Зэ́льва[2] (трансліт.: Zeĺva; руск.: Зельва) — гарадскі пасёлак у Гродзенскай вобласці Беларусі, цэнтр Зэльвенскага раёна, на р. Зэльвянка. За 132 км на паўднёвы ўсход ад Гродна; чыгуначная станцыя на лініі Ваўкавыск — Баранавічы. Насельніцтва 6 795 чал. (2017)[3].
Назва Зэльвы паходзіць ад імя ракі Зэльвянкі, на якой размешчана паселішча. У Іпацьеўскім летапісе рака названа Зелевя («по Зелеви»), у крыніцах XVI ст. — Зельва, Зельвея, пазней пачала ўжывацца цяперашняя форма назвы Зэльвянка.
Назва балцка-яцвяжскага паходжання, звязаная з літоўскім žalvas «зеленаваты»[4].
У Літве аналагі — гідронімы Želva, Želvis, Zelva, Zelvė. Дзве апошнія назвы — возера і рака каля Еўя, узніклі пад уплывам яцвягаў[5], бо ў яцвяжскай мове, як і ў іншай заходнябалцкай мове — прускай, быў пераход ž > z. Яцвяжскае гучанне назвы аднаўляецца як *Zelvō (Зелво)[6].
Назву Зэльвы ставяць у адзін шэраг з такімі гідронімамі на левабярэжжы Нёмана, як *Zeita (назва возера, што дала назву ракі Zietela, ад якой праз некалькі этапаў трансфармацыі ўзнікла назва мястэчка Дзятлава)[7] і Свіцязь (мясцовыя літоўскамоўныя аўтахтоны ўжывалі назву Svitožis)[8]. Па-літоўску (па-ўсходнябалцку) гэтыя тры назвы мелі б карані Želv-, Žiet-, Švit- (заходнябалцкім мовам таксама быў уласцівы пераход š > s).
Назва Зэльвы з’яўляецца гідранімічнай спадчынай яцвягаў, у якую, апроч згаданых водных назваў, улучаюць таксама назвы рэк Ясельда, Грыўда, Саколда, Голда, Нёўда, Сёгда, у якіх другі складнік паходзіць ад яцвяжскага *udā «вада, рака»[9].
Паселішча вядома з 1470 года як сяло Вялікая Зэльва, належала М. Нацэвічу. З 1477 года вядомы суседні маёнтак Малая Зэльва.
З XVI стагоддзя Вялікая і Малая Зэльва знаходзіліся ва ўласнасці Вішнеўскіх, Ільінічаў, Забярэзінскіх, Зяновічаў, Камароўскіх і інш. З першай паловы XVII стагоддзя — уладанне Сапегаў.
З 1524 года Вялікая Зэльва (з XVI стагоддзя ў крыніцах проста Зэльва) — мястэчка Ваўкавыскага павета.
У 1643 годзе К. Сапега прымаў тут караля польскага і вялікага князя літоўскага Уладзіслава Вазу.
У 1721 годзе каралём Аўгустам Моцным Зэльве дадзены прывілей на торг і кірмашы (гл. Ганненскі (Зэльвенскі) кірмаш).
У 1739 годзе ў мястэчку заснаваная рэзідэнцыя ордэна піяраў.
З 1795 года — у Расійскай імперыі, цэнтр воласці Ваўкавыскага павета.
У 1831 годзе Зэльва за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830—1831 гадоў канфіскаваная.
У XX стагоддзі Малая Зэльва ўвайшла ў межы Зэльвы.
З 1921 года ў складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Ваўкавыскім павеце Беластоцкага ваяводства.
З 1939 года ў БССР, з 1940 года — гарадскі пасёлак, цэнтр Зэльвенскага раёна.
У 1962—1966 гадах — у Ваўкавыскім раёне, з 1966 года — цэнтр Зэльвенскага раёна.
Прадпрыемствы харчовай, лёгкай і будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Гасцініца. На беразе Зэльвенскага вадасховішча турыстычная сядзіба «Лаўрыновічы» (за 5 км ад Зэльвы). Зэльвенская ГЭС.