Першы будынак чыгуначнага вакзала быў пабудаваны ў Мінску ў 1871—1874 гадах. У 1890 годзе замест яго быў пабудаваны мураваны будынак, па-над пуцямі быў узведзены мост, які праіснаваў да 1964 года. Замест яго быў пабудаваны падземны пераход да платформаў.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны будынак вакзала быў знішчаны, з-за гэтага ён быў перабудаваны занава. Новы вакзал быў пабудаваны ў 1946 годзе і праіснаваў да 1991, калі яго дэмантавалі для пабудовы новага сучаснага чыгуначнага вакзала. Стварэнне новага комплексу пачалося ў 1985 годзе. Да канца 1980-х у працу была ўведзена першая чарга, якая складалася з залы чакання і 13-павярховага будынка. З прычыны распаду СССР і недахопу фінансавання ў поўную моц будаванне пачалося зноў у канцы стагоддзя, але ўжо па перагледжаным праекце.
30 снежня 2000 года новы будынак вакзалу пачаў сваю працу. Сетка падземных пераходаў злучае вакзал з чыгуначнымі платформамі, станцыяй метро «Плошча Леніна», Прывакзальнай плошчай.