Віленская беларуская рада

Віленская беларуская рада (ВБР) — каардынацыйны цэнтр беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый у студзені 1918 — чэрвені 1919 гадоў.

Выбрана на Беларускай канферэнцыі ў Вільні і замяніла сабой Беларускі народны камітэт. Старшыня А. Луцкевіч. З абвяшчэннем 16 лютага 1918 года незалежнасці Літоўскай Рэспублікі ВБР стала цалкам на незалежніцкія пазіцыі. 19 лютага 1918 года прыняла пастанову, паводле якой сувязь паміж Расіяй і Беларуссю абвяшчалася парванай. Вітала абвяшчэнне 9 сакавіка 1918 года БНР. Усталяванню кантактаў з прадстаўнікамі БНР перашкаджала нямецкая ваенная адміністрацыя, якая даволі неахвотна выдавала дазволы на перасячэнне «старога фронту», які існаваў да пачатку нямецкага наступу ў пачатку 1918 года.

Існаванне новага палітычнага цэнтру ў Мінску на пачатку разглядалася, як пэўны чыннік канкурэнцыі. Але потым быў прыняты погляд А. Луцкевіча на тое, што гэта прымальна для нацыі мець асобна 2 цэнтры: дзяржаўны (Мінск) і культурны (Вільня) па прыкладу Украіны (Кіеў і Львоў) ці Польшчы (Варшава і Кракаў)[1].

24 лютага было вырашана паслаць 6 членаў ВБР у Мінск (В. Ластоўскі, А. Луцкевіч, І. Луцкевіч, Я. Станкевіч, Д. Сямашка, Я. Туркевіч) якія былі кааптаваны ў Раду БНР і прынялі ўдзел у складанні Трэцяй Устаўнай граматы БНР.

У кастрычніку 1918 года германскія акупацыйныя ўлады перадалі Літоўскай Тарыбе цывільную ўладу ў Літоўскім і Беластоцка-Гродзенскім рэгіёнах Обер-Оста. З гэтай нагоды ў лістападзе 1918 года ВБР заявіла, што, абапіраючыся на права кожнай нацыі на самавызначэнне, выступае супраць падзелу беларускай нацыі ўсталяванымі Брэсцкім мірам межамі. Дзеля абароны правоў беларускага народа, абвяшчае сябе раўнапраўнай з Літоўскай Тарыбай прадстаўніцай для этнаграфічных беларускіх зямель, якія ляжаць на захад ад старога фронту і жадае найхутчэйшага ўтварэння агульнага Беларуска-Літоўскага парламента з дапушчэннем прапарцыянальнага прадстаўніцтва ад нацыянальных меншасцей. У выпадку, калі б дамова з Літоўскай Тарыбай не дасягнула поспеху, ВБР пакідала за сабой права на аб'яднанне населеных беларусамі тэрыторый з рэштай незалежнай Беларусі. ВБР выстаўляла ўмовы, пры якіх згаджалася кааптаваць сваіх прадстаўнікоў у склад Тарыбы: 1) Тарыба выступае за ўключэнне Беластока і Бельска ў склад Беларусі. 2) Прапарцыянальнае прадстаўніцтва беларусаў і літоўцаў у сумесным парламенце і ўрадзе. 3) Шырокая аўтаномія беларусаў 4) Беларускае войска[2]. Тарыба мела дамову з Германіяй аб абавязковым уключэнні нацыянальных меншасцей у свой склад і не магла ігнараваць патрабаванні ВБР, як яна гэта рабіла з непрызнанай Германіяй БНР. Прадстаўнікі Тарыбы не былі згодны з патрабаваннямі рэзалюцыі, але яна стала асновай для далейшых перамоў паміж Тарыбай і ВБР.

14 лістапада 1918 года ВБР выпрацавала ўмовы, на якіх можа прыступіць да сумеснай працы з Тарыбай: 1) 25% агульнага ліку месцаў у Тарыбе павінна быць вылучана беларускім прадстаўнікам; 2) вылучана адна міністэрская пасада для заняцця беларускім прадстаўніком; 3) утворана калегія і сакратарыят для беларускіх спраў; 4) асігнаваны на арганізацыю беларускіх тэрыторый сумы, прапарцыянальныя колькасці насельніцтва і тэрыторыі. Гэтая прапанова была разгледжана на пасяджэнні Рады Міністраў 20 лістапада 1918 года[3].

21 лістапада 1918 года ВБР прадставіла дадатковыя ўмовы супрацоўніцтва: 1) літоўскі ўрад будзе дамагацца ўключэння ўсіх заходніх беларускіх тэрыторый разам з Беластокам і Бельскам у склад літоўскай дзяржавы; 2) на беларускай тэрыторыі ў літоўскай дзяржаве будзе створана аўтаномія з дзяржаўнай беларускай мовай; 3) назначэнне ўрадавых асоб на беларускую тэрыторыю павінна адбывацца са згоды беларускага сакратарыята; 4) неадкладна павінна быць створана асобная беларуская школьная інспекцыя. Рада Міністраў разгледзела гэтую прапанову і безумоўна згадзілася на стварэнне школьнай інспекцыі. Рада таксама прызнала неабходнасць стварэння сакратарыята, але не з такой умовай, што ён можа прызначаць усіх дзяржаўных служачых, бо гэта можа выклікаць пратэсты іншых жыхароў. Уключэнне Беластока і Бельска ў межы літоўскай дзяржавы будзе вырашацца на мірнай канферэнцыі, на якую павінна быць накіравана дэлегацыя разам з беларускімі прадстаўнікамі. Пытанне аўтаноміі і ўвядзення беларускай мовы як дзяржаўнай павінна вырашацца Устаноўчым Сеймам, бо Часовы Урад не можа вырашаць такія важныя пытанні[3].

27 лістапада 1918 года шэсць членаў ВБР (В. Ластоўскі, І. Луцкевіч, Я. Станкевіч, Д. Сямашка, У. Талочка, К. Фалькевіч) уключаны ў склад Літоўскай Тарыбы і склалі 25% яе агульнага складу. Пасля акупацыі Вільні Чырвонай Арміяй дзейнасць ВБР практычна спынена. З прыходам у горад польскіх войск у красавіку 1918 года ВБР звярнулася да Ю. Пілсудскага з дэкларацыяй, у якой выказвала надзею, што ён дапаможа аднавіць незалежную Беларусь у яе этнічных межах і дазволіць дзейнасць Рады БНР. Спыніла існаванне пасля стварэння Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны.

Зноскі

  1. Два цэнтры // Гоман — 1918. — № 27. — С. 2.
  2. Рэзалюцыя Беларускай Рады ў Вільні // Гоман — 1918. — № 88. — С. 1 — 2.
  3. а б Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1. Фонд № 582 Дзяржаўнага архіву Літвы («Рада Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі») Архівавана 13 лютага 2023. / укладанне, падрыхтоўка тэксту, уступны артыкул, каментарыі, пераклады, паказальнікі: Сяргей Шупа. — Вільня — Нью-Ёрк — Мінск — Прага: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, Таварыства беларускага пісьменства, Наша ніва, 1998. — С. 296—299. — ISBN 9986-9219-2-9.

Літаратура

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!