Беларусы ў Латвіі — частка беларускай дыяспары, трэцяя па колькасці нацыянальная меншасць краіны. Станам на 1 ліпеня 2022 г. колькасць беларусаў у Латвіі складала 57 319 чалавек (2,98 % жыхароў Латвіі). Станам на 1 студзеня 2021 года 27 477 чалавек — грамадзяне Латвіі, 26 481 чалавек — неграмадзяне Латвіі, 4 405 чалавек — грамадзяне Беларусі.
У V—VIII стст. славянскія плямёны (перадусім крывічы) з’явіліся на тэрыторыі сённяшняй Латвіі, частка з іх змяшалася з мясцовым балцкім насельніцтвам, часткова асіміляваўшы яго. У гэты час у раёне мясцовасцей Пылда, Піедруя, Істра, Індрыца пачалі фарміравацца астравы беларускага аўтахтоннага насельніцтва, якое развівалася ў шчыльным кантакце з асноўным арэалам беларускага этнасу.
Э. Мугурэвіч, В. Уртан, Р. Дзянісава, Я. Граўдоніс, У. Свяжынскі ў сваіх працах паказваюць на шчыльныя кантакты паміж крывічамі і латгаламі, у выніку чаго часам немагчыма правесці выразную мяжу паміж дзвюма плямёнамі. У працэсе ўзаемадачынення склалася шырокая культурная і геаграфічная зона з мяшаным насельніцтвам. Пра шчыльнасць кантактаў з крывічамі сведчыць і латышскі этнонім krievs (беларус — baltkrievs), якім мясцовыя плямёны пазначалі ўсе ўсходнеславянскія плямёны (цяпер ён ужываецца для азначэння рускіх). Даследаванні адмыслоўцаў кажуць пра падабенства рытмікі і мелодый у народнай музыцы (М. Голдын), адзежы (А. Зарыня), найменнях прадметаў побыту (Р. Меркенэ), прыказках і прымаўках (Э. Кокарэ).
З цягам часу раён Заходняе Дзвіны ў Латвіі ўвайшоў у сферу ўплыву Полацкага княства. Палачане збіралі даніну з мясцовых плямёнаў (ліваў і латгалаў), пра што згадвае ў сваёй «Хроніцы Лівоніі» Генрых Латвійскі. Фарпостамі Полацкага княства ў рэгіёне былі крэпасці Герцыке і Кукенойс, дзе ў пачатку XIII ст. княжылі адпаведна князі Усевалад і Вячка. Гэтыя князі ў 1200—1220-х узначальвалі змаганне мясцовых плямёнаў супраць нямецкіх і шведскіх рыцараў. У гарадах Талава, Герцыке, Кукенойс былі праваслаўныя цэрквы, падначаленыя Полацкай епархіі.
З заснаваннем у 1201 годзе Рыгі і прыходам крыжакоў Полацкае княства ўсталявала шчыльныя гандлёвыя кантакты з імі, пра што сведчаць дамова 1210 года і іншыя пагадненні. У часы існавання Ганзы купцы-крывічы збудавалі ў Рызе Крэўскі двор. З 1453 года вядомая царква святога Мікалая ў Рызе, з XVI ст. — слабада беларускіх плытагонаў (Крэўсгорад) каля Крустпілса (з 1670 года мела магдэбургскае права).
Паводле даных даследчыкаў гісторыі Латвіі, у сярэдзіне XVII ст. (1648) беларусы і рускія складалі больш за палову ўсяго насельніцтва цяперашніх Лудзенскага і Краслаўскага раёнаў. Сюды далучаецца і Даўгаўпілскі раён. Даследчык Сяргей Сахараў называў Прыдруйскую, Пустынскую, Пасінскую воласці раёнамі кампактнага жыцця беларусаў. У Букмуйжскай воласці Стэжыцкага павета і Шкавенскай воласці Лудзенскага павета яны рассяляліся ўперамежку з латгаламі. У XVIII—XIX стст. у Латвіі з’явілася некалькі праваслаўных беларускіх цэркваў.
Паводле ўсерасійскага перапісу 1897 года на тэрыторыі сучаснай Латвіі было 81 986 беларусаў (па іншых даных 79 523). У Рызе Вацлаў Ластоўскі і Эдвард Будзька чыталі лекцыі на беларускай мове для беларускае нацыянальнае інтэлігенцыі і настаўнікаў, выступалі перад працаўнікамі з Беларусі.
