Беларуская літаратура

Псалтыр Ф. Скарыны (1517)

Беларуская літаратура — літаратура на беларускай мове і іншых мовах, створаная на землях Беларусі.

Гісторыя

Да XVI ст.

Першы аркуш Статута ВКЛ (1529)

Зараджэнне літаратуры на беларускіх землях выклікана надзённымі патрэбамі культурна-гістарычнага развіцця і непасрэдна звязана са з’яўленнем у Х ст. ва ўсходніх славян пісьменства, чаму спрыяла і прыняцце хрысціянства. Яна абапіралася на багатыя традыцыі фальклору, грэка-візантыйскай літаратуры і спачатку развівалася ў цеснай сувязі з літаратурай Кіеўскай Русі.

На Беларусі ў эпоху сярэднявечча бытавалі ўсе асноўныя віды, жанры і творы старажытнай літаратуры, якая вызначалася сур’ёзнасцю зместу, значнасцю тэм, праблем і герояў, высокай ідэйнасцю, сінкрэтызмам, з перавагай твораў царкоўна-рэлігійнага характару. Найбуйнейшымі цэнтрамі пісьменства былі Полацк і Смаленск, дзе перапісваліся розныя творы богаслужэбнага прызначэння, узніклі шматлікія помнікі дзелавой літаратуры, свецкай і клерыкальнай (граматы, пасланні, словы і інш.), вяліся мясцовыя летапісы, складзены арыгінальныя жыціі Ефрасінні Полацкай і Аўрамія Смаленскага. У Тураве вырас і тварыў славуты майстар аратарскай прозы Кірыла Тураўскі (ХІІ ст.). Развіццю пісьменства і літаратуры ў XII—XV ст. садзейнічалі палітычнае аб’яднанне беларускіх зямель у ВКЛ і завяршэнне фарміравання беларускай народнасці са сваёй адметнай культурай.

Росквіт беларускай літаратуры наступіў у XVI ст.. Старабеларуская мова была афіцыйнай мовай Вялікага княства Літоўскага (Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 г., палемічная рэлігійная літаратура).

У гэты перыяд актыўна развівалася дзелавое пісьменства, з’явіліся пераклады твораў зарубежнай літаратуры на беларускую мову. 3 Беларуссю звязаны найбольш плённы перыяд жыцця і творчай дзейнасці балгарскага пісьменніка Цамблака Грыгорыя. У 1-й пал. XV ст. зарадзілася агульнадзяржаўнае летапісанне, у якім творча выкарыстаны старажытна-рускія літаратурныя традыцыі. Першыя беларуска-літоўскія летапісныя помнікі («Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» і Беларуска-літоўскі летапіс, 1446) адлюстравалі выдатную ролю літоўска-беларускай дзяржавы ў тагачаснай Еўропе і сталі здабыткам беларускай гістарычнай прозы. Важныя культурна-гістарычныя зрухі ў жыцці беларускага грамадства, рост духоўных запатрабаванняў, зараджэнне рэнесансавага гуманізму, пашырэнне сувязей з перадавымі краінамі Еўропы, узнікненне кнігадрукавання і іншыя фактары спрыялі развіццю беларускай літаратуры ў XVI ст.

Літаратурныя жанры ў мінулым мелі пераважна службова-прыкладны, дзелавы ўжытак. Мастацкі вымысел не быў асноўным прынцыпам адлюстравання рэчаіснасці, таму даўняя літаратура вызначаецца своеасаблівым гістарызмам. Асновай зместаў многіх твораў служылі рэальныя гістарычныя асобы і падзеі. Творы некаторых жанраў (хаджэнні, летапісы і хронікі, дзённікі і мемуары) мелі выразную гісторыка-дакументальную аснову. Каштоўныя звесткі пра свой час меліся і ў помніках агіяграфіі (жыціі), гістарычных аповесцях і паэмах («Слова пра паход Ігаравы», «Сказанне пра Мамаева пабоішча»), хранографах і інш. Спалучэнне дакладнага гістарычнага факта і літаратурнага вымыслу, сінтэз дакументальна-дзелавога і вобразна-мастацкага апісання рэчаіснасці надавалі творам тагачаснага пісьменства сінкрэтычны характар.

З пачатку XVI ст. беларускія кнігі сталі друкавацца. У эпоху Адраджэння высокай дасканаласці дасягнула беларуская літаратурная мова, створаны выдатныя помнікі прававой думкі беларускага і літоўскага народаў (Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588), з’явіліся новыя віды і жанры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гісторыка-мемуарная проза, драматургія), склалася плеяда таленавітых літаратараў, узмацніліся працэсы секулярызацыі і гуманізацыі літаратуры. Этапнае значэнне ў гісторыі беларускай літаратуры мела шматгранная творчая дзейнасць асветніка-гуманіста, першадрукара, пісьменніка і перакладчыка Ф. Скарыны. Першая друкаваная кніга на беларускай мове — «Псалтыр» — надрукаваная ім у Празе ў 1517. Гэта была першая кніга, надрукаваная на мове ўсходнеславянскай групы. Францыск Скарына стаў заснавальнікам новага, гуманістычнага тыпу перакладу ва Усходняй Еўропе, пачынальнікам беларускага вершаскладання, аўтарам змястоўных і дасканалых прадмоў, у якіх вытокі беларускай філалагічнай навукі і літаратурнай крытыкі. Першую рэнесансавую паэму аб роднай зямлі «Песня пра зубра» склаў на лацінскай мове М. Гусоўскі. У беларускім летапісанні XVI ст. ўзмацніліся ідэі дзяржаўнага патрыятызму, пагадовы дакументальна-дзелавы выклад падзей стаў спалучацца з жывым, займальна-белетрыстычным іх апісаннем, а нацыянальная гісторыя стала падавацца як самабытная і самацэнная з’ява. Найбольш поўна і літаратурна дасканала яна выкладзена ў «Хроніцы Быхаўца», апошнім агульнадзяржаўным летапісным зводзе, прысвечаным гістарчнай мінуўшчыне Літвы і Беларусі ад легендарных часоў да пач. XVI ст. Праблемы лёсу Радзімы, удасканалення чалавека і грамадства былі галоўнымі ў літаратуры эпохі Скарыны.

У перыяд позняга Адраджэння (2-я пал. XVI ст.) беларуская літаратура развівалася пад уплывам ідэй пратэстантызму і рэлігійнага вальнадумства. Рэфармацыйная публіцыстыка значна ўзбагаціла яе тэматыку і праблематыку. Публіцыст і перакладчык, адзін з заснавальнікаў філалагічнай крытыкі Бібліі ў Еўропе С. Будны выдаў у Нясвіжы «Катэхізіс» (1562) — першую друкаваную кнігу на тэрыторыі сучаснай Беларусі; палеміст А. Волан стварыў больш за 20 публіцыстычных твораў на лацінскай і польскай мовах; абаронца роднага слова В. Цяпінскі першы пераклаў Евангелле на беларускую мову. Найбольш значным прадстаўніком свецкай аратарскай прозы быў Л. Сапега. Сярод тагачасных паэтаў вылучаўся А. Рымша, які пісаў свае творы (эпіграмы, гістарычныя паэмы) на беларускай і польскай мовах. Важнае значэнне мелі пераклады на беларускую мову выдатных твораў сусветнай літаратуры: кніг Бібліі, гістарычных аповесцей і рыцарскіх раманаў (пра Аляксандра Македонскага, Траянскую вайну, Атылу, Трыстана), зборнікаў навел і інш.

Канец XVI — сярэдзіна XVIII ст.

