Дакладная дата закрыцця базыльянскага манастыра на Траецкай гары не вядома, але, відаць, гэта адбылося ў 1835 годзе. Вядома, што манашкі былі пераселены ў Мядзел. Вопіс манастырскіх будынкаў праведзены 15 мая 1835 года, паводле высачайшага распараджэння манастыр з пляцам перададзены Прыказу грамадскай апекі. Пасля неабходных рамонтных работ (архітэктар Казімір Хршчановіч), 22 чэрвеня 1835 года ў мураваным двухпавярховым былым манастырскім корпусе размясцілі гарадскую бальніцу на 40 ложкаў[1].
Архітэктура
Першапачаткова манастырскі корпус, узведзены ў 1799—1800 годзе архітэктарам Фёдарам Крамерам, уяўляў сабой двухпавярховы, П-падобны ў плане, накрыты двухсхільным дахам будынак. Сіметрычны галоўны фасад быў падзелены карнізным поясам на два ярусы (ніжні апрацаваны рустам) і раскрапаваны трыма рызалітамі, завершанымі трохкутнымі франтонамі. Рытм фасадаў ствараўся прамавугольнымі аконнымі праёмамі (у бакавых рызалітах завяршаліся сандрыкамі). Памяшканні перакрытыя крыжовымі, калідоры — цыліндрычнымі скляпеннямі. Інтэр’еры на першым паверсе ўсходняга крыла былі ўпрыгожаныя насценнай размалёўкай, некаторыя з фрэсак часткова захаваліся пад слоем пазнейшага пабелу[2]. На поўнач ад манастыра знаходзілася брама-званіца.
Пасля пажару 1809 г. манастырскі будынак быў адноўлены (арх. М. Чахоўскі), з усходу да яго прыбудаваная галерэя.
Паводле плана, складзенага ў 1814 г., планавалася пабудаваць новую мураваную царкву, якая б злучалася з манастырскім корпусам галерэяй. З усходняга боку манастырскі корпус галерэяй злучаўся са службовым мураваным будынкам. Амаль перпендыкулярна да існуючага манастырскага корпуса праектавалася пабудаваць яшчэ адзін мураваны корпус. Тэрыторыя манастыра па праекце была абнесена драўлянай агароджай. Уздоўж агароджы па былой вул. Аляксандраўскай (сучасная вул. М. Багдановіча) і вул. Паліцэйскай (сучасная вул. Я. Купалы) размяшчаліся гаспадарчыя драўляныя будынкі. З боку р. Свіслач знаходзіўся агарод. Аднак цалкам гэты праект не быў рэалізаваны[1].