных маянткоўцаў: у эпоху слабага распаўсюджання паравых машын і аўтамабіляў, коні былі ўсім — і цяглавай сілай, і транспартным сродкам, і прадметам эстэтыкі, і гонарам гаспадара. З самага пачатку сваёй гаспадарчай дзейнасці ён часта прымаў актыўны ўдзел у якасці эксперта ў розных выстаўках коней, як сялянскіх, так і дваранскіх. Так, 1 кастрычніка 1881 гг. ён быў экспертам камісіі на выстаўцы сялянскіх коней у Цімкавічах (Слуцкі павет), куды сяляне з суседніх вёсак прывялі сваю жывёлу, і быў адзіным прадстаўніком ад маянткоўцаў Слуцкага павета (у адрозненне ад іншых экспертаў, прызначаных мінскім губернатарам ці Галоўным упраўленнем дзяржаўнай конегадоўлі Расійскай імперыі).

У 1883 г. МТСГ арганізавала ў Мінску сельскагаспадарчую выстаўку, якая мела поспех і паспрыяла росту колькасці членаў таварыства, набыўшага з таго часу выразныя рысы арганізацыі з карэнных каталіцкіх дваран Мінскай губерні[53].

Вайніловіч на чале Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі

Эдвард Вайніловіч, каля 1910 г. Фатограф Самір Львовіч Юхнін

У 1888 г. Эдвард Вайніловіч быў аднагалосна абраны віцэ-старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) і стаў яго фактычным кіраўніком, бо пасаду старшыні, якая мела выключна ганаровы характар, звычайна займаў мінскі губернатар (у 1888 г. ім быў генерал-лейтэнант князь Мікалай Мікалаевіч Трубяцкі)[53]. З гэтага часу пачаўся сапраўдны ўзлёт дзейнасці сельскагаспадарчага таварыства ў Мінскай губерні. Справы заўсёды паспяхова вырашаліся дзякуючы таленту, актыўнасці і кемлівасці яго членаў, у першую чаргу — Эдварда Вайніловіча. Хутка склад таварыства станавіўся болей прадстаўнічым, бо далучаліся людзі справы, якія праяўлялі зацікаўлены клопат аб росквіце і дабрабыце гаспадаркі маёнткаў як спадчынных, так і набытых.

Сфера гаспадарчай дзейнасці таварыства ў 1880—1890-я пастаянна пашыралася: у 1891 г. таварыства набыло бойню ў Мінску; у 1893 г. створана Таварыства ўзаемнага крэдыту; у 1896 г. быў заснаваны Гандлёвы аддзел таварыства, які прыносіў велізарныя прыбыткі; у 1901 г. пачало дзейнічаць Таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання (ад агню), якое мела свае філіялы ва ўсіх літоўска-беларускіх губернях[54]. Хутка вырасталі бюджэт і дывідэнды арганізацыі, былі створаны і значныя фонды грамадскага прызначэння, ствараліся філіялы МТСГ у многіх павятовых цэнтрах Мінскай губерні і новыя рабочыя месцы, што было актуальным ва ўмовах дыскрымінацыі католікаў на дзяржаўнай службе ў «заходніх губернях». Прадукцыя мясцовых маёнткаў (каровы, свінні) выціскала з рынку прывозную (стэпавую рагатую жывёлу, авечкі) і сваёй канкурэнцыяй зніжала цэны для пакупнікоў[55][53].

Будынак Таварыства ўзаемнага крэдыту ў Мінску, фота да 1917 г. (Будынак не захаваўся)

Ва ўмовах дзеяння ў «заходніх губернях» абмежавальных, дыскрымінацыйных законаў у адносінах да «польскага» (польскамоўнага і каталіцкага) дваранства пасля паўстання 1863—1864 гадоў, МТСГ выступала абаронцам інтарэсаў мясцовых землеўласнікаў (у тым ліку праз дзейнасць сваіх юрыстаў) перад расійскай уладай, «заўсёды і ў кожнай акалічнасці лічыла сябе прадстаўніком класа землеўласнікаў у Заходнім краі і мела абавязкам не давесці да страты годнасці і гонару гэтага саслоўя»[56]. Аднак у члены Рады МТСГ запрашаліся і рускія ўладальнікі маёнткаў Мінскай губерні, каб запэўніць афіцыйныя ўлады, што таварыства не ствараецца выключна па нацыянальным прынцыпе і не займаецца змоўніцкай антыўрадавай дзейнасцю. Акрамя таго, Вайніловіч і іншыя кіраўнікі таварыства імкнуліся наладзіць і замацаваць добрыя адносіны з рускімі ўласнікамі ў губерні, супрацоўніцтва з якімі ў земстве ўжо тады бралася пад увагу. У склад таварыства ўвайшло шмат высокапастаўленых асоб, бо ўрэшце стала гонарам быць членам МТСГ[57]. Эдвард Вайніловіч як старшыня МТСГ здолеў займець кантакт з усімі прадстаўнікамі афіцыйнай расійскай улады ў губерні і змог дабіцца іх павагі ў адносінах да сябе і сваёй арганізацыі. У Мінску на адным з прыёмаў у мінскага губернатара князя Трубяцкога ён выпадкова пазнаёміўся з яшчэ мала вядомым Пятром Сталыпіным (1862—1911), які тады назваў Вайніловіча «мінскім Бісмаркам» за ўпартасць у адстойванні інтарэсаў таварыства[58]. Членамі МТСГ былі прадстаўнікі і іншых літоўска-беларускіх губерняў, дзе спачатку не было сельскагаспадарчых таварыстваў. Калі мясцовыя ўмовы дазвалялі ім стварыць свае губернскія аграрныя таварыствы, яны выходзілі са складу МТСГ і лічылі МСТГ сваёй «калыскай»[59].

Эмблема сельскагаспадарчай выстаўкі МТСГ у Мінску — эскіз дыплома прызёраў выстаўкі, 1901 г. Аўтар Генрык Вейсенгоф

Юбілейная сельскагаспадарчая выстаўка (1901), што па даручэнні Вайніловіча была арганізавана членам МТСГ графам Ежы Чапскім (1861—1930) і праходзіла ў Мінску з 26 жніўня па 4 верасня 1901 г., была прымеркавана да 25-гадовага юбілея дзейнасці МТСГ, стала трыумфальнай дэманстрацыяй высокага развіцця сельскай гаспадаркі Мінскай губерні і ўсяго літоўска-беларускага краю. На юбілей з’ехалася шмат гасцей з літоўска-беларускіх, польскіх і ўкраінскіх губерняў (напрыклад, Ковенскае таварыства сельскай гаспадаркі прадстаўляў асабіста яго старшыня Пётр Аркадзевіч Сталыпін), са сталічнага Санкт-Пецярбурга, былі зачытаны і прывітальныя тэлеграмы ад высокіх чыноўнікаў Расійскай імперыі.

Былы дом Яніцкага ў Мінску (зараз вул. Савецкая, 14), дзе на другім паверсе знаходзілася кватэра Ядвігі Кастравіцкай. Фота 2008 г.

У гэты час членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі былі 675 чалавек[53] — галоўным чынам, прадстаўнікі карэннага каталіцкага дваранства (Абрампальскія, Аскеркі, Багдашэўскія, Вайніловічы, Валадковічы, Ваньковічы, Горваты, Друцкія-Любецкія, Ельскія, Здзяхоўскія, Кастравіцкія, Кеневічы, Любанскія, Свіды, Скірмунты, Чапскія, Яленскія і інш.), якія менаваліся і як «літоўцы» (ці па-польску — «літвіны»), і як «палякі» (у палітанімічным значэнні), лічачы сябе прамымі спадкаемцамі шляхецкай эліты Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Мінская выстаўка (1901) паспрыяла актывізацыі дзейнасці іншых губернскіх сельскагаспадарчых таварыстваў, а наступная выстаўка, арганізаваная ў 1903 г.[60] у Дынабургу Віцебскім таварыствам сельскай гаспадаркі, па сутнасці ператварылася ў значны з’езд літоўска-беларускага дваранства[61]. Ад самага пачатку свайго існавання, акрамя гаспадарчай функцыі, МТСГ пачало займацца (з-за адсутнасці земстваў у «заходніх губернях») вырашэннем многіх мясцовых праблем, стаўшы самай уплывовай грамадскай арганізацыяй Мінскай губерні[62]. Эдвард Вайніловіч так падсумаваў вынікі дзейнасці сваёй арганізацыі: «Зерні дабра і праўды, кінутыя нашымі продкамі ў зямлю, узышлі і далі выдатны плён — усеагульны дабрабыт. Зараз здаецца гэта ўсё ясным і простым. Не, панове. Не з лёгкасцю стаў дасягнуты такі вынік»[56]. Матэрыяльны дабрабыт дваран Мінскай губерні стаў значным рэсурсам для іх будучай палітычнай актыўнасці.

Значна дапамагала Эдварду яго сястра Ядвіга Кастравіцкая, салон якой у яе кватэры ў доме Яніцкага на вуліцы Захараўскай (№ 20) у Мінску быў важным цэнтрам грамадскага жыцця Літвы і Беларусі. У салоне Кастравіцкай часта арганізоўваліся т.зв. «палітычныя абеды» — неафіцыйныя сходы членаў МТСГ і іншых асоб, якія ў нефармальным парадку вузкім колам вырашалі гаспадарчыя і палітычныя пытанні, што пазней атрымоўвалі фармальнае зацвярджэнне на агульным сходзе МТСГ[63].

Эдвард Вайніловіч таксама быў выбраны ганаровым членам Віцебскага і Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі[64].

Праект музея Адама Міцкевіча

Сядзіба ў Туганавічах. Фота да 1899 г. (Будынак не захаваўся)

Юзэфа Туганоўская, уладальніца маёнтка Туганавічы (Навагрудскі павет), якая захоўвала ў сядзібе ўсё, што было звязана там з памяццю Адама Міцкевіча, у 1901 г. пажадала, каб пасля яе смерці ў Туганавічах быў зроблены музей вялікага паэта. Пасля перамоў з Эдвардам Вайніловічам яна вырашыла перапісаць Туганавічы на карысць Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, захаваўшы за сабой права пажыццёвага валодання. «Але тады былі часы, калі нават і добрае зрабіць не было лёгка», — адзначыў у сваіх мемуарах Вайніловіч, бо паводле карніцкага ўказу ад 10 снежня 1865 г. каталікам не дазвалялася купляць ці атрымліваць ад другіх землі ў «заходніх губернях». Той факт, што ў МТСГ членамі былі не толькі землеўласнікі-каталікі, але і праваслаўныя, і добрыя адносіны з мінскім губернатарам (і адначасова старшынёй МТСГ) князем Трубяцкім дазволілі Вайніловічу атрымаць дазвол на набыццё Туганавічаў (праз фіктыўны акт куплі) на баланс МТСГ, якое ў Туганавічах стварыла сваю эксперыментальную станцыю. Аднак падзеі Першай сусветнай вайны зраўнялі сядзібу і парк з альтанкай у Туганавічах з зямлёй, а сама Туганоўская ледзь ацалела і стала жабрачкай[65].

Асобная нарада аб патрэбах сельскагаспадарчай прамысловасці

У 1902—1903 гг. губернскія сельскагаспадарчыя таварыствы прынялі актыўны ўдзел у працы мясцовых камітэтаў Асобнай нарады аб патрэбах сельскагаспадарчай прамысловасці. Нарада была арганізавана расійскім міністрам фінансаў Сяргеем Вітэ (1849—1915) для абмеркавання поглядаў на становішча сельскай гаспадаркі. Тым не менш у мінскім камітэце, куды быў выбраны і Эдвард Вайніловіч, была разгорнута дыскусія і пра палітычнае і культурнае становішча мясцовых дваран літоўска-беларускіх губерняў. Члены МТСГ падкрэслілі, што абавязковай умовай развіцця сельскай гаспадаркі і прамысловасці з’яўляецца свабода і роўнасць у палітычнай, эканамічнай і культурнай галінах жыцця, а таксама адхіленне ідэі нацыяналізацыі зямлі, бо нацыяналізацыя прывядзе толькі да эканамічнай адсталасці і беднасці[61][66].

Лідарства МТСГ у краі

Галоўная сядзіба Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі ў Мінску. Фотапаштоўка да 1917 г. (Будынак не захаваўся)

Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) было найбуйнейшай і наймацнейшай арганізацыяй падобнага тыпу ў краі і Расійскай імперыі, адной з перадавых у тэхналагічным плане, што ў многім было заслугай выдатнай асобы яе віцэ-старшыні (а пасля і старшыні) — Эдварда Вайніловіча. Сход таварыства ў адзін голас прызнаваў за Эдвардам кіраўніцтва арганізацыяй, меўшага вялікую павагу і папулярнасць як у Мінскай губерні, так і за яе межамі. Аб яго неверагодным аўтарытэце і вядомасці ў грамадстве сведчыў такі факт, што калі землеўласнікі дакладна не ведалі адрас Вайніловіча, то пісалі на канверце проста «Пан Эдвард. Мінск», і лісты даходзілі да адрасата ў 90-тысячным горадзе[67]. Камунікабельнасць, здольнасць адразу арыентавацца ў розных прафесійных і сацыяльных абставінах, вялікі жыццёвы вопыт, хрысціянская набожнасць, рэалізм, лаяльнасць у адносінах да апанентаў дазвалялі Вайніловічу ўмела кіраваць таварыствам, пазбягаць вострых момантаў, якія б маглі пашкодзіць людзям і арганізацыі[68]. Ацэньваючы ўплыў Эдварда Вайніловіча на дваран Мінскай губерні, граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі ў сваіх мемуарах паважліва напісаў, што Вайніловіч стварыў самым шляхетным кіраўніцтвам сваю «Мінскую дзяржаўку»[69].

Створаныя раней Віцебскае (1876) і пазней Магілёўскае (1879), Віленскае (1899), Ковенскае (1900) і Гродзенскае сельскагаспадарчыя таварыствы (1901) налічвалі меней членаў, чым Мінскае, — прыблізна 300—400 чалавек, галоўным чынам мясцовых дваран-каталікоў (да 90 %). На чале Гродзенскага таварыства стаялі князь Станіслаў Святаполк-Чацвярцінскі (1838—1916) і Канстанцін Скірмунт (1866—1949), Віленскага — Іпаліт Гечэвіч (1854—1935), Ковенскага — Аляксандр Мяйштовіч (1864—1943), Магілёўскага — Станіслаў Венцлавовіч, Віцебскага — Станіслаў Лапацінскі (1851—?)[53]. Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі фактычна стала цэнтральным у Паўночна-Заходнім краі, на якое аглядаліся сельскагаспадарчыя таварыствы астатніх літоўска-беларускіх губерняў, а Эдвард Вайніловіч — неафіцыйным лідарам карэнных дваран Паўночна-Заходняга краю, згрупаваных у сельскагаспадарчыя таварыствы.

Захаванне своеасаблівасці краіны

Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў ва ўмовах палітыкі працяглага і моцнага ідэалагічнага, асіміляцыйнага і эканамічнага націску з боку расійскага царызму на мясцовых дваран (галоўным чынам, польскамоўных і каталікоў, якія называлі сябе і «літоўцамі» («літвінамі»), і «палякамі») апошнія здолелі ўсё ж захаваць сваю этнічную самасць і значны працэнт у агульнай структуры землеўладання ў Паўночна-Заходнім краі. Немалая роля ў гэтым належала дзейнасці мясцовых таварыстваў сельскай гаспадаркі, што дазваляла мясцовым дваранам каардынаваць працу па ўдасканаленні кіравання гаспадаркай сваіх маёнткаў (для павышэння эфектыўнасці) і займацца ўзаемнай фінансавай дапамогай, каб утрымліваць свой эканамічны ўплыў у губернях Паўночна-Заходняга краю. Дзейнасць МТСГ і іншых падобных таварыстваў у апошняй трэці XIX — пачатку XX ст. была прамой рэалізацыяй прынцыпаў «арганічнай працы» і не выходзіла за межы т.зв. «згодніцтва» (польск. «ugoda») — імкнення да канкрэтнага паразумення з расійскім урадам і атрымання пэўных магчымасцей захавання своеасаблівасці сваёй краіны ў моўнай, рэлігійнай і адміністрацыйнай сферах як умовы такога паразумення[61].

Смерць дзяцей і будаўніцтва Чырвонага касцёла ў Мінску

10 чэрвеня 1897 г. у прыватным жыцці Эдварда Вайніловіча здарылася трагедыя — памёр яго дванаццацігадовы сын Сямён, які пасля зробленай аперацыі па выдаленню міндалін заразіўся скарлацінай, эпідэміяй, што бушавала ў Еўропе. А 12 лютага г. 1903 г., не дажыўшы аднаго дня да свайго 19-годдзя, памерла іх дачка Гелена, верагодна, ад запалення лёгкіх[70]. Гэтая смерць вельмі моцна ўдарыла па Эдвардзе Вайніловічу і яго жонцы Алімпіі; толькі вера была той сілай, якая дазволіла перажыць гора[71]. Жадаючы захаваць памяць аб сваіх дзецях, Эдвард Вайніловіч вырашыў пабудаваць касцёл у гонар Святога Сымона і Святой Алены, якія былі святымі заступнікамі яго дзяцей:

" «... і выбраў для гэтага Мінск — горад, у якім я зрабіў найбольшую частку маёй грамадскай працы і ў якім будаўніцтва другой святыні было найбольш патрэбна. Пры тым хацеў, каб Мінск меў святыню, якая б мела пэўную своеасаблівасць»[72]. "

Эдвард Вайніловіч абраў раманскі стыль для новага касцёла, бо, як сам адзначаў, у часы росквіту раманскага стылю ў Еўропе хрысціянства яшчэ не было падзелена на каталіцтва і праваслаўе:

" «Я не жадаў спыняцца на гатычным стылі, па-першае, таму, што ён стаў вельмі распаўсюджаны на той час пры будаўніцтве каталіцкіх святынь у Расіі, па-другое, таму, што ён вельмі адрозніваўся ад стылю праваслаўных храмаў, якія існавалі ў нашым краі, і гэтым як бы падкрэсліваў падзел па веравызнанні класаў нашага грамадства, бо пераважная частка сялянства была праваслаўная, а землеўласнікі — каталікамі, і я спыніўся на раманскім стылі, росквіт якога прыпадае на час, калі ўсходняя Царква існавала ў еднасці з Рымам»[72]. "

У гэтым яшчэ раз праявілася вялікая талерантнасць Вайніловіча да розных канфесій і імкненне да еднасці грамадства, а не падзелу яго на варагуючыя лагеры.

Будаўніцтва касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў неараманскім стылі пачалося ў маі 1905 г., восенню 1908 г. было скончана, а 21 лістапада 1910 г. адбылося яго ўрачыстае асвячэнне. Касцёл стаў самым вялікім у Мінску і атрымаў неафіцыйную назву «Чырвоны касцёл» з-за колеру цэглы, з якой быў пабудаваны[73].

У пачатку рэвалюцыі 1905—1907 гадоў

Стрымліванне хваляванняў

У 1905 г. Эдвард Вайніловіч як аўтарытэтны кіраўнік уплывовай арганізацыі, лаяльнай да ўлад, не раз запрашаўся на надзвычайныя сходы мясцовай расійскай адміністрацыі на чале з мінскім губернатарам (1905—1906) Паўлам Курловым (1860—1923) для абмеркавання дзеянняў па спыненні хваляванняў у Мінску і Мінскай губерні падчас рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расіі[74]. Новай праблемай для Эдварда Вайніловіча стала прыбыццё ў 1905 г. мноства палякаў (галоўным чынам інтэлігенцыі) з Варшаўскага генерал-губернатарства, якія былі выселены царскім урадам у Мінск за вольналюбівыя настроі і хваляванні і якія з невялікім жаданнем былі сустрэты ў горадзе мясцовым польскамоўным каталіцкім дваранствам: «Яны з уласцівай „караняжам“[заўв 7] прэзумпцыяй лічылі сябе прызначанымі кіраваць жыццём нашай старонкі, нягледзячы на тое, што не ведалі яе ўмоў быту і не разумелі пэўных асаблівасцей грамадскага ладу, такога рознага ў Каралеўстве і Міншчыне, дзе вёска звычайна была іншай мовы і іншай веры, чым панскі двор»[75]. Акрамя таго, гэтыя высяленцы з Польшчы пачалі прапагандаваць сацыялістычныя ідэі і ўступаць у шэрагі МТСГ, не заплаціўшы ўступныя ўзносы, але Вайніловічу ўдалося трымаць сітуацыю пад кантролем[75].

Указ аб верацярпімасці (1905)

Касцёл Святога Міхала Арханёла ў Цімкавічах

Самае вялікае ўражанне на Эдварда Вайніловіча і мясцовых дваран, акрамя іншых пераўтварэнняў падчас рэвалюцыі, зрабіла выданне царскага ўказу аб верацярпімасці ад 17 красавіка 1905 г., бо ён «закранаў самыя патаемныя струны душы чалавека, а менавіта яго сумленне». Паведамленне Вайніловіча аб новым царскім указе ў касцёле ў Цімкавічах выклікала вялікую радасць парафіян і жаданне вярнуцца ў каталіцызм у многіх людзей Слуцкага павета, якія прымусова ў свой час былі пераведзены ў праваслаўе[76].

Указ аб верацярпімасці дазволіў аднавіць дзейнасць Мінскай каталіцкай дыяцэзіі (епархіі), скасаванай расійскімі ўладамі ў 1869 г. з-за паўстання 1863—1864 гадоў. У 1905 г. у Мінск прыехаў прызначаны Рымам новы магілёўскі архібіскуп і мінскі біскуп граф Ежы-Юзаф Шэмбек (1851—1905), што стала знамянальнай падзеяй у жыцці горада і губерні. На Віленскім вакзале горада новага архібіскупа Эдвард Вайніловіч на чале дэлегацыі сустрэў прывітальнай прамовай, а пасля ў сваім ландо павёз у Марыінскі кафедральны сабор. Пазней, летам 1905 г., Эдварду Вайніловічу таксама было даверана сустрэць прывітальнай прамовай Шэмбека ў Нясвіжы, калі архібіскуп прыехаў на цырымонію перапахавання ў крыпце Фарнага касцёла Найсвяцейшага Божага Цела князя Антонія Радзівіла (1833—1904), памерлага ў Берліне[77].

Краёвасць і ідэя стварэння Краёвай партыі

Артыкул Эдварда Вайніловіча «Польскае кола» у газеце «Kurier Litewski» (№ 80, 1906 г.)

Пасля выдання царскага маніфеста ад 6 жніўня 1905 г. аб увядзенні законадарадчай Дзяржаўнай Думы, Эдвард Вайніловіч у лісце 16 жніўня 1905 г. да Марыяна Здзяхоўскага выказаўся, што дэпутаты, выбраныя з ліку карэнных дваран Заходняга края, павінны іграць адметную ролю ў Думе, бо Заходні край («Літва і Русь») мае свае інтарэсы; і сцвярджаў, што яны могуць быць пасрэднікамі паміж групай дэпутатаў ад польскіх губерняў («Польскае Кола») і іншымі дэпутатамі заходніх губерняў[78]. Выступаючы за падтрымку старой «ягелонскай ідэі» (злучнасці зямель Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага) і салідарнасць з дваранамі польскіх губерняў, дваране Паўночна-Заходняга края натуральна адчувалі, што ў Расійскай імперыі ў іх больш падобнага па юрыдычным статусе існавання (галоўным чынам, абмежавальнага і дыскрымінацыйнага па сваім характару) з польскімі дваранамі Паўднёва-Заходняга края (Кіеўская, Валынская і Падольская губерні). Лідары МТСГ (Эдвард Вайніловіч, Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт, граф Ежы Эмерыкавіч Чапскі, князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі, Раман Аляксандравіч Скірмунт і інш.), першымі сярод іншых сельскагаспадарчых таварыстваў сфармулявалі для выбараў ліберальна-кансерватыўную палітычную праграму, апублікаваную 7(20) кастрычніка 1905 г. на старонках газеты «Kurier Litewski» (№ 31, 1905 г.)[79][80].

Пасля выдання царом Маніфеста 17 (30) кастрычніка 1905 г., які надаваў аб’яўленай раней законадарадчай Дзяржаўнай Думе (у якую яшчэ не прайшлі выбары дэпутатаў) заканадаўчы характар і ўводзіў ліберальныя свабоды, лідарамі МТСГ было прапанавана стварыць «краёвую» партыю ліберальна-кансерватыўнага кірунку для стварэння ў Думе дэпутацкага «Краёвага кола Літвы і Русі». Па сутнасці гэта было прыхаваным першым кансалідацыйным крокам на шляху да паступовага аднаўлення былой Рэчы Паспалітай[81][82].

У адрозненне ад украінскіх зямель, «краёвая ідэя» атрымала ў 1905—1906 гг. вялікі водгук і аказалася вельмі запатрабаванай у літоўска-беларускіх губернях, чаму паспрыяла фарміраванне побач з ліберальна-кансерватыўным ліберальна-дэмакратычнага кірунку «краёвасці», і стала патрыятычным памкненнем зламаць правінцыялізацыю літоўска-беларускіх губерняў у Расійскай імперыі[83][84].

Тым не менш, ідэя стварэння «краёвай» партыі, якая б ахоплівала тэрыторыю ўсяго Заходняга краю, не была адхілена цалкам: было вырашана паспрабаваць арганізаваць два сходы — у Вільні і Кіеве для стварэння дзвюх асобных «краёвых» партый, а пасля дзейнічаць кансалідавана[85]. 11 красавіка 1906 г. Эдвард Вайніловіч у артыкуле «Польскае кола» («Kurier Litewski» № 80, 1906 г.) зноў выказваўся, што не варта «польскім» дэпутатам заходніх губерняў у Дзяржаўнай Думе і Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі ўваходзіць у фракцыю дэпутатаў ад польскіх губерняў («Каралеўства Польскага»), а трэба стварыць самастойную фракцыю, падкрэсліўшы неабходнасць салідарнасці ўсіх дэпутатаў з зямель былой Рэчы Паспалітай («Польшчы»). Задачай «краёвай партыі» Вайніловіч лічыў аб’яднанне ў яе шэрагах усіх іншых партый, якія ўзніклі на глебе «мясцовых патрэб», у т.л. Канстытуцыйна-Каталіцкай партыі Літвы і Беларусі і нават губернскіх сельскагаспадарчых таварыстваў, «бо ўсе яны хочуць працаваць для дабра Літвы і Русі і імкнуцца да роўнасці народаў, што спрадвеку насяляюць гэты Край»[86]. Гэта рабіла Вайніловіча адным з ідэолагаў і галоўным лідарам краёўцаў-кансерватараў.

