Міхаіл Іосіфавіч Чахоўскі |
Дата нараджэння |
1763 |
Дата смерці |
1825 |
Працы і дасягненні |
Працаваў у гарадах |
Мінск і інш. |
Архітэктурны стыль |
класіцызм |
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Чахоўскі.
Міхаіл Іосіфавіч Чахоўскі (1763 — пасля 1825(?)) — беларускі архітэктар. Прадстаўнік архітэктуры класіцызму. Аўтар праектаў пабудоў у Чэрвені, Мазыры, Вілейцы, Бабруйску, Слуцку, Пінску, Барысаве[1]. У 1805—1825 гадах працаваў мінскім губернскім архітэктарам[2]. Тытулярны саветнік.
Біяграфія
У 1804—1831 гадах займаўся архітэктурнай практыкай у Мінску[3].
Пасля пажару 1809 года займаўся аднаўленнем будынка Троіцкага манастыра базыльянак, з прыбудовай да яго з усходу галерэі.
На заказ Мінскага дабрачыннага таварыства архітэктар М. Чахоўскі распрацаваў праект пабудовы на рыначным Траецкім пляцы комплексу касцёла і шпіталя сясцёр міласэрнасці. Гэты комплекс быў пабудаваны ў 1811 годзе. Дамінантай архітэктурнага ансамбля з’яўляўся велізарны касцёл у стылі ампір, па баках да якога прылягалі манастырскія карпусы[4].
У 1814 годзе распрацаваў праект новага каменнага касцёла Святой Тройцы, арыентаванага галоўным фасадам на вуліцу Траецкую, але на пабудову храма не хапіла сродкаў. Вядома, што на вуглу Аляксандраўскай і Траецкай быў збудавана аднапавярховы каменны будынак плябаніі з вялікім склепам і дзве невялікія крамы, а таксама драўляныя гаспадарчыя пабудовы[5].
М. Чахоўскі з’яўляецца верагодным аўтарам праекту мінскіх гандлёвых радоў, пабудаваных у 1810—1817 гадах.
У 1817—1825 гадах Мінскі губернскі архітэктар[3].
У 1819 годзе правёў рэканструкцыю мінскай ратушы, калі да яе паўднёва-ўсходняга фасада прыбудавалі арыгінальную агароджу, упрыгожаную ляпным дэкорам і маляўнічымі кампазіцыямі.
У 1824 годзе склаў праект рамонту і частковай рэканструкцыі Петрапаўлаўскай царквы ў Мінску[6].
Разам з Казімірам Хршчановічам кіраваў будаўніцтвам Пішчалаўскага замка[7].
М. Чахоўскі згадваецца, як губернскі архітэктар, яшчэ ў 1825 годзе, але яго далейшы лёс невядомы.
Творчасць
Работы: праекты будынка ўрадавай установы і будынка павятовага і ніжняга земскага суда ў Чэрвені (1803—1806), флігеля для павятовага казначэйства ў Мазыры (1804), будаўніцтва духоўнай семінарыі (з А. Мельнікавым) і дома К. Шэмета па вул. Францысканскай у Мінску (1803), праекты будынкаў урадавай установы для Вілейкі, казначэйства і гараднічага праўлення для Бабруйска, 2-павярховага корпуса і 3 флігеляў для казначэйства і гараднічага праўлення ў Слуцку, дома гараднічага ў Пінску (усе 1806), моста цераз р. Свіслач у Мінску (1812), вайсковых пабудоў у Мінску і дваранскага дома ў Бабруйску (1814), корпуса ўрадавай установы і казначэйства ў Пінску і будынка ўрадавай установы з архівам і казначэйства ў Барысаве (1817), праект рамонту і частковай рэканструкцыі Кацярынінскай (Петрапаўлаўскай) царквы ў Мінску (1824)[3].
Зноскі
Літаратура