Складаным і разнастайным было культурнае і літаратурнае жыццё на Беларусі ў эпоху барока (канец XVI — сярэдзіна XVIII ст.). У літаратуры, якая стала шматмоўнай, адбываўся працэс пераходу ад старой эстэтычнай сістэмы да новай, абнаўляліся і трансфармаваліся жанры, узбагачаліся выяўленчыя сродкі і стылі, змяняліся прынцыпы адлюстравання жыцця і чалавека, з’явіўся новы герой — прадстаўнік простага народа (селянін, рамеснік). Новыя грамадска-палітычныя ўмовы (Люблінская унія 1569 і Брэсцкая унія 1596, контррэфармацыя) выклікалі ўздым палемічнай літаратуры, разнастайнай у ідэйна-тэматычным і жанрава-стылёвым плане. Самымі вядомымі яе прадстаўнікамі былі І. Пацей, Я. Карповіч, М. Сматрыцкі, А. Філіповіч. Росквіт кнігадрукавання спрыяў пашырэнню жанру прадмоў. 3 узнікненнем школьнага тэатра зарадзілася драматургія (драмы, інтэрмедыі). Актыўна развівалася кніжная паэзія. Сярод малых вершаваных формаў найбольш пашыраным быў жанр эпікграмы. Яркі ўзор беларускай грамадзянскай лірыкі пакінуў Я. К. Пашкевіч (верш «Польска квітнет лацінаю»). Працягвала развівацца паэма, найбольш значная — «Лямант на смерць Лявона Карповіча» — створана ў 1620 невядомым аўтарам на беларускай мове. Прыкметны ўклад у развіццё беларускай кніжнай паэзіі зрабіў паэт XVII ст. Сімяон Полацкі.

У XVI і XVII ст. пад уплывам польскай культуры з’явілася сілабічная паэзія барока і драматычная школа. Важныя змены перажывала гістарычная проза. Агульнадзяржаўнае летапісанне занепадае, але пачынаюць складацца мясцовыя летапісы. Самы значны з іх Баркулабаўскі летапіс адметны сваім дэмакратычным характарам. У сувязі з ростам асобаснага пачатку ў літаратуры ўзнікаюць сямейныя хронікі, дыярыушы (дзённікі), падарожныя запісы і іншыя творы мемуарнага жанру (Ф. Еўлашоўскага, М. К. Радзівіла, С. і Б. Маскевічаў).

Нягледзячы на паступовае ўзмацненне ў даўняй беларускай літаратуры мастацка-выяўленчага пачатку, белетрыстычнасці, яна ў цэлым захоўвала цесную сувязь з жыццём і таму з’яўляецца неацэннай крыніцай пазнання гістарычнай мінуўшчыны. Своеасаблівым тыпам нацыянальнай гісторыі ў кантэксце сусветнай былі хранографы («Вялікая хроніка»), у якіх у выніку белетрызацыі гістарычнага апавядання адбываўся пераход ад традыцыйнага, дакументальна-дзелавога апісання мінулага да ўласна мастацкай гістарычнай прозы. Працэс разбурэння ў літаратуры сярэдневяковага сінкрэтызму, алітаратурвання дзелавых жанраў, яе далейшая секулярызацыя і дэмакратызацыя засведчылі з’яўленне твораў гумарыстычнага і парадыйна-сатырычнага характару («Прамова Мялешкі»[1], «Ліст да Абуховіча», «Прамова Русіна», «Другая прамова Русіна аб нараджэнні Хрыста»).

Гэта тэндэнцыя ўзмацнілася ў перыяд позняга барока (2-я пал. XVII — 1-я пал. XVIII ст.). Узніклі гумарыстычная паэзія і песенна-інтымная лірыка, новыя творы парадыйна-сатырычнай прозы і драматургіі. Летапісы перасталі быць ананімнымі і часам набывалі рысы гісторыка-мемуарнай прозы, падзеі і героі падаваліся ў іх больш жыва і рэалістычна, набліжана да гістарычнай рэчаіснасці (Магілёўская хроніка Т. Сурты і Ю. Трубніцкага). Зварот да рэальнага жыцця народа, да фальклорных вытокаў і жывой гутарковай мовы садзейнічаў працэсу пераходу ад старой эстэтычнай сістэмы да новай, які ўскладніўся і зацягнуўся ў сувязі з неспрыяльнымі культурна-гістарычнымі ўмовамі. I хоць друкарні выдавалі пераважна царкоўна-рэлігійную літаратур, працягвалі бытаваць творы папярэдніх эпох, а часам ствараліся і новыя ў старых літаратурных традыцыях (напр., Віцебскі летапіс), гэты працэс стаў ужо незваротны.

Творчыя здабыткі беларускай літаратуры, як і ўсёй беларускай культуры эпохі Адраджэння і барока, настолькі багатыя, а ўзровень яе развіцця настолькі высокі, што дало ёй магчымасць уплываць на суседнія краіны, асабліва Расію, а Беларусі выконваць у XVI—XVII ст. місію пасрэдніка ў літаратурных і культурных сувязях паміж еўрапейскім Захадам і Усходам. Аднак у XVIII ст. з прычыны прыгнёту народа і звода пласта беларускамоўнай інтэлігенцыі беларуская літаратура прыйшла ў заняпад.

Канец XVIII—XIX ст.

Нарастанне адраджэнскіх тэндэнцый уласна беларускай літаратуры пачалося з сярэдзіны XVIII ст., калі ў культурным жыцці шырока замацавалася польская пісьмовая традыцыя. Адрыў беларускае пісьменства ад старабеларускай кніжнай мовы і зварот да народна-гутарковых пластоў здзяйсняліся найперш (як дапускала эстэтыка класіцызму) у «нізкіх» драматургічных жанрах — у польска-беларускіх інтэрмедыях, у двухмоўнай «Камедыі» К. Марашэўскага і ў «Доктары па прымусу» М. Цяцерскага. Білінгвістычная традыцыя, якая склалася ў пераходны перыяд і аб’ектыўна не давала выпасці беларускаму слову з пісьмовай традыцыі, перайшла і ў ХІХ ст. (вершаваная мініяцюра І. Легатовіча «Скажы, вяльможны пане…», 1838; фарс-вадэвіль В. Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка», 1846). Аўтарская двухмоўнасць Я. Баршчэўскага, Я. Чачота, А. Рыпінскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Сыракомлі, А. Вярыгі-Дарэўскага, А. Плуга, В. Каратынскага і інш. утварала двухадзінства беларускай і польскай моўных плыняў у творчым працэсе, які вёў да адраджэння ўласна беларускай літаратуры.

Новая беларуская літаратура развівалася ў двух сустрэчных кірунках: з аднаго боку, у сялянскім асяроддзі, якое зберагала фальклор і мову продкаў, з’яўляліся паэты (П. Багрым) і літаратурныя творы, пераважна ананімныя («Віншаванне бондара Савасцея», «Імяніннае віншаванне», «Вясна гола перапала» і інш.), а з другога — польскамоўныя аўтары, ураджэнцы Беларусі (у т.л. А. Міцкевіч), якія, выкарыстоўваючы фальклор і звяртаючыся да гістарычных праблем народнага жыцця, імкнуліся, каб іх творы траплялі пад «саламяныя стрэхі». Гэта зрабіла натуральным беларуска-польскае моўна-літаратурнае суіснаванне пад вокладкамі аднаго выдання ў кнігах В. Дуніна-Марцінкевіча «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны» (1855), «Цікава? — Прачытай» (1856), «Дудар беларускі» (1857), у якіх беларускаму слову адводзілася вядучая роля ў мастацкім і маральна-этычным планах.