У той час «краёвая партыя» не была створана, бо ў I і II Дзяржаўных Думах дэпутаты-краёўцы вырашылі абмежавацца ўваходам у шырокія парламенцкія кааліцыі («колы»).

Уплыў на выбары ў Дзяржаўную Думу

Аляксандр Робертавіч Лядніцкі (1866—1934), фота 1906 г.

Меркаванні кіраўнікоў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, якое аб’ядноўвала амаль усіх заможных і сярэднезаможных землеўласнікаў, у 1906 г., натуральна, мелі вырашальны ўплыў на выбары дэпутатаў ад Мінскай губерні з ліку дваран у I Дзяржаўную Думу, бо выбары ішлі па курыях і адзін голас маянткоўца быў роўны 15 галасам сялян і 45 галасам рабочых. У салоне Ядвігі Кастравіцкай на «палітычным абедзе» Эдвард Вайніловіч выказаўся, што патрэбна адно дэпутацкае месца прадставіць землеўласніку рускага паходжання, бо неталерантна ігнараваць права значнай колькасці рускіх землеўласнікаў у губерні. Гэтую прапанову падтрымаў і член МТСГ Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт (1830—1909), чый голас вызначыў вырашальную перавагу. Аднак у канечным выніку замест рускага маянткоўца была падтрымана кампрамісная фігура — дэпутатам быў абраны адвакат Аляксандр Робертавіч Лядніцкі (1866—1934), бо з аднаго боку Лядніцкі быў членам расійскай ліберальнай Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі («кадэтаў»), якая ў той час мела самы вялікі ўплыў сярод агульнарасійскіх партый, а з другога — членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, хоць і не маянткоўцам. Падтрымка аўтарытэтнага Эдварда Вайніловіча была вырашальнай для абрання Лядніцкага. Лядніцкі запэўніў Вайніловіча, што не будзе ніколі выступаць і галасаваць за прымусовае адабранне зямлі ў маянткоўцаў, што азначала б аслабленне пазіцый карэнных (каталіцкіх і польскамоўных) дваран, умовы існавання якіх у заходніх губернях і так былі дыскрымінацыйныя[87].

Між тым прадвыбарчы камітэт мінскіх дваран-маянткоўцаў палову пунктаў сваёй праграмы адвёў праблемам становішча сялян: прапарцыянальнае абкладанне падаткамі ўсіх саслоўяў, увядзенне ільгот для сялян пры набыцці зямлі праз Сялянскі банк, стварэнне крэдытных кас, скідкі пры куплі насення і інвентару і г.д.[88] Дэпутатам ад Мінскай губерні ў I Дзяржаўную Думу быў абраны і Раман Аляксандравіч Скірмунт (сын Аляксандра Скірмунта).

У складзе Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі (1906—1909)

Абранне дэпутатам у Дзяржаўны Савет ад Мінскай губерні

Біяграфічны артыкул журналіста W.D. (Уладзімеж Дваржачак) у газеце «Kurier Litewski» (№ 84, 1906 г.) аб Эдвардзе Вайніловічу, выбраным у дэпутаты ад Мінскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі

У 1906 г. Эдвард Вайніловіч быў вылучаны ў якасці кандыдата на пасаду дэпутата ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі ад землеўладальніцкай курыі Мінскай губерні, бо дзейнасць на чале Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі даўно зрабіла асобу Эдварда Вайніловіча вядомай і аўтарытэтнай. Пазней у сваіх мемуарах, ён прызнаўся: «Аддаўна быў на гэтае становішча грамадскай думкай прадвызначаны, пра што не магу сказаць, што не бачыў; аднак, калі на апошнім перадвыбарчым сходзе вырашальнае слова было сказана, упала гэта на мяне як удар маланкі. Адчуваў, што, узначальваючы столькі год землеўладальнікаў, не меў права адмовіцца ад такога надта цяжкага абавязку, які на мяне ўскладалі, але адарвацца ад дому, ад сельскай гаспадаркі, ад сям’і, ад працы краёвай, так скажу, у прынцыпе было для мяне вельмі цяжка»[89]. У прамове пасля вылучэння ён амаль што паўтарыў галоўную ідэю свайго артыкула ў газеце «Kurier Litewski» (№ 80, 1906 г.): «Буду аднолькава незалежны як ад уплываў з-над Нявы і Масквы, так і ад указанняў з-над Віслы. Ніякіх мандатаў „imperatif“[заўв 8] не прымаю. Буду, як і дагэтуль, ісці ў кірунку, які падкажа ўласнае сумленне і ўласнае разуменне патрэб таго краю, які мяне пасылае. Калі такога хочаце — то гатовы»[89].

12 красавіка 1906 г. Эдвард Вайніловіч быў абраны (ад землеўладальніцкай курыі) дэпутатам Мінскай губерні на трохгоддзе (1906—1909) у Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, атрымаўшы значную перавагу: «за» прагаласавала 196 выбаршчыкаў, «супраць» — толькі 5[заўв 9]. Яго кандыдатуру падтрымалі таксама землеўладальнікі рускага паходжання ў губерні.

Гэтая падзея знайшла сваё адлюстраванне на старонках успамінаў і князёўны Марыі-Малгажаты Радзівіл (1875—1962), жонкі графа Францішка Патоцкага (1877—1949): «„Кола Літвы і Русі“ несумненна пойдзе пад старшынствам пана Вайніловіча, які зараз ужо мае аўтарытэт і ўплыў непараўнальны. Разумны і мужны гэта чалавек. Гэта ён рэалізаваў нашы мары, пераўзыходзячыя вынікі выбараў на Міншчыне, дзе на восем месцаў забяспечылі сем палякаў[заўв 10]. Выступае ён за адасобленасць прадстаўніцтва забранага краю: „Не будзем слухаць лозунгаў ні з Масквы, ні з Варшавы“, — азнаёміў публічна. Рад бы стварыць не другое „Польскае кола“, а „Кола інтарэсаў Літвы і Русі“, толькі не збіраецца»[91]. Аднак усё ж было створана два дэпутацкія колы.

Для Вайніловіча адкрыліся магчымасці для практычнай рэалізацыі ўласнай палітычнай пазіцыі. Ужо 25 красавіка 1906 г. Эдвард Вайніловіч сеў у цягнік у Баранавічах, які ішоў у Санкт-Пецярбург. «Замкнуўся ў сваім купэ і праз вокны развітваўся з айчыннымі краявідамі. <…> І так лёс вызначыў, што на працягу трох з лішнім год мераць мусіў тую прастору, паміж станцыяй Ляхавічы і Петраградам[заўв 11], аддаючы шмат свайго здароўя і сіл, тузаючы свае нервы і роспачна змагаючыся з процілегласцямі ў надзеі стварэння над Нявой лепшых умоў быту для краёў над Нёманам і Прыпяццю паложаных»[92].

Выбранне Вайніловіча дэпутатам менавіта Дзяржаўнага Савета (а не Дзяржаўнай Думы) не было выпадковасцю, бо Дума была ніжняй, а Савет — больш прэстыжнай (з-за маёмаснага і адукацыйнага цэнзу для дэпутатаў) — верхняй палатай парламента Расійскай імперыі. Лідары губернскіх сельскагаспадарчых таварыстваў у Паўночна-Заходнім і Паўднёва-Заходнім краях былі неафіцыйнымі лідарамі карэнных дваран гэтых губерняў — элітай мясцовага грамадства, таму натуральна, што толькі яны балаціраваліся менавіта ў верхнюю палату і былі выбраны (Эдвард Вайніловіч, граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі, Дзмітрый Карыбут-Дашкевіч, граф Аляксандр Тышкевіч, Густаў Выкоўскі, Станіслаў Лапацінскі і граф Ян Алізар, Вацлаў Ялавіцкі, Станіслаў Сырачынскі).

Калегі заўважалі за Вайніловічам асаблівасці, якія ім падаваліся дзіўнымі: па прычыне ранняга аблысення Вайніловіч часта насіў парыкі (кудзелі накладнога валосся); валодаючы мільённым багаццем, часам ездзіў у вагоне трэцяга класа; па землях свайго маёнтка ездзіў на звычайным возе і, паводле слоў Аляксандра Лядніцкага, «часта затрымліваўся пры кожным селяніне, якога напаткаў і доўгія праводзіў размовы, быў ім блізкі, знаў іх патрэбы, і добра адзін аднаго разумелі»[93].

Фарміраванне «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце

Сярод 196 абраных у 1906 г. членаў Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі колькасць польскіх дэпутатаў і тых, якія вызначалі сябе як «палякі», налічвала 18 чалавек: 9 прадстаўлялі дзевяць «заходніх губерняў» (Паўночна-Заходні край і Паўднёва-Заходні край), 7 — Варшаўскае генерал-губернатарства, а 2 былі абраны ад расійскай прамысловасці (з Санкт-Пецярбургу і Урала). Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця парламента было створана неафіцыйнае аб’яднанне дэпутатаў — т.зв. «Саюз Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» у Дзяржаўным Савеце[94], якое было створана з дзвюх салідарных частак: 9 прадстаўнікоў ад «заходніх губерняў» склалі «Кола Літвы і Русі»; а ўсе астатнія — «Кола Каралеўства Польскага».

Дэпутаты «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі ў 1906—1909 гг. (Э. Вайніловіч сядзіць чацвёртым справа). Фота раней 1909 г.

Старшынёй «Кола Каралеўства Польскага» быў абраны граф Юзаф Астроўскі, а «Кола Літвы і Русі» — Эдвард Вайніловіч. Вайніловіч жа стаў старшынёй (як тады казалі па-польску, «прэзесам») усяго «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» у Дзяржаўным Савеце, а Астроўскі — яго намеснікам. Абранне прадстаўніка ад «заходніх губерняў» на чале ўсяго аб’яднання не было выпадковым. У адрозненне ад дэпутатаў польскіх губерняў каталіцкія землеўласнікі «заходніх губерняў» лепей ведалі рускую мову, на якой трэба было выступаць у Дзяржаўным Савеце толькі без паперкі. У залежнасці ад сітуацыі яны маглі мовіць па-руску як з дэманстрацыйна «польскім», так і пецярбургскім акцэнтам. Аднак часцей за ўсё дэпутаты ад «заходніх губерняў» (Эдвард Вайніловіч і Іпаліт Корвін-Мілеўскі, а пазней — Аляксандр Мяйштовіч, Канстанцін Скірмунт і інш.) спецыяльна рабілі прамовы ў Савеце на чыстай літаратурнай рускай мове без акцэнту (чаго не маглі зрабіць, напрыклад, дэпутаты-немцы з прыбалтыйскіх губерняў), як бы жадаючы паказаць, якімі лаяльнымі і ўзорнымі грамадзянамі імперыі былі карэнныя каталіцкія дваране «заходніх губерняў»[95]. Абранне Вайніловіча, не самага заможнага сярод дэпутатаў «заходніх губерняў», лідарам «Саюза Колаў» было сведчаннем яго высокага аўтарытэту і шырокай вядомасці, заробленых дзякуючы дзейнасці ў МТСГ, ацэнкі яго інтэлектуальных здольнасцей і маральнай пазіцыі.

Канцэпцыя дзейнасці «Саюза Колаў», адным з галоўных аўтараў якой быў Вайніловіч, заключалася ў дэманстрацыі выразнай лаяльнасці па агульнапалітычных пытаннях і спадзяваннях, што за лаяльнасць большасць Дзяржаўнага Савета падтрымае «Саюз Колаў» пры абмеркаванні пытанняў — скасавання абмежавальных і дыскрымінацыйных законаў у адносінах да «асоб польскага паходжання» і ўвядзення аўтаноміі «заходніх губерняў». Дэпутаты «Саюза Колаў» у Дзяржаўным Савеце разлічвалі на кампраміс з расійскай манархічнай уладай і не бачылі ніякіх перспектыў падобнага кампрамісу з сацыялістамі, якія хацелі перагляду «зямельнага пытання» на карысць сялян[96].

Вялікую ролю ў палітычнай дзейнасці «Саюза Колаў» адыгрываў інтэлектуальны ўзровень. У прыватнасці, дэпутат ад Віленскай губерні граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі, які быў адным з найбольш яркіх прамоўцаў, ствараў выразную канкурэнцыю Вайніловічу, прэтэндаваў на ролю лідара «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і Краёў Літвы і Русі» і лічыўся нават (паводле меркавання князя Л. Львова) сапраўдным яго лідарам[96]. Хоць сам Мілеўскі, як ён напісаў у сваіх мемуарах, адмаўляў сабе ў наяўнасці таленту лідарства, бо не ўмеў дараваць людзям іх недахопы, а Вайніловіча лічыў надзеленым арганізацыйнымі здольнасцямі ў поўнай меры[97].

Урачыстае адкрыццё царом Мікалаем II дзейнасці Дзяржаўнай Думы і Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі, Санкт-Пецярбург, Зімні палац, 27 красавіка 1906 г.

27 красавіка 1906 г. у Санкт-Пецярбургу ў Зімнім палацы расійскі імператар Мікалай II урачыста адкрыў дзейнасць Дзяржаўнай Думы і рэфармаванага Дзяржаўнага Савета імперыі. Па цырымоніі Пётр Сталыпін (1862—1911) намякнуў Вайніловічу аб будучым супрацоўніцтве[98].

На першым сходзе Савета Вайніловіч выступіў пры абмеркаванні пытання аб амністыі, прапануючы амністыю «толькі для тых, хто парушыў публічныя правы, а не правы асобы». Гэта прыцягнула ўвагу, бо пасля сходу з ім пажадалі пазнаёміцца ўплывовыя асобы імперыі — Сяргей Вітэ (1849—1915), былы старшыня Савета міністраў, што стала пачаткам іх добрых адносін, прадстаўнікі «правых» у Савеце, міністр імператарскага двара барон Уладзімір Фрыдэрыкс (1838—1927), міністр унутраных спраў Пётр Дурнаво (1845—1915), адмірал Фёдар Дубасаў (1845—1912)[99].

Першае ўрачыстае пасяджэнне рэфармаванага Дзяржаўнага Савета, Санкт-Пецярбург, 27 красавіка 1906 г.

У Дзяржаўным Савеце дэпутаты «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» у Дзяржаўным Савеце далучыліся да агульнарасійскай групоўкі дэпутатаў т.зв. «цэнтра» (прыблізна 80—100 дэпутатаў) з губернскіх маршалкаў (прадвадзіцеляў дваранства), земцаў і чыноўнікаў-лібералаў; прытрымліваліся сваёй стратэгіі; падтрымлівалі рэформы ўрада і хутка атрымалі аўтарытэт[100].

Вайніловіч так ахарактарызаваў стаўленне рускіх калег па Савеце да дэпутатаў «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» у Дзяржаўным Савеце: «Увогуле, трэба прызнаць, што іх адносіны да нас, шчырыя ці няшчырыя, былі заўсёды амаль карэктнымі, і мы, калі не сваім лікам, то салідарнасцю, а таксама культурнасцю поглядаў выклікалі да сябе павагу»[101].

Сам Вайніловіч у Дзяржаўным Савеце стаў членам аграрнай камісіі, а таксама фінансавай, дзе належаў да групы, якая займалася бюджэтам дзяржавы, што было вельмі адказным.

«Саюз аўтанамістаў» у I Дзяржаўнай Думе

У I Дзяржаўнай Думе дэпутаты з ліку мясцовых (каталіцкіх і польскамоўных) дваран (т.зв. «палякаў») Заходняга краю стварылі групоўку (20 чалавек — у тым ліку Раман Скірмунт) пад назвай «Краёвае кола Літвы і Русі» (ці «Дэпутацкае кола Літвы і Русі»), якая аб’ядналася з дэпутатамі ад польскіх губерняў (т.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага») і склалі ядро парламенцкай групы «Саюза аўтанамістаў», у якую яшчэ ўвайшлі ўсе нацыянальныя групы дэпутатаў (63 дэпутата — татары, грузіны і інш.)[102]. Цалкам гэтая вялікая парламенцкая кааліцыя («Саюз аўтанамістаў») налічвала ў I Дзяржаўнай Думе да 120 чалавек і была моцным аб’яднаннем сіл для дасягнення дэцэнтралізацыі кіравання нацыянальнымі рэгіёнамі Расійскай імперыі і нацыянальнага раўнапраўя. «Саюз аўтанамістаў» узначаліў дэпутат Аляксандр Лядніцкі (1866—1934), выбраны ад Мінскай губерні, як вядома, па пратэкцыі Эдварда Вайніловіча. Само існаванне і дзейнасць Саюза аўтанамістаў поўнасцю адпавядала інтарэсам краёўцаў-кансерватараў, на чале якіх стаяў старшыня «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі ў Дзяржаўным Савеце» Расійскай імперыі Эдвард Вайніловіч[103][104].

Прапанова пасады намесніка міністра земляробства (1906)

Пётр Аркадзевіч Сталыпін

Новапрызначаны Старшыня Савета міністраў Расійскай імперыі (1906—1911) Пётр Сталыпін пачаў прыхільна выказвацца адносна фарміравання т.зв. «парламенцкага ўрада», з прадстаўнікоў ліберальных партый. Цвёрдыя пазіцыі супраць сацыялізма і радыкальных аграрных рэформ, на якіх стаялі дэпутаты «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» у Дзяржаўным Савеце, хутка ацаніла імператарская ўлада. Іпаліт Корвін-Мілеўскі, апісваючы ў мемуарах перыяд паміж дзеяннямі I і II Дзяржаўнай Думы, адзначыў: «Гэта быў момант, калі наш Саюз Польскіх Кол у Дзяржаўным Савеце карыстаўся найвялікшым уплывам; паважана нас (і не без прычыны) у хвіліну, калі ў большасці нашых калег-рускіх галовы круціліся на шыі як сцягі на даху, распазнаючы, адкуль „вецер дзьме“, як свайго роду кансерваторыя палітычнай раўнавагі»[105].

Летам 1906 г. Сталыпін прапанаваў Вайніловічу пасаду «таварыша» (г.зн. намесніка) кіраўніка «Галоўнага ўпраўлення землеўладкавання і земляробства» (як у 1905—1915 г. афіцыйна называлася міністэрства земляробства), бо Вайніловіч меў належны вопыт для рашэння аграрнага пытання ў імперыі. Сталыпін папрасіў прабачэння, што не можа адразу прапанаваць партфель міністра земляробства (які адводзіць князю Барысу Васільчыкаву), хоць плануе гэта ў будучым; і паведаміў Вайніловічу, што яго кандыдатура была абмеркавана з імператарам і атрымала самую высокую ўхвалу[106].

Дэпутаты «Саюз Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» у Дзяржаўным Савеце станоўча аднесліся да прапановы Сталыпіна даць Вайніловічу пасаду ва ўрадзе, бо лічылі, што добра мець там свайго чалавека, але паставілі Сталыпіну шмат абмежавальных умоў: урад павінен складацца толькі з дэпутатаў «цэнтра» Дзяржаўнага Савета і «правых» дэпутатаў Дзяржаўнай Думы, а ў якасці праграмы павінна быць прынята праграма лібералаў «Асноўныя прапановы». Вайніловіч палічыў заўчасным увайсці ў склад урада пры такіх супярэчнасцях і абмежаваннях у свабодзе ўласнай дзейнасці[107]. Хутка і сама ідэя ліберальнага ўрада стала міфічнай.

Іпаліт Корвін-Мілеўскі пазней так запісаў у сваіх мемуарах: «Пан Эдвард адмовіўся і меў рацыю, бо быў у ім матэрыял на шэфа, а не „таварыша“ элегантнага князя»[105]. Эдвард Вайніловіч адзначыў, што вырас у вачах калег па Дзяржаўным Савеце, бо многія б згадзіліся і нямногія б змаглі адмовіцца ад міністэрскага партфеля, абяцаўшага шматлікія прывілеі і ўзнагароды цара. Тым не менш, добрыя адносіны паміж Сталыпіным і Вайніловічам захаваліся[108].

Аўдыенцыя ў цара Мікалая II (1907)

У 1907 г. Вайніловіч з групай асобных членаў Дзяржаўнага Савета быў запрошаны на аўдыенцыю з расійскім імператарам Мікалаем II, якому адважна сказаў, выходзячы за рамкі пратакола сустрэчы, што мясцовыя дваране лаяльныя цару, а для спынення сялянскіх аграрных хваляванняў у Заходнім краі трэба ўстанавіць мяжу з карэннымі рускімі губернямі, бо ўся сацыялістычная «зараза» прыходзіць адтуль[109]. Ён алегарычна намякаў цару на ўвядзенне аўтаноміі кіравання краем.

Стварэнне Краёвай партыі Літвы і Беларусі

Паведамленне («Лісты з Беларусі») аб абранні Эдварда Вайніловіча на пасаду старшыні МТСГ у газеце «Kurier Litewski» (№ 60, 1907 г.)

Выбары ў II Дзяржаўную Думу з-за актыўнага ўмяшальніцтва расійскага ўрада зменшылі колькасць «польскіх» дэпутатаў-дваран з Заходняга края да 11 асоб, якія далучыліся ў Думе да «Польскага кола» (групоўкі дэпутатаў ад польскіх губерняў) на чале з Раманам Дмоўскім, кіраўніком Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі (т.зв. «эндэкаў», «усепалякаў»).

Лідары МТСГ вырашылі заснаваць у 1907 г. даўно аб’яўленую ў прэсе «краёвую партыю», якая б процістаяла «эндэкам» (у першую чаргу — у Дзяржаўнай Думе)[110][111]. На сходзе МТСГ было заснавана і Польскае таварыства «Асвета» у Мінску.

Партыя змагла правесці ў III Дзяржаўную Думу толькі аднаго дэпутата (Станіслава Ваньковіча). Партыя праіснавала нядоўга (да 1908 г.).

III і IV сесіі Дзяржаўнага Савета

Эдвард Вайніловіч

У 1908 г., калі напал агульнарасійскай рэвалюцыі 1905—1907 гадоў ужо спаў, у «Саюзе Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» у Дзяржаўным Савеце пачала ўзнікаць альтэрнатыўная лаялізму Вайніловіча канцэпцыя дзейнасці. Дэпутат ад Віленскай губерні граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі пачаў заяўляць, што ў сітуацыі дэманстрацыі лаяльнасці царскім урадам прымаюцца ўсё новыя і новыя меры па «нацыянальным знішчэнні» «асоб польскага паходжання»[112]. Эдвард Вайніловіч, не бачачы для сябе магчымасці змянення курсу лаялізму да ўрада, пакінуў пасаду старшыні «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі». На ролю лідара вылучыўся Мілеўскі, які неафіцыйна прапанаваў ураду Пятра Сталыпіна падтрымку «Саюзам Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» новага закона аб аграрнай рэформе, калі ўрад не будзе прапаноўваць законапраекты, якія пагаршаюць становішча «дваран польскага паходжання». Аднак тут ужо дэпутаты «Кола Літвы і Русі» не пажадалі, непакоячыся пра маёнткі — галоўны падмурак свайго ўплыву ў «заходніх губернях», ісці на падобны кампраміс. Гэта вымусіла Мілеўскага 11 мая 1909 г. скласці свае паўнамоцтвы дэпутата Савета[113].

Далейшая жа дзейнасць Вайніловіча адзначылася тым, што ён упершыню выступіў з крытыкай рашэння ўрада адносна ўхвалы дыскрымінацыйнага думскага законапраекта ад 31 мая 1909 г. пра скарачэнне да аднаго года тэрміну дзейнасці ў Дзяржаўным Савеце дэпутатаў «заходніх губерняў». Ад імя «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» Вайніловіч выступіў з пратэстам і нават абмяркоўваў ідэю калектыўнай адстаўкі ўсіх дэпутатаў «кола».

Малая колькасць дэпутатаў «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» ў Савеце не дазваляла разлічваць на вялікі ўплыў як пры выкарыстанні лаялісцкай (Вайніловіча), так і актыўнай і канфліктнай (Мілеўскага) стратэгіі, таму закон быў прыняты. Аднак Сталыпін паабяцаў Вайніловічу, што ў 1909 г. ён прадставіць урадавы праект закона аб увядзенні земстваў у дзевяці «заходніх губернях». Пасля завяршэння ў верасні 1909 г. працы IV сесіі Дзяржаўнага Савета скончыўся тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў[113].

Адмова Вайніловіча ад новай кадэнцыі ў Дзяржаўным Савеце

У чэрвені 1909 г. дэпутаты «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце на сваім сходзе прынялі прынцыповае рашэнне аб прадастаўленні аднаго з дэпутацкіх мандатаў прадстаўніку ліберальнай часткі рускіх дваран у літоўска-беларускіх губернях. Эдвард Вайніловіч разлічваў, што гэты ўчынак дэманстрацыі лаяльнасці зменшыць нападкі фракцыі «правых» у Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі, вырашыў ахвяраваць сабой і 28 жніўня 1909 г. на чарговым сходзе зняў сваю кандыдатуру ад Мінскай губерні на карысць адстаўнога гвардыі палкоўніка, рускага двараніна, маянткоўца Слуцкага павета Мінскай губерні, члена земскай управы Міхаіла Кір’якова[заўв 12], які быў сябрам Вайніловіча і з сімпатыяй адносіўся да мясцовых карэнных (польскамоўных і каталіцкіх) дваран у краі[114]. Аднак Кір’якоў не быў абраны, бо большая частка карэнных дваран Мінскай губерні не пагадзіліся з меркаваннем Вайніловіча (і Рамана Скірмунта) і прагаласавала на выбарах 10 верасня 1909 г. за былога дэпутата I Дзяржаўнай Думы князя Гераніма Друцкага-Любецкага (1861—1919), якога расійскія ўлады недалюблівалі[заўв 13]. Вайніловіч толькі са шкадаваннем сказаў мінскаму дваранству, што такім нелаяльным крокам (неабраннем рускага прадстаўніка) будзе згублена ўся праца па ўвядзенні земстваў, што ў хуткім часе і пацвердзілася, бо расійская ўлада ўвяла абмежаваныя па характару земствы ў «заходніх губернях»[114].

