Папулярнасць рому ў амерыканскіх калоніях тлумачыцца надзвычайнай таннасцю яго вытворчасці ў параўнанні з алкагольнымі напоямі са збожжа і вінаграду. Ром у вялікай колькасці ўжывалі каланісты, маракі і піраты. Яго выдавалі замест заробку, а таксама ім стымулявалі працу рабоў. У Афрыцы каланіяльныя гандляры абменьвалі ром на золата і рабоў.
У 1687—1970 гг. на брытанскімфлоце дзейнічала правіла выдаваць матросам штодзень каля 230 г. рому. Гэтая традыцыя часткова захавалася на канадскім флоце. У XVIII ст. у паўночнаамерыканскіх калоніях Вялікабрытаніі квітнела кантрабанда сыравінай для вытворчасці рому з французскіх калоній. Некаторыя гісторыкі лічаць, што спроба ўлад спыніць незаконны гандаль у 1764 г. прадвызначыла будучую Амерыканскую рэвалюцыю. Падлічана, што незадоўга да рэвалюцыі амерыканцы штогод выпівалі 14 літраў рому на душу насельніцтва.
Такім чынам ром трывала ўвайшоў у паўсядзённую культуру многіх краін Вест-Індыі, Лацінскай Амерыкі і паўднёвых штатаў ЗША. Значна пазней яго вытворчасць наладзілі на поўдні Афрыкі, у Аўстраліі, Індыі і г. д. У Еўропе ром успрымаўся як танны напой для каланістаў і маракоў і да сярэдзіны XIX ст. фактычна не меў папулярнасці. Толькі паляпшэнне працэсу вытворчасці ў французскіх і іспанскіх калоніях спрыяла паступоваму асваенню еўрапейскага рынку.
У Беларусі вытворчасць сапраўднага рому з кубінскай сыравіны была распачата толькі ў 2011 г.
Вытворчасць і гатункі
Сыравінай для вырабу рому з’яўляюцца сокцукровага трыснягу або цукровая патака і меласа, якія застаюцца пасля вытворчасці цукру. Выраб рому з соку асабліва характэрны для франкамоўных краін Вест-Індыі, таму французскі ром звычайна даражэйшы, чым з іншых краін. Сыравіну вараць, пакуль яна не ператвараецца ў сіроп. У працэсе фарміруюцца крышталікі цукру, якія выдаляюць шляхам мяшання і сцэджвання або фільтрацыі. У атрыманую масу дадаюць дрожджы і ваду, пасля чаго даюць час для ферментацыі. Канчатковым этапам вытворчасці з’яўляецца перагонка ў традыцыйных медных перагонных апаратах або рэктыфікацыйных калонах.
Многія вытворцы пасля перагонкі трымаюць ром у дубовых бочках. Лічыцца, што такім чынам ён набывае асаблівы смак, набліжаны да віскі. Ром з дубовых бочак мае цёмны або залаты колер. У адрозненні ад празрыстага рому, які часцяком дадаюць у кактэйлі, гэтыя гатункі ўжываюць толькі як самастойны напой. Але цёмны колер рому таксама дасягаецца іншымі шляхамі — дамешкамі меласы (характэрна для Барбадаса і Ямайкі), мёду (Канарскія астравы), розных спецый (краіны Азіі) і г. д.
Утрыманне алкаголю ў гатовым напоі, яго смак, водар і спосаб ужывання вельмі адрозніваюцца ў залежнасці ад краіны, дзе ён быў выраблены.