Гайд-парк (англ.: Hyde Park) — каралеўскі парк плошчай 1,4 км² у цэнтры Лондана. З захаду да яго прылягаюць Кенсінгтонскія сады. Традыцыйнае месца палітычных мітынгаў, свят і гуляў.
Галоўная славутасць парку — возера Серпентайн, у якім дазволена купанне, а таксама аднайменная галерэя. У паўднёва-усходнім вуглу парку размешчаны Эпслі-хаус(Apsley House), у якім змяшчаецца музей герцага Уэлінгтана (The Wellington Museum), і арка Уэлінгтана. Гэтыя аб'екты нагадваюць пра тое, што ў 1815 годзе ў Гайд-парку праходзіў гістарычны парад, прысвечаны перамозе Уэлінгтана над Напалеонам. У 1822 годзе ў гонар герцага ў Гайд-парку была ўстаноўлена велізарная статуя Ахіла працы скульптара сэра Рычарда Вестмаката. Гэта была першая ў брытанскай сталіцы скульптурная выява аголенага чалавека. І нават упрыгожаная бронзавым фігавым лістком, яна выклікала абуранасць гараджан[2].
За межамі Англіі Гайд-парк вядомы першым чынам тым, што тут знаходзіцца Speakers' Corner, дзе традыцыйна адточваюць сваё красамоўства рознага роду аратары і прапаведнікі. Таму Гайд-парк стаў сінонімам месца, дзе можна свабодна абвяшчаць і адстойваць любыя ідэі. У часы так званых галоснасці і перабудовы «гайд-паркамі» ў гарадах СССР сталі зваць месцы сходаў (звычайна на адкрытым паветры) прадстаўнікоў розных палітычных і філасофскіх плыняў з мэтай прапаганды сваіх поглядаў.