Вынік дзейнасці ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі

Спыненне ў 1909 г. палітычнай дзейнасці Эдварда Вайніловіча ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі не было трагедыяй, бо завяршэнне рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі прывяло да росту ў органах кіравання і прэсе рускага вялікадзяржаўнага шавінізму як рэакцыі на актывізацыю этнакультурных і этнапалітычных рухаў самых розных народаў, а таксама да адкату многіх саступак царызму, звужэння некаторых ліберальных праў, у тым ліку — прыняцця законаў, якія змяншалі палітычную ролю як Дзяржаўнай Думы, так і Дзяржаўнага Савета[116][117].

Між тым за час сваёй дзейнасці ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі Эдварду Вайніловічу ўдалося наладзіць добрыя адносіны з прэм’ер-міністрам Сталыпіным і гарантаваць увядзенне земстваў у Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губернях, што было зроблена расійскімі ўладамі ў 1911 г. Гэта было вялікім дасягненнем персанальна Вайніловіча[заўв 14], а таксама частковай рэалізацыяй ідэй краёўцаў-кансерватараў аб пэўнай аўтаноміі кіравання свайго краю: земствы, хоць і з непрапарцыянальнай каталіцкай («польскай») і праваслаўнай («рускай») курыямі, паспрыялі эканамічнаму і культурнаму развіццю гэтых губерняў, а таксама сталі пляцоўкай для адшукання паразумення паміж землеўласнікамі, інтэлігенцыяй і сялянамі, чаго ўжо не магла даць III Дзяржаўная Дума, палітычнае значэнне якой было мізэрным. Калі ў 1909 і 1910 г. дэпутатамі ў Дзяржаўны Савет ад дзевяці губерняў Заходняга краю было абрана 8 чалавек, то ў 1913 г. — толькі 3 асобы (ад няземскіх Ковенскай, Віленскай і Гродзенскай губерняў)[120][121]. У той жа час нават у абмежаваных па характару земствах наяўнасць дзвюх курый (каталіцкай і праваслаўнай) аўтаматычна гарантавала каталікам абранне сваіх прадстаўнікоў ад «польскай» курыі, што дазваляла хоць неяк уплываць на вырашэнне мясцовых задач.

Вяртанне да працы ў краі і дзейнасць у земстве

Юбілейны значок[заўв 15], з удзячлівасцю і шанаваннем падораны Эдварду Вайніловічу членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі ў 25-ю гадавіну яго працы ў таварыстве. Дызайнер значка Генрык Вейсенгоф, 1913 г.

Пасля адмаўлення ў 1909 г. ад новай кадэнцыі ў Дзяржаўным Савеце Эдвард Вайніловіч стаў праводзіць шмат часу ў Мінску і Савічах, дзе на свята Новага года і сямейныя ўрачыстасці збіраліся ўсе сваякі. Ён прымаў у Савічах і шмат сяброў, сярод якіх — Марыяна Здзяхоўскага, арцыбіскупа Яна Цепляка, Аляксандра Лядніцкага[122].

У 1909 г. Эдвард Вайніловіч (як блізкі сваяк Ваньковічаў) і Раман Скірмунт (як блізкі сябар Вайніловічаў і Ваньковічаў) прысутнічалі ў якасці ганаровых гасцей на гучным у краі «срэбраным вяселлі» Станіслава Аляксандравіча Ваньковіча (1860—1937) і Гелены Генрыхаўны Ваньковіч з роду Аскеркаў (1866—1947) у маёнтку Рудакоў (Рэчыцкі павет), на якое з’ехаліся многія вядомыя дваранскія сем’і — Горваты, Аскеркі, Кеневічы, Гечэвічы, Мінейкі, Раствароўскія і інш.[123] Бацька маладога Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч (1860—1937) быў віцэ-старшынёй Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі, а таксама членам-заснавальнікам Краёвай партыі Літвы і Беларусі.

Вяселле Мечыслава Баляслававіча Ялавецкага (1876—1962) і Юліі Зыгмунтаўны Ваньковіч (1883—1939) у сядзібе Ваньковічаў у Вялікай Сляпянцы, 30 чэрвеня 1910 г.[заўв 16]

30 чэрвеня 1910 г. у сядзібе Ваньковічаў у Вялікай Сляпянцы адбылося вяселле Мечыслава Баляслававіча Ялавецкага (1876—1962) і Юліі Зыгмунтаўны Ваньковіч (1883—1939). Эдвард Вайніловіч і Раман Скірмунт таксама прысутнічалі. Маладая Юлія Ваньковіч была блізкай сваячкай Эдварда Вайніловіча, а Мечыслаў Ялавецкі быў сынам Баляслава Ялавецкага, віднага ідэолага «краёвасці», які яшчэ ў 1907 г. крытыкаваў стварэнне Краёвай партыі Літвы і Беларусі на выключна кансерватыўных прынцыпах. Верагодна, за шлюбам маладых быў і пэўны крок збліжэння двух палітыкаў, бо на вяселлі гучалі не толькі маралізатарскія тосты, але і сур’ёзныя праграмна-палітычныя, патрыятычныя, а таксама традыцыйныя заклікі да захавання сямейнай зямлі[124][125].

2 кастрычніка 1910 г. на чарговых выбарах дэпутата ад Мінскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі Вайніловіч не балаціраваўся, а толькі ўвайшоў у камісію для падліку галасоў і вылучыў кандыдатуру Рамана Скірмунта, тагачаснага віцэ-старшыні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, які і быў абраны. Аднак у 1911 г. дэпутацкі мандат Скірмунта быў скасаваны[126].

Пасля ўвядзення ў 1911 г. земскага самакіравання (земства) у Мінскай губерні Эдвард Вайніловіч быў выбраны дэпутатам ад «польскай» (каталіцкай) курыі Слуцкага павета ў мінскую губернскую земскую ўправу (мінскае земства), пераабіраўся ў Слуцкім павеце і быў слуцкім дэпутатам у мінскім земстве да 24 чэрвеня 1917 г. У мінскае земства дэпутатамі былі абраны і блізкія сябры Раман Скірмунт (ад Пінскага павета) і Міхал Ястржэмбскі (ад Рэчыцкага павета). Дзейнасць у мінскім земстве была накіравана на ўвядзенне больш збалансаваных падаткаў, каб даць мажлівасць развівацца паветам, і задавальненне мясцовых патрэб. Між тым на справы ў земстве аказваў вялікі ўплыў мінскі губернатар, таму каталіцкія дваране дабіваліся плёну толькі цяжкай працай, добрым веданнем справы і агромнай непрадузятасцю і справядлівасцю поглядаў[127]. У мінскім земстве Вайніловіч меў стасункі і з Аркадзем Смолічам.

У 1913 г. у Мінску адбылося ўрачыстае святкаванне 25-годдзя працы Эдварда Вайніловіча ў МТСГ. Удзячныя калегі для Вайніловіча замовілі ў Юзафа Вейсенгофа спецыяльны юбілейны значок[128].

У пачатку Першай сусветнай вайны

Госці Радзівілаў і Эдвард Вайніловіч (злева на заднім плане) у нясвіжскім палацы ў час вайны. Фота раней 1917 г.

З пачаткам Першай сусветнай вайны Эдвард Вайніловіч быў прызначаны расійскімі ўладамі 18 ліпеня 1914 г. на пасаду старшыні мабілізацыйнай камісіі Слуцкага павета (на 10 дзён), а пасля па загаду ўлад займаўся перасяленнем з Мінскай губерні ў цэнтральныя расійскія губерні патэнцыяльна «варожых» элементаў — немцаў і аўстрыйцаў[129].

30 ліпеня 1914 г. (па прычыне распачатай вайны і адпаведнага занепакоення расійскіх улад) падпісаў разам з іншымі дваранамі Мінскай губерні адрас расійскаму цару Мікалаю II, дзе гаварылася аб вернасці манарху і Расійскай імперыі[130]. У той жа час Эдвард Вайніловіч ад імя МТСГ паехаў у Варшаву, дзе імкнуўся высветліць пазіцыі польскіх палітыкаў адносна вайны і адчуў незацікаўленасць узніклага варшаўскага шматпартыйнага Нацыянальнага камітэта ў «ягелонскай ідэі» — шматнацыянальнай і федэрацыйнай Рэчы Паспалітай. Вайніловіч сустрэўся ў варшаўскай гасцініцы «Еўропа» з Раманам Дмоўскім, лідарам Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэкаў»), і ў чарговы раз пачуў ад апошняга, што Польшча павінна ўключыць у свой склад толькі некаторыя беларускія паветы, дзе перавагу маюць каталікі — часткі Віленскай і Гродзенскай губерняў, а астатняе павінна адысці да паглынання Расіяй[131]. «Эндэкі» ў пачатку вайны занялі прарасійскія пазіцыі, бо спадзяваліся, што перамога Расіі над Германіяй і Аўстрыяй прывядзе да аб’яднання ўсіх польскіх зямель, а прыхільнікам незалежнасці заставаўся Юзаф Пілсудскі, які ў жніўні 1914 г. фактычна выйшаў з ППС і займаўся толькі стварэннем польскіх легіёнаў для барацьбы супраць Расійскай імперыі і адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.

У 1914—1915 гг. у Мінску і Мінскай губерні рэзка ўзрастала (прыблізна на 100 тысяч чалавек[132]) доля польскага насельніцтва. Спачатку ў 1914 г. частка палякаў (па прычыне іх апазіцыйных настрояў) была прымусова выселена расійскімі ўладамі з Варшавы і польскіх губерняў, а пасля прыйшла хваля польскіх бежанцаў, якія ратаваліся ад наступлення нямецкіх войск на Польшчу і Гродзенскую губерню. Польскія ссыльныя і бежанцы (актывісты польскіх партый, навукоўцы, дзеячы культуры, журналісты, звычайныя гараджане, сяляне і інш.) у сваёй большасці мелі альбо сацыялістычныя, альбо «эндэцкія» погляды. Яны разгарнулі ў Мінску выданне сваіх газет, стварэнне розных таварыстваў, аддзелаў партый і інш., аднак у горадзе ўсё ж галоўная роля была ў ваенных улад і ўплывовых мясцовых маянткоўцаў.

Большасць маянткоўцаў Мінскай губерні вырашылі не эвакуіравацца ў цэнтр Расіі, а застацца, бо вайна магла цалкам зруйнаваць пакінутыя маёнткі, якія з перспектывай разглядаліся як падмурак эканомікі края. У Нясвіж да князёў Радзівілаў і адначасова ў суседнія Савічы да Эдварда Вайніловіча ў той час заязджала шмат гасцей з польскіх губерняў — арыстакраты, кіраўнікі польскіх таварыстваў сельскай гаспадаркі, члены польскіх партый, а таксама члены ваеннага кіраўніцтва расійскіх войск[133]. МТСГ актыўна займалася дапамогай бежанцам і ахвярам вайны, захоўвала эвакуіраваную пародзістую жывёлу, здолела наладзіць паразуменне з расійскімі генераламі і арганізаваць плённы догляд за прыватнымі гаспадаркамі Мінскай губерні, імкнучыся ўзяць у свае рукі пастаўкі лесу, коней і хлеба з маёнткаў для арміі, чым аддаваць гэтыя функцыі неахайным ваенным прадстаўнікам (бо па правілах ваеннага часу расійскія ваенныя ўлады без дазволу ўласнікаў маглі праводзіць рэквізіцыі). Гэта дапамагло пазбегнуць мільённых страт для гаспадаркі губерні[134].

У 1915 г. Вайніловіч ездзіў як дэлегат Мінскай губерні ў Маскву, дзе на чале з Аляксандрам Лядніцкім (1866—1934) узнік Польскі камітэт дапамогі ахвярам вайны і паспрабаваў стаць своеасаблівым «урадам», які кіруе ўсімі польскімі арганізацыямі ў Расійскай імперыі. Вайніловіч як кіраўнік МТСГ адмовіўся далучыцца і заявіў, што гэты камітэт павінен кантраляваць толькі арганізацыі бежанцаў, а не распаўсюджваць сваю ўладу на губерні Заходняга краю, дзе мясцовыя маянткоўцы не з’яўляюцца бежанцамі і лепш спраўляюцца з мясцовымі праблемамі[135].

У часы кіравання Часовага ўрада Расіі (1917)

Арыентацыя на палітычную суб’ектнасць Беларусі

Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939)

Пасля звяржэння расійскага самаўладдзя ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі (1917) і ўстанаўлення Часовага ўрада ў Петраградзе новая расійская ўлада дазволіла грамадству былой Расійскай імперыі неабмежаваную грамадска-палітычную дзейнасць. Лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі як самай уплывовай арганізацыі мясцовых дваран пачалі актыўна абмяркоўваць палітычную будучыню сваіх зямель і стаўленне да новай улады ў Петраградзе. Пасля няўдачы рэалізаваць ідэі «краёвасці» і забяспечыць адзінства ўсіх шасці літоўска-беларускіх губерняў з-за адмовы лідараў літоўскага (балтамоўнага) руха, у Радзе МТСГ, дзе галоўны ўплыў мелі кансерватыўна настроеныя мясцовыя сярэднія і буйныя землеўласнікі на чале з Эдвардам Вайніловічам, цвёрда пераважаючай стала ідэя «рэгіяналізму» (палітычнай суб’ектнасці) Беларусі, хоць лідары МТСГ не пастулявалі выразна акрэсленую форму палітычнай суб’ектнасці Беларусі — гэта залежала ад зменлівых знешніх абставін[132]. Апісваючы ў мемуарах гэты перыяд, Эдвард Вайніловіч так патлумачыў той палітычны паварот: «Значную частку польскіх землеўласнікаў у Беларусі, ахопліваючай частку Віленскай, большасць Гродзенскай і цэласць Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, складалі аўтахтоны, шляхта мясцовага паходжання, калісь спавядаючая ўсходні абрад, але наогул у XVII ст. ужо каталіцкая і спольшчаная. Адчувала яна супольнасць крыві з мясцовым сялянствам і прытым ведала яго мову, звычаі і не жадала яго спальшчэння, а зараз спачувала ўзніклым яшчэ ў 2-й палове XIX ст., хоць вельмі слабым, але істотным нацыянальным зрухам, якіх першымі піянерамі былі польскія землеўласнікі, такія як Чачот, Зан, Сыракомля, Дунін-Марцінкевіч і мноства іншых»[136].

«Правая рука» Эдварда Вайніловіча Раман Скірмунт, які працаваў у мінскім губернскім земстве, мінскім губернскім харчовым камітэце і мінскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, актыўна наладжваў сувязі з памяркоўнымі і кансерватыўнымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі ў розных беларускіх арганізацыях і палітычных партыях. З сакавіка па лістапад 1917 г. у Беларусі дзейнічала каля 26 малалікіх партый самых розных кірункаў, большасць з якіх прытрымліваліся сацыялістычных праграм, ад імя Беларусі выступалі за «адзіную і непадзельную Расію», адхілялі ідэю аўтаноміі Беларусі і часта складаліся з прадстаўнікоў не карэннага насельніцтва, а бежанцаў ці прыбышаў. Раман Скірмунт уступіў у склад Беларускай народнай партыі сацыялістаў (БПНС), якая выступала за аўтаномію ў складзе федэратыўнай Расіі, і спрабаваў замацаваць у партыі памяркоўную праграму аграрных рэформ у Беларусі[137].

25-27 сакавіка 1917 г. па ініцыятыве мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, БПНС і БСГ адбыўся З’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, на якім быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) на чале з Раманам Скірмунтам. Спрабуючы рэалізаваць ідэю беларускай аўтаноміі, БНК у сярэдзіне красавіка 1917 г. адправіў у Петраград да Часовага ўрада Расіі дэлегацыю на чале са Скірмунтам, якая паведаміла аб жаданні аўтаноміі Беларусі, увядзення ў школах беларускай мовы, гісторыі Беларусі, правядзення дэмакратычных выбараў у мясцовыя органы ўлады, кампенсацыю насельніцтву страт, прычыненых вайной, і інш. Часовы ўрад згадзіўся наладзіць з БНК кантакт, але прытрымліваўся ідэі «адзінай і недзялімай Расіі», хоць заявіў, што пастаўленыя беларускай дэлегацыяй пытанні можа вырашыць толькі Усерасійскі ўстаноўчы сход, які запланаваны на восень 1917 г.[138]

13-15 мая 1917 г. у Мінску на пасяджэнні Беларускага нацыянальнага камітэта Раман Скірмунт, прыцягнуўшы на падставе права кааптацыі да ўдзелу ў пасяджэнні буйных маянткоўцаў (Эдварда Вайніловіча, князя Станіслава Радзівіла, князя Гераніма Друцкага-Любецкага і інш.), блакіраваў прапановы прадстаўнікоў БСГ аб радыкальных аграрных пераўтварэннях у Беларусі, а таксама пацвердзіў сваё імкненне да аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, злучэння ўсіх беларускіх зямель пад адной уладай і адмежаваўся ад польскай арыентацыі. Вырашэнне аграрнага пытання было аднесена да кампетэнцыі Усерасійскага ўстаноўчага схода і Беларускай краёвай рады. Рознагалоссі паміж кансерватыўнай групай на чале з Раманам Скірмунтам і левай плынню БСГ на чале са Зміцерам Жылуновічам, за якім стаялі бальшавікі на чале з Міхаілам Фрунзэ, прывялі да скасавання Беларускага нацыянальнага камітэта 10 ліпеня 1917 г. у ходзе другога З’езда беларускіх арганізацый і партый[139]. Гэта часова адсунула Рамана Скірмунта ад пазіцыі лідара беларускіх нацыянальна-дэмакратычных арганізацый і партый. Увесь той час і пазней Скірмунт меў прамы кантакт з Эдвардам Вайніловічам і МТСГ[140].

Уплыў МТСГ на «польскія рады»

У той жа час сярод гараджан, інтэлігенцыі, каталіцкага святарства Мінска і Мінскай губерні, напоўненых польскімі бежанцамі з польскіх губерняў, было шмат прыхільнікаў «эндэкаў» і сацыялістаў. 25 сакавіка 1917 г. у Мінску прадстаўнікамі бежанцаў і мясцовымі актывістамі быў створаны Часовы арганізацыйны камітэт для склікання «польскага сходу» з усёй Мінскай і неакупаванай немцамі Віленскай губерні. Галоўным арганізатарам гэтага сходу быў «эндэк» Вацлаў (Уладзімір) Крынскі (1879—1924). «Польскі сход» адбыўся ў Мінску 21-23 мая (3-5 чэрвеня) 1917 г. у вялікай зале Дваранскага клуба і на ім прысутнічала 74 асобы, як мясцовыя маянткоўцы і інтэлігенцыя, так і палякі-бежанцы[141][142][143].

Дваранскі клуб у Мінску на вуліцы Падгорнай, фота раней 1914 г. (Будынак не захаваўся)

Сход імкнуўся стварыць адзіную арганізацыю, якая б аб’ядноўвала ўсе мясцовыя польскія арганізацыі з мэтай прадстаўніцтва і абароны інтарэсаў «польскага насельніцтва» у органах улады Расійскай рэспублікі. На сходзе адносна адраджэння «Польшчы» было ўзнята на галасаванне пытанне, ці Беларусь павінна быць інкарпаравана ў склад Польшчы альбо быць злучана з Польшчай уніяй. Эдвард Вайніловіч выказаўся, што Беларусь павінна быць злучана з Польшчай дзяржаўнай уніяй, падкрэсліўшы рознасць Беларусі ад этнаграфічнай Польшчы[143]. За ім выступіў Раман Скірмунт, які, як заўжды, падтрымаў Вайніловіча. Аднак пераважная большасць прысутных прагаласавала за інкарпарацыю Беларусі ў склад Польшчы, што дэкларавалі «эндэкі». У гэтай сітуацыі ў знак пратэсту Эдвард Вайніловіч выступіў супраць членства ў новай арганізацыі, а таксама выказаўся катэгарычна супраць падтрымкі сацыялістычных лозунгаў. Вайніловіча зноў падтрымаў Раман Скірмунт і таксама не ўвайшоў у склад новай арганізацыі. Акцыя мела ўздзеянне. Каб не адхіліць ад членства і іншых, «эндэк» Вацлаў Крынскі вымушаны быў указаць: «Зараз не самы лепшы час казаць, што тут польскае, а што беларускае», — а прамоўцы пачалі звяртаць увагу не толькі на прывязанасць да Польшчы, але і роднага краю — Беларусі[144]. Сход прыняў рашэнне стварыць новую арганізацыю, якая атрымала назву «Польская рада Мінскай зямлі» і якую ўзначаліў Геранім Кеневіч (1867—1925), заможны маянтковец Мазырскага павета і ўплывовы член Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[145][146]. Адмова такога ўплывовага палітыка як Эдвард Вайніловіч стаць членам Польскай рады Мінскай зямлі знізіла палітычную вагу гэтай арганізацыі і яна стала мець другаснае значэнне ў Мінскай губерні ў параўнанні з Мінскім таварыствам сельскай гаспадаркі.

У Польскай радзе Мінскай зямлі і яе філіяльных структурах, якія фарміраваліся з розных сацыяльных слаёў (як бежанцаў, так і мясцовых жыхароў), адразу сталі мець вызначальны ўплыў мясцовыя буйныя маянткоўцы — члены МТСГ. Акрамя таго, Польская рада Мінскай зямлі не стала «эндэцкай», а адразу набыла беспартыйны характар[147][148]. Сацыялістычныя і «эндэцкія» лозунгі, найбольш папулярныя сярод ссыльных і бежанцаў з польскіх губерняў, былі цалкам з яе выціснуты. Калі спачатку арганізацыя дзейнічала на прынцыпах выбарнасці і самаападаткавання, то вельмі хутка на месца незалежных дэлегатаў прыходзілі прадстаўнікі, выбраныя заможнымі маянткоўцамі[149][146]. Дамінуючай стала культурна-асветніцкая дзейнасць Польскай рады Мінскай зямлі (стварэнне і павелічэнне колькасці польскамоўных школ, куды беларускамоўнае насельніцтва дапускалася толькі на ўмовах дабравольнасці), а палітычная яе функцыя заключалася толькі ў інструктажы польскага і польскамоўнага насельніцтва, як дзейнічаць на будучых выбарах у мясцовыя земствы[150].

Аналагічныя працэсы праходзілі і ў іншых «польскіх радах». У ліпені 1917 г. з прадстаўнікоў Польскай рады Мінскай зямлі, Польскай рады Віцебскай зямлі і Польскай рады Магілёўскай зямлі была створана супольная Польская рада Беларускіх зямель[151]. Самай уплывовай стала Польская рада Мінскай зямлі. У перыяд кіравання Часовага ўрада Расіі з сакавіка 1917 г. да Кастрычніцкага перавароту «польскія рады» афіцыйна займалі пазіцыі аўтаноміі Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі, хоць на самой справе ёй была больш блізкай пазіцыя дзяржаўнай самастойнасці Беларусі (дзе б галоўныя пазіцыі мела праслойка карэнных (польскамоўных і каталіцкіх) землеўласнікаў), а не сувязі з Расіяй. «Польскія рады» таксама выразна выказваліся супраць «эндэцкай» канцэпцыі інкарпарацыі беларускіх зямель у склад польскай дзяржавы, а толькі за раўнапраўную ўнію Беларусі з Польшчай[152][153]. Лідарам МТСГ на чале з Вайніловічам удалося нейтралізаваць «эндэкаў» і трымаць пад кантролем польскіх ссыльных і бежанцаў, замацаваўшы ў «польскіх радах» свае палітычныя погляды. Газеты «польскіх рад» у Беларусі прапагандавалі свае погляды, стала мовілі аб «Польшчы», даўніх і традыцыйных з ёй сувязях, але не акрэслівалі канкрэтных да яе сваіх адносін і адмяжоўваліся ад палітычных праектаў польскіх «эмігранцкіх» арганізацый. Напрыклад, газета «Dzennik Miński», якая была галоўным выданнем Польскай рады Мінскай зямлі, пісала 7 кастрычніка 1917 г., адлюстроўваючы незалежніцкія памкненні рады: «Па ўсёй верагоднасці Польшча і Беларусь будуць толькі суседзямі, а не адзінай сям’ёй. А мы павінны быць польскімі грамадзянамі Беларусі»[154].

Стварэнне Саюза маянткоўцаў Мінскай губерні

У канцы мая 1917 г. у Мінску Эдвард Вайніловіч як дэпутат дваранства Слуцкага павета ўдзельнічаў на сходзе павятовых маршалкаў і дэпутатаў дваранства Мінскай губерні. Сход стварыў часовы камітэт з 12 асоб (граф Ежы Чапскі (1861—1930), Эдвард Вайніловіч, Леў Ваньковіч (1874—1949), Геранім Кеневіч (1867—1925), Раман Скірмунт (1868—1939), Эдвард Горват (1866—1935) і інш.), вылучаных прысутнымі для часовага вядзення ўсіх дваранскіх спраў і апекі над рухомай і нерухомай маёмасцю дваран Мінскай губерні. Пратакол пасяджэння быў накіраваны мінскаму губернскаму камісару Часовага ўрада Расіі для распараджэння аб законнай перадачы маёмасці і спраў часоваму дваранскаму камітэту Мінскай губерні. Адразу пасля гэтага на агульным сходзе МТСГ была створана арганізацыя «Саюз маянткоўцаў Мінскай губерні», кіраўніком якой быў выбраны граф Ежы Чапскі (бо сам Вайніловіч не захацеў узначаліць саюз), а яго намеснікам — Людвік Уняхоўскі, і быў зацверджаны яе статут[155][156]. Мэтай саюза была абарона інтарэсаў сярэдніх і буйных маянткоўцаў пры правядзенні аграрных рэформ у заканадаўчых установах і абарона прынцыпу прыватнай уласнасці на зямлю, бо Часовы ўрад Расіі на чале з Аляксандрам Керанскім і радыкальна настроеныя члены земстваў абкладалі празмернымі падаткамі і земскімі павіннасцямі прыватныя маёнткі для ваенных і ўласных патрэб. Радыкальныя настроі апанавалі і валасныя органы самакіравання, якія складаліся выключна з сялян, якія жадалі падзяліць зямлю маянткоўцаў[157].

