Рама́н Алякса́ндравіч Скі́рмунт (польск.: Roman Skirmunt; руск.: Роман Скирмунт; 25 красавіка1868 — 7 кастрычніка1939) — гаспадарчы і палітычны дзеяч Расійскай імперыі, Беларусі і Польшчы. Мецэнат, значны землеўладальнік, віцэ-старшыня (1907—1917, 1918—?) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Дэпутат (1906) I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі; дэпутат (1910—1911) Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні; (намінальна) прэм’ер-міністр БНР (1918) — не быў зацверджаны на пасадзе прэм’ер-міністра; сенатар Польшчы (1930—1935).
Належаў да шляхецкага роду Скірмунтаў гербу «Дуб». Прозвішча ад балцка-літоўскага двухасноўнага імя Skir-mant'as са значэннем "Той, каму наканаваная (ваенная) здабыча", такія імёны мела раннелітоўская пляменная арыстакратыя.
Пра сваё паходжанне Раман Скірмунт пісаў: «Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям’і, са старажытных часоў, спакон вякоў аселай у гэтым краі, і мае продкі да XVII ст. карысталіся беларускай мовай як хатняй»[1].
Нарадзіўся ў вёсцы Парэчча Пінскага павета ў сям’і Аляксандра Аляксандравіча-Ізідоравіча Скірмунта (1830—1909), члена кіраўніцтва Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, і Тэафіліі Зянонаўны Любанскай (1836/7—1928). Быў сёмым дзіцем у сям’і, яшчэ ў Альбрэхтаве нарадзіліся Тэафіла (1857) і Аляксандр (1858), а ў Парэччы — Браніслава (1864), Юзаф (1862), Ванда (1866) і Вацлаў (1867). Пры жыцці Рамана нарадзіліся Алена (1869), Феліцыя (1873) і Зянон (1874), але ў 1872 годзе трагічна загінуў Вацлаў. 30 красавіка Раман быў aхрышчаны ў Пінскім парафіяльным касцёле ксяндзом Вікенціем Свідэрскім, хроснымі бацькамі былі памешчык Казімір Юзафавіч Твардоўскі і ягоная сястра Марыя Скірмунт з Твардоўскіх, жонка Генрыка Скірмунта з Моладава[2], дзядзькі нованароджанага.
Скончыў тры класы Рыжскай гарадской гімназіі[3]. Але не атрымаў дыплому аб сярэдняй адукацыі, бо па волі бацькі Аляксандра, 15-ці гадовага Рамана забралі з гімназіі. Ён мусіў пераняць абавязкі кіравання маёнткам, каб у будучыні забяспечваць фінансава ўсю сям’ю[4]. Ніякіх універсітэтаў не скончыў[5].
Раман Скірмунт выступаў як адзін з ідэолагаў краёўцаў. У 1904 г. выдаў невялічкую брашурку «Голас мінуўшчыны і патрэба моманту. Становішча шляхты на Літве і Русі», дзе адзначаў кроўныя сувязі і адзінства паходжання шляхты ВКЛ і мясцовага сялянства[9].
Лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі на чале з Эдвардам Вайніловічам даручылі Раману Скірмунту стварыць «краёвую партыю». У лістападзе 1905 г. Раман надрукаваў у газеце «Kurier Litewski» зварот «Краёвай партыі Літвы і Русі» — фактычна праграму партыі, якая патрабавала ўвядзення ўсіх дэмакратычных свабодаў і найперш свабоды нацыянальнага жыцця і роўнасці нацыянальнасцей Заходняга края, краёвага самакіравання, падкрэслівала прынцып недатыкальнасці прыватнай уласнасці. Аднак працэс стварэння «краёвай партыі» зацягнуўся.