Аднаўленне беларускамоўнай літаратуры апасродкавана вызначалася гістарычна-палітітчнымі падзеямі: далучэнем беларускіх зямель да Расійскай імперыі ў вынку падзелаў Рэчы Паспалітай і нацыянальна-вызвольным рухам, вяршынямі якога былі паўстанні 1794, 1830—31 і 1863—64. Ахвярны подзвіг К. Каліноўскага і распаўсюджанне яго «Мужыцкай праўды» напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 паўплывалі на тое, каб адраджэнскія тэндэнцыі перараслі ў адраджэнскі патэнцыял беларускай літаратуры, каб творы на беларускай мове адрасаваліся ўжо не толькі мужыку, як у Дуніна-Марцінкевіча, а ўсяму народу (хоць і праз вобраз мужыка), як у Ф. Багушэвіча. Выданне Багушэвічавай «Дудкі беларускай» (1891) засведчыла нацыянальна-гістарычнае самаўсведамленне беларускай літаратуры і незваротнасць працэсу яе адраджэння.

На шляху вяртання ў нацыянальна-моўнае ўлонне беларускай літаратуры ў 2-й пал. XVIII і XIX ст. прайшла праз польскамоўнае (А. Нарушэвіч, Ю. Нямцэвіч, Ф. Багамолец), рускамоўнае (І. Сакольскі) і лацінамоўнае (М. Карыцкі) выяўленне класіцызму, зведала сентыменталізм (Ф. Князьнін), асвоіла рамантызм (А. Міцкевіч, А. Ходзька, Я. Чачот, Т. Лада-Заблоцкі і інш.), заклала асновы рэалізму (У. Сыракомля, А. Плуг). Паралельна ўзнікалі беларускамоўныя творы, якія ў 1-й пал. ХІХ ст. вызначаліся стылявым сінкрэтызмам, хоць адраджэнскія тэндэнцыі спрыялі рамантычнаму светаўспрыманню і замацаванню паэзіі ў пануючым становішчы, распрацоўваліся такія жанры, як травесційная паэма («Энеіда навыварат»), парадыйная паэма («Тарас на Парнасе»), гутарка, быліца («Купала», «Халімон на каранацыі» В. Дуніна-Марцінкевіча), балада («Нячысцік» Рыпінскага), вершаваная драматургічная сцэнка («Едзеш, міленькі Адам» Я. Чачота) і лірычны верш (Я. Баршчэўскі, П. Багрым, У. Сыракомля, В. Каратынскі), а з прозы — апавяданне, заснаванае на бытавым анекдоце («Кручаная баба» А. Плуга).

Ф. Багушэвіч «Дудка беларуская» (Каракаў, 1891)

Абвастрэнне сацыяльных праблем у выніку адмены прыгоннага права (1861) і крах нацыянальна-вызвольных надзей у паражэнні паўстання 1863—1864 гадоў выклікалі пасталенне нацыянальнай самасвядомасці беларускага грамадства, а праз гэта — ідэйна-мастацкую і жанрава-стылявую разнастайнасць беларускай літаратуры. У паэзіі, якая грунтавалася на рамантычным і рэалістычным пачатках, па-ранейшаму была вядучай і арыентавалася на дэмакратычнага чытача, набывае развіццё грамадзянскай і публіцыстычная лірыка (Ф. Багушэвіч, А. Гурыновіч), паглыбляецца асваенне сатырычных жанраў (А. Абуховіч, Ф. Тапчэўскі) і лірычна-філасофскіх кірункаў паэзіі (Я. Лучына), закладваюцца асновы нацыянальнай школы перакладу (Я. Лучына, А. Гурыновіч, З. Трашчкоўская і інш.) Вяршыняй нацыянальна ўсвядомленай ідэі беларускага адраджэння ў ХІХ ст. стала творчасць Ф. Багушэвіча, якая засвоіла і развіла папярэднія дэмакратычныя традыцыі, прадвызначыла адметны шлях беларускай літаратуры пач. ХХ ст. і прадугадала ўслед за А. Міцкевічам, У. Сыракомлем і В. Каратынскім уздым духоўнасці на роднай зямлі.

Пачатак ХХ ст.

Зборнік вершаў Я. Купалы «Жалейка» (1908)

На пачатку ХХ ст. беларуская літаратура развівала і ўмацоўвала нацыянальна-адраджэнскую традыцыю, выспеленую ў ХІХ ст. і як ідэйна-эстэтычнае крэда сфармуляваную Ф. Багушэвічам у «Дудцы беларускай». Рэвалюцыя 1905—1907 гг. актывізавала і пашырыла гэты працэс. У Вільні з’явіліся першыя газеты на беларускай мове: «Наша доля» (1906). Найбольш значным культурна-грамадскім асяродкам стала створаная ў 1906 газета «Наша ніва», вакол якой згуртаваліся А. Луцкевіч, І. Луцкевіч (заснавальнікі і выдаўцы), Я. Купала, Я. Колас, А. Пашкевіч (Цётка), М. Багдановіч, Ядвігін Ш., В. Ластоўскі, Ц. Гартны, З. Бядуля, М. Гарэцкі, А. Паўловіч, К. Каганец, С. Палуян, Л. Гмырак, А. Гурло, Я. Журба, Г. Леўчык, К. Буйло, А. Гарун, У. Галубок, Стары Улас, М. Арол, А. Бульба, У. Самойла і інш. Літаратура «нашаніўскай» пары была з’явай не толькі эстэтычнай, але як найбольш актыўная форма нацыянальнай самасвядомасці і дзейсным сродкам уплыву на грамадскае жыццё, ставячы сабе за мэту ўзняць беларускі народ з гістарычнага нябыту і выканаць сваю асветніцка-адраджэнскую місію. Паказваючы нядолю і беспрасвецце, у якім апынуўся народ, яна ставіла эстэтычнае пытанне пра адмаўленне існуючых формаў жыцця і сцвярджэнне мастацкага ідэалу. Сэрцам беларускай літаратуры «нашаніўскай» пары была трывала ўгрунтаваная ў паэтыку нацыянальная ідэя, якой фактычна былі прасякнуты ўсе творы ад адкрыта патрыятычных па гучанні («Вера беларуса» Цёткі, «Ворагам беларушчыны», «Гэта крык, што жыве Беларусь» Я. Купалы, «Родныя вобразы» Я. Коласа, «У чатырохлецце „Нашай нівы“», «Песня-звон» А. Гаруна) да чыста артыстычных (цыкл «У зачарованым царстве», «Алокрыф» М. Багдановіча). Прафесійнае станаўленне прозы адбывалася ў формах рэалістычна-бытавога (Ядвігін Ш., К. Каганец, Цётка, Я. Лёсік, І. Бобіч), псіхалагічнага апавядання (М. Гарэцкі), мастацкай алегорыі, прытчы (Я. Колас, М. Багдановіч), імпрэсій-мініяцюр (З. Бядуля). Здабыткі драматургіі ў гэты час найперш звязаны з творамі Я. Купалы («Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо»). М. Багдановіч, А. Луцкевіч, В. Ластоўскі, С. Палуян, Л. Гмырак сталі заснавальнікамі крытычнай і літаратуразнаўчай думкі.

І сусветная вайна, Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, грамадзянская вайна і замежныя інтэрвенцыі выклікалі значныя грамадска-палітычныя зрухі на Беларусі, падзеленай у 1921 на дзве часткі. Падчас Першай сусветнай вайны і абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў беларускай літаратуры дамінавала праблематыка патрыятызму і жыцця грамадства. Літаратура перыяду ваенна-рэвалюцыйнага ліхалецця была ў даволі анемічным стане, аднак менавіта ў гэты перыяд з’явіліся такія выдатныя творы, як вершы «Пагоня», «Страцім-лебедзь» М. Багдановіча, цыкл вершаў 1918-19 Я. Купалы, кніга крытыка-біяграфічных артыкулаў «Нашы песняры» А. Луцкевіча, п’есы Ф. Аляхновіча.