У кастрычніку 1917 г. Вайніловіч увайшоў у склад створанага на чале з графам Ежы Чапскім (1861—1930) «Саюза асоб, запісаных у радаводныя кнігі Мінскай губерні», які быў пераемнікам «Саюза маянткоўцаў Мінскай губерні» і быў створаны па прычыне аб’яўлення міністэрствам унутраных спраў Расіі ад 5 верасня 1917 г. аб хуткім скасаванні дваранскага саслоўя і ліквідацыі дваранскіх карпарацыйных устаноў. 16 кастрычніка 1917 г. у Мінску Эдвард Вайніловіч як дэпутат дваранства Слуцкага павета ўдзельнічаў на сходзе павятовых маршалкаў і павятовых дэпутатаў дваранства Мінскай губерні (з дазволу Часовага ўрада Расіі), які перадаў «Саюзу асоб, запісаных у радаводныя кнігі Мінскай губерні» усю маёмасць, капіталы, архіў і радаводныя кнігі, а таксама будынак Мінскага губернскага дваранскага сходу і будынак Дваранскага клуба. Прыбыткі ад маёмасці і капіталаў павінны былі ісці на культурна-асветніцкую і дабрачынную дзейнасць для асоб, запісаных у радаводныя кнігі Мінскай губерні[158].

Пасля Кастрычніцкага перавароту (1917)

Пасля Кастрычніцкага перавароту і ўсталявання ў Петраградзе ўлады бальшавікоў, дэкрэтам аб зямлі ад 26 кастрычніка 1917 г. скасоўвалася прыватная ўласнасць на зямлю: прыватныя маёнткі, землі імператарскай сям’і і заможных сялян пераходзілі пад кантроль мясцовых саветаў, якія складаліся са служыцеляў маёнткаў і дэлегатаў ад суседніх вёсак, а ўласнікі маёнткаў былі адсунуты ад кіравання сваёй рухомай і нерухомай маёмасцю. Гэта прывяло да росту варожасці паміж былымі маёнткоўцамі і сялянамі. Дэкрэтам бальшавікоў ад 11 (24) лістапада 1917 г. скасавалі дваранскае саслоўе і дваранскія карпарацыйныя арганізацыі (дваранскія суполкі), а разам з імі і, натуральна, пасады губернскіх маршалкаў (прадвадзіцеляў дваранства) па ўсёй Расіі. Кіраўнікі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і «польскіх рад» пачалі шукаць сілу, якая б магла вярнуць былым уласнікам маёнткі, і звярнулі ўвагу на I Польскі корпус генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага, які хутка аказаўся пад уплывам мінскіх землеўласнікаў. У снежні 1917 г. на тэрыторыях, занятых корпусам, працэс захопу сялянамі зямлі былых прыватных маёнткаў быў хутка спынены, а маёнткі вярталіся да былых уласнікаў. Лідары МТСГ планавалі праз вярбоўку павялічыць лік корпуса да 130 тысяч жаўнераў і заняць войскам усю тэрыторыю Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, для чаго аб’явілі па паветах грашовую складку сярод маянткоўцаў — грошы павінны былі ісці ў Мінск у рукі адваката Ігната Віткевіча, скарбніка МТСГ. Акрамя грошай маянткоўцы прадстаўлялі корпусу генерала Доўбар-Мусніцкага сваіх коней і пашу[159]. Разумеючы часовасць поспехаў Доўбар-Мусніцкага над бальшавікамі, лідары МТСГ і «польскіх рад» пачалі шукаць збліжэнне з паўнезалежнай пранямецкай польскай Рэгенцкай Радай Каралеўства Польскага (1916—1918) у Варшаве (у склад якой уваходзіў і даўні сябар графа Ежы Чапскага ксёндз Зыгмунт Хелміцкі) і немцамі, кіруючыся прынцыпам «толькі, каб не Расія»[160].

7 лютага 1918 г. дэлегацыя прадстаўнікоў Польскай рады Мінскай зямлі перасекла фронт і сустрэлася ў Брэсце з нямецкім генералам Максам Гофманам (1869—1927), дзе прапанавала немцам займаць тэрыторыі да Дняпра, абяцаючы дапамогу ў гэтым праз стварэнне ўласных вайсковых адзінак. Галоўным жаданнем было, паводле слоў удзельніка дэлегацыі Ежы Асмалоўскага (1872—1952), каб Беларусь «была б толькі адарвана ад Расіі, была б толькі пад уплывамі Захада»[161]. Пасля Брэста дэлегацыя Польскай рады Мінскай зямлі накіравалася ў Варшаву да польскай Рэгенцкай Рады і паведаміла аб жаданні выхаду Беларусі з-пад уплываў бальшавіцкай Расіі, але «без намеру непасрэднага ўключэння Беларусі ў склад Польшчы»[161].

Адначасова лідары МТСГ імкнуліся паўплываць на генерала Доўбар-Мусніцкага, каб не перашкаджаў руху нямецкіх войск да Дняпра. З гэтай місіяй у другой дэкадзе лютага 1918 г. у Бабруйск, галоўную стаўку I Польскага корпуса, паехала дэлегацыя ад Польскай рады Мінскай зямлі (Геранім Кеневіч (1867—1925), Караль Незабытоўскі (1865—1952)[заўв 17], Чэслаў Крупскі), Польскай рады Віленскай зямлі (Вітальд Копец), Польскай рады Магілёўскай зямлі (Канстанцін Гардзялкоўскі) і інш., да якой хутка далучыліся Ежы Асмалоўскі і Козел-Паклеўскі, якія неўзабаве вярнуліся з місіі ў Варшаву да Рэгенцкай Рады[161]. Дэлегацыя паставіла за мэту пераканаць Доўбар-Мусніцкага ў непазбежнасці ліквідацыі Начпола (Naczelny Polski Komitet Wojskowy, Naczpol) і схіліць генерала да супрацоўніцтва з немцамі. Кіраўніцтва Польскай рады Мінскай зямлі пайшло яшчэ далей і паслала з Мінска ў Бабруйск да сваёй дэлегацыі тэлеграму, дзе гаварылася, што, калі Доўбар-Мусніцкі не згодзіцца з прапановамі дэлегацыі «польскіх рад», то трэба прызначыць на месца начальніка I Польскага корпуса іншага афіцэра. Тэлеграма была перахоплена, дастаўлена генералу Доўбар-Мусніцкаму і выклікала заканамернае абурэнне, але ў канечным выніку Доўбар-Мусніцкі згадзіўся выканаць прапановы дэлегацыі не перашкаджаць немцам[161].

6-7 (19-21) лютага 1918 г. дэзерціры пры ўдзеле мясцовых жыхароў разграмілі палац Эдварда Вайніловіча ў маёнтку Савічы ў Слуцкім павеце: былі спалены, зламаны, парэзаны альбо расцягнуты многія каштоўнасці роду Вайніловічаў, самыя старажытныя з якіх былі створаны яшчэ ў канцы XVI ст.: карціны, сямейныя партрэты і фатаграфіі, прадметы мастацтва, грошы, бібліятэка (звыш 5000 тамоў) і г.д., — «загінула культурная спадчына адзінаццаці пакаленняў». Самым балючым для Вайніловіча была амаль поўная страта агромнага архіва Вайніловічаў, які пачаў сістэматызавацца яшчэ дзедам Антонам Вайніловічам (1773—1855), — прывілеі, дакументы, прыватныя лісты і інш. Ледзь выратаваўся ад смерці сам Эдвард Вайніловіч. Тым не менш, пазней ён абараніў рабаўнікоў (сярод якіх былі і работнікі маёнтка Савічы) ад нямецкіх улад, якія хацелі павесіць найбольш актыўных завадатараў: па хадайніцтву Вайніловіча іх выслалі разам з сем’ямі ў навакольныя вёскі.

19 лютага 1918 г. немцы пачалі паспяховае наступленне ў Беларусі, бальшавікі эвакуіраваліся з Мінска, а 21 лютага I Польскі корпус заняў Мінск, у які пасля без бою ўвайшлі немцы. У прывітальнай прамове на Віленскім вакзале мінскія маянткоўцы (Ігнат Віткевіч, Эдмунд Івашкевіч, Чэслаў Крупскі і іншыя члены МТСГ і Польскай рады Мінскай зямлі), сярод якіх прысутнічалі Раман Скірмунт і Павел Аляксюк, выказалі ўдзячнасць нямецкаму генералу Гофману «за вяртанне грамадскага парадку, дапамогу ў аддзяленні ад бальшавіі[заўв 18] і супольнае жыццё з народамі Захада з апорай на нямецкую дзяржаву»[162][заўв 19]. Нямецкая ваенная ўлада адхіліла прэтэнзіі Народнага сакратарыята Беларусі (на чале з Язэпам Варонкам) на ўладу і негатыўна аднеслася да яго сацыялістычнага складу і заяўленняў «абараняць заваёвы рэвалюцыі», а ўхваліла стварэнне ў Мінску 25 лютага 1918 г. Менскага беларускага прадстаўніцтва (Беларускага народнага прадстаўніцтва) на чале з Раманам Скірмунтам[164]. 26 лютага 1918 г. у Мінску генерал Юзаф Доўбар-Мусніцкі падпісаў з немцамі дамову, паводле якой польскія войскі павінны былі пакінуць Мінск 27 лютага і размясціцца ў Слуцкім, Бабруйскім і Рагачоўскім паветах[165]. Пасля Брэсцкага міра (3 сакавіка 1918 г.) I Польскі корпус быў расфарміраваны, а яго жаўнеры паехалі ў Варшаву.

Вакол справы Беларускай Народнай Рэспублікі (1918)

Хоць рэальнай улады Народны Сакратарыят Беларусі не атрымаў, ён фармальна працягваў сваё існаванне і пачаў рабіць радыкальныя і максімалісцкія захады. 25 сакавіка 1918 г. у Мінску была прынята Трэцяя Устаўная грамата БНР, якая аб’яўляла аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), што пачала стварацца як сацыялістычная дзяржава[166]: яшчэ 9 сакавіка 1918 г. была прынята Другая Устаўная грамата БНР, сёмы пункт якой аб’яўляў скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю — зямля перадавалася без выкупу тым, хто сам на ёй працаваў. Лідарамі МТСГ (на чале з Эдвардам Вайніловічам) гэта было ўспрынята негатыўна. Германскае ваеннае камандаванне ў Мінску таксама палічыла Раду і ўрад БНР сацыялістычнымі органамі і захацела кансерватыўнай улады, таму падтрымала Менскае беларускае прадстаўніцтва (Беларускае народнае прадстаўніцтва) на чале з Раманам Скірмунтам, якое выступала за саюз БНР з Германіяй[167].

Левае крыло Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), якое крытыкавала Раду БНР за яе рэвалюцыйнае паходжанне і сацыялістычны склад Народнага сакратарыята БНР, вырашыла шукаць паразуменне з Менскім беларускім прадстаўніцтвам і прыняла 12 красавіка 1918 г. у склад Рады БНР яго прадстаўнікоў — Рамана Скірмунта, Паўла Аляксюка і інш. У маі 1918 г. Скірмунт як дэлегат БНР выехаў у Берлін, дзе безвынікова хадайнічаў аб аўдыенцыі ў германскага імператара[167].

16 чэрвеня 1918 г. у Мінску т.зв. «група Вайніловіча» звярнулася з Дэкларацыяй да камандзіра 10-й нямецкай арміі нямецкага генерала Эрыха фон Фалькенгайна, у якой прасіла паспрыяць прызнанню незалежнасці Беларускай дзяржавы: «Агульны сход Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, які складаецца з верных сыноў і грамадзян гэтай краіны, выказвае гарачае пажаданне, што багатая гістарычнымі, дзяржаўнымі традыцыямі і этнаграфічнай адметнасцю Беларусь, краіна з уласнай культурай з дапамогай магутнага Германскага Рэйха будзе прызнана незалежнай дзяржавай па прыкладу Літвы і Украіны і расквітнее ў саюзе з Цэнтральна-еўрапейскімі дзяржавамі». Гэтая Дэкларацыя была падпісана прадстаўнікамі МТСГ (Эдвард Вайніловіч, Мечыслаў Пароўскі, Вітальд Лопат, Зыгмунт Рэвенскі, Ігнат Віткевіч), Саюза землеўласнікаў Мінскай губерні (граф Ежы Гутэн-Чапскі, Аляксандр Любанскі, Леў Львовіч Ваньковіч, Міхал Валовіч) і Саюза Мінскага дваранства (Людвік Уняхоўскі, Геранім Кеневіч, Юзаф Свянціцкі)[168]. У ліпені 1918 г. кіраўнік Прадстаўніцтва Рэгенцыйнай Рады Каралеўства Польскага у Берліне граф Адам Ронікер атрымаў распараджэнне з дапамогай друку пазнаёміць грамадства Германскай Імперыі і Аўстра-Венгерскай імперыі з гэтым дакументам. У суправаджальным лісце да распаражэння ўказвалася, што мінскія землеўласнікі падтрымліваюць незалежнасць Беларусі, абвешчаную Радай БНР, і іх пазіцыя не звязана з польскім нацыянальным рухам[169].

Па рэкамендацыі германскага ваеннага камандавання фарміраванне новага склада кабінета міністраў БНР з 9 ліпеня 1918 г. было даручана Раману Скірмунту, які адразу паставіў на перагляд сёмы пункт Другой Устаўной граматы БНР, які тычыўся аграрнага пытання (скасавання прыватнай уласнасці на зямлю) і імкнуўся, каб БНР фармавалася як капіталістычная дзяржава. Скірмунт выступіў за захаванне прыватнай уласнасці на зямлю і (з ухвалы кансерватыўных дваран-маянткоўцаў) прапаноўваў беларускім сацыялістычным партыям кампраміс па зямельным пытанні: калі раней Рада МТСГ выступала за поўнае захаванне за маянткоўцамі іх зямлі, то цяпер неадменна выказвалася за захаванне прынцыпа прыватнай уласнасці на зямлю, але згаджалася на продаж часткі зямлі маянткоўцаў сялянам невялікімі надзеламі па цане, якая адпавядала іх рэальнай вартасці[170][171]. Такая палітыка новага кабінета міністраў БНР, нягледзячы на моцную падтрымку «Саюза асоб, запісаных у радаводныя кнігі Мінскай губерні», Польскай рады Мінскай зямлі і Польскай рады Магілёўскай зямлі, сустрэла рашучае процідзеянне сацыялістаў-рэвалюцыянераў, членаў ранейшага складу Рады БНР. 20 ліпеня 1918 г. кабінет Рамана Скірмунта быў вымушаны афіцыйна падаць у адстаўку[171].

У канцы кастрычніка 1918 г. Эдвард Вайніловіч як дэлегаваны ад МТСГ увайшоў у якасці члена ў склад Рады БНР[172]. Эдвард Вайніловіч наведваў пасяджэнні Рады БНР, бачыў карту БНР і скептычна аднёсся да таго, што Смаленшчына і Браншчына з’яўляюцца этнічнымі беларускімі землямі[173].

Удзел у выбарах маршалка дваранства Мінскай губерні (1918)

Пратакол абрання Вайніловіча слуцкім дваранскім дэпутатам[заўв 20], 29 верасня 1918 г.
Будынак Мінскага дваранскага схода, фота да 1917 г. (Будынак не захаваўся)

З прыходам у Мінскую губерню войскаў Германскай імперыі, мясцовыя маянткоўцы аднавілі 16 красавіка 1918 г. у Мінску дзейнасць дваранскіх устаноў Мінскай губерні на сходзе павятовых маршалкаў і павятовых дэпутатаў дваранства на чале з Міхаілам Бурнашавым (1882—1929), дзе ўдзельнічаў і Эдвард Вайніловіч. Гэта было неабходна для вядзення спраў дваранскіх апек, дзе знаходзіліся справы і капіталы малалетніх дваран-землеўласнікаў, і разбору існуючых маёмасных прэтэнзій да маёнткаў ці капіталаў. 14 ліпеня 1918 г. генерал ад інфантэрыі Эрых фон Фалькенгайн (1861—1922), камандзір 10-й нямецкай арміі ў Беларусі з сакавіка 1918 г., дазволіў правядзенне сходаў дваранскай карпарацыі і выбары адказных асоб, але толькі ў справах, непасрэдна датычных дваранства. Ніякай палітычнай дзейнасці сходу дваран не было дазволена[174].

29 верасня 1918 г. у Мінску ў будынку Мінскага дваранскага схода ва ўмовах грамадзянскай вайны на тэрыторыі былой Расійскай імперыі і нямецкай ваеннай акупацыі Беларусі ў ходзе Першай сусветнай вайны адбыліся надзвычайныя дваранскія выбары па Мінскай губерні, у якіх ўдзельнічалі дваране, што змаглі прыехаць, у тым ліку Эдвард Вайніловіч, Раман Скірмунт, Геранім Кеневіч і інш. Па выніках галасавання мінскім губернскім маршалкам быў выбраны граф Ежы Эмерыкавіч Чапскі (1861—1930), член Рады МТСГ, якому ў ходзе балаціроўкі канкурэнцыю складалі іншыя кандыдаты — Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928) і Леў Львовіч Ваньковіч (1872—1948)[174]. Кандыдатура Эдварда Вайніловіча на пасаду мінскага губернскага маршалка была вылучана сябрамі, але сам ён не хацеў быць абраным, бо яго маёнтак Савічы пасля пагрому быў не ў лепшым стане і не было часу знаходзіцца ў Мінску, таму і быў выбраны граф Чапскі[175]. Эдвард Вайніловіч, выконваўшы на сходзе абавязкі слуцкага павятовага маршалка, быў абраны толькі на пасаду дваранскага дэпутата Слуцкага павета, на якой знаходзіўся ўжо шмат год[174].

Спроба стварэння Вялікага Княства Літоўска-Беларускага (1918)

граф Ежы Эмерыкавіч Чапскі (1861—1930)

Пасля таго, як у пачатку лістапада 1918 г. нямецкія войскі пакідалі тэрыторыю Магілёўскай губерні паводле рашэнняў Брэсцкага міру з бальшавікамі ад 3 сакавіка 1918 г., лідары карэннага дваранства Мінскай губерні (галоўным чынам, члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі) выказаліся супраць падзелу Беларусі на часткі, выступілі з ініцыятывай стварэння пад нямецкім куратарствам Вялікага Княства Літоўска-Беларускагапаўночна-заходніх губерняў). Яны таксама планавалі, што новая дзяржава са сталіцай у Вільні будзе мець канстытуцыйна-манархічны лад[заўв 21].

Першапачаткова ўзначаліць дэлегацыю мінскіх дваран да нямецкага генерала Эрыха фон Фалькенгайна (1861—1922), камандзіра 10-й нямецкай арміі, было прапанавана Эдварду Вайніловічу як самаму паважанаму і ўплывоваму лідару мінскіх дваран (пра што ведалі і нямецкія ўлады), але той адмовіўся, бо меў антынямецкія палітычныя погляды і не лічыў годным ствараць дзяржаву пад нямецкім куратарствам. Аднак у канечным выніку Вайніловіч падпісаў зварот (без гэтага дакумент не меў бы вялікай вагі), хоць і не паставіў свой подпіс на першым месцы ў дакуменце, і прысутнічаў у складзе дэлегацыі (дзе былі і асобныя рускія маянткоўцы края) да генерала фон Фалькенгайна. Дэлегаты папрасілі паведаміць аб сваім памкненні германскаму імператару Вільгельму II. Па сутнасці гэта была апошняя спроба краёўцаў-кансерватараў да адміністрацыйна-тэрытарыяльнага яднання літоўска-беларускіх зямель, прычым не ў якасці аўтаноміі ў рамках Расіі ці Польшчы, а як самастойнай дзяржавы. Генерал фон Фалькенгайн адказаў дэлегацыі мінскіх дваран, якіх узначаліў новавыбраны мінскі губернскі маршалак граф Ежы Чапскі, што павінен строга выконваць рашэнні Брэсцкага міра, але перадасць прапанову ў Галоўную імператарскую стаўку[175].

У Берлін з місіяй ад мінскіх краёўцаў-кансерватараў (наконт падтрымкі стварэння пад нямецкім куратарствам Вялікага Княства Літоўска-Беларускага) на чале дэлегацыі мясцовых дваран паехаў Раман Скірмунт, але атрымаць аудыенцыю ў германскага імператара Вільгельма II яму не ўдалося[c]. У Берліне пачалася Лістападаўская рэвалюцыя (1918), якая ліківідавала нямецкую манархію і ўстанавіла рэспубліку. Немцы ў лютым 1919 г. хутка пакінулі ўсю тэрыторыю Беларусі, а на змену ім прыходзілі войскі бальшавікоў — Чырвоная армія.

Паміж Мінскам і Варшавай (1918—1921)

Значок Літоўска-беларускіх дывізій, 1919 г. Дызайнер Тадэвуш Раствароўскі (1860—1928)

Перад прыходам на Случчыну атрадаў Чырвонай Арміі 2 снежня 1918 г. Эдвард Вайніловіч з жонкай Алімпіяй выехаў з Савіч у Варшаву, дзе згрупаваўся з такімі ж маянткоўцамі-эмігрантамі з Мінскай губерні, якія 6 снежня 1918 г. заснавалі сваю арганізацыю «Саюз палякаў беларускіх ускраін» (каля 200 чалавек). На паседжаннях Саюза звычайна старшынстваваў Эдвард Вайніловіч[177]. Маянткоўцы вырашылі далучыцца да Камітэта абароны крэсаў (Komitet Obrony Kresów), які ўзначальваў князь Яўстах Сапега (1881—1963) і імкнуўся арганізаваць самаабарону маянткоўцаў літоўска-беларускіх зямель ад бальшавікоў. Саюз палякаў беларускіх ускраін разгарнуў агітацыю ахвотнікаў у Літоўска-беларускія дывізіі, выдаткаваў грошы, падтрымаў ідэю ўваходжання літоўска-беларускіх зямель у склад аднаўляемай Юзафам Пілсудскім шматнацыянальнай федэратыўнай Рэчы Паспалітай і ўстанавіць усходнюю мяжу новай дзяржавы як мага далей на ўсход (да ўсходніх меж былой Рэчы Паспалітай — да часу першага падзелу ў 1772 годзе)[178]. 29 студзеня 1919 г. у Варшаве аднавіліся на чале з Вайніловічам і пасяджэнні членаў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, у тым ліку Рамана Скірмунта[179].

Тэатр ваенных дзеянняў польска-савецкай вайны 1919—1920 гадоў

У лютым 1919 г. пачалася польска-савецкая вайна (1919—1920). У гэты час у Варшаве Эдвард Вайніловіч са Скірмунтам актыўна арганізоўваў сустрэчы і вёў перамовы з уплывовымі польскімі палітыкамі (асабліва з ліку арыстакратаў) адносна лёсу літоўска-беларускіх зямель і захавання зямлі за яе ранейшымі ўласнікамі. 23 сакавіка 1919 г. Польская рада беларускіх зямель склала дэкларацыю польскаму ўраду аб жаданні цеснага саюза Беларусі і Польшчы, але не ўключэння Беларусі ў склад Польшчы[180]. 9-10 красавіка 1919 г. у Варшаве на кватэры, дзе пражываў Эдвард Вайніловіч, адбылася сустрэча з прадстаўнікамі кансерватыўнай па характару Партыі канстытуцыйнай працы (якая аб’ядноўвала землеўласнікаў-кансерватараў з карэнных польскіх зямель). Трыццаць чалавек Саюза палякаў беларускіх ускраін вырашылі ўступіць у Партыю канстытуцыйнай працы і дэлегаваць у раду партыі Эдварда Вайніловіча і Аляксандра Мяйштовіча. Аднак толькі Мяйштовіч згадзіўся ўвайсці ў галоўнае праўленне Партыі канстытуцыйнай працы[181].

22 красавіка 1919 г., калі польскія войскі ўзялі Вільню, Юзаф Пілсудскі выдаў «Адозву да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага», якая аб’яўляла аб жаданні стварыць літоўска-беларускую дзяржаву, што была б звязана ўніяй з Польшчай. Для рэалізацыі гэтага намеру была створана новая адміністрацыйная адзінка — Грамадзянская ўправа ўсходніх зямель, якую ўзначаліў Ежы Асмалоўскі (1872—1952)[заўв 22], член Польскай рады Мінскай зямлі. Літоўска-беларускія землі, якія займаліся польскімі войскамі не інкарпараваліся ў склад Польшчы, а падпарадкоўваліся ў грамадзянскіх адносінах Грамадзянскай управе ўсходніх зямель (правобразу будучай дзяржавы) на чале з генеральным камісарам, падпарадкаваным непасрэдна Начальніку польскай дзяржавы Юзафу Пілсудскаму. Тым не менш, у палітычных колах Польшчы шмат месяцаў ішла барацьба: ствараць федэрацыю ці далучыць занятыя войскамі землі[183]. 27 красавіка 1919 г. Саюз палякаў беларускіх ускраін увайшоў як фракцыя ў «Саюз маянткоўцаў Літвы і Беларусі ў Варшаве», дзе аб’ядналіся маянткоўцы літоўска-беларускіх зямель, галоўным чынам, з Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў. Узначаліць новы Саюз было прапанавана Эдварду Вайніловічу як самаму аўтарытэтнаму маянткоўцу Міншчыны ці Аляксандру Мяйштовічу як самаму аўтарытэтнаму маянткоўцу Ковеншчыны, але яны адмовіліся на карысць Дамініка Даўгялы[184].