У 1906 г. Раман Скірмунт па пратэкцыі Эдварда Вайніловіча быў абраны дэпутатам (ад Мінскай губерні) у I Дзяржаўную Думы Расійскай Імперыі. У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных Раман Скірмунт запісаў сябе як «паляк»[11]. У дзяржаўнай Думе Скірмунт увайшоў у склад дэпутатацкай групоўкі «Краёвае кола Літвы і Русі» (ці «Дэпутацкае кола Літвы і Русі», «Група заходніх ускраін»), якая аб’ядналася з дэпутатамі ад польскіх губерняў (г.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага») і склалі ядро парламенцкай групы «Саюза аўтанамістаў». Газета «Nowy Kurier Litewski» (№ 104, 1917 г.)[12] надрукавала, што ў 1906 г. у адной з кулуарных размоў у Думе Раман Скірмунт назваў сябе адзін раз «беларусам»[12].
У I Дзяржаўнай Думе (1906) Раман Скірмунт, як і іншыя члены «Краёвага кола Літвы і Русі», выступаў у абарону права прыватнай уласнасці на зямлю і супраць адчужэння часткі прыватнаўласніцкіх зямель: ён выказаўся, што стварэнне (па прапанове расійскіх кадэтаў) дзяржаўнага фонду зямель не вырашыць справу павелічэння (ці ўмацавання) сялянскага землеўладання, бо фонд будзе толькі прапаноўваць сялянам карыстанне зямлёй, а не валоданне, і ў Заходнім краі, дзе пануе падворнае сялянскае землеўладанне, выкліча толькі непаразуменне і жах; выступіў за продаж фонду дзяржаўных зямель сялянам[13].
У 1906 г. Скірмунт паўтарыў зварот аб стварэнні «краёвай партыі», змяніўшы толькі назву партыі — «Краёвая партыя Белай Русі і Літвы». Ён спланаваў праект «краёвай партыі» як міжнацыянальны блок польскай, беларускай і літоўскай палітычных арганізацый.
17 чэрвеня1907 г. у Вільні адбыўся з’езд землеўладальнікаў шасці беларуска-літоўскіх губерняў, які нарэшце прыняў рашэнне пра стварэнне даўно аб’яўленай у прэсе «Краёвай партыі Літвы і Беларусі». Аднак сам Скірмунт не ўвайшоў у партыю, яго не задавальняла тое, што «краёвая партыя» ўзнікала як выключна «польская», а Скірмунт імкнуўся стварыць партыю, якая мела б тры фракцыі — польскую, літоўскую і беларускую. У выніку Краёвую партыю Літвы і Беларусі ўзначаліў сам галоўны лідар краёўцаў-кансерватараўЭдвард Вайніловіч.
З кастрычніка 1910 да студзеня 1911 г. быў сенатарам — дэпутатам Дзяржаўнага Савета Расійскай Імперыі ад Мінскай губерні, куды Скірмунт быў выбраны тэрмінам на тры гады ад Мінскай губерні па пратэкцыі Эдварда Вайніловіча. Уваходзіў у склад дэпутацкай групоўкі «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі. У афіцыйных анкетных дадзеных Раман Скірмунт запісаў сябе як «паляк» і пазначыў, што скончыў гімназію ў Рызе[15]. Аднак пры праверцы Раман Скірмунт не змог дакументальна пацвердзіць сваю заяву, што атрымаў гімназічную адукацыю[16]. А для заняцця пасады дэпутата Дзяржаўнага Савета Расійскай Імперыі трэба было паводле заканадаўства адпавядаць маёмаснаму і адукацыйнаму цэнзу — мінімум мець гімназічную адукацыю. У выніку ў студзені 1911 г. Скірмунт быў вымушаны пакінуць пасаду дэпутата Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, а замест Рамана Скірмунта ў 1911 г. у Санкт-Пецярбург даслужыць у 1911—1912 гг. трохгадовую кадэнцыю (1910—1912) паехаў Караль Незабытоўскі, які ў 1910 г. на выбарах дэпутатаў ад Мінскай губерні атрымаў другое месца пасля Рамана Скірмунта[17][18].
Уваходзіў у склад праўлення Віленскага зямельнага банка. З 1911 г. быў гласным Мінскага губернскага земства. З 1914 г. быў членам Мінскага губернскага камітэта Усерасійскага земскага саюза, у 1917 г. — загадчыкам Мінскага губернскага харчовага камітэта.
