А́ўстра-венге́рская а́рмія — сухапутныя ўзброеныя сілы Аўстра-венгерскай двуадзінай манархіі з 1867 да 1918 год. Яна складалася з трох частак: Агульная армія (ням.: Gemeinsame Armee, набор у якую ажыццяўляўся з усіх частак краіны, Імперска-каралеўскі Ландвер (ням.: kaiserlich-königliche Landwehr ці k.k. Landwehr), набор у які ішоў выключна з Цыслейтаніі — паўночнай і заходняй часткі імперыі), і Каралеўскія венгерскія ганведы (ням.: königlich ungarische Landwehr, венг.: Magyar Királyi Honvédség, ці проста honvéd), якія набіраліся ў Транслейтаніі — у асноўным венгерская частка імперыі). З пачатку барацьбы паміж Аўстрыйскай імперыей і венгерскімі паўстанцамі і яшчэ два дзесяцігоддзя апасля венгерскія салдаты неслі службу ці ў змешаных частках ці па-за межамі Венгрыі. Пасля Аўстра-Венгерскага пагаднення 1867 года на свет з'явілася вышейзгаданая троістая армія. У гэтым выглядзе яна праіснавала да распаду Аўстра-Венгерскай імперыі ў 1918 годзе, пасля паразы ў Першай Сусветнай вайне. Фарміраванні агульнай "Імперскай і Каралеўскай Арміі" (kaiserlich und königliche Armee ці k.u.k.) у асноўным былі кепска трэніраваныя і мелі састарэлае ўзбраенне з-за таго, што Аўстрыйская і Венгерская часткі імперыі часта аддавалі перавагу шчодраму фінансаванню сваіх фарміраванняў, замест таго каб аднолькава абмундзіроўваць усе тры часткі арміі. Усе палкі Honvédség і Ландверу складаліся з трох батальёнаў, у той жа час як палкі агульнай k.u.k. арміі былі чатырохбатальённыя.
Аўстра-Венгрыя пазбегла вялікіх войнаў ад свайго ўтварэння да 1914 года, але паспела паўдзельнічаць у некаторых невялікіх ваенных акцыях. Тым ня менш, Генштаб распрацаваў планы баявых дзеянняў на выпадак сур’ёзных канфліктаў з суседнімі краінамі, асабліва з Італіяй, Сербіяй і Расійскай імперыяй. Пад канец 19га стагоддзя армія выкарыстоўвалася ў падаўленнях гарадскіх хваляванняў: у Вене ў 1882 і 1887, у Грацы супраць нямецкіх нацыяналістаў, супраць чэскіх нацыяналістаў у лістападзе 1897 у Празе ды супраць італьянскіх паўстанцаў у Трыесце у 1902. Самай буйной ваенная аперацыяй двуадзінай манархіі была акупацыя Босніі і Герцагавіны ўлетку 1878 году. Войскі пад началам Ёсіпа Філіпавіча і Сцяпана Йаванавіча, якія ўвайшлі ў правінцыю, не чакалі аніякага супраціву, але ж былі сустрэны сур’ёзнымі супрацьдзеяннямі з боку мусульманскага і праваслаўнага насельніцтва. Нягледзячы на паразы пры Магладжы і Тузле, у кастрычніку была ўзята Сараева. Але ж гэтая перамога каштавала Аўстра-Венгрыі каля 5000 забітых і параненых.
Агульная армія (ням.: Gemeinsame Armee) камплектавалася з усіх частак краіны і падпарадкоўвалася імперскаму ваеннаму міністэрству.
Ландвер (ням.: Landwehr) складаўся з дзвюх частак: аўстрыйскай і венгерскай (Ганвед), кожная з якіх фінансаваліся на сродкі Аўстрыі і Венгрыі, знаходзіліся у падпарадкаванні ўласнага міністэрства народнай абароны і мела свайго адмысловага начальніка. Абодва Ландверы прызначаліся ў ваенны час для падмацавання агульнаімпэрскай арміі, прычым ўяўлялі з сябе такую ж армію, але з больш слабымі кадрамі. У мірныя часы Ландвер мог выкарыстоўвацца толькі ў выключных выпадках для падтрымання грамадскага парадку і бяспекі.