Беларуская літаратура мела сінкрэтычны характар, злучала ў сабе элементы рамантызму, рэалізму і мадэрнізму.

Міжваенны час. Савецкая Беларусь

Пасля ўтварэння БССР (1919) літаратура Савецкай Беларусі актывізавалася ў 1920-я г. з палітыкай беларусізацыі і развівалася вельмі бурна. У яе прыйшлі маладыя таленавітыя творцы: Янка Маўр, Міхась Чарот, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Кузьма Чорны, Міхась Зарэцкі, Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Антон Адамовіч, Тодар Кляшторны, Валерый Маракоў, Уладзімір Хадыка, Уладзімір Жылка, Кандрат Крапіва, Пятро Глебка, Міхась Багун, Змітрок Астапенка, Алесь Звонак, Лукаш Калюга, Андрэй Мрый, Зінаіда Бандарына, Наталля Вішнеўская, Платон Галавач, Васіль Каваль, Васіль Шашалевіч, Паўлюк Шукайла, Ян Скрыган, Сымон Баранавых, Барыс Мікуліч, Міхайла Грамыка, Уладзіслаў Чаржынскі і інш. Пачалі выходзіць часопісы «Полымя», «Маладняк», «Узвышша», утварыліся літаратурна-мастацкія арганізацыі «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна», «Пробліск», Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў. Сярод літаратурных жанраў дамінавала паэзія, якая ўзнёсла апявала новую будучыню, прынесеную Кастрычніцкай рэвалюцыяй, і адмаўляла ранейшае жыццё як гаротнае і нешчаслівае. У паэтыцы пераважалі гіпербала, супрацьпастаўленне, адсутнасць вобразнай пластыкі, абрывістая стьшістыка. У той жа час у творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, У. Дубоўкі, Я. Пушчы, Т. Кляшторнага, У. Жылкі і інш. працягвалі гучаць матывы смутку над нацыянальным лёсам беларускага народа, выяўляўся найперш унутраны стан душы, а не адпаведнасць пастулатам «пралетарскай літаратуры», канцэпцыю якой актыўна сцвярджала крытыка. У прозе адзначалася станаўленне жанру рамана, паглыбленне псіхалагізму (Я. Колас, М. Гарэцкі, К. Чорны, М. Зарэцкі), назіралася імкненне празаікаў стварыць вобраз чалавека новага часу ў супярэчлівых абставінах гістарычных падзей (П. Галавач, М. Чарот, Ц. Гартны, А. Мрый, Л. Калюга, Б. Мікуліч, Я. Нёманскі).

У канцы 1920-х г. палітыка беларусізацыі змянілася на палітыку рэпрэсій у дачыненні да ўсяго нацыянальнага. Непапраўны ўрон беларускай літаратуры быў нанесены ў другой палове 1930-х г., калі пад час вялікага тэрору ў БССР было загублена шмат таленавітых паэтаў і пісьменнікаў: яго ахвярамі сталі Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Тодар Кляшторны, Валерый Маракоў і многія іншыя. На працягу 1930-х г. некалькі хваль рэпрэсій (1930, 1934 і асабліва ў 1937-38) амаль вынішчылі беларускіх пісьменнікаў; «чорным» момантам для беларускай літаратуры стала ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г., калі былі расстраляныя 23 маладых паэты.[2] Тыя, што засталіся на волі, стваралі апалагетычныя дзяжурныя творы, апявалі будаўніцтва новага жыцця, барацьбу з «ворагамі народа», цяжкае жыццё ў Заходняй Беларусі.

У 1934 г. быў утвораны Саюз пісьменнікаў БССР і з’явіўся сацыялістычны рэалізм.

Заходняя Беларусь

Літаратура Заходняй Беларусі захоўвала адраджэнскую традыцыю і багдановічаўскае апяванне чыстай красы (У. Жылка, Н. Арсеннева, Л. Родзевіч, Х. Ільяшэвіч, І. Канчэўскі, А. Бярозка, А. Бартуль, Л. Геніюш). Нацынальна-патрыятычная ідэя, паяднаная з духоўным, рэлігійным служэннем выявілася ў творчасці святароў — паэта К. Сваяка і публіцыста-асветніка А. Станкевіча. Пафасам рэвалюцыйнага змагання была прасякнута творчасць М. Танка, М. Машары, М. Васілька, П. Пестрака, В. Таўлая, А. Салагуба.

Ваенныя гады

У перыяд ІІ сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў аператыўным і распаўсюджаным жанрам стала публіцыстыка. Пафасам змагання, страснай верай у нязломны дух народа і перамогу, апяваннем мужнасці і гераізму вызначалася паэзія («Беларускім партызанам» Я. Купалы, «Народу-барацьбіту» Я. Коласа, «Смерць салдата», «Партызаны» П. Глебкі, «Байцам-беларусам» П. Броўкі, «Балада аб чатырох заложніках» А. Куляшова, зборнік «Слуцкі пояс» А. Астрэйкі, вершы В. Таўлая, М. Танка, П. Панчанкі, А. Бачылы, К. Буйло, М. Лужаніна, А. Вялюгіна, К. Кірэенкі і інш.). Героіка і цяжар вайны адлюстраваны ў эпічных творах «Сцяг брыгады» А. Куляшова, «Янук Сяліба» М. Танка, «Эдэм» З. Астапенкі. Неардынарнай з’явай прозы часу вайны сталі кніга апавяданняў «Астап» (1944) М. Лынькова і «Вялікае сэрца» (1945) К. Чорнага.

У акупіраваным Мінску ў 1944 выйшла кніга вершаў Н. Арсенневай «Сягоння», дзе вайна прадстае як агульная трагедыя чалавецтва. Пад нямецкім кантролем выдадзены яшчэ шэраг кніг беларускіх аўтараў. Дамінуючай рысай творчасці Н. Арсенневай, Л. Геніюш, А. Салаўя, Л. Случаніна былі патрыятычныя матывы, а Т. Лебяды, М. Лесуна, Ю. Віцьбіча — асуджэнне антыбеларускіх дзеянняў савецкай улады.[3]

Пасляваенны час. Савецкая Беларусь

Тэма вайны стала на доўгі час вызначальнай у беларускай літаратуры, пашыраючы магчымасці псіхалагічнага і экзістэнцыяльнага асэнсавання гістарычных падзей і лёсу беларускага народа. Радасць перамогі, услаўленне Радзімы, гераізму, мірнай стваральнай працы, асуджэнне антыгуманнай сутнасці вайны — асноўныя матывы шматлікіх паэтычных зборнікаў першага пасляваеннага дзесяцігоддзя (кнігі А. Астрэйкі, А. Бачылы, А. Бялевіча, А. Вялюгіна, М. Лужаніна, М. Танка і інш.). На матэрыяле жыцця беларускага народа на акупіраванай тэрыторыі ствараюцца празаічныя творы Я. Брыля. І. Грамовіча, П. Кавалёва, У. Краўчанкі, М. Лупсякова, М. Паслядовіча і інш. Тэма вайны і партызанскай барацьбы становіцца вызначальнай у раманах «Векапомныя дні» (кн. 1) М. Лынькова, «Расстаемся ненадоўга» А. Кулакоўскага, «Мінскі напрамак» І. Мележа, «Згуртаванасць» М. Ткачова, «Глыбокая плынь» І. Шамякіна, драмах К. Крапівы, К. Губарэвіча, А. Маўзона і інш. Нярэдка ў гэтых творах дзейнічаюць канкрэтныя гістарычныя асобы, падзеі і факты маюць дакументальную аснову.

