Андо́ра (катал.: Andorra), Кня́ства Андо́ра (катал.: Principat d'Andorra) — краіна ў Заходняй Еўропе. Мяжуе з Францыяй і Іспаніяй. Адна з самых маленькіх краін Еўропы: плошча — 468 км², насельніцтва — 84 тыс. чалавек (2009). Яе сталіца — Андора-ла-Велья — самая высакагорная сталіца ў Еўропе (1023 м). Афіцыйная мова — каталонская.
Княства ўтворана ў 1278. Ролю манарха сумесна выконваюць два ўладары — прэзідэнт Французскай Рэспублікі і біскуп Урхельскі (Каталонія, Іспанія).
Андора — дастаткова багатая краіна, дзякуючы статусу «падатковай гавані» і турызму, у значнай ступені выкліканаму гэтым (каля 10 млн наведвальнікаў штогод). Яна не з’яўляецца членам Еўрапейскага Саюза, хаця еўра — фактычная валюта гэтай краіны. Андора займае другое месца ў свеце па чаканай працягласці жыцця сваіх грамадзян — 82 гады пры нараджэнні.
Самыя раннія археалагічныя знаходкі, якія сведчаць аб існаванні чалавека ў Андоры, датуюцца часам першага ледніковага перыяду. Керамічныя вырабы, ланцугі і іншыя прылады сведчаць аб засяленні рэгіёну яшчэ да пачатку бронзавага веку. Іншыя археалагічныя знаходкі — гэта каменныя гравюры каля Ардына (Ordino), пячорны жывапіс у Ла Рока дэ лес Брукс (La Roca de les Bruixes). Згадкі пра насельнікаў далін упершыню з’явіліся ў тэксце грэчаскага гісторыкаПалібія ў II ст. да н.э. Палібій апісаў пераправу Ганібала праз Пірэнеі і ў сувязі з гэтым гістарычным выпадкам нагадаў пра плямёны андазінаў. Княства Андора, пад падвойным, супольным кіраваннем Францыі і епіскапа Урхельскага, існавала з 1278.
Новы час
XX стагоддзе
Андора абвясціла вайну Германіі падчас Першай сусветнай вайны, але ў ваенных дзеяннях удзелу не прымала.
У 1933 акупіраваная Францыяй для падаўлення грамадскіх беспарадкаў перад выбарамі. Да 1940 Францыя трымала ў Андоры гарнізон, каб пазбегнуць перакідвання грамадзянскай вайны з Іспаніі. Падчас Другой сусветнай вайны Андора заставалася нейтральнай і служыла важным каналам для кантрабанднага гандлю паміж вішысцкай Францыяй і франкісцкай Іспаніяй.
Пасля вайны знаходзілася ў адноснай ізаляцыі ад агульнаеўрапейскіх працэсаў. Паступова стала заўважным гандлёвым і турыстычным пунктам прызначэння. У 1993 у Андоры адбылася мадэрнізацыя палітычнай сістэмы пасля ўступлення краіны ў ААН і Савет Еўропы — 14 сакавіка 1993 года выбаршчыкі пастанавілі змяніць феадальную палітычную сістэму на парламенцкую.
Андора — «парламенцкае княства». Паводле традыцыі, якая караніцца на Парэажы (катал.: Pareatge d'Andorra de 1278 — дагавор пра падвойны сюзерэнітэт над Андорай), суправіцелі, то-бок кіраўнікі дзяржавы -- Прэзідэнт Французскай Рэспублікі і біскуп Урхельскі (Сеа-дэ-Урхель, Іспанія). Таму краіну нельга назваць паўнавартаснай манархіяй, гэта хутчэй даніна традыцыі.
Заканадаўчая ўлада ажыццяўляецца супольна парламентам і ўрадам. Парламент Андоры — Генеральны Савет — складаецца з 28—42 дэпутатаў, якія выбіраюцца на чатырохгадовы тэрмін. Кіраўнік урада выбіраецца абсалютнай большасцю дэпутатаў парламента.
80 % ВУП краіны дае турыстычная галіна. Андору штогод наведваюць да 9 млн турыстаў. Дзяржава прымае мінімальны ўдзел у кіраванні эканомікай, і прадпрымальніцтва дзейнічае амаль без абмежаванняў. Вялікую ролю ў эканоміцы адыгрывае банкаўскі сектар, які карыстаецца існымі ў краіне падатковымі палёгкамі.
Развіццё сельскай гаспадаркі ў Андоры абмежавана тым, што толькі 2 % земляў прыдатныя для апрацоўкі. У гэтай галіне занята меней за 1 % насельніцтва. Вырошчваецца бульба і тытунь, у невялікай колькасці — ячмень і жыта.
Маюцца запасы жалезных руд, свінцу, гідраэнергетычных рэсурсаў, мінеральнай вады і лясоў.