Галоўнымі мэтамі БСС лічыў аб’яднанне сваіх сяброў на грунце духоўных і маральных каштоўнасцей, заахвочванне іх да самаадукацыі, навуковага пазнання Беларусі, выхавання нацыянальнай самасвядомасці народа. Дэвіз яго — «Айчына і Навука». Вёў актыўную асветніцка-прапагандысцкую дзейнасць, у аснову якой былі пакладзены арганізацыя і чытанне сярод насельніцтва Заходняй Беларусі лекцый рознай тэматыкі: «Беларусы як народ», «Беларусь у мінулым і сягоння», «Мы і наша бацькаўшчына», «Беларусы ў Польшчы», «Хто мы?», «Трагедыя беларускай інтэлігенцыі», «Асадніцтва на Беларусі», «Праблема русіфікацыі пад Польшчай і беларусы», «Чаму дамагаемся беларускай школы?», «Доктар Скарына — першадрукар і асветнік беларускі», «Значэнне тэатра дяя грамадства», «Патрэба асветы на вёсцы», «Школа і беларуская літаратура ў грамадскім жыцці», «Аграрная праблема на беларускіх землях», «Эканамічныя акалічнасці гаспадарчага развіцця на Беларусі» і інш. Падтрымліваў лепшыя традыцыі беларускай інтэлігенцыі. Падчас выбараў у польскі сейм (1922, 1928) сябры БСС агітавалі галасаваць за прадстаўнікоў працоўнага народа. Пры БСС працавалі завочныя кааператыўныя курсы, на якіх выкладалі Я. Клагіш, М. Тулейка, Станіслаў Станкевіч, была адкрыта студэнцкая сталовая «Беларуская сытніца». Быў ініцыятарам і арганізатарам суботнікаў, экскурсій, дыскусійных вечарын, канцэртаў-баляў, у якіх разам з беларусамі ўдзельнічалі ўкраінскія, літоўскія і польскія студэнты. Ажыццявіў пастаноўку п’ес Францішака Аляхновіча «Няскончаная драма» і «Шчаслівы муж», Э. Ажэшкі «У зімовы вечар», прыняў удзел у Віленскай студэнцкай выстаўцы (27.11.1932), арганізоўваў выступленні хору Рыгора Шырмы (у 1930-я г. хор цалкам абапіраўся на БСС і нават называўся «Беларускі хор Студэнцкага саюза пад кіраўніцтвам Р. Шырмы»).
Вясной 1927 БСС стаў сябрам Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый (АБСА; заснавана ў 1924 у Празе), у 1929 накіраваў сваіх прадстаўнікоў на з’езд АБСА. У 1931 група былых сяброў БСС заснавала арганізацыю «Скарынія», якая ў 1934 была скасавана рэктарам універсітэта, але ў пачатку 1935 адноўлена пад назвай «Беларускае студэнцкае таварыства імя Ф. Скарыны».
БСС існаваў на ахвяраванні розных арганізацый, таварыстваў, асобных грамадзян, галоўным чынам абапіраўся на падтрымку Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.[1] 3 гэтых сродкаў ён штомесяц выдаваў сваім незаможным сябрам кароткатэрміновыя пазыкі і стыпендыі.
БСС спыніў дзейнасць у сувязі з закрыццём універсітэта ў верасні 1939.