Грамадзянская ўправа ўсходніх зямель (Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich) — польская грамадзянская адміністрацыя на літоўска-беларускіх землях, не інкарпараваных у склад Польшчы, а занятых у 1919—1920 гадах польскім войскам

31 мая 1919 г. па ініцыятыве Лявона Дубейкаўскага і Эдварда Вайніловіча ў Варшаве была створана малалікая арганізацыя «Польска-беларускае таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі» для палітычнай падтрымкі ідэі федэрацыйнага саюза Беларусі і Польшчы. Членамі якога сталі як беларускія маянткоўцы-кансерватары, так і дзеячы нацыянальна-дэмакратычнага руху: Мельхіёр Ваньковіч, княгіня Магдалена Радзівіл, Раман Скірмунт, Аркадзь Смоліч, Аляксандр Лядніцкі, Чэслаў Янкоўскі, Браніслаў Тарашкевіч і інш. Таварыству ўдалося вызваліць у Варшаве з лагераў ваеннапалонных шмат беларусаў, якія не па ўласнай волі ваявалі ў шэрагах бальшавікоў супраць польскіх войск[185]. 9 ліпеня 1919 г. Вайніловіч адправіў Рамана Скірмунта на размову з Юзафам Пілсудскім у Белведэр адносна аграрнай рэформы ў Беларусі[186].

26 жніўня 1919 г., пасля заняцця польскімі войскамі Міншчыны, Эдвард і Алімпія Вайніловічы выехалі з Варшавы ў Беларусь: Эдвард паехаў у Мінск для аднаўлення (ужо 29 жніўня 1919 г.) пасяджэнняў Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, а Алімпія — у маёнтак Савічы. 3 верасня 1919 г. з бальшавіцкага палону за выкуп у 25 тысяч рублёў вярнулася ў Мінск сястра Эдварда Вайніловіча Ядвіга Кастравіцкая, а 4 верасня 1919 г., пасля ўзяцця польскімі войскамі Бабруйска, з бабруйскай турмы ў Мінск вярнулася і яго сястра Міхаліна Горват[187]. У Міншчыне была ўсталявана польская ўлада. 17 верасня 1919 г. у разрабаваным маёнтку Савічы сельскімі рабочымі Эдварда Вайніловіча было засеяна жыта, а ў сваім дзённіку Эдвард Вайніловіч запісаў: «Першы дзень сяўбы жыта. У ранейшыя гады сяўба ў гэтую пару была б скончана 2-3 тыдні таму. Глеба дрэнная, сухая як попел, не вылежалая, не хапае рабочага інвентару, як тут можна спадзявацца на ўраджай? Але на ўсё воля Бога. <…> Не бачу вакол сябе таго, на што глядзеў 72 гады. Голыя сцены, абутак на мне дзіравы, архіў і бібліятэка разрабаваныя, пара талерак і некалькі сталовых прыбораў да кашы і бульбы, вечары без святла, суседзі разбрыліся — і наперадзе не май ці чэрвень, а цёмныя і слотныя кастрычніцкія і лістападаўскія дні, а галоўнае — такія ж панурыя палітычныя і грамадскія гараскопы»[188].

Юзаф Пілсудскі перад польскімі жаўнерамі ў Мінску, 19 верасня 1919 г.

Пасля заняцця польскімі войскамі Мінска, 19 верасня 1919 г. Юзаф Пілсудскі выступіў перад прадстаўніцтвам мінчан з прамовай па-беларуску, недвухсэнсоўна дэкларуючы неабходнасць дзяржаўнасці для беларусаў[189].

Эдвард Вайніловіч стаў займацца працай па пытанням арганізацыі самакіравання Міншчыны ў складзе Грамадзянскай управы ўсходніх зямель і зямельных адносін (у прыватнасці, праектам закона аб дробных арандатарах), кіраваў Мінскім таварыствам сельскай гаспадаркі і ўдзельнічаў у сходах адноўленай мінскай дваранскай суполкі на чале з маршалкам графам Ежы Чапскім[190].

15 сакавіка 1920 г. у Вільні, якая была рэзідэнцыяй генеральнага камісара Грамадзянскай управы ўсходніх зямель, адбыўся сход маянткоўцаў літоўска-беларускіх зямель (з былых шасці паўночна-заходніх губерняў Расійскай імперыі), на якім было вырашана замест «Саюза маянткоўцаў Літвы і Беларусі ў Варшаве» стварыць арганізацыю землеўласнікаў «Саюз саюзаў» з сядзібай у Вільні, каб аператыўна і ўзгоднена супрацоўнічаць з грамадзянскімі ўладамі і ўплываць на прыняцце імі рашэнняў, асабліва адносна зямельных пытанняў. Сход прапанаваў узначаліць гэтую арганізацыю Эдварду Вайніловічу, які згадзіўся[191].

8 мая 1920 г. Эдвард Вайніловіч спецыяльна прыехаў у Варшаву ініцыяваць падачу асобнымі беларускімі нацыянал-дэмакратамі (з кола Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі) у польскі ўрад дэкларацыі аб саюзе Беларусі і Польшчы, каб гэта было дадатковым аргументам для прыхільнікаў ідэі раўнапраўнай польска-беларускай федэрацыі, а не ўключэння толькі часткі беларускіх зямель у склад Польшчы ў статусе звычайных польскіх ваяводстваў, як таго шмат месяцаў дабіваліся польскія «эндэкі». Ён патлумачыў, што сітуацыя складаная, бо перамагае ідэя падзела Беларусі паміж Польшчай і бальшавікамі, а пра незалежнасць Беларусі не можа ісці і гаворкі. Такая дэкларацыя была апублікавана ў польскіх газетах[192].

24 чэрвеня 1920 г. сустрэўся з Юзафам Пілсудскім у Бельведэры (Варшава), каб прадухіліць радыкальныя пункты аграрнай рэформы ў Беларусі і запэўніць, што мясцовае дваранства літоўска-беларускіх зямель аддана змагаецца супраць бальшавікоў за унію Беларусі і Літвы з Польшчай. Вайніловіч казаў, што ён не праціўнік аграрнай рэформы (пераходу часткі зямлі беззямельным), але хоча, каб працэс праходзіў паступова, як у Заходняй Еўропе, а не па бальшавіцкаму ўзору поўнай экспрапрыяцыі зямлі ў буйных уласнікаў[193].

Аднак у канцы мая 1920 г. Чырвоная армія пачала паспяховае наступленне пад Барысавам, адцясняючы польскія войскі на захад, і ў ліпені 1920 г. заняла ўсю тэрыторыю Беларусі. 7 ліпеня 1920 г. Эдвард Вайніловіч, яго жонка Алімпія і сястра Міхаліна Горват выехалі са свайго маёнтка Савічы, схадзіўшы перад тым на фамільны курган[194].

Вакол падпісання Рыжскага мірнага дагавора (1921)

Эдвард Вайніловіч

У той час прыхільнікамі анексіі ў склад Польшчы былі землеўласнікі на Віленшчыне і ў прымежных з Польшчай паветах былой Гродзенскай губерні, а ўніі Беларусі з Польшчай — землеўласнікі з астатніх беларускіх зямель[195][заўв 23]. 22 кастрычніка 1920 г. атрымаў у Бзоўцы телеграму ад Рамана Скірмунта — неадкладна прыехаць у Варшаву на сход «Саюз палякаў беларускіх ускраін»[197]. 24 кастрычніка 1920 г. на сходзе, дзе прысутнічала 500—600 асоб, Эдвард Вайніловіч выступіў з асуджэннем нядаўняй ухвалы польскага сейма адносна дагавора з бальшавікамі ў Рызе, паводле якога Беларусь падзялася на дзве часткі, і выказаўся, што ўзровень польскага сейма і ўрада не адпавядае паўсталым задачам. У цэлым ахарактарызаваў дагавор як чацвёрты падзел «Польшчы» (г.зн. Рэчы Паспалітай) і адмову ад «ягелонскай ідэі» — аднаўлення шматнацыянальнай і талерантнай для народаў і рэлігій федэрацыйнай дзяржавы, за якую змагаліся ў паўстаннях і цярпелі столькі нягод у XIX ст.[198] Міраслаў Абязерскі, які быў адпраўлены ў Рыгу ад імя арганізацый землеўласнікаў беларускіх зямель і з’яўляўся адначасова старшынём «Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі», расказаў, што пазіцыя «эндэка» Станіслава Грабскага (1871—1949) вызначыла адмову польскага бока ад тэрыторый былых Віцебскай, Магілёўскай і паловы Мінскай губерняў, хоць савецкі прадстаўнік Адольф Іофе ахвотна саступаў Польшчы беларускія землі да Дняпра і Заходняй Дзвіны[198].

Эдвард Вайніловіч з колам найбліжэйшым калег вырашыў, што трэба патрабаваць ад польскага ўрада прытрымлівацца канцэпцыі меж Рэчы Паспалітай 1772 года (хіба толькі з малымі саступкамі) і ў рамках яе прадставіць усім землям былога Вялікага Княства Літоўскага шырокую аўтаномію[199]. У кастрычніку 1920 г. па Варшаве таксама хадзілі чуткі, якія не спрыялі рэалізацыі федэрацыйнай канцэпцыі Юзафа Пілсудскага, палітычныя пазіцыі якога не былі да Майскага перавароту (1926) моцнымі: генерал Булак-Балаховіч заняў Мінск і збіраецца аб’явіць аб незалежнасці Беларусі, у часовы ўрад якой уключаны Эдвард Вайніловіч, Раман Скірмунт, граф Ежы Чапскі і Альгерд Свіда[195].

У Слуцку ў доме, які належаў Эдварду Вайніловічу, 14—15 лістапада 1920 г. праходзіў Беларускі з’езд Случчыны (чым парушалася права Эдварда Вайніловіча на недатыкальнасць жылля), які ўзняў Слуцкае паўстанне у нейтральнай паміж польскім і савецкімі бакамі зоне. Савічы (у адрозненне ад Пузава — маёнтка Міхаліны Горват) па мірнаму дагавору адыходзілі на савецкі бок, але пакуль яшчэ былі заняты польскімі войскамі. 18 лістапада 1920 г. Эдвард Вайніловіч «у сувязі з пацвярджэннем сумных звестак аб стратах у Савічах і Пузаве і паведамленнямі газет аб адходзе польскіх войск да лініі перамір’я, вырашыў паехаць на месца, каб паспрабаваць выратаваць што-небудзь у доме, каб прадаць і атрымаць сродкі для жыцця»; а ўжо 27 лістапада 1920 г. на тры гадзіны заехаў у Савічы, адкуль ужо сыходзілі польскія войскі, і знайшоў палац цалкам спустошаным[200].

Усходняя Еўропа пасля Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 г.

У студзені 1921 г. Эдвард Вайніловіч рабіў усё магчымае, каб паўплываць на канчатковыя рашэнні мірнага дагавора і працэс размежавання тэрыторый падзела. Ён «налягаў» на князя Караля Радзівіла (1886—1968), каб той ратаваў нясвіжскі маярат, бо з-за легкадумнасці князя значная частка маярату магла застацца на савецкім баку[201]. Ва ўмовах апатыі многіх членаў «Саюза палякаў беларускіх ускраін» Эдвард Вайніловіч ўсё ж імкнуўся паўплываць на тое, каб прадухіліць падзел Беларусі: «Мяне ж больш за ўсё абурала тое, што Ліга Нацый прызнае невядома каго — грузін, калмыкаў, зулусаў — да нацыянальнага самавызначэння і дзяржаўнасці, а Беларусь абыходзяць бокам і самавольна раздзяляюць у Рызе. <…> Энергіі мне надала сустрэча ў Варшаве з Раманам Скірмунтам, якога я лічыў найбольш прыдатным для гэтай місіі і які, нягледзячы на тое, што прыехаў у Варшаву па вельмі важных справах, са звычайнай сваёй гатоўнасцю ахвяраваць, пад маім уплывам згадзіўся на паездку»[202]. Віцэ-старшыня «Саюза палякаў беларускіх ускраін» Геранім Кеневіч (1867—1925) пераканаў Вайніловіча, што пасылаць Рамана Скірмунта ў Рыгу, дзе ў польскай дэлегацыі ўплыў маюць «эндэкі», немэтазгодна, бо Скірмунт мала ўдзельнічаў у сходах арганізацый землеўласнікаў («польскіх радах», «Саюзе палякаў беларускіх ускраін» і «Саюзе саюзаў») і гэта можа пашкодзіць запланаванай місіі. Вайніловіч вызваліў Рамана Скірмунта ад выканання сваёй просьбы. У канечным выніку і сам Скірмунт адмовіўся ад паездкі, а выехаў толькі Ігнат Парэмбскі, «прычым з малай надзеяй на вынік з-за прадузятага стаўлення польскай дэлегацыі да „беларускага пытання“»[заўв 24].

Паводле слоў Вайніловіча, у Рызе бальшавікі згаджаліся саступіць як мага больш зямель за золата; польская дэлегацыя лічыла, што няпольскіх тэрыторый трымае і так зашмат, а золата мае мала[204]. Рыжскі мірны дагавор быў падпісаны 18 сакавіка 1921 г., а заходнебеларускія землі ўключаны ў склад Польшчы у статусе звычайных польскіх ваяводстваў. Акрамя таго, не толькі Савічы, але і Пузава аказаліся на савецкім баку[205]. На польскім боку апынулася толькі частка маёнтка Пузава (у былым Слуцкім павеце) — фальварак Пераходы. Аднак Эдвард Вайніловіч (з жонкай і сёстрамі) не паехаў туды на сталае жыхарства, у першую чаргу па псіхалагічных прычынах: Рыжскі дагавор не проста адабраў большую частку яго родавай зямлі, а балюча перакрэсліў усю яго працу па адраджэнню былой Рэчы Паспалітай[206].

Жыццё ў міжваеннай Польшчы (1921—1926)

Закрыццё Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1921)

28 красавіка 1921 г. Эдвард Вайніловіч прыехаў у Варшаву, каб атрымаць пашпарт грамадзяніна Польшчы для сябе і блізкіх. Вайніловічам удалося вывезці частку сямейных рэчаў і дакументаў, якія з чэрвеня 1920 г. часова захоўваліся ў радзівілаўскім Нясвіжы, у Бзовец (Люблінская губерня) да пляменніцы Эдварда Лізы Магільніцкай (1877—1937). У красавіку імі было вырашана, каб адчуваць сябе самастойнымі, паступова пераязджаць ад сваякоў на сталае жыхарства ў Быдгашч (на Памор’і), дзе было тады найтанней жыхарстваваць у Польшчы[заўв 25]. 29 красавіка 1921 г. у Варшаве адбылося пасяджэнне Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, на якім быў напісаны праект пратакола, які дэклараваў самаскасаванне таварыства і па зместу быў своеасаблівым «тастаментам». Па сутнасці гэта быў абвінаваўчы акт супраць падпісантаў Рыжскага дагавора. Радай было вырашана прадставіць пратакол аб самаскасаванні арганізацыі на разгляд усіх членаў таварыства і прапанаваць стварыць падобнае ж таварыства сельскай гаспадаркі з сядзібай у Баранавічах ці Навагрудку, куды перадаць уцалелыя грашовыя фонды Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. 1 мая 1921 г. на агульным сходзе членаў МТСГ у Варшаве ў зале Цэнтральнага таварыства сельскай гаспадаркі (у доме № 30 на вуліцы Каперніка) зачытаны Вайніловічам пратакол быў ухвалены. Палітычная частка пратакола была апублікавана ў газетах[207].

У чэрвені 1921 г. у Баранавічах было створана Навагрудскае таварыства сельскай гаспадаркі, якое атрымала грашовыя фонды былога Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і аб’яднала сярэдніх і буйных маянткоўцаў Заходняй Беларусі (паўночна-усходніх ваяводстваў Польшчы). На ўстаноўчы сход быў запрошаны і Эдвард Вайніловіч, але ён не паехаў па прычыне перавозу ў Быдгашч маёмасці і абмежаванасці ў сродках. 28-29 мая 1927 г. на сходзе ў Баранавічах Эдварда Вайніловіча завочна выбралі ганаровым членам Навагрудскага таварыства сельскай гаспадаркі. Вайніловіч згадзіўся і выслаў з Быдгашча ліст з падзякай да старшыні таварыства Канстанціна Рдултоўскага (1880—1953), былога члена МТСГ[208].

Знаёмыя, ведаючы пра матэрыяльныя страты Вайніловіча, прапанавалі яму паўдзельнічаць у розных фінансавых таварыствах у Варшаве. Ён адгукнуўся на запрашэнні Аляксандра Лядніцкага (1866—1934) і Станіслава Горвата (1866—1930) і стаў у 1921 г. старшынём суполкі, якая фінансавала выраб ільну ў Гродне; членам праўлення фабрыкі ў Чэнстахове па вырабу жалеза і членам нагляднай рады акцыянернага таварыства «Lloyd»[209]. У Эдварда Вайніловіча таксама захаваліся дзейнымі акцыі і дэпазіты ў польскіх банках, у тым ліку — у банку Саюза маянткоўцаў у Варшаве. У снежні 1921 г. атрымаў частку срэбра, якое сам Вайніловіч у ліхую пару схаваў у маёнтку Савічы: былы сельскі работнік Эдварда Вайніловіча Юзаф Стралец, чый бацька і дзед таксама працавалі ў Савічах, адшукаў і правёз праз мяжу ў люты мароз да сваякоў Вайніловічаў на польскі бок тое багацце. За годны ўчынак Эдвард Вайніловіч перадаў герою 50 тысяч марак[210]. У Варшаве паспеў яшчэ зрабіць некалькі сустрэч з сябрамі і знаёмымі (у тым ліку з Канстанцінам Скірмунтам і Замойскімі), 5 верасня 1921 г. удзельнічаў у каталіцкім сходзе, а пасля прысутнічаў на пасяджэнні польскай кансерватыўнай Партыі рэальнай народнай працы.

Асяданне і жыццё ў Быдгашчы

«Крэсавы інтэрнат» (Internat Kresowy) у Быдгашчы

12 снежня 1921 г. Эдвард Вайніловіч разам з жонкай Алімпіяй і сястрой Ядвігай Кастравіцкай з Бзоўца поўнасцю пераехалі ў польскі Быдгашч (на Памор’і), дзе асела шмат выхадцаў з літоўска-беларускіх губерняў (Тышкевічы, Пуслоўскія, Святаполк-Чацвярцінскія, Красіцкія, Валадковічы, Яблонскія, Гельмерсены, Наркевічы-Ёдкі, Нітаслаўскія і інш.), і пасяліліся ў каменным доме на вуліцы Замойскага 4/7 (зараз — № 23)[211].

У 1919 г. у Варшаве было створана «Таварыства апекі над дзецьмі і моладдзю з крэсаў» (1919—1937), якое заснавала ў 1920 г. у Быдгашчы і ўтрымлівала за свой кошт т.зв. «Крэсавы інтэрнат» (Internat Kresowy), дзе атрымалі прытулак і магчымасць выхавання дзеці былых землеўласнікаў Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, чые маёнткі пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) апынуліся на тэрыторыі СССР і былі нацыяналізаваны. Эдвард Вайніловіч і яго жонка Алімпія з прыездам у Быдгашч у 1921 г. пачалі прымаць самы актыўны ўдзел у фінансаванні інтэрната, а таксама клапаціліся аб падтрымцы рэстарана «Ускраінная кухня» (Kuchnia Kresowa), які дзейнічаў у Быдгашчы на вуліцы Цяшкоўскага (дом № 9) і быў сталоўкай, дзе давалі бясплатныя абеды для бедных дарослых эмігрантаў[212]. 13 красавіка 1922 г. Эдвард Вайніловіч вырашыў для сябе, што больш у Савічы і навакольныя беларускія мясціны ніколі не паедзе, бо гэта б яшчэ раз балюча ўскалыхнула душу. Тым не менш, туга па радзімых месцах у яго захавалася да самай смерці, бо заўсёды цікавіўся навінамі адтуль і шмат чытаў газет[213].

У 1922 г. сябры прапанавалі яму абірацца ў сенатары Польшчы ад кансерватыўнай польскай Партыі рэальнай народнай працы, аднак сам Вайніловіч скептычна аднёсся да гэтай ініцыятывы, бо ў парламенце Польшчы дамінавалі польскія «эндэкі» і іх саюзнікі, якія добра ведалі палітычныя погляды і дзеянні Эдварда Вайніловіча. Вайніловіч толькі дазволіў сябрам вылучыць яго кандыдатуру і сказаў, што сам ніякіх актыўных крокаў для абрання рабіць не будзе. У выніку Вайніловіча не вылучылі кандыдатам у сенатары. У ліпені 1922 г. таксама атрымаў прапанову стаць лідарам беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху ў Польшчы, які арганізоўваўся Браніславам Тарашкевічам у Нясвіжы. Вайніловіча ўсцешыў такі давер, але ён адмовіўся, бо не ўяўляў, як можна выконваць гэтую функцыю ў Быдгашчы, а вяртанне ў Нясвіж было б балючым для душы. Сваю думку адносна пазіцыі лідара беларускага руху прадставіў у артыкуле, які быў апублікаваны ў нясвіжскай газеце[214].

21 студзеня 1923 г. Эдвард Вайніловіч быў выбраны на пасаду старшыні (1923—1928) «Саюза палякаў усходніх ускраін» (Związek Polaków z Kresów Wschodnich), які лакалізаваўся ў Быдгашчы і займаўся падтрымкай эмігрантаў з Літвы, Беларусі і Украіны[212]. Пасля ўласных ваганняў 22 снежня 1923 г. атрымаў з рук прэзідэнта Быдгашча Бернарда Слівінскага ордэн «Polonia Restituta»[215].

У апошнія гады жыцця Вайніловіч найбольш перапісваўся з прафесарам літаратуры і рэктарам віленскага ўніверсітэта Марыянам Здзяхоўскім, якому 6 студзеня 1924 г. наконт сваіх літаратурных пераваг і ўражанняў ад кнігі Здзяхоўскага «Паэзія Людвіка Кандратовіча (Уладзіслава Сыракомлі)» (1924) напісаў: «…Гэта ж сын нашага слуцкага Палесся[заўв 26], якога ў маладых гадах мы разумелі і адчувалі нават несвядома, бо бачна, што ён любіў усё тое, на што мы з дзяцінства глядзелі, не разумеючы нават, што тое ўсё столькі мае вартасці. Памятаю, як у гады дзіцячай навукі казалі мне захапляцца такім шэдэўрам як „Пан Тадэвуш“, але паэзію Сыракомлі чытаў і разумеў без загаду — і цяпер яшчэ, калі з багатай бібліятэкі, якую меў, уцалеў у мяне выпадкова трэці том яго твораў, чытаю не ведаю які раз „Уласа“, „Янку-Магільшчыка“, „Старыя вароты“ і інш. і любуюся яго краявідамі, якія тлумачаць шэры настрой душы беларуса. З асаблівай прыемнасцю падкрэсліў на старонцы 22 той уступ, у якім шаноўны пан адзначае, што разуменне паэзіі Сыракомлі складае амаль мяжу паміж Каронай і былым Вялікім Княствам Літоўскім, што толькі такім, а не іншым „літоўцам“ быў сам Сыракомля. Слушна шаноўны пан падкрэслівае, што нацыяналізм — гэта, можа, бяссэнсавая спадчына пасля кіравання дзяржаў-захопнікаў[заўв 27]…»[216][217].

25 кастрычніка 1926 г. у Нясвіжы ў палацы Радзівілаў адбылася сустрэча лідараў «віленскіх кансерватараў» з маршалам Юзафам Пілсудскім, які хацеў атрымаць падтрымку з боку буйных маянткоўцаў пасля «майскага перавароту». І Вайніловіч быў запрошаны сваімі добрымі сябрамі нясвіжскімі Радзівіламі на сустрэчу з Пілсудскім, але не паехаў, бо адышоў ад палітычнай дзейнасці, не ўступаў у палітычныя партыі, быў абмежаваны ў грошах, а таксама крытычна глядзеў на рэжым «санацыі» і не ўтрымаўся б ад малапрыемнай прамовы[218][219].

У апошні перыяд свайго жыцця часта ездзіў у Варшаву і розныя гарады Польшчы, дзе наведваў сваякоў і сяброў (у тым ліку — варшаўскіх палітыкаў); цікавіўся развіццём эканомікі Польшчы; у дзённіку занатоўваў свае думкі пра палітычныя падзеі і развіццё сельскай гаспадаркі; а таксама прысутнічаў на ўжо частых пахаваннях сваякоў, сяброў і калег. У жніўні 1927 г. выступіў з урачыстай прамовай на спуску з суднаверфі Быдгашча баркі, што была пабудавана на грошы акцыянернага таварыства «Lloyd»[220].

13 кастрычніка 1927 г. атрымаў 6 афіцыйных дэпеш і каля 50 віншавальных лістоў (ад Радзівілаў, Скірмунтаў, Петразолінаў, Горватаў і інш.) у дзень свайго 80-гадовага юбілею і толькі 30 кастрычніка скончыў напісанне адказаў на іх[221]. У апошнія два гады свайго жыцця хварэў на атэрасклероз ног, як і яго бацька, дзед і прадзед у свае часы.

«Апошні беларускі баярын»

Артыкул Вайніловіча «Граніцы Польшчы ў 1771-м і 1920-м годзе» у газеце «Słowo» (№ 96, 1927 г.)