Рэзерв (ням.: Reserve) прызначаўся для папаўнення Ландвера пры мабілізацыі, а рэкруцкі запас (ням.: Ersatzreserve), які ўтвараўся з тых рэкрутаў, якія заставаліся апасля папаўнення Агульнай арміі і Ландвераў, прызначаўся для замяшчэння стратаў Ландверу падчас вайны, а таксама для ўкамплектавання арміі пры недахопе рэзервістаў пры мабілізаціі.
Ландштурм (ням.: Landsturm) склікаўся толькі ў ваенны час або ў прадбачанні вайны і прызначаўся для ўзмацнення імперскай арміі і Ландвераў; Ландштурм складаўся з двух самастойных частак: аўстрыйскага Ландштурма і венгерскага Ландштурма.
Абагульняючым для ўсіх частак Аўстра-венгерскай арміі былі Статуты. Каманднай мовай у імперскай арміі і аўстрыйскім Ландверы была нямецкая, у венгерскім Ганведзе — венгерская, акрамя адной ганведнай дывізіі — Аграмскай, дзе камандавалі на харвацкай мове.
У Аўстра-Венгрыі быў усеагульны вайсковы абавязак, прызыву падлягалі ўсе мужчыны, узрост якіх дасягнуў 21 год. Не падлягалі прызыву толькі тыя, хто быў абмежаваны ў грамадзянскіх правах па прысуду суда, або непрыдатныя да страявой і нестраявой службы.
Агульны тэрмін воінскай службы — 12 год, 3 гады з якіх у Агульнай арміі (ці 2 гады ў Ландверы), а пасля ў Рэзерве. Некаторыя катэгорыі мелі права адразу быць залічанымі ў Рэзерв. Сярод іх былі: святары і кандыдаты на духоўнае званне, настаўнікі народных школ, дробныя ўласнікі спадчынных пэўных зямельных надзелаў, апякуны непрацаздольных сваякоў альбо непаўналетніх братоў і сясцёр. Ніжнія чыны, па паступленні на службу, залічваліся радавымі; пры добрай стараннасці і паводзінах праз год яны маглі быць выраблены ў яфрэйтары.
У мэтах камплектавання арміі тэрыторыя імперыі была падзелена на 112 акругоў папаўнення (ням.: Ergänzungsbezirk); з іх 102 служыла для камплектавання 102 пяхотных полкоў, 3 — чатырох цірольскіх стралковых палкоў, 4 (у Босніі і Герцагавіны) — чатырох Босне-герцагавінскіх палкоў, 3 (Прыбрэжжа, Фіўме і Далмацыі) — для камплектавання флоту; з марскіх — 2 аўстрыйскіх і адзін венгерскі. Кожны округ падзяляўся на пэўную лічбу прызыўных участкаў (ням.: Stellungsbezirk).
У агульным ліку пяхотных палкоў мелася 62 чыста нацыянальных, а менавіта: 35 славянскіх (з іх 5 украінскіх), 12 нямецкіх, 12 венгерскіх, 3 румынскіх; у ліку 26 стралковых батальёнаў — 5 нямецкіх, 8 славянскіх.
У агульным ліку (42) кавалерыйскіх палкоў — 13 славянскіх (з іх 2 украінскіх), 14 венгерскіх, 2 нямецкіх.
Па нацыянальнасцях Аўстра-Венгерская армія складалася з: 47% славян (37% паўночных, 10% паўднёвых), 29% немцаў, 18% венграў, 6% румын і італьянцаў.
Абодва Ландверы таксама камплектаваліся па тэрытарыяльнай сістэме.