Дасягненнем тагачаснай прозы стала завершаная ў 1955 трылогія Я. Коласа «На ростанях». Але ў многіх творах розных жанраў пераважала фактаграфічная шырыня матэрыялу, падзейнасць, ім не хапала псіхалагічнай глыбіні, аналітызму, аддавалася пашана культу асобы. Абмежаваная догмамі сацыялістычнага рэалізму, літаратура тым не менш набірала разбег і, пераадольваючы схематызм стэрэатыпных уяўленняў, дасягнула значных поспехаў.

У 2-й пал. 1940 — пач. 1960-х г. кнігамі паэзіі дэбютавалі М. Аўрамчык, М. Арочка, Р. Барадулін, Д. Бічэль-Загнетава, Г. Бураўкін, В. Вярба, А. Вярцінскі, С. Гаўрусёў, Н. Гілевіч, А. Грачанікаў, Х. Жычка, У. Караткевіч, А. Лойка, Е. Лось, В. Макарэвіч, У. Нядзведскі, У. Паўлаў, Ю. Свірка, Я. Сіпакоў, Р. Тармола, К. Цвірка і інш., пазней — Р. Баравікова, Т. Бондар, С. Блатун, У. Верамейчык, В. Гардзей, Ю. Голуб, В. Жуковіч, Н. Загорская, С. Законнікаў, В. Зуёнак, В. Іпатава, К. Камейша, Г. Каржанеўская, В. Коўтун, У. Лісіцын, М. Маляўка, Н. Мацяш, У. Някляеў, С. Панізнік, Г. Пашкоў, А. Разанаў, В. Ракаў, Р. Семашкевіч, А. Сербантовіч, У. Скарынкін, М. Стральцоў, Н. Тулулава, Х. Чэрня, Я. Янішчыц і інш.

У 2-й пал. 1950-х г. працягваюць літаратурную працу рэпрэсіраваныя пісьменнікі Я. Бяганская, Л. Геніюш, С. Грахоўскі, У. Дубоўка, А. Звонак, С. Новік-Пяюн, П. Пруднікаў, Я. Скрыган, М. Хведаровіч, С. Шушкевіч і інш. Першыя кнігі прозы выдалі А. Адамовіч, В. Адамчык, А. Асіпенка, В. Быкаў, У. Дамашэвіч, У. Караткевіч, І. Навуменка, А. Савіцкі, Б. Сачанка, І. Пташнікаў, М. Стральцоў, І. Чыгрынаў і інш. У 2-й пал. 1960 — 1-й пал. 1970-х г. у беларускую прозу прыйшлі А. Жук, В. Казько, В. Гігевіч, М. Гіль, Г. Далідовіч, В. Карамазаў, Л. Левановіч і інш.

Асэнсаванне тэмы вайны паступова перарастае ў летапіс жыцця беларускага народа на акупіраванай тэрыторыі, які асабліва ўзбагачаецца ў 1960-я г. на хвалі «хрушчоўскай адлігі» з прыходам у літаратуру паэтаў і празаікаў т.зв. «філалагічнага пакалення». Са старонак кніг Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, А. Вярцінскага, В. Вярбы, С. Гаўрусёва, Н. Гілевіча, А. Лойкі, Е. Лось, І. Пташнікава, Б. Сачанкі, Я. Сіпакова, М. Стральцова, І. Чыгрынава і інш. паўстае жудасны прывід вайны і знявечанай беларускай зямлі, убачаны вачыма падлеткаў, якія «рана сталелі ў зямлянках сырых». Гэта пакаленне амаль чатыры дзесяцігоддзі не сыходзіла з магістральных шляхоў развіцця літаратуры.

3 канца 1950-х г. пачынаецца паглыбленае пераасэнсаванне далёкай і блізкай гісторыі. У раманах «Векапомныя дні» (1948—57) М. Лынькова, пенталогіі «Трывожнае шчасце» (1957—65) І. Шамякіна, «Палескай хроніцы» (1961—76) І. Мележа, «Серадзібор» (1961—63) П. Пестрака, «Засценак Малінаўка» (1961—64) А. Чарнышэвіча, «На парозе будучыні» (1961—63), «Гарадок Устронь» (1967—68), «Шэметы» (1980) М. Лобана, «Сасна пры дарозе» (1962) І. Навуменкі, «Птушкі і гнёзды» (1963) Я. Брыля, дылогіі «Партызаны» (1963) А. Адамовіча, «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Не ўсе мы згінем» (1996) І. Чыгрынава, «Вялікі Лес» (1979-83) Б. Сачанкі, «Лабірынты страху» (1992) А. Асіпенкі, «Ахвяры» (1992) Т. Бондар адкрываецца эпоха ў жыцці бел. народа з яе катаклізмамі — рэвалюцыямі, грамадз. і сусв. войнамі, калектывізацыяй, рэпрэсіямі 1920-50-х г., пасляваен. аднаўленнем. Лёс чалавека, асобы, народа бачыцца ў непасрэднай залежнасці ад сацыяльна-бытавых і гістарычных абставін.

З другой паловы 1960-х у беларускай прозе сталі паднімацца не толькі праблемы народа, грамадства і гісторыі, але таксама і маралі. Пісьменнікі ўсталі на змаганне за права творца на волю выраза (творы Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Андрэя Макаёнка, Алеся Разанава).

Шырэюць далягляды паэзіі 1960—70-х г., павышаецца яе філасофска-інтэлектуальны ўзровень, багацее духоўны свет лірычнага героя. У філасофскім роздуме, узмацненні інтэлекгуальнага пачатку, у драматычным успрыманні надзённых праблем экалагічных, маральна-этычных выяўляецца паглыбленае ўспрымайне рэчаіснасці. Сведчаннем з’яўляюцца «Новая кніга» (1964) А. Куляшова, «Пры святле маланак» (1966) П. Панчанкі, «Твае далоні» (1967) А. Пысіна, «Мой хлеб надзённы» (1962) і «Глыток вады» (1964) М. Танка і інш. Проза гэтага часу ўзбагачаецца гуманістычнай канцэпцыяй бачання свету, поўніцца трывогай за лёс чалавецтва, летапіс суровай ваен. рэальнасці дапаўняецца новымі старонкамі. У прозе В. Быкава вайна павернута сваімі трагічнымі, жорсткімі бесчалавечнымі бакамі, далёкімі ад параднай лакіроўкі (аповесці «Трэцяя ракета», 1962, «Альпійская балада», 1964, «Мёртвым не баліць», 1965, «Круглянскі мост», 1969, «Сотнікаў», 1970, «Дажыць да світання», 1973, «Пайсці і не вярнуцца», 1978, «Знак бяды», 1982). Прынцып гістарызму стаў адным з асноўных у аповесцях І. Пташнікава «Тартак» (1967) і «Найдорф» (1975), А. Адамовіча «Хатынская аповесць» (1972) і «Карнікі» (1980), В. Казько «Суд у Слабадзе» (1978). Мастацка-гістарычны летапіс вайны дапаўняецца дакументальнымі творамі А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесніка «Я з вогненнай вёскі…» (1975), А. Адамовіча і Д. Граніна «Блакадная кніга» (1979). Пра лёс жанчын і дзяцей на вайне творы С. Алексіевіч («У вайны не жаночае аблічча» і «Апошнія сведкі», 1985).