1918—1944
У 1920 годзе, са стварэннем незалежнай Латвійскай Рэспублікі, беларусам нададзены статус нацыянальнай меншасці, латвійскае грамадзянства і права на нацыянальна-культурную аўтаномію. Аднак ужо праз пяць гадоў колькасць беларусаў знізілася да 38 тысяч, а ў 1930 годзе да 36 тысяч, гэта звязана з тым, што беларусаў часта штучна адносілі да рускіх, палякаў і латышоў. Пасля абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі было створана некалькі культурна-асветніцкіх таварыстваў («Бацькаўшчына», «Беларуская хата», «Рунь» і інш.), каля 40 школ, дзве беларускія гімназіі, два тэатры — у Рызе і Даўгаўпілсе, газета «Голас беларуса» і некалькі часопісаў. Усё гэта дазволіла беларускаму насельніцтву Латвіі захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць і ў той жа час інтэгравацца ў латвійскую дзяржаву. Паводле перапісу 1935 года ў Латвіі жылі толькі 26,9 тысячы беларусаў (1,4 %). Беларускую дыяспару крыху папоўнілі суайчыннікі, якія прыехалі ў пошуках працы з заходняй часткі Беларусі, якая з’яўлялася часткай Польшчы.
Пасля перавароту 1934 года беларуская адукацыя стала згортвацца (у 1941—1944 гадах яна яшчэ існавала, у прыватнасці, у Варнавічах Каплаўскай воласці). Пачаліся працэсы «латышызацыі» Латгаліі. Дзейнасць, прысвечаная беларускай адукацыі і культуры ў рэгіёне, была спынена, а беларускія школы ліквідаваны. Некаторыя з іх былі адноўлены падчас нямецкай акупацыі. Пасля Другой сусветнай вайны і з устанаўленнем савецкага рэжыму ў 1944 годзе, беларускія школы былі зноў закрыты, культурна-асветніцкая работа спынена, настаўнікі і работнікі культуры рэпрэсіраваны.
Савецкі перыяд
Найбольшая колькасць беларусаў прыехала ў Латвію ў перыяд з 1959 па 1989 гады. У асноўным гэта былі рабочыя, занятыя ў будаўніцтве і маладыя спецыялісты, накіраваныя з беларускіх ВНУ, а таксама салдаты і афіцэры, якія засталіся пасля службы ў войску. Паводле перапісу 1959 года ў Латвіі пражывала 61,6 тысяч беларусаў (2,9 %), у 1970 годзе — 95,9 тысяч (4,0 %), у 1979 годзе — 111,5 тысяч (4,5 %). У 1989 годзе ў Латвіі ўжо пражывала каля 120 тысяч беларусаў. Нягледзячы на вялікую колькасць беларусаў, у Латвійскай ССР адсутнічала беларускамоўная адукацыя, беларускія дзеці навучаліся ў рускіх і латышскіх школах, што прывяло да паступовай страты беларускай мовы новымі пакаленнямі.
Постсавецкі перыяд
Пры агульным змяншэнні насельніцтва Латвіі пасля набыцця краінай незалежнасці колькасць беларусаў упала асабліва рэзка — немалой часткай за кошт выезду з краіны беларусаў, якія прыбылі ў апошнія дзесяцігоддзі існавання СССР і ў Латвіі не ўкараніліся. Колькасць беларусаў даволі хутка скарачаецца, што абумоўліваецца як масавай эміграцыяй у постсавецкі перыяд, так і інтэнсіўнымі асіміляцыйнымі працэсамі і вялізным натуральным змяншэннем. Калі яшчэ ў 1990 годзе нараджальнасць сярод латвійскіх беларусаў перавышала смяротнасць, то да 2008 года смяротнасць была вышэйшая за нараджальнасць у тры разы. Для параўнання, у латышоў у 2008 годзе смяротнасць перавысіла нараджальнасць усяго на 6,6 %. У 2011—2017 гадах колькасць беларускага насельніцтва скарацілася на 14,7 %, у той час як рускага — на 12,3 %, а латышскага — на 3,8 %. Параўноўваючы сумарнае змяншэнне беларускага насельніцтва за перыяд паміж перапісамі і дынаміку фактычнай колькасці дыяспары, можна канстатаваць, што толькі за 1989—2000 гады яна скарацілася прыкладна на 7 тысяч чалавек за кошт натуральнага змяншэння і на 15 тысяч — за кошт эміграцыі і асіміляцыі. Цяпер міграцыйнае змяншэнне сярод беларусаў захоўваецца, але маштаб адтоку значна знізіўся ў параўнанні з 1990-мі гадамі.
Развіццё асіміляцыйных працэсаў сярод латвійскіх беларусаў абумоўліваецца шырокім распаўсюджваннем змешаных шлюбаў. Паводле звестак Цэнтральнага статыстычнага бюро Латвіі, доля змешаных шлюбаў сярод беларусаў у 2008 годзе дасягнула 89,8 % (у папярэднія гады яна толькі зрэдку была ніжэйшай за 90 %).
Станам на 2020 год, колькасць грамадзян Беларусі, якія жывуць у Латвіі, штогод расла на 300 чалавек. Пасля падаўлення пратэстаў у Беларусі (2020—2021) у Латвію перабраліся многія прадстаўнікі беларускай апазіцыі, IT-спецыялісты і прадпрыемствы.
Літаратура
M. Jankowiak, K. Kascian (eds.), In the Shadow of Others. Belarusian-Latvian Relations from the Past to Nowadays, Praha 2022: Slovanský ústav AV CR, 592pp., ISBN 978-80-86420-84-4