Вышэйшай тактычнай адзінкай структуры імператарскіх сухапутных войскаў з’яўляўся дыслакаваны на асноўных аператыўных накірунках агульнавайсковы корпус двухдывізіённага складу з кавалерыйскай і артылерыйскай брыгадамі і часцямі спецыяльных войскаў пастаяннага складу. Агульная колькасць карпусоў — 16 (1914). Карпусы пазначаліся арабскімі лічбамі ад 1 да 16. Карпусамі камандавалі фельдмаршал-лейтэнанты або генералы.
(Генерал-палкоўнік)
У ліпені 1914 года у складзе Аўстра-венгерскай арміі знаходзіліся:
Пасля аб’яўлення вайны было мабілізавана 3,35 мільёна чалавек (уключаючы і першую хвалю рэзервістаў і новабранцаў).
Фармальна Аўстра-венгерская армія была пад началам імператара Франца Іосіфа I, але ў 1914 годзе яму было ўжо 84 гады, таму фактычна армія знаходзілася пад камандаваннем начальніка Генеральнага штаба Конрада фон Гётцэндорфа. Конрад аддаваў перавагу агрэсіўнай знешняй палітыке і настойваў на ваенным вырашэнні аўстра-венгерскіх тэрытарыяльных спрэчак з Італіяй і Сербіяй[1].
11 ліпеня 1914 года Іосіф I прызначыў Вярхоўным галоўнакамандуючым эрцгерцага Фрыдрыха. Меркавалась, што гэта прызначэнне не будзе перашкаджаць аператыўным і тактычным планам Гётцэндорфа. Фрыдрых заставаўся на сваёй пасадзе да лютага 1917 года, калі абавязкі Вярхоўнага ўсклаў на сябе новы імператар Карл I.
Афіцыйныя абазначэнні былі наступныя:
У пачатку 1915 года Узброеныя сілы налічвалі 63 дывізіі, з якіх 51 (80% агульнага складу Узброеных сіл) ваявала супраць рускіх, 8 (13% агульнага складу Узброеных сіл) супраць сербскіх войскаў, а 4 дывізіі (7% агульнага складу Узброеных сіл) знаходзіліся на мяжы з Італіяй.
У сувязі з уступленнем у вайну Італіі, Аўстра-Венгрыя засяродзіла супраць яе 21 дывізію [2], тады як на Усходнім фронце доля войскаў скарацілася да 40 [3], а на Сербскім да 8[4] дывізій.
На пачатку 1916 года канцэнтрацыя войскаў на Балканах зменшылася, нязначна павялічыўшыся на рускім[5] і італьянскім[6] франтах. Праз паўгода на Усходнім фронце знаходзілася 45 [5], на італьянскім 30 [7] дывізій, і толькі 2 дывізіі[8] на Балканах.
У лютым 1917 года Узброеныя сілы Аўстрыі складаліся з больш, чым 80 дывізій, 60% з якіх былі на рускім фронце. Агульная колькасць Узброеных сіл Германіі і Аўстрыі на ўсіх франтах складала больш за 140 дывізій.
У ходзе рускага наступлення 1917 года яму супрацьстаялі да 90 германскіх, больш за 50 аўстрыйскіх, 4 турэцкія і 2 балгарскія дывізіі.
На Адрыятыцы супраць Італіі было сканцэнтравана 33[6], на Балканах — 3 дывізіі[9]. Да моманту Брэсцкага міру супраць Расіі і Італіі ваявалі па 44 аўстрыйскія дывізіі.
16 дывізій прынялі ўдзел у акупацыі Расійскай Імперыі, але тры чвэрці войскаў да восені 1918 года знаходзіліся на італьянскім фронце, 2 дывізіі заставаліся на Балканах і 2 дывізіі былі перакінутыя на падтрымку германскіх дзеянняў супраць Францыі[10].