Асноўнае месца ў роздуме над праблемамі сучаснасці ў 1960-я — 80-я г. займае вяртанне да вытокаў. Тэма гістарычнай памяці, зацікаўленасць культурнай спадчынай народа, увага да яго радавых каранёў сталі вызначальнымі ў творчасці У. Караткевіча, руплівасць якога стала прыкладам служэння ідэям нацыянальнага адраджэння і на два дзесяцігоддзі апярэдзіла свой час. Уладзімір Караткевіч стаў першым беларускім пісьменнікам, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву[4]. 3 прыходам Караткевіча ў літаратуру сапраўднай эстэтычнай вышыні дасягае гістарычны жанр (аповесці «Сівая легенда», 1961, «Дзікае паляванне караля Стаха», 1964, «Зброя», 1981; раманы «Нельга забыць», 1962, «Каласы пад сярпом тваім», 1965, «Чорны замак Альшанскі», 1979; драмы «Кастусь Каліноўскі», «Званы Віцебска», «Маці ўрагану» і інш.). Услед за Караткевічам пачынаецца новае, паглыбленае пераасэнсаванне далёкай і блізкай гісторыі.

Постаць Кастуся Каліноўскага прыцягнула ўвагу А. Куляшова (паэма «Хамуціус», 1975). Францыску Скарыну прысвечаны паэма М. Арочкі «Судны дзень Скарыны» (1988) і раман-эсэ А. Лойкі «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» (1980), беларускай асветніцы і паэтэсе Цётцы (А. Пашкевіч) — паэмы В. Коўтун «На зломе маланкі» (1979) і «Суд Алаізы» (1985). Да асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай звяртаюцца В. Іпатава (аповесць «Прадыслава», 1971) і Т. Бондар (раман «Спакуса», 1989). Францішку Багушэвічу прысвечана аповесць В. Хомчанкі «Пры апазнанні — затрымаць» (1983). Вобраз Янкі Купалы ажывае ў п’есе У. Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» і рамане-эсэ А. Лойкі «Як агонь, як вада…» (1982). Да падзей сівой даўніны звяртаюцца М. Арочка і П. Бітэль у паэмах «Крэва» (1982) і «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» (1984, пра Афанасія Філіповіча).

У 1980-1990-я гады да розных гістарычных падзей мінулага Беларусі звяртаюцца У. Арлоў (кнігі «Дзень, калі ўпала страла», 1988, і «Міласць князя Гераніма», 1993), Л. Дайнека (раманы «Меч князя Вячкі», 1985, і «След Ваўкалака», 1980), К. Тарасаў (аповесці «Дзень рассеяння» і «Пагоня на Грунвальд», 1980). Распрацоўваюць жанр літаратурна-гістарычнага эсэ і гістарычнага нарыса пісьменнікі-гісторыкі М. Ермаловіч («Старажыная Беларусь», 1990—1994, «Па слядах аднаго міфа», 1991), К. Тарасаў («Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны», 1990), В. Чаропка («Імя ў летапісе», 1994, і «Уладары Вялікага княства», 1996). Тэмы мінулай вайны, калектывізацыі і сталінскіх рэпрэсій працягвае В. Быкаў («Аблава», 1989, «Сцюжа», 1993).

Рэаліі вясковага побыту, характары людзей на зямлі, іх праблемы адлюстраваны ў аповесцях Я. Брыля «Ніжнія Байдуны» (1975), «Золак, убачаны здалёк» (1978), В. Гігевіча «Жыціва» (1979), А. Жука «Паляванне на Апошняга Жураўля» (1982), «Праклятая любоў» (1990), А. Кудраўца «Раданіца» (1971), «Сачыненне на вольную тэму» (1984), Я. Сіпакова «Усе мы з хат» (1975) і інш..

Праблемы экалогіі, варварскага ўмяшання ў прыроду, бездухоўнасці грамадства востра ставяцца ў раманах Віктара Казько «Неруш» (1981) і «Хроніка дзетдомаўскага саду» (1987), Віктара Карамазава «Пушча» (1978) і інш. У жанры драматургіі поспеху дасягнулі А. Макаёнак. А. Петрашкевіч, М. Матукоўскі, А. Дудараў.

У 1980-я г. першыя кнігі паэзіі выдалі В. Аколава, І. Багдановіч, С. Басуматрава, Г. Булыка, Л. Галубовіч, А. Глобус, Л. Дранько-Майсюк, А. Канапелька, А. Пісьмянкоў і інш., кнігі прозы — А. Кажадуб, К. Тарасаў. 3 драматургічнымі творамі выступілі А. Асташонак, У. Бутрамееў і інш. Ідэі нац. адраджэння і чарнобыльскай бяды вызначаюць сутнасць кнігі паэзіі Р. Барадуліна «Самота паломніцтва», В. Зуёнка «Лета трывожных дажджоў», М. Мятліцкага «Палескі смутак», «Бабчын», дакументальнай аповесці В. Гігевіча і А. Чарнова «Сталі воды горкія», рамана І. Шамякіна «Злая зорка», аповесці Б. Сачанкі «Родны кут», п’ес А. Петрашкевіча «Дагарэла свечачка да палічкі» і А. Ждана «Салгалі богу, салгалі» і інш. Пашыраецца жанравая разнастайнасць беларускай літаратуры.

З канца 1980-х гг. у беларускай літаратуры была паднятая тэма сталінскіх рэпрэсій. Ужо ў аповесці Васіля Быкава «Знак бяды» (1985 г.) прасочваецца трагічная сувязь паміж калектывізацыяй, рэпрэсіямі і вайной на тэрыторыі Беларусі. Цалкам гэтай тэме прысвечаныя яго пазнейшыя расказы («Жоўты пясочак» і інш.). З эпохай галоснасці сталі даступнымі дзённікі Ларысы Геніюш, у якіх адлюстраваныя яе лагерныя гады[5]. Аўтабіяграфічны характар носяць аповесці Паўла Пруднікава «Яжовыя рукавіцы» і «Паўночнае пекла» ў кнізе «За калючым дротам» (1993 г.). Выразным антысталінскім пафасам пранізаныя яго ж паэмы «Таймыр»[6] і «Кожны другі»[7]. У планах пісьменніка было асвяціць яшчэ адну вострую тэму — праблему вяртання былога палітвязня са зняволення назад у грамадства, — але ён не паспеў апублікаваць ужо напісаныя на гэты конт творы.

У эміграцыі пішуць Наталля Арсеннева, Алесь Салавей. Прыкметнымі літаратурнымі органамі ў Беларусі з’яўляюцца «ЛіМ» («Літаратура і мастацтва») (з 1932) і «Полымя» (з 1922).

Незалежная Беларусь

Жанравае і тэматычнае багацце мастацкіх твораў гэтага перыяду. Прыход у літаратуру новай хвалі пісьменнікаў: Алесь Пісьмянкоў, Анатоль Сыс, Адам Глобус, Таццяна Мушынская, Алег Грушэцкі, Людміла Рублеўская і інш., актывізацыя дзейнасці Раісы Баравіковай, Міколы Мятліцкага, Алеся Разанава і інш.

Атрымлівае распаўсюджванне літаратура на іншых мовах, у прыватнасці на рускай (напрыклад, творчасць Вольгі Грамыка).

Тэматычная і жанрава-стылявая разнастайнасць прозы. Выяўленча-апісальная, патрыятычная, сатырычная, філасофская паэзія. Наватарскія пошукі драматургіі.

