Беларусы Літвы, па дадзеных афіцыйнай статыстыкі, з’яўляюцца трэцяй па колькасці нацыянальнай меншасцю ў краіне пасля палякаў і рускіх.
У 2001 годзе ў Літоўскай Рэспубліцы пражывала 42866 беларусаў, што складала 1,23 % ад агульнага насельніцтва[1]. Пераважная большасць беларусаў з’яўляюцца грамадзянамі Літвы.
Гісторыя
На тэрыторыі сучаснай Літвы беларусы жывуць не адно стагоддзе. 3 часоў Вялікага Княства Літоўскага да I сусветнай вайны сацыяльна-эканамічнае, нацыянальнае і культурнае развіццё беларусаў і літоўцаў праходзіла ў адзінай дзяржаўнай прасторы. Галоўным беларускім асяродкам тут здаўна была Вільня, дзе існавалі агульныя дзяржаўныя і культурныя ўстановы, у т.л. Віленскі ўніверсітэт, Віленская брацкая друкарня і інш.
У кастрычніку 1920 войскі польскага генерала Л. Жалігоўскага захапілі Вільню, абвешчана Сярэдняя Літва. 9 кастрычніка 1920 года ў Вільні на нарадзе беларускіх дзеячаў, у якой прынялі ўдзел Браніслаў Тарашкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Антон Луцкевіч і інш., было вырашана выкарыстаць спрыяльныя палітычныя абставіны для развіцця беларускай адукацыі і асветы. У 1921 А. Луцкевіч стварае Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Па прапанове ўрада Б. Тарашкевіч заняў пасаду старшага рэферэнта ў Дэпартаменце асветы. У 1921 па ініцыятыве Б. Тарашкевіча створана Таварыства беларускай школы.
Напачатку Другой сусветнай вайны, калі Вільня і Віленскі край былі перададзены ў склад Літвы (кастрычнік 1939), спынілі дзейнасць віленскія Беларускае навуковае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз. Падчас нацысцкай акупацыі (1941—44) яшчэ дзейнічалі Віленская беларуская гімназія, беларуская настаўніцкая семінарыя, Беларускі музей (закрыты ў 1945), выдавалася газета «Беларускі голас» (рэд. Ф. Аляхновіч). Пасля вызвалення Літвы савецкімі войскамі частка беларусаў Віленшчыны на падставе літоўска-польскага пагаднення аб узаемнай эвакуацыі насельніцтва ад 22.9.1944 перасялілася ў Польшчу. Практычна ўсе беларускія дзеячы і іх сем’і папалі пад арышты і дэпартацыю. Аднаўленне дзейнасці нават у галіне беларускай культуры было немагчыма з-за рэпрэсій КДБ і змены этнічнай структуры насельніцтва.
Нямала беларусаў пераехала ў Літву ўжо ў савецкі час, пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. 3 1945 у Літву па вярбоўцы, на новабудоўлі і інш. прыбывалі беларусы з БССР. Іх колькасць павялічылася, аднак арганізаванага нацыянальнага жыцця яны практычна не мелі. У Вільні працягвалі сваю дзейнасць П. Сергіевіч, З. Верас, Л. Луцкевіч, Я. Шутовіч і інш.
Актывізацыя грамадскага жыцця беларусаў пачалася ў часы лібералізацыі ў СССР (2-я пал. 1980-х г.), калі ўзнік шэраг беларускіх культурна-асветных арганізацый. У 1988 г. Зоська Верас разам з Лявонам Луцкевічам, сынам Антона Луцкевіча, утварылі спачатку клуб «Сябрына», а 4 лютага 1989 г. было заснавана Таварыства беларускай культуры ў Літве[2]. 3 1989 трансліруюцца беларускія перадачы на радыё і тэлебачанні.
Рассяленне
Большасць беларусаў пражывае ў сталіцы, Вільні — 12865 чалавек (2001 год), далей ідуць гарады Вісагінас — 2863 чалавек, Уцена — 1515, таксама Каўнас — 680 і Клайпеда — 638 беларусаў[3].
У дадзены момант у Аб’яднанне грамадскіх арганізацый беларусаў у Літве, прэзідэнтам якой з’яўляецца У. Вайніцкі, уваходзяць 19 арганізацый. Іх мэта, як і любых іншых утварэнняў нацыянальных меншасцяў, — захаванне беларускай культуры, традыцый, звычаяў, беларускай мовы. Пад непасрэдным кантролем Аб’яднання ў Вільні працуе беларуская школа імя Францыска Скарыны з дванаццацігадовым навучаннем, дзе многія прадметы выкладаюцца на роднай мове. Адкрыта беларуская нядзельная школа ў Клайпедзе, у Вісагінасе функцыянуе беларускі культурны цэнтр.