М. Арол, сапраўднае імя Сцяпан Язэпавіч Пяцельскі (Пятэльскі) (каля 1890, в. Гарадок, Беластоцкі павет, Падляскае ваяводства, Польшча — 1917 ці 1918) — беларускі паэт, перакладчык, публіцыст, фалькларыст.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў царкоўна-настаўніцкую школу ў Ялоўцы (1909), затым настаўнічаў у Ялоўцы, Гарадку, Струзе (1910—1912) і Парэччы. У 1913—1914 гадах жыў на Ковеншчыне. На пачатку 1-й сусветнай вайны мабілізаваны ў армію, браў удзел у баявых дзеяннях, узнагароджаны Георгіеўскім крыжам. Апошнюю вестку да сям’і выслаў 25 верасня 1917 года з Украіны, дзе дыслакавалася яго 16-я артылерыйская брыгада. Памёр ва Украіне ад эпідэміі тыфу ў канцы 1917 або ў 1918 годзе.
Дэбютаваў у друку вершам у 1909 годзе (газета «Наша ніва»). Паэтычныя і публіцыстычныя творы пісьменнік публікаваў у Беларускім календары «Нашай нівы», часопісе «Лучынка» і іншых беларускіх выданнях. Падрыхтаваў кніжку паэзіі «Лірнік» і ў 1913 годзе паслаў у Віленскае выдавецкае таварыства, аднак яе выхаду перашкодзіла 1-я сусветная вайна. Асобныя творы змешчаны ў кнігах «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» (Вільня, 1927), «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1967), «Беларускім календары» (Беласток, 1979).
Вершы М. Арла вылучаюцца глыбока прачутымі грамадска-патрыятычнымі матывамі («Кліч», «Сынам Беларусі», «На чужыне», «Сяўцам»). Сярод іх праблемы сацыяльнай рэчаіснасці і вобраз паняволенага роднага краю займаюць цэнтральнае месца. Вершам гэтага цыклу ўласцівыя высокі грамадскі пафас, публіцыстычная накіраванасць. Ужо ў ранніх творах М. Арла праявілася схільнасць да філасафічнасці, да шырокай абагульненасці малюнка і ўзбуйнення мастацкага вобразу. Рэальны план у яго вершах нярэдка пераплятаецца з абагульнена-сімвалічным («Смерць і жыццё», «Надзея», «Агляд жыцця», «Ахвяра», «Арфа»). Ёсць у М. Арла шэраг вершаў, у якіх ён ужывае фальклорную паэтыку, творча пераасэнсоўваючы народна-песенныя традыцыі Беласточчыны («Доля і жабрак», «Ноч», «Песня» і інш.).
Важнае месца ў пісьменніцкай спадчыне М. Арла займаюць празаічныя творы — апавяданні і пераклады. На беларускую мову перакладаў, у прыватнасці, творы В. Бялінскага, дастасоўваючы яго думкі да патрэб самасцвярджэння беларусаў, хвалюючых праблем беларускай літаратуры.