З 27 сакавіка па 10 ліпеня 1917 г. — старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску. У красавіку 1917 г. узначаліў беларускую дэлегацыю да Часовага ўрада Расіі (які кантраляваў цэнтральную і ўсходнюю тэрыторыі Беларусі разам з Мінскам) з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі.
Калі ў сувязі з выбарамі ва Устаноўчы сход Расіі быў створаны ў Мінску 8 кастрычніка 1917 г. Галоўны польскі выбарчы камітэт Мінскай акругі, Раман Скірмунт увайшоў у склад гэтага камітэта[14]. Удзельнічаў у Мінску ў выбарах дэпутатаў (ад Мінскай губерні) ва Устаноўчы сход Расіі як першы кандыдат ад спіса «Блок землеўласнікаў» Мінскай губерні (спіс № 3 — куды ўваходзілі разам землеўласнікі-беларусы, палякі і рускія) на мандат дэпутата, але мандата не атрымаў[14].
У другой палове кастрычніка 1917 г. Раман Скірмунт прыняў удзел у шэрагу нарад па справе каардынацыі дзеянняў і кансалідацыі розных беларускіх палітычных арганізацый і груп[19]. Вынікам нарад было стварэнне Вялікай беларускай рады, куды Раман Скірмунт увайшоў як член кіраўніцтва рады[19]. У лістападзе 1917 г. як член Вялікай Беларускай рады прыняў удзел у Беларускім з’ездзе павятовых рад Мінскай губерні[19].
Пасля Кастрычніцкага перавароту (1917) у Петраградзе, Раман Скірмунт быў сярод ініцыятараў рэзалюцыі Вялікай беларускай рады ў справе заключэння міру Расіі з Германіяй і злучэння разам усіх беларускіх зямель пад уладай Расіі[19]. Удзельнічаў у Першым Усебеларускім з’ездзе, які праходзіў 7—18 снежня (ст.ст.) 1917 г. у Мінску і быў выбраны ў склад рады з’езда, а таксама на з’ездзе быў своеасаблівым неафіцыйным прадстаўніком інтарэсаў мясцовых польскіх, беларускіх і рускіх палітычных арганізацый, прадстаўленых галоўным чынам землеўласнікамі і інтэлігенцыяй[19]. Вядома, што Скірмунт не ўвайшоў у склад выканаўчага камітэта рады Першага Усебеларускага з’езда[19].
Працаваў у міжнароднай камісіі Рады БНР, у лістападзе 1918 г. у складзе надзвычайнай беларускай дэлегацыі быў у Германіі і Швейцарыі з мэтай прызнання незалежнасці Беларусі. У польска-савецкую вайну 1920 г. імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж процілеглымі бакамі.
Адзін з заснавальнікаў Польска-беларускага таварыства ў Варшаве (1919). Выказваўся, як і Эдвард Вайніловіч, за стварэнне польска-беларускай федэрацыі.