Пасля разгрому ў студзені 1927 г. Беларускай сялянска-работніцкай грамады і чарговых нападак віленскіх «эндэкаў» на саюз мясцовых маянткоўцаў на чале з графам Ежы Чапскім, якія асуджалі Рыжскі мірны дагавор, Эдвард Вайніловіч спецыяльна напісаў артыкул «Граніцы Польшчы ў 1771-м і 1920-м годзе» («Słowo» № 96 і № 97, 1927 г.). Ён нагадаў, што ў адрозненне ад украінскіх зямель Польскага каралеўства, куды шляхта перасялілася з карэннай Польшчы, у Беларусі мясцовая шляхта Вялікага Княства Літоўскага была пераважна мясцовага паходжання і з той прычыны блізкая па крыві мясцоваму сялянству і дробнай шляхце, якая ў паўсядзённым жыцці карысталася беларускай мовай. Вайніловіч адзначыў, што паланізацыя шляхты мела павярхоўны характар — беларуская мова не забывалася, а існавала побач з польскай, якая дапамагала засвойваць набыткі заходнееўрапейскай культуры. Указаў, што піянерамі беларускамоўнай літаратуры ў XIX ст. былі менавіта мясцовыя шляхціцы, а не сяляне, і выказаўся катэгарычна супраць паланізацыі беларускамоўнага насельніцтва Заходняй Беларусі. Выказаўся за змяншэнне падаткаў у Заходняй Беларусі, што давала б, на яго думку, магчымасць гаспадаркам мясцовых сялян і бедных дваран (засцянкоўцаў) праз куплю пустуючых абшараў зямлі павялічваць свае зямельныя ўладанні, а не выстаўляць на вымушаны продаж з-за разарэння. Прапанаваў таксама, што ваенныя асаднікі-перасяленцы павінны набываць зямлю толькі за грошы, а не бясплатна. На думку Вайніловіча, менавіта адмова польскіх «эндэкаў» стварыць унію і ўключэнне толькі часткі Беларусі ў склад Польшчы прывялі да таго, што беларускае сялянства ўступае ў пракамуністычныя арганізацыі. Ён адзначыў, што саюз дзвюх дзяржаў (Польшчы і Беларусі) быў бы аптымальным і ўзаемакарысным, даваў бы Беларусі выхад да мора. І дадаў, што тая павярхоўная паланізаванасць не азначала, што нельга вярнуць ранейшую сітуацыю (status quo ante), калі шляхта Беларусі вярнулася б да пастаяннага выкарыстання беларускай мовы. Вайніловіч прывёў у прыклад Чэхію, дзе дэнацыяналізацыя арыстакратычных радоў («wynarodawianie się rodów możnowładczych») не была непаваротнай стратай і дзе са стварэннем самастойнай чэшскай дзяржавы адбываецца працэс дэгерманізацыі панямечанага дваранства, і лічыў, што тое самае магло б адбыцца ў беларускай дзяржаве — дэпаланізацыя і беларусізацыя мясцовага дваранства і інтэлігенцыі (т.зв. «палякаў»)[222].

За такую пазіцыю рэдактар газеты «віленскіх кансерватараў» «Słowo» Станіслаў Мацкевіч здзекліва назваў Вайніловіча «апошнім беларускім баярынам»[заўв 28][223].

Напісанне ўласных мемуараў

Польскі «Арол» і літоўская «Пагоня» на вокладцы першага тома мемуараў Эдварда Вайніловіча, 1931 г.

Эдвард вырас у Савічах, дзе меўся вялікі архіў з мноствам старажытных дакументаў, і з дзяцінства вучыўся шанаваць спадчыну і традыцыі. Гэтая паўплывала на тое, што сам Эдвард вырашыў пакінуць сляды сваёй працы і эпохі. Ён пачаў у свой час весці дзённік, збіраць дакументы, выразаць артыкулы з газет, захоўваць лісты ў сваім архіве[224]. На іх падставе Вайніловіч пачаў пісаць па-польску з 1917 г. свае мемуары, якія былі спалены падчас пагрому палаца ў Савічах у 1918 г. З 13 кастрычніка 1920 г. у маёнтку Бзовец (Люблінская губерня) пачаў аднаўляць рукапіс мемуараў, не маючы назапашанага дакументальнага матэрыялу, таму ў мемуарах сустракаюцца недакладнасці і супярэчнасці.

Ва ўспамінах адносна мала расказвае аб сямейных справах (нават аб зносінах з жонкай Алімпіяй), а больш аб гаспадарчых і палітычных, аб маральных перакананнях і набожнасці; зусім не падзяліўся інфармацыяй, каму дапамагаў і якімі грашовымі сумамі, хоць фінансавую дапамогу дваранам Вайніловіч аказваў значную. Вельмі сціпла і прыхавана апісаў самыя цікавыя і драматычныя падзеі ў 1917—1918 гг., калі рабіў спробы стварэння беларускай дзяржавы.

У сваім тастаменце Эдвард Вайніловіч педантычна прапісаў не толькі аб маёмасці, парадку свайго пахавання, але і сваю волю наконт мемуараў. Успаміны на 700 старонках павінны былі трапіць у рукі Генрыха Скірмунта (1868—1939), Цітуса Паніквіцкага, Мечыслава Пароўскага (1878—1965) і Казіміра Здзяхоўскага (1875—1942)[225]. Менавіта гэтыя людзі (да якіх далучыўся і Раман Скірмунт) паклапаціліся аб выданні ў 1931 г. у Вільні першай часткі ўспамінаў «пана Эдварда» (аб падзеях да 21 мая 1921 г.), якую парэдагавалі віленскія карэктары, рэдактары і гісторык-спецыяліст[226][227][228]. Другая частка мемуараў (пра падзеі жыцця з мая 1921 г.) заставалася і захоўвалася ў рукапісным варыянце (як і першая частка) у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве: не была выдадзена тады па рашэнні сяброў, бо закранала часы Пілсудскага. Упершыню другая частка мемуараў была надрукавана на польскай мове ў 2016 г. у Польшчы.

У другой частцы мемуараў, калі Вайніловіч не быў актыўным дзеячам грамадскага жыцця, напісана не толькі аб Юзафе Пілсудскім і Майскім перавароце (1926), але шмат укладзена артыкулаў з газет, цытат з лістоў, некалькі анекдотаў і нават звестак аб сваёй хваробе на іспанскі грып.

Тастамент

Першы свой тастамент Эдвард Вайніловіч склаў перад 1897 г., калі яшчэ жыла яго маці і сын Сямён. Не было ў гэтым нічога дзіўнага, што мужчына ў росквіце сіл вырашыў падрыхтаваць дакумент, які тычыўся яго апошняй волі. Рабіў так кожны шляхціц, што было традыцыяй і адначасова часткай упарадкавання спраў гаспадара. У першым тастаменце галоўным спадчыннікам Эдвард называў свайго сына Сямёна, а пасля ішлі запісы, якія датычыліся дачкі Гелены, маці, сясцёр і верных слуг свайго маёнтка.

Курган з катакомбамі — пахавальня сям’і Вайніловічаў у Савічах. Наверсе скульптура Дзевы Марыі, аналаг якой быў пастаўлены каля Чырвонага касцёла ў Мінску

Жыццё хутка прымушала перарабляць гэты дакумент пасля смерці сына Сямёна, а пасля і дачкі Гелены. У тастаменце 3 студзеня 1902 г., яшчэ перад смерцю Гелены, Эдвард Вайніловіч запісаў, што пасля сваёй смерці хоча ляжаць на сямейных могілках, што знаходзіліся на курганне ў Савічах: «Жадаю быць пахаваным на кургане, у адной з трох катакомб. Калі будзе час прачытаць гэтыя словы перад пахаваннем, то хацеў бы ляжаць у звычайнай драўлянай труне. У Савічах я загадаў такую зрабіць і паставіць у свірне[заўв 29], з простага матэрыялу, у якой сялян звычайна хаваюць. Не хачу, каб мяне неслі, хай вязуць канём на простым возе, як і ў жыцці найчасцей ездзіў адным канём. Прашу ніякіх вянкоў, ніякай помпы, а толькі болей малітваў, просты помнік, як і ў майго бацькі. Развітваюся і бласлаўляю ўсіх маіх: жонку, дачку, сясцёр, развітваюся з суседзямі, сябрамі і дамоўнікамі. Хай выбачаць мне правіны, бо былі, бадай, міжвольныя, зло ўчыніць нікому не хацеў. Душу маю збалелую даручаю міласэрнасці Божай і літасці Маткі Найсвяцейшай, даручаю малітвам тых усіх, хто пажадае пра мяне памятаць»[229].

Пасля смерці дачкі сям’я пераканала Эдварда, што род Вайніловічаў будзе працягвацца праз сясцёр, і ён вырашыў запісаць у тастаменце, каб пасля яго смерці спадчынніка маёнткаў Савічы і Пузаў у Слуцкім павеце выбралі сёстры Ядвіга Кастравіцкая і Міхаліна Горват тайным галасаваннем: «Ведаю, што, пастанаўляючы спадчынніка ў Савічах і Пузаве, ускладаю на яго вялікія цяжары і абавязкі — хай дарастае да становішча, каб калісь мог спачыць з чыстым сумленнем на кургане, побач даўных спадчыннікаў той зямлі, бо валоданне зямлёй — гэта не карыстанне, а святарская місія. Ён знойдзе дарогу, пратаптаную мной»[229]. Але і гэты тастамент стаў неактуальным пасля бурлівых палітычных змен у краіне.

23 лістапада 1918 г. у сваім маёнтку Савічы (Слуцкі павет) Эдвард Вайніловіч дадаў да тастамента новыя запісы: сястры Ядвізе адводзілася роля паклапаціцца пра выкананне апошняй яго волі і распараджэнне маёнткам яшчэ пры жыцці Эдварда. Добра ведаў, што жонка Алімпія пагодзіцца з яго меркаваннем, а сястра выканае як найлепей[230]. У тых дадатках упершыню з’явілася боязь, што Савічы і Пузаў перастануць быць уласнасцю яго сваякоў з-за падзей у краіне: «Хацеў бы быць пахаваным на кургане, калі Савічы застануцца нашай уласнасцю, і ў такім разе малюнак надгробка і надпіс указваю. У адваротным выпадку труну маю можна паставіць часова ў склепе пад касцёлам у Мінску, а пасля таемна там пахаваць. А калі і тое будзе немажлівым, то дзе-небудзь на могілках, у зямлі, і яшчэ раз аб найсціплейшым пахаванні прашу. Застаўшымся пры жыцці — да пабачэння, маліцеся за грэшніка»[231]. І сапраўды, паводле Рыжскага дагавора Савічы і Пузава перайшлі на савецкі бок, дзе маёнткі адбіралі ў гаспадароў і рабілі іх дзяржаўнай ці калектыўнай уласнасцю, што не дало мажлівасці Эдварду Вайніловічу быць пахаваным побач з дзецьмі на кургане ў Савічах альбо ў крыпце касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску.

Вельмі доўга Вайніловіч цешыў сябе надзеяй, што атрымаецца быць пахаваным у родным краі. Бачачы, што, верагодна, памрэ ў Быдгашчы, 1 лютага 1928 г. Эдвард Вайніловіч дадаў да запісаў свайго тастаменту аб пахаванні, складзеных 25 лістапада 1903 г., наступнае пажаданне: «Калі памру і буду пахаваны ў Быдгашчы, на простай пліце прашу зрабіць надпіс „Edward Woyniłłowicz. Prezes Towarzystwa Rolniczego Mińskiego. Prezes koła Polskiego w Radzie Państwa. Traktatem ryskim z swej ziemi wygnany, deptać musiałem obce łany“». Менавіта такая эпітафія на польскай мове «Эдвард Вайніловіч / Старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі / Старшыня „Польскага кола“ ў Дзяржаўным Савеце / Выгнаны Рыжскай дамовай са сваёй зямлі, я мусіў таптаць чужыя палі» і была зроблена ў 1929 г. на магільнай пліце Вайніловіча. Эдвард Вайніловіч запісаў Ядвізе Кастравіцкай свой маёнтак Пераходы ў Нясвіжскім павеце (Польшча); капіталы і акцыі, долі (паі) у акцыянерных таварыствах і грошы, якія трымаў у розных банках; хатнія прадметы, дакументы і каштоўнасці: старажытную шкатулку італьянскай работы; падкаморскую пячатку свайго прадзеда Адама Вайніловіча (1739—1803); кнігу «Vade mecum», напісаную палкоўнікам Вялікага Княства Літоўскага часоў «Патопу» Габрыэлем Вайніловічам; келіх з гербам Вайніловічаў «Сыракомля», разнастайныя дакументы на права ўласнасці маёнткамі Савічы і Пузаў, дамоў у Мінску і г.д. Ядвіга павінна была выплочваць штогадова сумы для Алімпіі Вайніловіч і Міхаліны Горват (да смерці апошніх). Зноў тут успомніў аб неабходнасці сямейнай рады, якая павінна была вырашыць пытанне спадчыны, а таксама распісаў каму з пляменнікаў і пляменніц адыходзяць мэбля, срэбны посуд і інш.[232]

Смерць і пахаванне

Апошнія напісаныя Эдвардам Вайніловічам словы — у канцы рукапісу сваіх мемуараў: «Відавочна, з гэтай хваробы не выйду: на ўсё воля Божая. 8 чэрвеня 1928 г.».

Эдвард Вайніловіч памёр у суботу 16 чэрвеня 1926 г. у Быдгашчы (Польшча) а пятай гадзіне раніцы, найбольш верагодна — ад прагрэсіруючага атэрасклерозу[233]. Пахаванне Вайніловіча адбылося ў панядзелак 18 чэрвеня 1926 г., у пахмурны і халодны дзень. Сціплую труну з яго целам пад аркестр везлі на імшу ў касцёл Святой Тройцы не на пышным катафалку, а на простым возе, які цягнуў адзін конь. З-за вялікай колькасці народу складвалася ўражанне, што гэта не пахаванне, а маніфестацыя. У апошні шлях цела Вайніловіча суправаджалі сваякі, шматлікія сябры, калегі па МТСГ, выхаванцы «Крэсавага інтэрната», а таксама суседзі[234]. У прыватнасці, у Быдгашч з ПарэччаПалескага ваяводства Польшчы) прыехаў сябра і паплечнік Вайніловіча Раман Скірмунт (1868—1939).

Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939), фота 1930 г.

Пасля імшы працэсія пайшла да Старафарных могілак горада. Над магілай першым мовіў слова пралат Пацэвіч, пасля Людвік Наркевіч-Ёдка, ксёндз канонік Люцыян Жаландкоўскі (прадстаўнік пінскага біскупа і былы пробашч (1911—1918) касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску, сябра і спавядальнік Эдварда Вайніловіча) і інш. Магіла была абсыпана кветкамі, на якія паклалі вянок з надпісам па-польску «Ад слуцкай зямлі». Сярод тых вязанак кветак не было вянкоў ад сваякоў, бо Эдвард яшчэ перад смерцю папрасіў, каб грошы, якія б пайшлі ад сваякоў на кветкі, перадалі на сталоўку для малазаможнай інтэлігенцыі. Падобную просьбу Вайніловіч у свой час накіраваў да членаў «Саюза палякаў усходніх ускраін». Гэта не было чымсьці выключным у Быдгашчы, бо ў многіх сем’ях, у выпадку пахавання блізкіх, сваякі замест куплі кветак перадавалі грошы на якія-небудзь высакародныя мэты[235].

Ядвіга Кастравіцкая (1864—1935) каля магілы свайго брата Эдварда ў Быдгашчы

Раман Скірмунт на пахаванні сказаў аб Эдвардзе: «…ахоўваў перададзеную нам спадчыну — веру, культуру, маёмасць»[236]. Ён дазволіў сабе разважанні наконт сутнасці дзейнасці Эдварда Вайніловіча. Вылучыўшы дылему (ці валенрадызм або «склізкае згодніцтва» былі сутнасцю грамадска-палітычнай працы нябожчыка ў Расійскай імперыі), Скірмунт сказаў, што мэтай Эдварда Вайніловіча было ўмацаванне гаспадарчых пазіцый эліты мясцовага грамадства — карэннага дваранства літоўска-беларускіх губерняў, і ён (Вайніловіч) адважна ішоў да гэтай мэты, з’яўляючыся прыхільнікам кансерватыўнага кірунку краёвасці: «Лозунг краёвасці, лозунг рэгіяналізму <…>, знайшоў у асобе Эдварда Вайніловіча прыроджанага выразніка і перакананага абаронцу»[99].

Пасля жалобных урачыстасцей на старонках перыядычнага друку яшчэ доўга з’яўляліся некралогі і ўспаміны, прысвечаныя Эдварду Вайніловічу. 18 верасня 1928 г. «старажытная італьянская шафка», як Эдвард Вайніловіч называў каштоўны кабінет XVIII ст., за якім працаваў яшчэ яго дзед Антон Адамавіч Вайніловіч (1773—1855) у Савічах, патрапіў у музей Быдгашча, бо быў перададзены Ядвігай Кастравіцкай і Міхалінай Горват з умовай, што Ядвіга Кастравіцкая мае права распараджацца ім. Каштоўны экспанат перажыў Другую сусветную вайну[237]. Нават пасля смерці Эдварда Вайніловіча яго жонка Алімпія Вайніловіч працягвала падтрымліваць «Крэсавы інтэрнат» і «Саюз палякаў усходніх ускраін» (Związek Polaków z Kresów Wschodnich).

Праз год пасля пахавання на магіле Эдварда Вайніловіча была пакладзена простая гранітная плітай з тым самым надпісам на польскай мове, занатаваным у тастаменце, як хацеў Эдвард Вайніловіч.

Беларуская мова ў жыцці Эдварда Вайніловіча

Эдвард Вайніловіч з вялікай зацікаўленасцю аднёсся да невялікай групы дваран Мінскай губерні, якія папулярызавалі мову мясцовых сялян, атрымаўшай у часы расійскага панавання назву «беларускай мовы», і публікавалі беларускамоўныя літаратурныя творы. Яшчэ ў сваім лісце ад 12 мая 1896 г. Эдвард Вайніловіч дзякаваў Аляксандру Ельскаму за прысылку беларускамоўных кніг і паабяцаў распаўсюдзіць іх на пасяджэнні МТСГ, прызнаючыся ў любові да той мовы: «Кожнаму гэтая мова мілая, кожны з нас засынаў у калысцы пад народныя песні нашых нянек, кожны на гэтай мове размаўляе з мясцовым сялянствам, а ўсе старажытныя родавыя дакументы[заўв 30] звычайна напісаныя па-беларуску[заўв 31]»[238].

Калі рэвалюцыя 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі ўвяла свабоду друкаваць кнігі на любой роднай мове, ён напачатку фінансаваў друкаванне беларускамоўнай літаратуры: «Валодаючы беларускай мовай гэтак жа добра, як польскай, і ўжываючы яе стала ў зносінах з сельскімі работнікамі ў сваёй гаспадарцы, на працягу дзясяткаў гадоў быў у сталым кантакце з усімі праявамі беларускага руху спачатку ў Мінску, дзе сустракаўся з Луцкевічам і Кастравіцкім (знявечаным)[заўв 32], а пасля ў Вільні і Петраградзе[заўв 33] з Іваноўскім і Шыпілам і г.д. Ад беларускіх таварыстваў заўсёды, бяручы ў іх сякі-такі матэрыяльны ўдзел, у канцы ўсуваўся, бо пачатая ў іх праца пачаткова ў кірунку самаспазнання і нацыянальнага адраджэння („Лучынка“, „Саха“, „Загляне сонца і ў наша ваконца“ і г.д.) звычайна ў канцы набывала сацыялістычныя лозунгі і кірунак, які, з-за сваіх перакананняў, падтрымліваць не мог»[239][заўв 34]. У той жа час лічыў, што ў касцёле павінна захавацца традыцыйная польская мова набажэнстваў[241]. Ёсць звесткі, што для сябе асабіста Вайніловіч выпісваў адразу 10 асобнікаў газеты «Наша Ніва»[d].

Этнічная прыналежнасць і самавызначэнне

Адна частка гісторыкаў (Раман Юркоўскі, Дарыуш Тарасюк і інш.) сцвярджае, што каталіцкае дваранства Беларусі было этнічна польскім (на падставе мовы, рэлігіі і культуры) і толькі з «патэрналізмам» і «апекай» адносілася да мясцовага маласвядомага («беларускага») сялянства, а словы Вайніловіча пра «супольнасць крыві» інтэрпрэтуе толькі як «старадаўнюю і сільную талерантнасць» «польскага дваранства» адносна «беларускага сялянства»[242]. Аднак сам Эдвард Вайніловіч падкрэсліваў менавіта генетычнае адзінства паходжання дваран і сялян Беларусі[243][244].

Іншая частка гісторыкаў лічыць, што самавызначэнне «палякі» было палітонімам, які значыў належнасць да «грамадзян Рэчы Паспалітай»[заўв 35]. Яны звяртаюць увагу на рух «краёўцаў» з іх ідэямі рэстытуцыі Вялікага Княства Літоўскага, увядзення аўтаноміі беларуска-літоўскага краю ў Расійскай імперыі ці ўвогуле дзяржаўнай самастойнасці беларуска-літоўскіх зямель[248]. Беларускі гісторык Андрэй Раюк разглядзеў і паказаў, што Эдвард Вайніловіч быў беларусам па нацыянальнасці[2][249][222]. У 1903 г. у Дынабургу на сельскагаспадарчай выстаўцы Эдвард Вайніловіч адкрыта заявіў сябе беларусам па нацыянальнасці[250] (гэтак жа як і ў 1901 г. на выстаўцы ў Мінску[250]), у аптымістычнай прамове па-польску заклікаў маянткоўцаў трымацца за зямлю і дадаў у канцы беларускамоўнае выслоўе «Pomahaj Boże!», сказаўшы, што многія народы прайшлі праз Беларусь, «але нязменным застаўся той карэнны беларускі народ, які ў хвілінах бяды прыпадаў да роднай зямлі і ў ёй чэрпаў суцяшэнне і сілу <…> і кончу, звяртаючыся да вас, землеўласнікі, нашым родным [выслоўем] “Памагай Божа!”»[250].

Самавызначэнне «беларусы» было непапулярным сярод многіх карэнных дваран (у тым ліку ў Вайніловіча), што азначала б факт абрусення, бо ў Расійскай імперыі «беларусы» (галоўным чынам, сялянскае праваслаўнае насельніцтва края) паводле афіцыйнай расійскай ідэалогіі і навукі лічыліся за складовую частку «рускага народа», адзінага ў трох галінах («вялікарусах», «беларусах» і «маларусах»)[251][252]. Сам Эдвард Вайніловіч лічыў, што толькі пасля «адарвання» Беларусі ад Расіі і стварэння беларускай дзяржавы магчыма адмова ад тагачаснай павярхоўнай паланізаванасці дваранства і інтэлігенцыі[253][244][222].

Ацэнкі ад апанентаў і супернікаў

Патрабаванні краёўцамі аўтаноміі кіравання свайго краю ў рускіх манархістаў выклікалі, хутчэй, не крытыку, а раўнадушша («Нам ваша культура непатрэбна»)[254]. Польскія «эндэкі» папракалі «краёўцаў», што не ставяць польскія інтарэсы вышэй за інтарэсы іншых народаў, а Вайніловічу заяўлялі, што ён з’яўляецца не палякам, а беларусам, імкнецца да аўтаноміі Беларусі і абуджэння пачуцця асобнасці беларусаў[255][256].

Эдвард Вайніловіч, як і ўсе краёўцы-кансерватары, быў прыхільнікам класічнага лібералізму XIX ст. і лічыў, што трэба абмяжоўваць выбарчыя правы тых грамадзян, хто не плаціць падаткі[257]: толькі той, хто плаціць падаткі, мае права ўдзельнічаць у іх мэтавым размеркаванні (праз бюджэтныя рашэнні парламента). Лічыў, што ўвядзенне ўсеагульнага і роўнага выбарчага права прывядзе (ва ўмовах распаўсюджання сацыялістычных ідэй) толькі да скасавання права прыватнай уласнасці, якое з’яўляецца падмуркам парадку і цывілізаванага побыту грамадства[257][заўв 36]. Аднак выступаў за ўзважаную аграрную рэформу і развіццё сістэмы адукацыі, якая б дазваляла сялянам станавіцца заможнымі. За гэта краёўцы-дэмакраты папракалі ў адсутнасці дэмакратызму, а таксама ў «каставасці» Рады МТСГ, як і іншых сельскагаспадарчых таварыстваў, бо яе члены (з абмежаванага кола знаёмых) працягла займалі пасады[256].

У 1920-я гг. для маладога пакалення «віленскіх кансерватараў» тагачасныя погляды Вайніловіча («літоўскага краёўца», «нестара краёўцаў беларускай арыентацыі») на аграрнае і «беларускае» пытанне здаваліся састарэлымі, абмежаванымі і неэфектыўнымі, бо, на іх погляд, не маглі стрымаць распаўсюджанне камуністычных ідэй сярод сялян Заходняй Беларусі і прадухіліць захопніцкія планы з боку СССР[223].

