Масты́[3] (трансліт.: Masty) — горад у Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мастоўскага раёна, на Нёмане пры ўпадзенні ў яго Зэльвянкі. За 60 км на паўднёвы ўсход ад Гродна. Вузел чыгунак і аўтадарог на Гродна, Ліду, Ваўкавыск. Насельніцтва 14 683 чал. (2023).
Упершыню згадваецца ў 1486 годзе як мястэчка, цэнтр воласці Гарадзенскага павета Вялікага Княства Літоўскага. У 1561 годзе тут былі 9 вуліц па абодвух берагах Нёмана, прыстань і паром. Пасля 1589 года валасны цэнтр Гродзенскай эканоміі. Паводле грамат 1601, 1633, 1653 і 1677 гадоў каралёў Рэчы Паспалітай яго жыхары атрымалі некаторыя прывілеі па магдэбургскім праве, з 1633 года тут праводзіліся штотыднёвыя таргі і 2 кірмашы ў год.
З 1795 года ў складзе Расійскай імперыі, мястэчка Гродзенскага павета.
У Першую сусветную вайну акупаваны германскімі войскамі, якія знаходзіліся тут да канца 1918 года. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б)Б у складзе БССР, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. 14 лютага 1919 года ў Мастах адбыліся сутыкненні паміж польскімі і бальшавіцкімі ўзброенымі фарміраваннямі, некаторымі гісторыкамі гэтыя падзеі апісваюцца як пачатак польска-савецкай вайны[4] (1919—1921).
Паводле Рыжскага міру з 1921 года Масты ў складзе Польскай Рэспублікі, цэнтр гміны Гродзенскага павета.
З 1939 года ў БССР, з 1940 года рабочы пасёлак, цэнтр Мастоўскага раёна. З 1949 года гарадскі пасёлак, з 1955 года — горад.
Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай (ААТ «Мастоўдрэў»), лёгкай і харчовай прамысловасці. Гасцініца «Масты». У ваколіцах горада зона адпачынку рэспубліканскага значэння «Масты».