У лістападзе 1920 г. падпісаў План-канспект нарады («Слуцкая акцыя») некаторых беларускіх сацыялістаў з прадстаўнікамі мясцовых землеўласнікаў па абмеркаванні сумесных дзеянняў супраць бальшавікоў, асноўныя палажэнні якога былі: вызваленне Беларусі і дасягненне яе незалежнасці; незалежнасць Беларусі здабываецца шляхам федэрацыі з Польшчай праз больш цесную яе сувязь з Сярэдняй Літвой; надзея толькі на ўласныя сілы, сілы краю, а значыць — палітыка праводзіцца ў духу выканання ўсіх пастулатаў насельніцтва; унутраныя непаразуменні паміж палітыкамі і іншымі слаямі насельніцтва павінны быць выключаны; нацыянальная роўнасць; дзяржаўнасць несумненна беларуская; апора на мясцовыя самаўрады; узбройванне ўсяго насельніцтва Беларусі і прыём у рэгулярнае беларускае войска добраахвотнікаў з Польшчы; радыкальная зямельная рэформа і яе рэкламаванне; пазбяганне рэквізіцый; дапамога ў забеспячэнні харчаваннем; законны ўрад, створаны Найвышэйшай Радай, — склад ураду: 50% беларусаў, 40% палякаў і 10% яўрэяў. Такі нацыянальны склад ураду і ўся сітуацыя — каб атрымаць гарантыі дапамогі ад Польшчы; апора на Польшчу, Сярэднюю Літву і Францыю — каб змагацца з бальшавікамі. Сярод іншых падпісантаў плана-канспекта былі: Альгерд Гардзялкоўскі, Чэслаў Урбанавіч Крупскі, Ігнат Антонавіч Парэмбскі, Абязерскі, Павел Якаўлевіч Жаўрыд, Андрэй Паўлавіч Якубецкі, Ражноўскі, Кузьма Юр’евіч Цярэшчанка, Лявон Іванавіч Дубейкаўскі, Аркадзь Антонавіч Смоліч, Антон Станіслававіч Неканда-Трэпка, Сяргей Іосіфавіч Баран[20]. Запланаваныя намеры не ажыццявіліся, а таксама правалілася вярбовачная кампанія Беларускай вайсковай камісіі (БВК) на Гарадзеншчыне ў склад беларускіх збройных аддзелаў[21].
У міжваеннай Польшчы (1921—1939)
Пасля няўдачы ўмацаваць дзяржаўнасць БНР ці стварыць польска-беларускую федэрацыю, прыняў польскае грамадзянства, адышоў, як і Эдвард Вайніловіч, ад палітыкі, займаўся гаспадаркай ва ўласным маёнтку Парэчча (у Палескім ваяводстве). Прысвяціў сябе літаратуразнаўству і займаў у 1923—1928 гг. выбарную пасаду суддзі Пінскага акруговага суда. У 1923—1927 гг. таксама быў старшынёй Палескага акруговага таварыства сельскай гаспадаркі (Пінск). Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці Палескага ваяводства. Займаўся краязнаўствам Палесся, прымаў удзел у стварэнні Палескага музея ў Пінску. Усяляк (у тым ліку ў друку) падтрымліваў ідэю міжнацыянальнай і міжканфесійнай талерантнасці ў краі.
Толькі пасля «майскага пераварота» (1926) у яго вярнулася цікавасць да палітыкі на агульнадзяржаўным узроўні: у 1929 г. Раман Скірмунт увайшоў у склад Рады Кансерватыўнай арганізацыі дзяржаўнай працы — грамадскага аб’яднання палітычнай групоўкі «віленскіх кансерватараў», а ў 1930 г. быў выбраны сенатарам (1930—1935) ад Палескага ваяводства, далучыўшыся да Беспартыйнага блока супрацоўнiцтва з урадам, які падтрымліваў палітыку Юзафа Пілсудскага. Скірмунт выступаў супраць паланізацыі беларускага насельніцтва.
Віленскія кансерватары (князь Яўстах Сапега і Станіслаў Мацкевіч (1896—1966)) таксама прынялі актыўны ўдзел у распрацоўцы новай канстытуцыі Другой Рэчы Паспалітай (прынятай 23 красавіка1935 г.). 28 жніўня1933 г. у Вільні ў будынку Віленскага зямельнага банка адбыўся сход, скліканы Кансерватыўнай арганізацыяй дзяржаўнай працы, на якім князь Яўстах Сапега (1881—1963), які яшчэ ў 1930 г. напісаў трактат «Канстытуцыя дзяржаўных інтарэсаў» («Konstytucja racji stanu»), зачытаў даклад аб юрыдычных рашэннях, прапануемых у новую канстытуцыю. Узначальваў і кіраваў сходам сенатар Раман Скірмунт.
У верасні 1939 года[22] мясцовае насельніцтва Піншчыны, якое падтрымлівала бальшавікоў, зрабіла фатальную памылку: выбегла сустракаць з чырвонымі транспарантамі цягнік, поўны польскіх жаўнераў. Раман Скірмунт упаў перад апошнімі на калені, каб тыя не каралі мужыкоў[23].
