Саро́[1] — возера ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Чарнагосніца, на мяжы з Сенненскім раёнам, за 18 км на ўсход ад гарадскога пасёлка Бешанковічы.
Плошча паверхні возера 5,31 км². Даўжыня 9,47 км, найбольшая шырыня 0,91 км. Найбольшая глыбіня дасягае 36,3 м. Катлавіна возера лагчыннага тыпу, моцна выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Схілы катлавіны стромкія, вышынёй 20—25 метраў. У заходняй частцы схілы спадзістыя вышынёй да 10 м, на поўначы сугліністыя вышынёй 2—5 м. Берагавая лінія звілістая. Берагі вышынёй 0,5—0,8 м, на поўначы — 0,1—0,2 м. Шырыня літаральнай зоны ад 10—15 м на ўсходзе возера да 40 метраў на захадзе. Літараль пясчаная. Падводная частка катлавіны жолабападобнай формы. На возеры 2 астравы агульнай плошчай каля 0,04 га. Дно возера выслана пясчанымі і апясчаненымі адкладамі (каля 45 % плошчы). Глыбакаводная частка дна глеістая. Возера мезатрофнае з прыкметамі алігатрофіі, слабапраточнае. Упадаюць 3 ручаі. Адзін з ручаёў злучае Саро з азёрамі Тросна і Ходцы. На поўначы выцякае ручай у Астровенскае возера. Прыбярэжная расліннасць займае палосу шырынёй 5—40 метраў (трыснёг, чарот). Да глыбіні 5 м растуць рдзесты, рагаліснік, эладэя, імхі.
У возеры водзяцца судак, шчупак, акунь, плотка, сняток, карась, лінь і іншыя віды рыб.
Каля возера вёскі Засор’е, Холм, Паўлавічы, Берашова, Навасёлкі, Засценкі.