Характарыстыка ад сяброў

  • Мечыслаў Пароўскі (1878—1965): «Вылучаўся сярод землеўласнікаў-прамоўцаў на агульных сходах [МТСГ] — першаразрадны земляроб і жывёлавод, заўсёды дзейны, поўны ініцыятывы і тэмпераменту, ажыўляў паседжанні і павышаў іх узровень»[258].
  • Аляксандр Лядніцкі (1866—1934): «Высокага росту, высакародны, арлінага позірку, пры першым сутыкненні рабіў уражанне моцнай індывідуальнасці. Любіў мовіць і мовіў добра, ужываючы часта словы „прабачце“ і „штосьці“, але гэта толькі надавала чароўнасці і яснасці яго разважанням»[259].
  • Ян Булгак: «Таварыства сельскай гаспадаркі ў Мінску іграла тады значную ролю ў грамадска-нацыянальным жыцці нашага рэгіёна і складала ў ім неафіцыйную кіруючую ўладу. На яе чале стаў пан Эдвард Вайніловіч, адна з найразумнейшых галоў і адзін з найцвярдзейшых характараў Міншчыны»[260].
  • Камітэт ушанавання памяці Эдварда Вайніловіча (Р. Скірмунт, М. Пароўскі, Ц. Паніквіцкі, К. Здзяхоўскі, Я. Івашкевіч): «Будаваў і змагаўся за Польшчу Ягелонаў <…> Для Міншчыны, і нават больш — для літоўска-беларускіх губерняў, быў тым, чым былі ў свой час для Кангрэсоўкі Анжэй Замойскі  (польск.), для Галіцыі князь Леан Сапега, для Пазнаньскага княства генерал Хлапоўскі  (польск.), Негалеўскі і доктар Марцінкоўскі  (польск.), для паўднёвых ускраін князь Раман Сангушка — постаці з адной пароды, увасабленне грамадзянскай службы айчыне. Было ў ім шмат з той шляхетнай руды, з якой адліты былі душы блізкіх яму па паходжанні Рэйтана і Касцюшкі»[261].
  • Вацлаў Лядніцкі (1891—1967): «Вайніловіч, мудры чалавек, па прыродзе сумленны і адважны характар, меў правінцыйны патрыятызм. Ніколі не мовячы, не думаючы іначай, як толькі па-польску, лічыў сябе, як і Скірмунт, за беларуса і не зносіў „усепалякаў“[заўв 37], якія рабілі шкоду польскай ідэі[заўв 38] і Беларусі, распальваючы нацыянальнае пытанне. Гэты гуманіст жадаў, як і я, міжнацыянальнага міру»[262].
  • Раман Скірмунт (1868—1939): «Намаляваць яго духоўны партрэт, здаецца, няцяжка. Ад нараджэння ён меў цэльны характар, светлы розум, але не складаны. Ён быў чалавекам учынку, схільнасць да тэарэтызавання не была ў яго асабліва развітай. Умовы для працы краёвага грамадскага дзеяча ў дапатопавы час[заўв 39] былі вельмі складаныя. Адносіны да Варшавы[заўв 40], да Расіі, да мясцовага сялянства ці да беларускай справы ўяўлялі сабой бязмерна заблытаныя праблемы. Трэба было цвёрда ступаць па полі, напоўненым га́дамі, часам усміхацца нядобраму і абмінаць з абыякавым ці непрыемным тварам тое, што па сэрцы. Падобная задача была асабліва цяжкай для чалавека, які па сваёй натуры не прымаў такой „дыпламатыі“. Як ён ставіўся да другой з пералічаных праблем[заўв 41], якія меў погляды на беларускую справу пасля адраджэння польскай дзяржаўнасці, гэтага я не ведаю. Наколькі лёгка зрабіць агульны накід яго свядомасці, настолькі ж цяжка (па тых або іншых прычынах) намаляваць яго закончаны партрэт. Адкрытасць, вялікае сэрца, адвага рабілі з яго чалавека незвычайнага, які ў спрыяльных абставінах мог бы здабыць плён, значна большы за той, які быў народжаны яго працай. На мой погляд, і пасля Патопа[заўв 42], нягледзячы на паражэнне, ён не быў яшчэ чалавекам мінуўшчыны. Можна толькі шкадаваць, што яго асоба апынулася недзе на ўзбоччы, калі польскі карабель, нарэшце, знайшоў сваю прыстань[заўв 43]»[заўв 44].
  • Зыгмунт Даманскі (1891—1965), хроснік Эдварда Вайніловіча: «Быў вялікім, калі ў грамадскай іерархіі стаяў высока, не меней быў вялікім, калі лёс скінуў яго так нізка»[264].
  • Марыян Здзяхоўскі (1861—1938): «Эдвард Вайніловіч быў жывым увасабленнем любові да маці-зямлі, якая яго нарадзіла і выхавала, быў звязаны з ёй усёй сваёй душой. Калі ён казаў, я меў дзіўнае ўражанне, што яго вуснамі прамаўляе маці-зямля беларуская, што ў словах адбіваюцца думкі і пачуцці тых доўгіх-доўгіх шэрагаў пакаленняў, якія на гэтай зямлі і з гэтай зямлі жылі, на ёй і для яе працавалі і трывалі»[265].

Цікавыя звесткі

  • Сярод дваран-маянткоўцаў Беларусі распаўсюджанай традыцыяй было шанаванне леса: у маёнтках існавалі асобныя лясныя масівы, якія не краналіся, аберагаліся і разглядаліся як месца эстэтычнай асалоды, адпачынку і экалагічнага рэзерву, што ператварала іх у пэўным сэнсе ў сакральныя прасторы[266]. Быў такі лясны масіў і ў маёнтку Эдварда Вайніловіча Савічы, дзе на працягу пакаленняў Вайніловічы не пілавалі дрэў для гаспадарчых і камерцыйных патрэб[267].
  • У другой палове XIX — пачатку XX ст. сярэднезаможныя і заможныя маянткоўцы беларускіх губерняў Расійскай імперыі неафіцыйна і вобразна называлі самі сябе мянушкай «зубры», што, канешне, адносілася і да Эдварда Вайніловіча. Калі 24 чэрвеня 1920 г. Эдвард Вайніловіч размаўляў з Юзафам Пілсудскім у Бельведэры (Варшава) адносна аспектаў аграрнай рэформы ў Беларусі, жадаючы прадухіліць радыкальнасць перадзелу зямлі, ён алегарычна запэўніваў Пілсудскага, што «зубрам» не з’яўляецца і адмоўна ставіцца да пазбаўлення дробных арандатараў зямельных надзелаў[268]. А ў 1927 г. малады журналіст Станіслаў Мацкевіч (1896—1966), хоць і палемізаваў з Эдвардам Вайніловічам, з павагай назваў аўтарытэтнага 79-гадовага ветэрана гаспадарчай і палітычнай дзейнасці «зубрам»[223]. Акрамя таго, мянушка «зубры» у Другой Рэчы Паспалітай (Польшчы) замацавалася за т.зв. «віленскімі кансерватарамі», якія ў пэўнай ступені сталі пераемнікамі ліберальна-кансерватыўнай плыні краёўцаў (што былі прадстаўлены, галоўным чынам, сярэднезаможнымі і заможнымі маянткоўцамі).

Перанясенне праху ў Мінск (2006)

Месца пахавання Эдварда Вайніловіча каля Чырвонага касцёла ў Мінску[заўв 45]. Фота 2013 г.

Пробашч парафіі Святога Сымона і Святой Алены, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, выступіў з ініцыятывай перанесці прах Эдварда Вайніловіча з Быдгашча (Польшча) у Мінск і размясціць яго ў касцёле Святога Сымона і Святой Алены, фундатарам якога быў Эдвард Вайніловіч. Пасля ўзгаднення пытанняў, дазволу касцельных улад, міністэрстваў замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшчы прах Эдварда Вайніловіча быў перавезены ў 2006 г. з Быдгашчы ў Мінск і 11 чэрвеня 2006 г. адбылося яго ўрачыстае перапахаванне пад кіраўніцтвам ксяндза Уладзіслава Завальнюка каля касцёла Святога Сымона і Святой Алены. У цырымоніі перазахавання ўдзельнічала група прадстаўнікоў польскага горада Быдгашча і патомкі Вайніловічаў.

Ушанаванне памяці аб Эдвардзе Вайніловічу

Адным з першых месцаў ушанавання памяці памерлага Эдварда Вайніловіча стаў Нясвіж, які да 1939 г., у адрозненне ад маёнтка Савічы, знаходзіўся ў складзе міжваеннай Польшчы і дзе ўласнікі палаца князі Радзівілы ўстанавілі 14 кастрычніка 1929 г. мемарыяльную пліту ў гонар Эдварда Вайніловіча ў фарным касцёле Божага Цела горада з надпісам: «Эдвард Вайніловіч, старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, старшыня „Польскага кола“ Дзяржаўнага Савета ў Санкт-Пецярбургу, камандор ордэна „Polonia Restituta“, фундатар касцёла Св. Сымона і Св. Алены ў Мінску, уладальнік маёнткаў Савічы і Пузаў Слуцкага павета Мінскай зямлі, нарадзіўся ў Савічах 13. X. 1847 г., памёр у Быдгашчы 16. VI. 1928 г. Чалавеку вялікага сэрца і заслуг, узорнаму грамадзяніну, патрыёту, прыяцелю і апекуну людзей, вернаму сыну Святога Касцёла як выраз пашаны і ўдзячнасці і дзеля памяці нашчадкаў надпіс гэты зроблены. Вечнае спачыванне дай яму, Госпадзе, і святло вечнае няхай яму свеціць. Амэн»[269].

Мемарыяльная пліта ў гонар Эдварда Вайніловіча ў нясвіжскім фарным касцёле Божага Цела
Выступленне (па-польску) Рамана Юркоўскага на канферэнцыі ў Чырвоным касцёле, 2009 г.

14 лютага 2009 г. у Мінску ў тэатральнай зале ў дольнай частцы Касцёла Святога Сымона і Святой Алены (Чырвонага касцёла) адбылася беларуска-польская навуковая канферэнцыя «Эдвард Вайніловіч — шляхціц, грамадзянін, каталік», арганізаваная мінскай каталіцкай парафіяй Святога Сымона і Святой Алены, Польскім інстытутам у Мінску, гісторыка-культурнай установай «Палоніка-Літуаніка». На канферэнцыі з дакладамі выступілі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, пасол Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін, Аляксандр Стральцоў-Карвацкі (Беларусь), Зміцер Яцкевіч (Беларусь), Аляксандр Смалянчук (Беларусь), Раман Юркоўскі (Польшча), Дарыуш Шпопер (Польшча), Алег Латышонак (Польшча) і Уладзімір Дзянісаў (Беларусь). Даслалі свае артыкулы Аляксандр Ільін (Беларусь) і Анатоль Грыцкевіч (Беларусь). Прысутнічаў і Адам Мальдзіс.

У 2009 г. па беларускім тэлеканале «ОНТ» у рамках дакументальна-пазнавальнага цыкла «Обратный отсчет» была паказана перадача «Адваротны адлік. Гісторыя замахаў на Чырвоны касцёл» (рэжысёр Уладзімір Арлоў). У 2011 г. на беларускім тэлеканале «ЛАД» у рамках цыкла пазнавальных перадач «Новыя падарожжы дылетанта» (вядучы перадачы Юрый Уладзіміравіч Жыгамонт), што распавядае пра гісторыю населеных пунктаў Беларусі і насельнікаў, была паказана серыя пра вёску Савічы (Капыльскі раён), род Вайніловічаў і Эдварда Вайніловіча. У 2011 г. на беларускім тэлеканале «ЛАД» у рамках цыкла пазнавальных перадач «Лабірынты» (вядучы перадачы Аляксандр Матафонаў) быў паказаны пазнавальна-дакументальны фільм «Лабірынты: Эдвард Вайніловіч». У фільме прымалі ўдзел беларускія гісторыкі Мікола Нікалаеў і Уладзімір Дзянісаў.

2 лістапада 2010 г. рашэннем Капыльскага раённага савета дэпутатаў адна з новых вуліц у горадзе Капылі была названа вуліцай Вайніловіча ў гонар Эдварда Вайніловіча[e].

Выступленне (па-польску) Гізэлі Хмялеўскай аб Эдвардзе Вайніловічу на прэзентацыі кнігі «Ваньковічы» у Доме Ваньковічаў у Мінску. 17 мая 2013 г.

Гізэля Хмялеўская, жыхарка Быдгашча і журналістка выдання «Gazeta Pomorska», зрабіла вялікую працу па вывучэнні біяграфіі Эдварда Вайніловіча. Вынікам яе даследаванняў сталі публікацыі артыкулаў у польскай прэсе, а пасля напісанне кнігі аб Вайніловічу[f]. 18 чэрвеня 2008 г. у Быдгашчы ў 80-ю гадавіну смерці Эдварда Вайніловіча Гізэля Хмялеўская і яе муж Багдан Хмялеўскі арганізавалі выстаўку «Cierń Kresowy» («Ускраінны цярноўнік») у «Аўтарскай галерэі» Яна Каі і Яцэка Салінскага. Было выкарыстана шмат прадметаў з «кабінета Вайніловічаў» («старажытная італьянская шафка»), які быў вывезены Вайніловічамі з Савічаў у Быдгашч і які зараз захоўваецца ў акруговым музеі ў Быдгашчы. 22 студзеня 2011 г. у Быдгашчы ў акруговым музеі адбылася прэзентацыя кнігі пра Эдварда Вайніловіча «Ускраінны цярноўнік. Аповесць пра Эдварда Вайніловіча і яго сям’ю» («Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie», 2011), першага грунтоўнага і ўсеахопнага апісання біяграфіі Эдварда Вайніловіча і яго сям’і, якую напісала па-польску Гізэля Хмялеўская[g].

18—19 мая 2011 г. у Мінску Гізэля Хмялеўская прэзентавала сваю кнігу «Ускраінны цярноўнік. Аповесць пра Эдварда Вайніловіча і яго сям’ю» (2011). У арганізацыі прэзентацыі прымалі ўдзел Касцёл Святога Сымона і Святой Алены, філіял Нацыянальнага мастацкага музея «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя», Польскі інстытут у Мінску [h].

16 чэрвеня 2012 г. у Быдгашчы пры ўдзеле Гізелі Хмялеўскай быў урачыста адкрыты сквер імя Эдварда Вайніловіча, які знаходзіцца на збегу вуліц Хадкевіча і Сулкоўскага каля дома былога т.зв. «Ускраіннага інтэрната». Аб постаці і драматычным лёсе Эдварда Вайніловіча распавяла Гізэля Хмялеўская[i].

9 снежня 2015 г. у Мінску ў Доме Ваньковічаў Гізэля Хмялеўская прэзентавала пераклад на беларускую мову сваёй кнігі «Церні крэсаў. Аповесць пра Эдварда Вайніловіча і яго сям’ю» (2015). У арганізацыі прэзентацыі прымалі ўдзел Касцёл Святога Сымона і Святой Алены, філіял Нацыянальнага мастацкага музея «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя», Польскі інстытут у Мінску[a][j].

У чэрвені 2017 г. Мінгарвыканкам падтрымаў ініцыятыву аб прысваенні скверу за Чырвоным касцёлам імя Эдварда Вайніловіча[k].

Творы

Заўвагі

Каментарыі

  1. Сам Эдвард Вайніловіч па-руску па тагачасных правілах пісаў сваё імя як «Эдуард Адамович Войнилович», а ў гістарыяграфіі і сучаснай публіцыстыцы замацавалася напісанне «Эдвард Адамович Войнилович».
  2. У 1918 г. Эдвард Вайніловіч быў не прызначаны расійскімі ўладамі, а выбраны на пасаду дэпутата дваранства Слуцкага павета, а пасля зацверджаны на гэтую пасаду нямецкай ваеннай уладай.
  3. Жонка Эдварда Станіслававіча Ваньковіча
  4. Барэльеф быў заказаны Эдвардам Вайніловічам і выкананы паводле прадстаўленага ім праекта на заводзе «Браты Лапеньскія» (Варшава), адначасова з бронзавай копіяй Божай Маці, якая была размешчана ў Чырвоным касцёле. Вайніловіч планаваў размясціць барэльеф з радаводам таксама ў новым мінскім касцёле, але вырашыў павесіць яго ў палацы ў Савічах у параднай зале справа ад уваходу. На барэльефе прадстаўлена генеалагічнае дрэва, пад якім ляжыць мёртвы рыцар, які трымае на грудзях шчыт з гербам «Сыракомля», а побач з ім другі рыцар, які ламае меч. Кампазіцыя сімвалізуе канец роду Эдварда Вайніловіча: два верхнія шчыткі радаводнага дрэва — гэта дзеці Эдварда Вайніловіча Сямён і Гелена.
  5. Маткай Гераніма Антонавіча Кеневіча была пані Адынец, а сам Кеневіч быў жанаты з Кацярынай Ігнатаўнай Горват, сястрой Атона Горвата, які пабраўся другім шлюбам з Міхалінай Вайніловіч, сястрой Эдварда.
  6. Справа на сцяне (бліжні ў ніжнім радзе) вісіць фотапартрэт жонкі Эдварда Алімпіі (вось гэты); над шафай (другі злева) вісіць партрэт Тадэвуша Вайніловіча (вось гэты).
  7. «караняжы» — палякі з Каралеўства Польскага, уласна польскіх губерняў Расійскай імперыі.
  8. загадных, указуючых (франц.)
  9. У сваіх мемуарах Вайніловіч памылкова ўказвае, што яму аддалі 100 галасоў супраць 2[90].
  10. Маюцца на ўвазе выбары дэпутатаў ад Мінскай губерні ў Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі ў 1906 г.
  11. Калі Вайніловіч пачаў пісаць свае ўспаміны, Санкт-Пецярбург ужо з 1914 г. называўся Петраградам.
  12. Міхаіл Кір’якоў быў (разам з Эдвардам Вайніловічам) адным з галоўных фундатараў камерцыйнага вучылішча ў Слуцку (т.зв. «гандлёвай школы»).
  13. У першай сваёй прамове ў I Дзяржаўнай Думе князь Геранім Друцкі-Любецкі сказаў: «Я выхаваўся сярод простага народа. Наш просты беларускі народ таксама мае свае ідэалы. Яго ідэал гэта зямля Божая, але і просты народ ёсць Божым, па гэтай прычыне наш просты беларускі народ шчыра лічыць, што Божая зямля павінна належаць да Божага простага народа», — і тлумачыў, што прынцып прыватнай уласнасці ёсць адным з ідэалаў беларускага сялянства[115].
  14. Польскі гісторык Раман Юркоўскі лічыць, што мінскія дваране-каталікі, якія абралі князя Гераніма Друцкага-Любецкага замест прапанаванага Вайніловічам Кір’якова, мелі лепшае палітычнае пачуццё, чым Вайніловіч, бо лаялісцкая пазіцыя Вайніловіча да расійскіх улад памяншала колькасць дэпутатаў ад заходніх губерняў, нічога не давала ўзамен і магла прывесці да змены не ў лепшы бок законаў адносна выбару дэпутатаў ад «заходніх губерняў» у Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі[118]. Беларускі ж гісторык Аляксандр Смалянчук лічыць увядзенне ў 1911 г. земстваў у шасці губернях Заходняга краю, калі сам Эдвард Вайніловіч ужо нават не быў дэпутатам Дзяржаўнага Савета, было «зорным часам» краёўцаў-кансерватараў — яны здолелі дабіцца максімуму ў скасаванні дыскрымінацыйных ўмоў існавання мясцовага каталіцкага дваранства і губерняў у цэлым, а значэнне Дзяржаўнага Савета і так спадала пасля заканчэння рэвалюцыі[119]. Верагодна, што менавіта канфліктная стратэгія паводзін Іпаліта Корвін-Мілеўскага ў многім паўплывала на тое, што земствы не былі ўведзены ў Ковенскай, Віленскай і Гродзенскай губернях.
  15. На значку знаходзяцца блізкія Эдварду Вайніловічу сімвалы: у левым верхнім куце знаходзіцца выява Чырвонага касцёла ў Мінску, у левым ніжнім куце — сядзіба Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, у правым ніжнім куце — палац у Савічах, у правым верхнім куце — селяніна-аратага. Уверсе па цэнтру знаходзіцца партрэт Эдварда Вайніловіча.
  16. На балконе восьмы злева Раман Скірмунт, трынаццаты — Эдвард Вайніловіч, чатырнаццаты — Пётр Зыгмунтавіч Ваньковіч, пятнаццаты — Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч (1860—1937).
  17. Уплывовы член Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, адзін з заснавальнікаў Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907—1908), дэпутат (1911—1912) Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні (выбраны замест выбылага Рамана Скірмунта).
  18. Пад «бальшавіяй» маюцца на ўвазе «бальшавікі».
  19. Прывітальны адрас і мемарыял да нямецкага камандавання быў падпісаны і Вайніловічам[163].
  20. Запоўнена рукой Вайніловіча і яго ж першы аўтограф, другі — князя Альбрэхта Радзівіла.
  21. На сходах Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі даўно выказваліся ідэі аб неабходнасці манархічнага ладу дзяржавы. Караль Незабытоўскі (1865—1952), адзін з членаў таварыства, афарыстычна заявіў там аднойчы, што рэспубліка прывядзе да «рэж публіку»[176].
  22. Ежы Асмалоўскі (1872—1952) нарадзіўся ў Пінскім павеце Мінскай губерні, быў «польскім» дваранінам-каталіком, адным з блізкіх сябраў Рамана Скірмунта і князя Гераніма Друцкага-Любецкага; як і Раман Скірмунт, фінансава падтрымліваў «Нашу Ніву» — галоўную газету беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху; а пра свае адносіны да Беларусі напісаў у мемуарах: «Увесь мой род беларускага паходжання з Магілёўскай губерні. Магчыма толькі ў прадзеда роднай мовай была польская. Што ж з’яўляецца маёй Айчынай — Польшча ці Беларусь? І хто я — паляк ці беларус? Я паляк па культуры і па мове. Я каталік. Але не жыву ў Польшчы. Маю пэўныя абавязкі ў адносінах да краю, дзе нарадзіўся, і людзі, сярод якіх я жыву, мне больш блізкія»[182].
  23. Прычынай таго, што Начальная польская рада Гродзенскай зямлі выступала за інкарпарацыю Гродзеншчыны і Віленшчыны ў склад Польшчы, былі прэтэнзіі Літвы на Вільню, віленскі край, Гродна і гродзенскі край. Маянткоўцы Віленшчыны і Гродзеншчыны лічылі, што за памкненнямі Літвы стаяць немцы ці бальшавікі, і не хацелі ўваходжання сваіх зямель у склад Літвы[196].
  24. Раман Скірмунт да таго быў прэм’ер-міністрам БНР і членам дэлегацыі ў Берлін наконт прызнання Вялікага Княства Літоўска-Беларускага, таму ў Рызе быў бы прыняты большасцю польскай дэлегацыі (прыхільнікамі ўнітарнай дзяржавы) холадна.[203]
  25. Да 1920 г. Быдгашч быў горадам Германіі, а пасля ўвайшоў у склад Польшчы, таму з горада масава выязджалі немцы, прадаючы ці пакідаючы пустымі шмат дамоў, што рабіла іх таннымі для набыцця.
  26. Уладзіслаў Сыракомля, хоць і нарадзіўся ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні, але ў спісе дваран Мінскай губерні звычайна быў адзначаны як дваранін Слуцкага павета, дзе арандаваў маёнтак.
  27. Пад дзяржавамі-захопнікамі маюцца на ўвазе Расія, Прусія і Аўстрыя, якія ў ходзе трох падзелаў (1772, 1793, 1795) захапілі землі Рэчы Паспалітай, тым ліквідаваўшы апошнюю.
  28. Выраз «апошні беларускі баярын» створаны і ўжыты Мацкевічам па аналогіі з выразам «апошні грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага», які меў ужытак пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) і абазначаў выміраючую і адыходзіўшую ў гісторыю катэгорыю людзей, звязаных з традыцыяй і гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага.
  29. Будынак, дзе захоўвалася ссыпное збожжа ў маёнтках.
  30. Маюцца на ўвазе старажытныя дакументы роду Вайніловічаў, якія зберагаліся ў родавым архіве Вайніловічаў у Савічах.
  31. Вайніловіч выкарыстоўвае сучасны тэрмін, бо ў XVI ст. старабеларуская мова называлася „рускай мовай“.
  32. Кастравіцкія (у тым ліку — Карусь Каганец) былі не вельмі далёкімі сваякамі Эдварда Вайніловіча.
  33. У часы апісаных Вайніловічам кантактаў Петраград называўся Санкт-Пецярбургам.
  34. Вядома таксама, што менавіта праз Эдварда Вайніловіча княгіня Магдалена Радзівіл аднойчы перадала братам Івану і Антону Луцкевічам і Аляксандру Уласаву 20 тысяч рублёў для выдання беларускамоўнай літаратуры ў Санкт-Пецярбургу[240].
  35. Напрыклад, Марыян Здзяхоўскі называў і сябе, і Вайніловіча «літоўцам»; князь Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919) быў пісьменнікам, сярод вершаваных твораў якога ёсць патрыятычная гістарычная аповесць «Так паміралі літоўцы»; граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі лічыў сябе літоўскім шляхціцам і грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага; блізкі сябр Вайніловіча Раман Скірмунт нават у 1930-я гады называў сябе і «літоўцам», і «палякам»[245][246][247].
  36. Гэты прагноз Вайніловіча спраўдзіўся: Усерасійскі ўстаноўчы сход, які быў выбраны ў малазаможнай краіне на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога і тайнага галасавання, 4 (18) студзеня 1918 г. прыняў закон нацыяналізацыі ўсёй зямлі ў Расіі, бо на сходзе абсалютна пераважалі дэпутаты-сацыялісты.
  37. Тэрмінам «усепалякі» называлі «эндэкаў» — прыхільнікаў Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі. Тэрмін «усепалякі» утварыўся ад назвы галоўнага выдання «эндэкаў» газеты «Усяпольскі агляд» («Przegląd Wszechpolski»).
  38. Пад «польскай ідэяй» маецца на ўвазе «ягелонская ідэя» — стварэнне шматнацыянальнай і талерантнай для народаў і рэлігій федэрацыйнай Рэчы Паспалітай.
  39. Перад Першай сусветнай вайной.
  40. карэннай Польшчы.
  41. да Расіі.
  42. Першая сусветная вайна, рэвалюцыя і грамадзянская вайна ў Расіі, што скончылася Рыжскім дагаворам (1921), які падзяліў Беларусь на дзве часткі.
  43. Рэалізацыя ідэі адраджэння Рэчы Паспалітай у выглядзе створанай Другой Рэчы Паспалітай.
  44. Цытата з ліста Рамана Скірмунта ад 15 жніўня 1928 г. да Марыяна Здзяхоўскага[263].
  45. Злева знаходзіцца надмагільны камень з разбуранага надмагільнага помніка Сымону Вайніловічу ў вёсцы Савічы (Капыльскі раён).

