Го́ман (бел. лац. Homan)— беларуская грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 15 (28) лютага 1916 да канца 1918 года ў Вільні на беларускай мове з дазволу акупацыйных германскіх улад. Выходзіла 2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай (з 1 верасня 1916). Рэдактары Вацлаў Ластоўскі, Язэп Салавей (з № 33 (125), 1917).
Тэматыка
Сацыяльна-палітычная праграма газеты набліжалася да сялянска-работніцкага сацыялізму: народаўладдзе, ліквідацыя эксплуатацыі наёмных работнікаў, ідэя кіравання грамадствам праз «усялякія таварыствы, кааператывы, прафесіянальныя работніцкія хаўрусы». Выступала за нацыянальна-культурнае адзінства беларускага народа, незалежную Беларускую рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае Вялікае Княства Літоўскае. Інфармавала пра сацыяльныя і нацыянальныя супярэчнасці, унутранае і міжнароднае становішча краю. Вітала звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі і нацыянальнае самавызначэнне народаў. Найвышэйшымі каштоўнасцямі вольнага грамадства лічыліся нацыянальная незалежнасць, інтэлектуальная і палітычная свабода, родная мова і культура, сацыяльны аптымізм і хрысціянская вера.
Газета надрукавала шэраг артыкулаў, нарысаў, іншых матэрыялаў па гісторыі Беларусі і нацыянальнай культуры, у тым ліку артыкулы «1491 — 1916» (па гісторыі беларускага друку), «У 400-летнюю гадаўшчыну» (пра «Біблію» Францыска Скарыны), «Рэфармацыйны рух на Беларусі», «Прычыны заняпаду беларускага адраджэння ў XIX ст.», «Абычаёвае права беларускага сялянства» Вацлава Ластоўскага (пад псеўд. Власт, В. Л.), «Святы Іазафат Кунцэвіч» Баляслава Пачопкі (пад крыпт. Б. П.), «10-летні юбілей беларускай прэсы», «Разбітая традыцыя» (пра неабходнасць адраджэння Беларуска-Літоўскай дзяржавы) Антона Луцкевіча (пад псеўд. І. Мялешка), «Памяці Справядлівага» (пра Кастуся Каліноўскага) Ластоўскага, «Што было і што павінна быць» (пра традыцыі ВКЛ) Пётры з Арлянят.
Шэраг артыкулаў газета прысвяціла актуальным сацыяльна-палітычным праблемам: «Што такое дэмакратызм» і «Шляхам творчасці» Вацлава Ластоўскага, «Нашы патрэбы», «Палажэнне работнікаў», «Новы клас», «Фальшывыя прыяцелі», «Не запугаюць», «Да дзяржаўнай еднасці», «Да родных ніў», «Места і вёска» Антона Луцкевіча, «Хто ты гэткі?» Францішка Аляхновіча і інш. Асвятлялася дзейнасць Дзяржаўнай думы Расіі, пераважна выступленні эсэраў і сацыял-дэмакратаў меншавіцкага кірунку. Газета друкавала інфармацыю з франтоў, паведамленні германскага генеральнага штаба (рубрыка «Афіцыйны аддзел»), меліся рубрыкі «У Вільні і ваколіцах», «3 усяго свету», «3 усяго краю», «Весткі з Расіі», друкаваліся тэлеграмы, абвесткі беларускіх кнігарняў, камерцыйная рэклама.
Газета надрукавала разнастайныя матэрыялы па гісторыі нацыянальна-культурнага і літаратурнага руху, легенды, апрацаваныя Янам Баршчэўскім, мемуары Альгерда Абуховіча, некралогі Цётцы, Максіму Багдановічу, Аляксандру Ельскаму. Упершыню апублікавала некаторыя творы Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Алеся Гаруна, Цішкі Гартнага, Алеся Гурло, а таксама даследаванні Мікалая Нікіфароўскага, літаратурна-крытычныя нарысы Антона Луцкевіча (пад псеўд. А. Навіна).
Літаратура
Спасылкі