Азёры Беларусі

Возера Нарач

На тэрыторыі Беларусі больш за 10 тысяч азёр. Іх агульная плошча каля 2 тысяч км², агульны аб’ём вады — каля 6 км³. Азёр плошчай большай за 10 км² ёсць 20.

Самае вялікае па плошчы возера Нарач (79,6 км²), самае глыбокае — Доўгае возера (глыбіня 53,7 м). Найвялікшыя азёры — Асвейскае (52,8 км²), Чырвонае (40,8 км²), Лукомскае (37,7 км²), Дрывяты (36,1 км²). Найбольш азёр на поўначы краіны — у Беларускім Паазер’і і на поўдні — у Беларускім Палессі. У асобных раёнах (Браслаўскі, Ушацкі) пад азёрамі да 10 % тэрыторыі.

Многія азёры ўтвараюць групы або ланцугі, звязаныя невялікімі рэкамі і пратокамі, у іх ліку Ушацкая група азёр, якая ўключае каля 40 азёр, сістэма Браслаўскіх азёр (больш за 50), якую звязвае рака Друйка.

Паходжанне

Возера Мядзел, выгляд з космасу

Катлавіны беларускіх азёр найчасцей маюць ледавіковае (пераважна на поўначы), рачное і карставае паходжанне. Азёры паўночнай часткі краіны звычайна размешчаны ў межах марэнных узвышшаў і раўнін на вышыні да 160—180 м над узроўнем мора. У большасці яны маюць добра выражаныя берагі, стромкія, высокія схілы.

Вылучаюцца наступныя тыпы ледавіковых катлавін:

  • Падпрудныя. Утварыліся ад расталых ледавіковых вод у паніжэннях паміж марэннымі градамі, іх форма круглаватая або лопасцевая, схілы асіметрычныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Дрывяты, Лукомскае і інш.).
  • Лагчынныя. Утварыліся ад ледавіковага выворвання вузкіх глыбокіх лагчын (глыбіня да 80—100 м) і эварзійнай дзейнасці талых вод (Доўгае, Саро, Сянно, Балдук і інш.).
  • Эварзійныя. Узніклі ад разбуральнай дзейнасці вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка і выбівала невялікія, але глыбокія (25—30 м) чашы са стромкімі схіламі і акруглым малюнкам берагавой лініі (Рудакова, Вісяты, Варанец, Жэнна, Светлае і інш.).
  • Тэрмакарставыя. Узніклі на месцы раставання лінзаў лёду ў марэнных адкладах у час адступання ледавіка, малыя і неглыбокія, часам акруглыя прасадачнага паходжання (Лісіцкае, Усомля, Канашы).

Найбольш разнастайныя абрысы берагавой лініі ў складаных катлавінах азёр, утвораных у выніку ўзаемадзеяння некалькіх фактараў; у іх плане спалучэнне буйных мысаў і ўпадзін, высокіх паўастравоў і розных па форме заліваў (Крывое, Атолава, Лепельскае возера).

Выганашчанскае возера

Па ўсёй краіне, асабліва ў басейне рэк Дняпро і Прыпяць, шмат рачных азёр-старыц. Карставыя (Вулькаўскае, Свіцязь, Сомінскае, Лукаўскае і інш.) і суфазійныя катлавіны звязаны з вышчалочваннем вапнякоў, мелу, вымываннем гліністых часціц і прасадкай грунту. Самыя буйныя азёры Беларускага Палесся мелкаводныя. Гэта азёры-разлівы, якія ляжаць у плоскіх забалочаных паніжэннях і акружаныя тарфянымі балотамі (Чырвонае, Арэхаўскае, Олтушскае, Выганашчанскае возера і інш.).

Азёры паўночнай часткі краіны звычайна размешчаны ў межах марэнных узвышшаў і раўнін на вышыні да 160—180 м над узроўнем мора. У большасці яны маюць добра выражаныя берагі, стромкія, высокія схілы. Самыя буйныя азёры Беларускага Палесся ляжаць у плоскіх забалочаных паніжэннях.

Жыўленне

У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы сцёк і атмасферныя ападкі, роля падземных вод малазначная. Узровень вады ў азёрах на працягу года амаль пастаянны, звычайна вагаецца ад 1 да 1,5 м; вясной узровень вады павышаецца, зімой і летам паніжаецца.

Флора і фаўна

Да азёрнай расліннасці належыць фітапланктон (больш за 500 відаў), прадстаўлены дыятомавымі і сінезялёнымі водарасцямі. Макрафіты ўтвараюць палосы расліннасці, найчасцей уздоўж берага.

Прадстаўнікі зоапланктону займаюць сярод жывёльных арганізмаў азёр самую нізкую ступень, найбольш пашыраны галінаставусыя, весланогія рачкі. Сярод насельнікаў дна (бентас) — малюскі, алігахеты, хіранаміды, ракападобныя. У азёрах Беларусі больш за 20 відаў прамысловых рыб, найбольш каштоўныя з іх: лешч, сазан, шчупак, судак. Прамысловае значэнне маюць таксама віды, што ўзнаўляюцца або папаўняюцца штучна (напр., еўрапейскі вугор).

Донныя адклады

Донныя адклады азёр Беларусі тэрыгенныя, хемагенныя, арганагенныя, нярэдка мяшаныя. Тэрыгенныя адклады — пяскі, гліны, галечны матэрыял, што намнажаюцца ў прыбярэжнай зоне ад разбурэныя берагоў. Хемагенныя — прыбярэжяыя адклады вапнякоў (азёрнага мергелю); утвараюцца на глыбіні 2—5 м у глыбокіх азёрах. Аргана-мінеральныя і арганічныя адклады займаюць асноўную частку дна (крэменязёмістыя, тонкадэтрытавыя, грубадэтрытавыя, змешаныя ілы і сапрапелі); узніклі ў выніку назапашвання адмерлых арганізмаў (пераважна раслінных) і дробных глеістых мінеральных часцінак. Запасы сапрапеляў у азёрах каля 3 млрд. м³[1].

Выкарыстанне

Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, арашэння зямель, рэгулявання сцёку, добраўпарадкавання населеных пунктаў і стварэння воднарэкрэацыйных сістэм, турызму.

Зноскі

  1. В. П. Якушка. Азёры // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.

Літаратура

  • В. П. Якушка. Азёры // Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Озера Белоруссии / О. Ф. Якушко и др. — Мн.: Ураджай, 1988. — 216 с.

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!