Вядомыя беларускія пісьменнікі

Гл. таксама

Зноскі

  1. Прамова Мялешкі. Аповесць (бел.)
  2. Пра многіх з іх пакінуў успаміны ў кнізе «Далёкае, але не забытае» (1988 г.) Павел Пруднікаў, якому таксама давялося перажыць зняволенне ў ГУЛАГу. Рэпрэсіраваныя былі таксама Уладзімір Дубоўка, Ларыса Геніюш (ужо пасля вайны) і многія іншыя.
  3. Ю. Туронак (2002)
  4. Алег Грушэцкі Беларускі дэтэктыў. Міфы і рэальнасць // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: Саюз пісьменнікаў Беларусі, 18 ліпеня 2014. — В. 4777. — № 28. — С. 6. — ISSN 0024-4686. Архівавана з першакрыніцы 22 ліпеня 2014.
  5. Геніюш, Л. Споведзь. — Мн., 1993.
  6. Пруднікаў, П. І. Крыніцы: Выбранае: Вершы і паэмы / Прадм. А. Марціновіча. — Мн., Маст. літ., 1991. — 334 с., іл.
  7. Пруднікаў, П. І. Пароша: Вершы. Паэма-аповесць. — Мн., Маст. літ., 1996. — 142 с., іл.

Літаратура

  • Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн., 1980.
  • Александровіч С. Х. Пуцявіны роднага слова. — Мн., 1971.
  • Александровіч С. Слова — багацце: Літ.-крытыч. арт. — Мн., 1981.
  • Александровіч С. Х., Александровіч В. С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. — Мн., 1978.
  • Багдановіч І. Э. Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння. — Мн., 2001.
  • Беларуская літаратура: XI—XX стст.: Дапам. для шк., ліцэяў, гімназій, ВНУ / А. І. Бельскі, У. Г. Кароткі, П. І. Навуменка і інш. — 2-е выд., дапрац. — Мн., 2001.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Складальнік А. К. Гардзіцкі. Пад рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
  • Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік: У 6 т. — Мн., 1992—1995.
  • Бельскі А. Сучасная літаратура Беларусі: Дапам. для настаўнікаў. — Мн., 2000.
  • Гаранін Л. Я. Нацыянальная ідэя ў беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя. — Мн., 1996.
  • Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. — Мн., 1992.
  • Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мн., 1999—2003. — Т. 1: 1901—1920; — Т. 2: 1921—1941; — Т. 3: 1941—1965; — Т. 4, кн. 1: 1966—1985; кн. 2: 1986—2000 .
  • Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: / Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац. — Мн., 1998.
  • Гісторыя беларускай літаратуры: XX стагоддзе: 20—50-я гг.: / Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. 2-е выд., дапрац. — Мн., 2000.
  • Гісторыя беларускай савецкай літаратуры: 1941—1980 / Пад агул. рэд. М. А. Лазарука і А. А. Семяновіча. — Мн., 1983.
  • Гніламёдаў У. Ад даўніны да сучаснасці: Нарыс пра беларус. паэзію. — Мн., 2001.
  • Гніламёдаў У. Класікі і сучаснікі: Арт., нарысы, старонкі ўспамінаў. — Мн., 1987.
  • Грынчык М. М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. — Мн., 1969.
  • Дзюбайла П. Панарама сучаснай беларускай прозы. — Мн., 1986.
  • Жураўлёў В. П. У пошуку духоўных ідэалаў: На матэрыяле бел. літ. XIX — пачатку XX ст. — Мн., 2002.
  • Кавалёў С. В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст. — Мн., 1993.
  • Кавалёў С. В. Літаратура Беларусі позняга Рэнесансу: жанры, творы, асобы. — Мн., 2005.
  • Лазарук М. А. Беларуская паэма ў другой палавіне XIX — пачатку XX стагоддзя. — Мн., 1970.
  • Лойка А. А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд: У 2 ч. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн., 1989. — Ч. 2.
  • Локун В. І. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг. — Мн., 1995.
  • Локун В. Кругі жыцця — кругі літаратуры. — Мн., 2002.
  • Лявонава Е. А. Агульнае і адметнае: Творы беларус. пісьменнікаў XX ст. у кантэксце сусветнай літаратуры. — Мн., 2004.
  • Максімовіч В. А. Шыпшынавы край: Старонкі бел. літ. 20—30-х гг. XX ст.: Дапам. для наст. — Мн., 2002.
  • Мальдзіс А. І. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду: другая палавіна XVII—XVIII ст. — Мн., 1980.
  • Марціновіч А. А. Шляхам праўды: Выбр. старонкі бел. літ. у святле сённяшняга дня: Дапам. для настаўніка. — Мн., 1994.
  • Мішчанчук М. І., Шпакоўскі І. С. Беларуская літаратура XX ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 2001.
  • Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст.: Зборнік / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т літ. імя Я.Купалы. — Мн.: Беларус. навука, 2003.
  • Рагойша В. І адгукнецца слова ў слове: Літ.-крытыч. арт., эсэ, дыялогі. — Мн., 1992.
  • Саверчанка І. В. Кніжна-пісьмовая культура Беларусі. Адраджэнне і ранняе барока. — Мн., 1998.
  • Саверчанка І. В. Старажытная паэзія Беларусі: XVI — першая палова XVII ст. — Мн., 1992.
  • Семяновіч А. А. Гісторыя беларускай драматургіі. XIX — пачатак XX ст. — Мн., 1985.
  • Тарасюк Л. К. Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі XIX — пачатку XX стст. — Мн., 1999.
  • Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002.
  • Чамярыцкі В. А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. — Мн., 1969.
  • Чарота І. А. Пошук спрадвечнай існасці: Бел. літ. XX ст. у працэсах нац. самавызначэння. — Мн., 1995.
  • Шамякіна Т. І. Беларуская класічная літаратурная традыцыя і міфалогія. — Мн., 2001.
  • Штэйнер І. Ф. Шматмоўная літаратура Беларусі XIX стагоддзя. — Мн., 2002.
  • Яскевіч А. А. Абранне вечнасці. Універсалізм традыцыі і гістарызм сучаснасці. — Мн., 1999.

Read other articles:

 Nota: Para outros significados, veja Jönköping (desambiguação). Jönköpings Södra Nome Jönköpings Södra Idrottsförening Alcunhas J-Södra Fundação 9 de dezembro de 1922 (100 anos) Estádio Stadsparksvallen Capacidade 5.200 Localização Jönköping,  Suécia Presidente Mats Tidstrand Treinador(a) Christer Persson Material (d)esportivo Puma Competição Superettan Website sítio oficial Uniformetitular Uniformealternativo Jönköpings Södra Idrottsförening, ou...

 

American drag performer and Cher impersonator Chad MichaelsMichaels at RuPaul's DragCon LA in 2018BornChad Michael Storbeck[1] (1971-03-20) March 20, 1971 (age 52)[1]Arcadia, California, U.S.[1]Occupation(s)Drag performer, Cher impersonatorYears active1995 – presentKnown forRuPaul's Drag Race All Stars winner; runner-up on season 4 of RuPaul's Drag RaceSuccessorAlaska Chad Michael Storbeck, known professionally as Chad Michaels (born March 20, 1971), i...

 

2014 New York Comptroller election ← 2010 November 4, 2014 2018 →   Nominee Thomas DiNapoli Bob Antonacci Party Democratic Republican Alliance Working Families Conservative Popular vote 2,223,057 1,354,643 Percentage 59.87% 36.48% County resultsDiNapoli:      40–50%      50–60%      60–70%      70–80%      80–90% Antonacci: ...

Genus of trees Heteropyxis Scientific classification Kingdom: Plantae Clade: Tracheophytes Clade: Angiosperms Clade: Eudicots Clade: Rosids Order: Myrtales Family: Myrtaceae Subfamily: Psiloxyloideae Tribe: Heteropyxideae Genus: HeteropyxisHarv. Species Heteropyxis canescens Heteropyxis dehniae Heteropyxis natalensis Heteropyxis is a genus which includes three species of small evergreen trees. It was previously placed alone in family Heteropyxidaceae, but is now placed basally within Myrtacea...