Артыкул у газеце «Słowo» (№259, 1930 г.) аб кандыдаце ў Сенат Польшчы Рамане Скірмунце.
Сенатар Раман Скірмунт. Фота раней 1935 г.
Сенатар Раман Скірмунт. Фота раней 1935 г.
Раман Скірмунт (чацвёрты справа) на прыёме ў Ігнацыя Масціцкага.
Сенатар Раман Скірмунт (высокі стары мужчына на пярэднім плане злева). Фота раней 1935 г.
Маёнткі і маёмасць
У 1876 г. бацька Рамана Скірмунта Аляксандр Скірмунт валодаў маёнткам Парэчча ў Пінскім павеце Мінскай губерні, дзе мелася 5193 дзесяціны зямлі, цукровая фабрыка, суконная фабрыка і дзве карчмы. Пасля смерці Аляксандра Скірмунта маёнтак Парэчча (з фабрыкамі і вінакурнямі) перайшоў у валоданне яго сына Рамана і ў 1911 г. налічваў 6030 дзесяцін зямлі[24]. Раман Скірмунт валодаў таксама нерухомасцю ў Мінску і Маскве.
У ходзе Першай сусветнай вайны палац у Парэччы і яго зборы ацалелі, але будынкі фабрык і фальваркі, абрабаваныя немцамі, былі зруйнаваны ваеннымі дзеяннямі. У міжваеннай Польшчы матэрыяльнае становішча Рамана Скірмунта (разам з якім у палацы жылі яго сястра Гелена і яе муж Баляслаў Скірмунт) было цяжкім, таму Скірмунту не ўдалося аднавіць былую эканамічную магутнасць маёнтка і аднавіць многія пабудовы. Некаторыя ацалелыя будынкі былі ім перароблены для гаспадарчых мэт. Аднак пры гэтым Раман Скірмунт рэгулярна дапамагаў парэцкім сялянам, у тым ліку перадачай ім кавалкаў зямлі ў падарунак. Паводле апытання гісторыка Аляксандра Смалянчука, успаміны сялян малююць станоўчы вобраз маянткоўца, які добра ставіўся да сялян: «З сваёй абслугай і сялянамі Раман гутарыў толькі па-беларуску. Сяляне казалі: „Ён наш пан, ён навет па-нашаму гаворыць“. … Апрача ўсяго ён быў людзяным. Ён быў добрым для сваёй абслугі й не адной пажылай сялянскай асобе памог тым, што сваёй абслугай прывёз, парэзаў і парубаў дровы зімою, або вясной падсыпаў зярна ў іхнюю засеку. Не толькі абслуга маёнтку, але й навакольныя сяляне спаміналі Рамана Скірмунта адно добрым словам»[25].
Палац у Парэччы — маёнтак Рамана Скірмунта. Фота каля 1915 г.
Палац у Парэччы — маёнтак Рамана Скірмунта. Фота каля 1915 г.
Палац у Парэччы (від ззаду — на Ясельду) — маёнтак Рамана Скірмунта. Фота каля 1915 г.
Пляц каля палаца ў Парэччы — маёнтак Рамана Скірмунта. Фота каля 1915 г.
Вінакурня ў Парэччы — маёнтак Рамана Скірмунта. Фота каля 1915 г.
Гаспадарчая пабудова ў Парэччы — маёнтак Рамана Скірмунта. Фота каля 1915 г.
Парк у Парэччы — маёнтак Рамана Скірмунта. Фота каля 1915 г.
Парк у Парэччы — маёнтак Рамана Скірмунта. Фота каля 1915 г.
Сям’я
За сваё жыццё ніколі не жаніўся і не меў афіцыйных дзяцей.
