Манархія — 2) форма дзяржаўнага кіравання, у якой крыніца ўлады — Бог (самадзяржаўе) або сам носьбіт дзяржаўнай улады (самаўладства), а асновай улады служаць яе маральны аўтарытэт у грамадстве і традыцыя, у сілу гэтага ўлада спадчынная. Таксама манархія — адна з найстаражытнейшых форм кіравання.
Віды манархій
Абсалютная манархія — манархія, якая прадугледжвае амаль неабмежаваную ўладу манарха. Пры абсалютнай манархіі ўрад або іншыя органы ўлады адказныя толькі перад манархам як кіраўніком дзяржавы, а парламент у шэрагу выпадкаў наогул адсутнічае або з’яўляецца толькі дарадчым органам пры манарху (цару, каралю і інш.).
Канстытуцыйная манархія — манархія, пры якой улада манарха абмежаваная канстытуцыяй. Пры канстытуцыйнай манархіі рэальная заканадаўчая ўлада належыць парламенту, а выканаўчая — ураду. Канстытуцыйная манархія існуе ў дзвюх формах: дуалістычная манархія і парламентарная манархія.
Дуалістычная манархія (лац.: dualis — дваісты) — канстытуцыйная манархія, у якой улада манарха абмежаваная канстытуцыяй, але манарх фармальна і фактычна захоўвае шырокую ўладу.
Парламентарная манархія — канстытуцыйная манархія, у якой манарх выконвае свае функцыі чыста намінальна. Пры парламентарнай манархіі ўрад адказны перад парламентам, якому належыць фармальнае вяршэнства сярод іншых органаў дзяржавы.
У спісах прадстаўлены манархіі на 1 студзеня 2023 года. Асобным спісам прадстаўлены дамініёны — былыя англійскія калоніі, у якіх кіраўніком дзяржавы з’яўляецца кароль (каралева) Вялікабрытаніі.
Пост кіраўніка Садружнасці не з’яўляецца тытулам і не перадаецца па спадчыне. Пры змене манарха на брытанскім троне старшыням урадаў краін-членаў Садружнасці трэба прыняць фармальнае рашэнне аб прызначэнні новага кіраўніка арганізацыі.