 

Laurie Metcalf (1992) Lauren Elizabeth „Laurie“ Metcalf (* 16. Juni 1955 in Carbondale, Illinois) ist eine US-amerikanische Schauspielerin. Sie wurde unter anderem mit drei Emmy Awards und zwei Tony Awards ausgezeichnet. Inhaltsverzeichnis 1 Leben 2 Filmografie (Auswahl) 3 Auszeichnungen und Nominierungen 4 Weblinks 5 Einzelnachweise Leben Metcalf studierte zuerst Deutsch und später Anthropologie an der Illinois State University und kam dort über ihre Kommilitonen John Malkovich, Glenne...

 

هذه المقالة يتيمة إذ تصل إليها مقالات أخرى قليلة جدًا. فضلًا، ساعد بإضافة وصلة إليها في مقالات متعلقة بها. (أكتوبر 2019) ديفيد إتش أهل   معلومات شخصية الميلاد 17 مايو 1939 (84 سنة)  الولايات المتحدة  مواطنة الولايات المتحدة  الحياة العملية المدرسة الأم جامعة كورنيلكلية ا...

The Wombats discographyThe WombatsStudio albums6Compilation albums1Music videos22EPs10Singles31 The discography of The Wombats, a Liverpool-based indie rock group, consists of six studio albums, ten extended plays and thirty-one singles. Albums Studio albums List of albums, with selected chart positions, sales, and certifications Title Details Peak chart positions Certifications UK[1] AUS[2] AUT[3] BEL(FL)[4] GER[5] NLD[6] NOR[7] SCO[...

 

Padang GantingNagariPemandian Aia Angek Padang GantingNegara IndonesiaProvinsiSumatera BaratKabupatenTanah DatarKecamatanPadang GantingKode Kemendagri13.04.11.2002 Luas33 km²Jumlah penduduk13.000Situs webpadangganting.desa.id Padang Gantiang adalah nagari yang berada di Kecamatan Padang Ganting, Kabupaten Tanah Datar, Provinsi Sumatera Barat, Indonesia. Setelah berkembangnya Islam di nagari ini, berikutnya nagari ini juga membawa perubahan dalam sistem pemerintahan di Kerajaan Pagaruyun...

 

تقويم جمهورية الصين (بالصينية التقليدية: 民國紀元; بالصينية المبسطة: 民国纪元; بالبينيين: Mínguó Jìyuán; بالويد جيلز: Min2-kuo2 Chi4-yüan2) هي أسلوب ترقيمي للسنوات يستخدم حاليًا في تايوان والأراضي الأخرى المسيطر عليها من جمهورية الصين.[1] سابقًا كان يستخدم في بر الصين الرئي...

საქართველოს საბჭოთა სოციალისტური რესპუბლიკის სახელმწიფო ჰიმნიLagu kebangsaan RSS GeorgiaPenulis lirikGrigol Abashidze dan Alexander Abasheli, 1944KomponisOtar Taktakishvili, 1944Penggunaan1944Pencabutan1991Sampel audioLagu Kebangsaan RSS Georgia (vokal versi pembaruan)berkasbantuan Lagu Kebangsaan Republik Sosialis Soviet Georgia (bahasa Georgia: საქართველო...

 

Not to be confused with Raja Magal. Indian TV series or programme Magalமகள்GenreSoap operaCreated byNimbus TelevisionScreenplay byR. Narayanan Francis BapuDirected byFrancis BapuStarringMeenakumari Chandra Lakshman Sulakshana Kamalesh Varalakshmi Rishi Bindhu Madhavi Hemalatha Rami Reddy AbilashTheme music composerRajesh Vaidhya (Title Song)Jai Kishan (Background Score)Opening themeAariraro AariraroSrinivas (Vocal)Palani Bharathi (Lyrics)Country of originIndiaOriginal languageTam...

 

Dutch geologist (1908–2004) Anton Colijn, Frits Wissel [nl] and Jean Jacques Dozy during the Carstensz expedition (1936) Jean Jacques Dozy (18 June 1908, in Rotterdam – 1 November 2004, in The Hague) was a Dutch geologist. In 1936, he participated in the Dutch Carstensz Expedition in Dutch New Guinea to explore and climb Mount Carstensz, the highest mountain of the island of New Guinea. Besides succeeding in climbing the highest point at the time with Anton Colijn and Frits W...

У этого термина существуют и другие значения, см. Хоббит (значения). Хоббит Конфигурация Аппаратная платформа Spectrum ОС BETA — адаптированный вариант CP/M Тип Домашний компьютер Разработчик Дмитрий Михайлов Государство СССР Год выпуска конец 1980-х Выпускался по 1995 Продано ш...

 

American baseball player Baseball player Wayne GarrettGarrett in 1971Third basemanBorn: (1947-12-03) December 3, 1947 (age 76)Brooksville, Florida, U.S.Batted: LeftThrew: RightProfessional debutMLB: April 12, 1969, for the New York MetsNPB: April 7, 1979, for the Chunichi DragonsLast appearanceMLB: September 26, 1978, for the St. Louis CardinalsNPB: August 28, 1980, for the Chunichi DragonsMLB statisticsBatting average.239Home r...

 

Mosaic (220–250 AD) from El Djem, Tunisia (Roman Africa), with the Latin caption Silence! Let the bulls sleep (Silentiu[m] dormiant tauri) and the convivial banter of five banqueters (possibly gladiators) represented as if in speech balloons:- We're going to be naked ([N]os nudi [f]iemus)- We're here to drink (Bibere venimus)- you're all talking a lot (Ia[m] multu[m] loquimini)- We may get called away (Avocemur)- We're having three [glasses]. (Nos tres tenemus)The scene may convey a proverb...

This article includes a list of references, related reading, or external links, but its sources remain unclear because it lacks inline citations. Please help to improve this article by introducing more precise citations. (September 2014) (Learn how and when to remove this template message) Plan of the Second battle of Chruślina in 1863 by Józef Kościesza-Jaworski (1913) The Second Battle of Chruślina, one of many clashes of the January Uprising, took place on August 4, 1863, near the vill...

 

Puppet theatre from Rajasthan, India Rajasthani puppeteer Kathputli is a string puppet theatre, native to Rajasthan, India, and is the most popular form of Indian puppetry.[1] Being a string marionette, it is controlled by a single string that passes it from the top of the puppet over the puppeteers. [2] Putli meaning a doll. Kathputli means a puppet which is made entirely from wood. However it is made out of wood, cotton cloth and metal wire. History A Kathputli show in Mandw...

 

Method to convey chess moves Algebraic notation Algebraic notation is the standard method for recording and describing the moves in a game of chess. It is based on a system of coordinates to uniquely identify each square on the board.[1] It is used by most books, magazines, and newspapers. An early form of algebraic notation was invented by the Syrian player Philip Stamma in the 18th century. In the 19th century, it came into general use in German chess literature, and was subsequentl...

В Википедии есть статьи о других людях с именем Павел. Для термина «Фивейский» см. также другие значения. Павел Фивейскийгреч. Παῦλος ὁ Θηβαῖος Павел Фивейский Родился ок. 228 годаФивы, Египет Умер ок. 341 годаФиваида, Египет Почитается православной, католической, дре...

 

محمد زمام عبد الرزاق   معلومات شخصية الميلاد سنة 1942 (العمر 81–82 سنة)  قضاء سوق الشيوخ  مواطنة العراق  مناصب وزير الداخلية   في المنصب1995  – مايو 2001    محمود ذياب الأحمد  الحياة العملية المهنة سياسي  الحزب حزب البعث العربي الاشتراكي (العراق)  تعديل ...

 

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!