Паводле апытання мясцовых жыхароў, зробленага гісторыкам Аляксандрам Смалянчуком, Раман Скірмунт (яшчэ да 1912 г.) меў каханку з ліку сельскіх работніц свайго маёнтка, якую звалі Кацярына Цярэшка (Цярэшчанка). Кацярына, якая была ўдавой, з пачатку 1920-х гг. пастаянна пражывала ў палацы ў маёнтку Парэчча. Паводле сведчанняў вяскоўцаў, Раман Скірмунт меў ад Кацярыны чатырох пазашлюбных дзяцей: Аляксандр (Олесь), Раман, Уладзіслаў і Пётр (Петрусь). Усе дзеці атрымалі адукацыю, жылі і працавалі ў маёнтку Рамана Скірмунта. Вядома, што Олесь памёр яшчэ ў 1930-ыя, Раман быў арыштаваны НКВД і загінуў у Сібіры, Петрусь з’ехаў у Польшчу, а лёс Уладзіслава невядомы[26].
Смерць і пахаванне
Атрымаўшы звесткі пра напад СССР, Раман Скірмунт з сястрой Аленай і яе мужам Баляславам Скірмунтам выехалі з Парэчча ў Пінск. Вечарам 20 верасня 1939 г. у горад увайшлі часткі Чырвонай арміі. У наступныя дні адбыліся масавыя арышты «класава чужога элементу». Былі арыштаваныя таксама Скірмунты. Але ў турме яны прабылі толькі суткі. Пасля допыту і запісу асабістых дадзеных іх, як і большасць іншых арыштантаў, выпусцілі на свабоду. Пад канец верасня Раман і Баляслаў Скірмунты вырашылі вярнуцца ў Парэчча.
Як згадвае айцец Мікалай (Мацукевіч), у вераснёўскую суматоху пасля заняцця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі ў 1939 годзе Раман Скірмунт хаваўся ў свайго сябра, селяніна Рамана Баранчука ў вёсцы Парэчча. Але камуністы знайшлі яго й вывелі за Ясельду ў Коранскі лес[27].
Раніцай 6 кастрычніка Скірмунтаў арыштавалі ўзброеныя «камітэтчыкі» і памясцілі ў карцар былой управы гміны, якая стала сядзібай камітэта. Раніцай наступнага дня арыштаваных пасадзілі на воз і заявілі, што павязуць у Пінск на допыт. Але спачатку агульны сход вяскоўцаў павінен быў стаць «народным судом» над памешчыкам. Марыя Нікалайчык (1920 г. нар.) распавяла, што людзі плакалі, а Скірмунт сказаў: «Я з вамы прошчаюса назаўжды. Спадзяюся, што нікому не зрабіў кепскага»[28].
Раман Скірмунт быў забіты мясцовымі жыхарамі[29] на загад савецкага камісара Холадава[30]. Старшыня сельсавета загадаў адвесці яго і ягонага швагра Баляслава Скірмунта ў Пінск. Не даходзячы да горада, у лесе, іх спынілі, далі ў рукі рыдлёўкі ды загадалі капаць сабе магілы. Раман Скірмунт, якому на той момант споўніўся 71 год, абапёрся аб дрэва і сказаў: «Я не заслужыў, каб сабе самому капаць магілу». Абодвух, расстраляўшы, скінулі ў яму, нават добра не прысыпаўшы[23]. Прыгадвалі, што перад смерцю Раману Скірмунту загадалі адвярнуцца ад забойцаў. Ён адмовіўся: «Я ад людзей ніколі не адварочваўся».
Каб супакоіць народ некалькі чалавек, што бралі ўдзел у забойстве Рамана Скірмунта, энкавэдысты арыштавалі і вывезлі ў Сібір. Вясной 1940 года пастухі, якія пасвілі кароў у Коранскім лесе, знайшлі цела Рамана Скірмунта ды паведамілі ўладам пра знаходку. Раман Баранчук збіў з дошак труну свайму былому прыяцелю. Калі цела Рамана Скірмунта везлі праз вёску Парэчча, сяляне высыпалі на вуліцу, каб аддаць апошнюю пашану свайму пану. Энкавэдысты, вярхом на конях, праводзілі цела і тайна пахавалі Рамана Скірмунта ў ягоным родным маёнтку Парэчча[27].