Літаратурныя крыніцы

  1. а б Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  2. а б Раюк 2020a, с. 178—184.
  3. Wspomnienia 1931, s. viii, 5.
  4. Wspomnienia 1931, s. 2.
  5. а б Jurkowski 2021, s. 26—27.
  6. Яцкевіч 2009, с. 11.
  7. а б в Wspomnienia 1931, s. 9.
  8. а б Wspomnienia 1931, s. vii—viii.
  9. Wspomnienia 1931, s. 6—7.
  10. Wspomnienia 1931, s. 10—11.
  11. Wspomnienia 1931, s. 12.
  12. Wspomnienia 1931, s. 16.
  13. а б Wspomnienia 1931, s. 17—18.
  14. Wspomnienia 1931, s. 19.
  15. Wspomnienia 1931, s. 28—30.
  16. Wspomnienia 1931, s. 19—20.
  17. Wspomnienia 1931, s. 25.
  18. Wspomnienia 1931, s. 15.
  19. Wspomnienia 1931, s. 26.
  20. Wspomnienia 1931, s. 27.
  21. Wspomnienia 1931, s. 28.
  22. Wspomnienia 1931, s. 28—29.
  23. Wspomnienia 1931, s. 30—31.
  24. Wspomnienia 1931, s. 31.
  25. Wspomnienia 1931, s. 32.
  26. Wspomnienia 1931, s. 32, 34.
  27. а б Wspomnienia 1931, s. 35.
  28. Wspomnienia 1931, s. 46.
  29. а б в Памятныя кніжкі 1887—1917.
  30. Рыбчонак 2014, с. 29—30.
  31. Chmielewska 2011, s. 129.
  32. Wspomnienia 1931, s. 54.
  33. а б в Chmielewska 2011, s. 37—39.
  34. Список землевладельцев 1877, с. 31.
  35. Списки лиц 1911.
  36. Chmielewska 2011, s. 131.
  37. Chmielewska 2011, s. 130.
  38. Chmielewska 2011, s. 126—127.
  39. а б Wspomnienia 1931, s. 89.
  40. Wspomnienia 1931, s. 89, 91.
  41. Wspomnienia 1931, s. 91.
  42. Jurkowski 2005, s. 81.
  43. Wspomnienia 1931, s. 39.
  44. Wspomnienia 1931, s. 39—40.
  45. Szpoper 2009a, s. 40.
  46. Wspomnienia 1931, s. 40.
  47. Смалянчук 2004, с. 92.
  48. Wspomnienia 1931, s. 59, 66.
  49. Wspomnienia 1931, s. 47.
  50. Korwin-Milewski 1930, s. 241.
  51. Wspomnienia 1931, s. 41.
  52. Wspomnienia 1931, s. 45.
  53. а б в г д Смалянчук 2004, с. 94.
  54. Wspomnienia 1931, s. 64.
  55. Wspomnienia 1931, s. 64, 67.
  56. а б Wspomnienia 1931, s. 74.
  57. Wspomnienia 1931, s. 75.
  58. Wspomnienia 1931, s. 72.
  59. Wspomnienia 1931, s. 77—78.
  60. Jurkowski 2001, s. 282.
  61. а б в Смалянчук 2004, с. 95.
  62. Wspomnienia 1931, s. 78.
  63. Wspomnienia 1931, s. 83.
  64. Памятная книжка 1901, с. 190.
  65. Wspomnienia 1931, s. 76—77.
  66. Wspomnienia 1931, s. 101.
  67. Jurkowski 2005, s. 100.
  68. Wspomnienia 1931, s. xii.
  69. Korwin-Milewski 1930, s. 355.
  70. Chmielewska 2011, s. 74, 85.
  71. Wspomnienia 1931, s. 23.
  72. а б Wspomnienia 1931, s. 96.
  73. Wspomnienia 1931, s. 97, 99.
  74. Wspomnienia 1931, s. 105—106.
  75. а б Wspomnienia 1931, s. 105.
  76. Wspomnienia 1931, s. 108—109.
  77. Wspomnienia 1931, s. 109—111.
  78. Jurkowski: Listy 2007, s. 212.
  79. Szpoper 1999, s. 26—31.
  80. Szpoper 2009b, s. 240—241.
  81. Szpoper 1999, s. 62—63.
  82. Szpoper 2009b, s. 242.
  83. Szpoper 1999, s. 63—64.
  84. Szpoper 2009b, s. 242—243.
  85. Wspomnienia 1931, s. 175.
  86. Смалянчук 2009, с. 15.
  87. Wspomnienia 1931, s. 111—114.
  88. Jurkowski 2009, s. 96.
  89. а б Wspomnienia 1931, s. 114.
  90. Jurkowski 2009, s. 339.
  91. Potocka z Radziwiłłów 2010, s. 275.
  92. Wspomnienia 1931, s. 115.
  93. Jurkowski 2005, s. 102—103.
  94. Jurkowski 2012, s. 382.
  95. Jurkowski 2009, s. 499.
  96. а б Смалянчук 2009, с. 16.
  97. Korwin-Milewski 1930, s. 289.
  98. Wspomnienia 1931, s. 115—120.
  99. а б Смалянчук 2004, с. 139.
  100. Смалянчук 2009, с. 17.
  101. Wspomnienia 1931, s. 127.
  102. Jurkowski 2009, s. 466.
  103. Szpoper 1999, s. 62—76.
  104. История России 2009, с. 191—192.
  105. а б Korwin-Milewski 1930, s. 251.
  106. Wspomnienia 1931, s. 131—132.
  107. Wspomnienia 1931, s. 133.
  108. Wspomnienia 1931, s. 134—135.
  109. Wspomnienia 1931, s. 162.
  110. Jankowski 1908, s. 137.
  111. Szpoper 1999, s. 30.
  112. Смалянчук 2004, с. 226.
  113. а б Смалянчук 2004, с. 227.
  114. а б Wspomnienia 1931, s. 169.
  115. Jurkowski 2005, s. 94.
  116. История России 2009, с. 202—213.
  117. Szpoper 1999, s. 134—139.
  118. Jurkowski 2005, s. 98.
  119. Смалянчук 2004, с. 325.
  120. Jurkowski 2009, s. 482.
  121. Szpoper 1999, s. 102—107, 134—139.
  122. Chmielewska 2011, s. 127—128.
  123. Ваньковичи 2012, с. 144.
  124. Chmielewska 2011, s. 124.
  125. Ваньковичи 2012, с. 139—140.
  126. Jurkowski 2009, s. 411—412.
  127. Wspomnienia 1931, s. xv, 87—89, 176.
  128. Chmielewska 2011, s. 127.
  129. Wspomnienia 1931, s. 177—178.
  130. Wspomnienia 1931, s. 179.
  131. Wspomnienia 1931, s. 180—181.
  132. а б Jurkowski 2007, s. 72.
  133. Wspomnienia 1931, s. 187—188.
  134. Wspomnienia 1931, s. 187—189.
  135. Wspomnienia 1931, s. 192—195.
  136. Wspomnienia 1931, s. 210.
  137. Ладысеў 1999, с. 7—8.
  138. Ладысеў 1999, с. 10—12.
  139. Ладысеў 1999, с. 13.
  140. Brzoza 1998, s. 185.
  141. Jurkowski 2007, s. 66.
  142. Wspomnienia 1931, s. 336—337.
  143. а б Czapska 2006, s. 167.
  144. Tarasiuk 2007, s. 119.
  145. Jurkowski 2007, s. 66—67.
  146. а б Tarasiuk 2007, s. 120.
  147. Jurkowski 2007, s. 69, 72.
  148. Tarasiuk 2007, s. 119—120.
  149. Jurkowski 2007, s. 68.
  150. Jurkowski 2007, s. 71.
  151. Jurkowski 2007, s. 73.
  152. Jurkowski 2007, s. 67—68, 72.
  153. Tarasiuk 2007, s. 184.
  154. Jurkowski 2007, s. 74.
  155. Wspomnienia 1931, s. 189.
  156. Tarasiuk 2007, s. 124.
  157. Wspomnienia 1931, s. 196—197.
  158. Грыцкевіч 1993, с. 15.
  159. Jurkowski 2007, s. 76.
  160. Jurkowski 2007, s. 78.
  161. а б в г Jurkowski 2007, s. 79.
  162. Jurkowski 2007, s. 81.
  163. Wspomnienia 1931, s. 208.
  164. Ладысеў 1999, с. 34—35.
  165. Jurkowski 2007, s. 80.
  166. Шыбека 2003, с. 197.
  167. а б Вабішчэвіч 2007, с. 99—101.
  168. Смалянчук 2018, с. 451—452.
  169. Смалянчук 2018, с. 452.
  170. Міхалюк 2015, с. 272—273.
  171. а б Ладысеў 1999, с. 42.
  172. Смалянчук 2018, с. 482.
  173. Wspomnienia 1931, s. 214.
  174. а б в Грыцкевіч 1993, с. 16.
  175. а б Wspomnienia 1931, s. 208—209.
  176. Szpoper 1999, s. 141.
  177. Wspomnienia 1931, s. 217—220.
  178. Wspomnienia 1931, s. 220—221.
  179. Wspomnienia 1931, s. 235—236.
  180. Gierowska-Kałłaur 2003, s. 46.
  181. Wspomnienia 1931, s. 244.
  182. Смалянчук 2004, с. 127, 208.
  183. Gierowska-Kałłaur 2003, s. 35, 67—68.
  184. Wspomnienia 1931, s. 246.
  185. Wspomnienia 1931, s. 248.
  186. Wspomnienia 1931, s. 254.
  187. Wspomnienia 1931, s. 260—261.
  188. Wspomnienia 1931, s. 262.
  189. Шыбека 2003, с. 223.
  190. Wspomnienia 1931, s. 263—277.
  191. Wspomnienia 1931, s. 273.
  192. Wspomnienia 1931, s. 277—279.
  193. Wspomnienia 1931, s. 286—287.
  194. Wspomnienia 1931, s. 289.
  195. а б Wspomnienia 1931, s. 300.
  196. Gierowska-Kałłaur 2003, s. 46—48.
  197. Wspomnienia 1931, s. 297.
  198. а б Wspomnienia 1931, s. 299.
  199. Wspomnienia 1931, s. 301.
  200. Wspomnienia 1931, s. 304.
  201. Wspomnienia 1931, s. 309.
  202. Wspomnienia 1931, s. 310—311.
  203. Wspomnienia 1931, s. 313, 316.
  204. Wspomnienia 1931, s. 313.
  205. Wspomnienia 1931, s. 313, 319.
  206. Chmielewska 2011, s. 188—189.
  207. Wspomnienia 1931, s. 326—327.
  208. Chmielewska 2011, s. 196—197, 274—275.
  209. Chmielewska 2011, s. 190, 200.
  210. Chmielewska 2011, s. 201.
  211. Chmielewska 2011, s. 193.
  212. а б Chmielewska 2011, s. 222.
  213. Chmielewska 2011, s. 218.
  214. Chmielewska 2011, s. 212.
  215. Chmielewska 2011, s. 223.
  216. Zdziechowski 1939, s. 67.
  217. Jurkowski: Listy 2007, s. 217.
  218. Szpoper 1999, s. 281—282.
  219. Chmielewska 2011, s. 269.
  220. Chmielewska 2011, s. 278.
  221. Chmielewska 2011, s. 280.
  222. а б в Раюк 2019, с. 307—312.
  223. а б в Cat 1927, s. 1.
  224. Chmielewska 2011, s. 303.
  225. Wspomnienia 1931, s. v.
  226. Komitet 1929, s. 3.
  227. Wspomnienia 1931, s. xxiv.
  228. Chmielewska 2011, s. 308—311.
  229. а б Chmielewska 2011, s. 296.
  230. Chmielewska 2011, s. 288.
  231. Chmielewska 2011, s. 299.
  232. Chmielewska 2011, s. 300.
  233. Chmielewska 2011, s. 287.
  234. Chmielewska 2011, s. 289.
  235. Chmielewska 2011, s. 290.
  236. Chmielewska 2011, s. 291.
  237. Chmielewska 2011, s. 301—302.
  238. Смалянчук 2004, с. 105, 127.
  239. Wspomnienia 1931, s. 210—211.
  240. Смалянчук 2004, с. 278.
  241. Chmielewska 2011, s. 273.
  242. Jurkowski 2011, s. 37—39.
  243. Wspomnienia 1931, s. viii.
  244. а б Woyniłłowicz 1927, s. 3.
  245. Zdziechowski 1939, s. 62, 64.
  246. Korwin-Milewski 1930, s. 186, 323.
  247. Skirmuntt 1934, s. 3.
  248. Szpoper 1999, s. 49—50, 54.
  249. Раюк 2020b, с. 337—342.
  250. а б в Раюк 2023, с. 343.
  251. Wspomnienia 1931, s. 211.
  252. Czapska 2006, s. 166—167.
  253. Wspomnienia 1931, s. 212.
  254. Jurkowski 2005, s. 95.
  255. Wspomnienia 1931, s. 211, 226.
  256. а б Смалянчук 2004, с. 236—237.
  257. а б Wspomnienia 1931, s. 197.
  258. Jurkowski 2005, s. 84.
  259. Lednicki A. 1928, s. 7.
  260. Bułhak 2003, s. 196.
  261. Wspomnienia 1931, s. v, xxi.
  262. Lednicki W. 1963, s. 542.
  263. Смалянчук 2009, с. 21.
  264. Chmielewska 2011, s. 292.
  265. Zdziechowski 1939, s. 63.
  266. Раюк 2021, с. 299.
  267. Chmielewska 2011, s. 187.
  268. Wspomnienia 1931, s. 287.
  269. Wspomnienia 1931, s. 349.

Анлайн-крыніцы

  1. а б Шчарбачэвіч, Ніна. На беларускую мову перакладзена кніга пра Эдварда Вайніловіча . zviazda.by (15 снежня 2015). Праверана 28 мая 2024.
  2. а б в Завальнюк, У. Шукаем нашчадкаў роду Вайніловічаў. Архівавана 8 кастрычніка 2008. Згуртаванне Беларусаў Свету Бацькаўшчына.
  3. Smaliańczuk, A. Białorusini w gronie krajowców.
  4. Шчарбачэвіч, Ніна (2015-07-29). "Зерні дабра і праўды. Як сёння працягваюцца традыцыі Эдварда Вайніловіча?" (PDF). Звязда. p. 4. Праверана 2024-05-28.
  5. В Копыле появились улицы Войниловича и Адама Русака Архівавана 10 жніўня 2014. // kurjer.info
  6. Cierń Kresowy czyli Edward Woyniłłowicz jakiego nie znamy // Gazeta Pomorska [Электронны рэсурс]. — 20 студзеня 2011 г.
  7. Promocja książki Gizeli Chmielewskiej // Gazeta Pomorska [Электронны рэсурс]. — 21 студзеня 2011 г.
  8. День музеев в Доме Ваньковичей Архівавана 30 жніўня 2011.
  9. 16 czerwca zostanie uroczyście odsłoniony skwer im. Edwarda Woyniłłowicza // Gazeta Pomorska [Электронны рэсурс]. — 28 мая 2012 г.
  10. Прэзентацыя кнігі Гізэлі Хмялеўскай «Церні крэсаў» Архівавана 13 студзеня 2016.
  11. Мингорисполком поддержал инициативу газеты «Советская Белоруссия» о присвоении скверу за Красным костелом имени Эдварда Войниловича (руск.). sb.by (16 чэрвеня 2007). Праверана 3 чэрвеня 2024.

Літаратура

  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — Cz. 1. — 368 s.
  • Войнилович, Э. Воспоминания / Э. Войниллович; пер. с польск., общ. ред. В. Завальнюка. — Мн.: Издание Минской римо-католической парафии св. Симона и Елены, 2007. — 380 с. — 250 экз.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Szczęsne ; Warszawa : KIinika Języka, Lucyna Aninowska-Maciejewska, 2016. — Cz. 1. — Wyd. 2. — 404 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Szczęsne ; Warszawa : KIinika Języka, Lucyna Aninowska-Maciejewska, 2016. — Cz. 2. — 341 s.
  • Woyniłłowicz, E. Granice Polski w 1771-m i w 1920-m roku / Edward Woyniłłowicz // Słowo. — 1927. — № 96. — С. 3.
  • Адрес-календарь сельскохозяйственных обществ (По данным 1902 года) / Департ. земледелия Мин. земледелия и гос. имуществ. — СПб : Тип. М. Меркушева, 1902. — 238 с.
  • Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.]; сост.: Н. А. Голубева, Н. М. Усова, Л. В. Языкович; под научной редакцией В. И. Прокопцова. — Минск : БелЭн, 2012. — 442 с.
  • Гісторыя Беларусі : у 6 т. / А. Вабішчэвіч [і інш.]; рэдкал. М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. — Мінск : Экаперспектыва, 2007. — Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг. — 613 с.
  • Грыцкевіч, А. Беларуская шляхта / А. Грыцкевіч // Спадчына. — 1993. № 1. — С. 11—16.
  • История России. XX век: в 2-х т. / отв.ред. А. Б. Зубов. — Москва : АСТ, 2009. — Т. I. 1894—1939 гг. — 1024 с.
  • Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
  • Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / Нав. рэд. С. Рудовіч; пер. з польск. А. Пілецкі. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — 496 с.
  • Памятная книжка Виленской губернии на 1902 год. — Вильна, 1901.
  • Памятныя кніжкі Мінскай губерні за 1887—1917 гады.
  • Раюк, А. Р. Беларускі палітычны кансерватызм канца XIX — пачатку XX ст. Архівавана 3 сакавіка 2022. / А. Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В. А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2020. — Вып. 20. — Ч. 2. — С. 178—184.
  • Раюк, А. Р. «Народ лесу»: абагульнены этнастэрэатып аб беларусах і Беларусі канца XVIII — пачатку XX ст. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2021. — Вып. 30. — С. 295—301.
  • Раюк, А. Р. Статус Беларусі ў свядомасці мясцовых каталіцкіх дваран-кансерватараў канца XIX — пачатку XX ст. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2020. — Вып. 27. — С. 337—342.
  • Раюк, А. Р. Узнікненне і заняпад Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907—1908) Архівавана 3 сакавіка 2022. / А. Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 4 ч. / РИВШ ; редкол. : В. А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2021. — Вып. 21. — Ч. 2. — С. 201—209.
  • Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2023. — Вып. 23. — Ч. 1. — С. 339—346.
  • Раюк, А. Р. Чэшскі вопыт адраджэння ў асэнсаванні каталіцкіх дваран-кансерватараў Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX ст. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2019. — Вып. 26. — С. 307—312.
  • Раюк, А. Р. Эвалюцыя прасторавых меж «Края» у палітычных праграмах краёўцаў-кансерватараў Беларусі і Літвы ў 1905—1908 гг. Архівавана 16 снежня 2022. / А. Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В. А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2022. — Вып. 22. — Ч. 2. — С. 145—152.
  • Раюк, А. Р. Этнакультурныя працэсы і палітыка ў Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг. у праграмах і рэаліях «віленскіх кансерватаў» Архівавана 5 сакавіка 2023. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2023. — Вып. 33. — С. 296—306.
  • Рыбчонак, С. Вайніловічы гербу «Сыракомля» / С. Рыбчонак // Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 3. В. / Дз. Матвейчык [і інш.]; навук. рэд. А. Рахуба. — Мінск, 2014. — С. 28—30. — 663 с. — ISBN 978-985-01-1095-4.
  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Смалянчук, А. Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А. Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с.
  • Смалянчук, А. Эдвард Вайніловіч у Дзяржаўнай Радзе (1906—1909): дзейнасць дзеля краю / А. Смалянчук // Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік : матэрыялы беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 14 лют. 2009 г. / Гісторыка-культурная ўстанова «Палоніка-Літуаніка»; Польскі інстытут у Мінску. — Мінск, 2009. — С. 13—23.
  • Списки лиц, владеющих в Минской губернии имуществом и имеющих право участвовать в земских избирательных собраниях для выбора гласных на трехлетие с 1911 г. — Минск: Минская губ. типография, 1911.
  • Список землевладельцев Минской губернии за 1876 год / Изд. Минск. губернск. статист. комитета. — Минск: Тип. губ. правления, 1877. — 187 с.
  • Хмялеўская, Г. Церні Крэсаў = Cierń Kresowy : аповесць пра Эдварда Вайніловіча і яго сям’ю : пераклад з польскай мовы / Гізэля Хмялеўская. — Мінск : Віктар Хурсік, 2015. — 372 с.
  • Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.
  • Яцкевіч, З. Радавод Эдварда Вайніловіча / З. Яцкевіч // Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік : матэрыялы беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 14 лют. 2009 г. — Мінск: Гісторыка-культурная ўстанова «Палоніка-Літуаніка»; Польскі інстытут у Мінску, 2009. — С. 8—12.
  • Brzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa etc.: Ossolineum, 1998. — T. XXXVIII/2. — Zesz. 157: Skimbrowicz Hipolit — Skowroński Ignacy. — S. 184—187.
  • Bułhak, J. Kraj lat dziecinnych / J. Bułhak. — Gdynia : ASP Rymsza, 2003. — 287 s.
  • Cat (Stanisław Mackiewicz). Ostatni bojar białoruski / Cat // Słowo. — 1927. — № 96. — S. 1.
  • Chmielewska, G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie / G. Chmielewska. — Łomianki : LTW, 2011. — 369 s.
  • Czapska, M. Florian Czarnyszewicz // Ostatnie odwiedziny i inne szkice / M. Czapska. — Warszawa : Więź, 2006. — S. 164—171.
  • Gierowska-Kałłaur, J. Zarząd cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920) / J. Gierowska-Kałłaur. — Warszawa : Neriton, 2003. — 455 s.
  • Jankowski, Cz. W ciągu dwóch lat… : Przyczynek do dziejów prasy polskiej na Litwie(недаступная спасылка) / Cz. Jankowski. — Warszawa-Kraków : Druk. W.L. Anczyca, 1908. — 201 s.
  • Jurkowski, R. Listy Edwarda Woyniłłowicza do Mariana Zdziechowskiego z lat 1905—1928, Cz. I. / R. Jurkowski // Echa Przeszłości. — Olsztyn: Uniwersytet Warmińsko-Mazurski w Olsztynie, 2007. — nr VIII. — S. 209—220. — ISSN 1509-9873.
  • Jurkowski, R. O pożytkach i szkodach płynących z pisania i czytania «opowieści biograficznych» lub «opowieści dokumentarnych» : garść refleksji przy lekturze książki Gizeli Chmielewskiej «Cierń kresowy» : opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie", Łomianki 2010 : [recenzja]
  • Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане : Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2005 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: БДПУ, 2005. — С. 80—108.
  • Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане: Матэрыялы Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 ліст. 2006 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: Польскі Ін-т у Мінску, 2007. — С. 65—81.
  • Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s.
  • Jurkowski, R. Ziemia ojczysta, Mińszczyna i lud białoruski we «Wspomnieniach» Edwarda Woyniłłowicza / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане. Мінск і Міншчына ў літаратурных творах на рубяжы XIX—XX стст.: Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 27 крас. 2010 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: В. Хурсік, 2011. — С. 31—52.
  • Jurkowski, R. Ziemiaństwo polskie Kresów Północno-Wschodnich 1864—1904. Działalność społeczno-gospodarcza / R. Jurkowski. — Warszawa : Przegląd Wschodni, 2001. — 606 s.
  • Komitet uczczenia pamięci Edwarda Woyniłłowicza // Słowo. — 1929. — № 119. — S. 3.
  • Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925) / H. Korwin-Milewski. — Poznań : Jan Jachowski, 1930. — 600 s.
  • Lednicki, A. Ostatni z rodu. Śp. Edward Woyniłłowicz / A. Lednicki // Świat. — 1928. — № 26. — S. 7.
  • Lednicki, W. Pamiętniki : w 2 t. / W. Lednicki. — Londyn : B. Swiderski, 1963. — T. 1. — 656 s.
  • Potocka z Radziwiłłów, M.M. Z moich wspomnień / M.M. Potocka z Radziwiłłów. — Łomianki : LTW, 2010. — 316 s.
  • Rodkiewicz, W. Russian Nationality Policy in the Western Provinces of the Empire (1863—1905) / W. Rodkiewicz. — Lublin: Scientific Society of Lublin, 1998. — 257 s.
  • Skirmuntt, R. Panie z Muru / R. Skirmuntt // Słowo. — 1934. — № 127
  • Szpoper, D. Edward Woyniłłowicz i Mińskie Towarzystwo Rolnicze — przyczynek do dziejów polskiej myśli politycznej w Cesarstwie Rosyjskim do 1914 roku] / D. Szpoper // Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік : матэрыялы беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 14 лют. 2009 г. / Гісторыка-культурная ўстанова «Палоніка-Літуаніка»; Польскі інстытут у Мінску. — Мінск, 2009. — С. 28—42. (альбо тое самае: Szpoper, D. Edward Woyniłłowicz i Mińskie Towarzystwo Rolnicze — przyczynek do dziejów polskiej myśli politycznej w Cesarstwie Rosyjskim do 1914 roku Архівавана 5 сакавіка 2016. / D. Szpoper // STUDIA IURIDICA TORUNIENSIA. — Т.V. [Электронны рэсурс])
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s.
  • Umysł miał jasny i serce miłujące: Edward Woyniłłowicz w dokumentach i materiałach / wybór, oprac., wstęp i przyp. : Roman Jurkowski. — Olsztyn : Uniwersytet Warmińsko-Mazurski, 2021. — 743 s.
  • Zdziechowski, M. Edward Woyniłłowicz w ostatnich latach swego życia. Tragedja kresów / M. Zdziechowski // Widmo przyszłości : szkice historyczno-publicystyczne / M. Zdziechowski. — Wilno : Grafika, 1939. — S. 57—85.
  • Ż.A. Listy z Białejrusi. Mińsk, 12 marca (I) / A.Ż. // Kuryer Litewski. — 1907. — № 60. — С. 2.

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!