Памяць
«Палітыцы ён быў адданы целам і душой, не шкадаваў для яе ні фізічных, ні маральных прац. Чалавек, бясспрэчна, з вялікай духовай культурай, шырокім светапоглядам, Скірмунт належаў у тыя часы да групы тых рэдкіх абшарнікаў Беларусі, для каторых беларускі селянін быў бліжэй за селяніна… Выступы Скірмунта на беларускіх зборах вылучаліся і ўтрыманнем і формай. Яны былі заўсёды высокапатрыятычныя, зыходзячы з беларускага пункту гледжання і нават проста рэвалюцыйныя, што выклікала ў прысутных буру захапленняў», — пісаў рэлігійны дзеяч Беларусі Вінцэнт Гадлеўскі.
[1](руск.).
У 1990-я гады ў парэцкім парку быў пастаўлены помнік Скірмунтам — жалезны крыж з надпісам па-польску. Ужо ў ХХІ стагоддзі паблізу першага крыжа на меркаванай магіле Скірмунтаў з’явіўся драўляны крыж з надпісам па-беларуску[28]
У 2009 годзе ў Івацэвічах у грэка-каталіцкай парафіі іконы Маці Божай Жыровіцкай усталявалі мэмарыяльную дошку ў гонар Рамана Скірмунта.[31]
Творы
«Nowe hasła w sprawie odrodzenia narodowości litewskiej», Львоў, 1904 г. («Новыя лозунгі ў справе адраджэння літоўскага народа»)
Богданович, Е. Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.) / Е. Г. Богданович // Гуманітарна-эканамічны веснік. — 1996. — № 1. — С. 9—15.
Бородин, А. П.Скирмунт Роман АлександровичАрхівавана 4 сакавіка 2016. / А. П. Бородин, Н. Д. Постников // Государственная Дума России: Энциклопедия: в 2-х т. — Москва : РОССПЭН, 2006. — Т.1. Государственная Дума Российской империи (1906—1917 гг.).
Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в. : Очерки / В. Н. Бусько; науч. ред. М. В. Научитель ; АН БССР, Ин-т экономики. — Минск : Навука і тэхніка, 1990. — 144 с.
Грыцкевіч, А. Беларуская шляхта / А. Грыцкевіч // Спадчына. — 1993. № 1. — С. 11—16.
Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / Нав. рэд. С. Рудовіч; пер. з польск. А. Пілецкі. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — 496 с.
Раюк, А.Р.Узнікненне і заняпад Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907–1908)Архівавана 3 сакавіка 2022. / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 4 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2021. — Вып. 21. — Ч. 2. — С. 201—209.
Раюк, А.Р.Беларускі палітычны кансерватызм канца XIX – пачатку XX ст.Архівавана 3 сакавіка 2022. / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2020. — Вып. 20. — Ч. 2. — С. 178—184.
Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2023. — Вып. 23. — Ч. 1. — С. 339—346.
Смалянчук, А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі // Спадчына. — 1994. — № 6.
Смалянчук, А. Раман Скірмунт. Страчаны шанс БНР // Наша гісторыя, № 1, 2019, с.28-31. ISBN 2617—2305
Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с.
Списки лиц, владеющих в Минской губернии имуществом и имеющих право участвовать в земских избирательных собраниях для выбора гласных на трехлетие с 1911 г. — Минск: Минская губ. типография, 1911.
Список землевладельцев Минской губернии за 1876 год / Изд. Минск. губернск. статист. комитета. — Минск: Тип. губ. правления, 1877. — 187 с.
Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам. па курсу «Гісторыя Беларусі» / М. Я. Сяменчык; Беларус. дзярж. пед. ун-т. — Мінск, 1994. — 112 с.
Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s.
Jurkowski, R. Ziemiaństwo polskie Kresów Północno-Wschodnich 1864—1904. Działalność społeczno-gospodarcza / R. Jurkowski. — Warszawa : Przegląd Wschodni, 2001. — 606 s.
Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925) / H. Korwin-Milewski. — Poznań : 1930, Jan Jachowski. — 600 s.
Piber, A. Niezabytowski Karol Stanisław / A. Piber // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław etc. : Ossolineum, 1978. — Tom XXIII : Niemirycz Władysław — Olszak Wacław. — S. 105—107.
Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s.
Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.